Вінцэнт Гадлеўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Вінцэнт Гадлеўскі
Wincenty Godlewski.jpg
Чалец Рады БНР
Асабістыя зьвесткі:
Нарадзіўся: 16 лістапада 1898
в. Шурычы, Ваўкавыскі павет, Гарадзенская губэрня
Памёр: 24 сьнежня 1942
в. Трасьцянец, Менская вобласьць, Генэральная акруга Беларусь
Нацыянальнасьць: беларус
Партыя: Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Беларуская незалежніцкая партыя
Адукацыя: Віленская каталіцкая духоўная сэмінарыя (1912), Пецярбурская каталіцкая духоўная акадэмія (1916)
Рэлігія: каталіцкае хрысьціянства

Ві́нцэнт Гадле́ўскі (псэўданім В. Скаліманоўскі; 16 лістапада 189824 сьнежня 1942) — каталіцкі сьвятар, грамадзкі дзяяч, публіцыст.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў вёсцы Шурычы[1] Ваўкавыскага павету. Скончыў Віленскую каталіцкую духоўную сэмінарыю (1912) і Пецярбурскую каталіцкую духоўную акадэмію (1916). Адзін зь першых пачаў служыць у касьцёле па-беларуску.

У сакавіку 1917 году абраны ў Беларускі нацыянальны камітэт, удзельнік Усебеларускага зьезду 1917. У траўні 1917 удзельнічаў у Зьезьдзе беларускага каталіцкага духавенства ў Менску, дзе выступіў з прамовамі «Палітычна-народная акцыя каталіцкага духавенства на Беларусі» і «Стварэньне каталіцкай партыі». Пасьля абвяшчэньня БНР (сакавік 1918) уваходзіў у склад яе Рады. У 1921 выдаў беларускамоўныя казаньні XIX стагодзьдзя.

Адзін з заснавальнікаў і лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, рэдагаваў газэту «Крыніца». Выкладаў у Нясьвіскай беларускай сэмінарыі. З 1924 пробашч касьцёла ў мястэчку Жодзішкі Сьвянцянскага павету. У 1925 і 1927 арыштаваны польскімі ўладамі, у 1927 асуджаны на 2 гады турмы.

З 1929 жыў у Вільні, у 1930 часткова пераклаў на беларускую мову Новы Запавет (4 Эвангельлі і Апостальскія дзеі выдадзены адной кніжкай у Вільні ў 1939)[2]. Быў аўтарам падручніка «Гісторыя сьвятая, або Біблейная Новага Закону» (1932). Выступіў зь ініцыятывай стварэньня Беларускага нацыянальнага фронту. Выдаваў газэту «Беларускі фронт».

Вокладка кнігі Чатыры Эванэліі і Апостальскія Дзеі — эвангельляў перакладзеных Вінцэнтам Гадлеўскім на беларускую мову, і надрукаваных лацінкай

З пачаткам ІІ сусьветнай вайны пераехаў у Коўна, з чэрвеня 1940 у Варшаве. Заснаваў напрыканцы 1939 Беларускую незалежніцкую партыю. У чэрвені 1941 увайшоў у створаны ў Бэрліне Беларускі нацыянальны цэнтар. Зь верасьня 1941 у Менску. У час нямецкай акупацыі быў прызначаны галоўным школьным інспэктарам пры генэральным камісарыяце Беларусі (кастрычнік 1941), кіраваў працай па падрыхтоўцы праграм навучаньня для беларускіх пачатковых школаў, адначасова быў сябрам Цэнтралі Беларускай народнай самапомачы. Правіў службу ў Чырвоным касьцёле ў Менску.

Ад пачатку быў вялікім прыхільнікам немцаў, лічыў, што па сканчэньні вайны немцы аддадуць беларусам усё кіраўніцтва на Беларусі, спрабаваў выкарыстаць супрацоўніцтва зь немцамі для мабілізацыі беларускіх патрыятычных сілаў. Гадлеўскі разам зь Янам Станкевічам спрабаваў наладзіць у Беларусі культурна-асьветную працу, але іх пляны былі перапыненыя нямецкім кіраўніцтвам, генэральны камісарыят нават забараніў ксяндзу зносіцца непасрэдна са школьнымі аддзеламі акругі. Быў адным з падпісантаў вядомае адозвы да беларускага народу, якая заклікала беларусаў змагацца супраць бальшавіцкай Расеі.

Неўзабаве Гадлеўскі пачаў крытыкаваць нямецкую палітыку ў дачыненьні да беларускага народу. Быў арыштаваны нямецкай паліцыяй у Менску ў ноч на 24 сьнежня 1942. Акупанты прапанавалі яму працу ў Рызе, але той адмовіўся. Неўзабаве закатаваны ў Трасьцянцы (пад Менскам).

Ідэалёгія Гадлеўскага — гэта беларускі кансэрватызм, угрунтаваны на гістарычнай памяці, мове, культуры, традыцыях. У ролі нацыянальнай эліты, здольнай скансалідаваць і павесьці за сабой нацыю, Гадлеўскі бачыў інтэлігенцыю. Кансэрватыўны падыход гарманічна злучаўся ў яго з хрысьціянскім пэрсаналізмам — увагай да асобы.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Паводле іншых зьвестак у мястэчку Поразава 16 лістапада 1888 года.
  2. ^ А. Аўдзяюк. Бібліяграфія перакладаў Бібліі на беларускую мову

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Вінцэнт Гадлеўскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў