Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Вінцэнт-Якуб Дунін-Марцінкевіч
Wincenty Dunin-Marcinkiewicz 2.jpg
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, здымак Антона Прушынскага
Herb Łabędź 1.svg
герб Лебедзь
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы: Войт Навум, Навум Прыгаворка
Нарадзіўся: 4 лютага 1808 (паводле іншых зьвестак 1807)
фальварк Панюшкавічы, Бабруйскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Род: Дуніны-Марцінкевічы
Бацькі: Якуб Дунін-Марцінкевіч
Мартына Нядзьведзкая
Жонка: Юзэфа Бараноўская
Дзеці: Каміла, Цэзарына, Міраслаў
Рэлігія: рыма-каталік
Памёр: 21 сьнежня 1884 (паводле іншых зьвестак 29 сьнежня)
Люцінка, Менскі павет, Менская губэрня, Расейская імпэрыя
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці: празаік, паэт, драматург, перакладчык
Напрамак: драматургія
Жанр: сатыра
Дэбют: «Сялянка» (1846)
Значныя творы: «Гапон», «Пінская шляхта», «Залёты»

Вінцэ́нт-Яку́б Ду́нін-Марцінке́віч (4 лютага 1808, фальварак Панюшкавічы — 29 сьнежня 1884, Люцінка) — клясык беларускае літаратуры, адзін з пачынальнікаў новае беларускае літаратуры й драматургіі, паэт, тэатральны й грамадзкі дзяяч[1].

Зьмест

[рэдагаваць] Біяграфія

Адзінаю крыніцай зьвестак пра радавод Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча зьяўляецца шэраг дакумэнтаў, пададзеных аўтарам у жніўні 1832 году ў Менскую шляхецкую дэпутацыю. Па мужчынскай лініі прадзедам пісьменьніка быў Тодар Марцінкевіч, які меў трох сыноў: Яна, Станіслава і Мікалая, апошні зь іх — родны дзед Вінцэнта[2].

Вядома, што Ян Марцінкевіч нарадзіўся ў 1710 годзе. Таксама ёсьць зьвесткі пра тэстамэнт Тодара Марцінкевіча, датаваны 1719 годам, копія якога была ўзятая з наваградзкіх земскіх актаў толькі ў 1762 годзе, што ўказвае на даўгалецьце яго скаладальніка[2]. У гэтым дакумэнце Тодар Марцінкевіч запісаў сваім сынам у спадчыну свой маёнтак Высоха Слонімскага павету, атрыманы за ўдалую вайсковую службу[2]. Кіраваў тым маёнткам у асноўным дзед пісьменьніка Мікалай, на што ўказвае квітанцыя ад 4 кастрычніка 1729 году, дзе адзначаецца:

Яго міласьць пан Мікалай Марцінкевіч выплаціў са свайго маёнтка Высоха, які дастаўся яму пасьля бацькі Тодара і знаходзіцца ў Слонімскім павеце, ухвалены на Варшаўскім сойме пры трактаце Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага на войска таго ж Вялікага Княства Літоўскага, падымнае і падатак з 8 дымоў 31 злоты і 22 грошы[2]

Нарадзіўся ў фальварку Панюшкавічы (цяпер Бабруйскі раён) у сярэднезаможнай шляхецкай сям’і. Закончыў Бабруйскую павятовую школу (1824). Вучыўся ў Пецярбурскім унівэрсытэце на мэдыцынскім факультэце. З 1827 служыў у Менскай эпархіяльнай кансысторыі, Менскай крымінальнай палаце. У 1840 пакінуў службу, набыў фальварак Люцынка каля гораду Івянца. Тут разгарнулася яго культурна-асьветная, літаратурная і тэатральная дзейнасьць і прайшлі ўсе наступныя гады жыцьця. У час паўстаньня 1863-64 гадоў абвінавачваўся ў распаўсюджваньні «шкодных для ўраду» ідэяў, быў арыштаваны, знаходзіўся пад сьледзтвам, потым выпушчаны пад нагляд паліцыі. Пахаваны на могілках у Тупальшчыне (в. Падневічы, недалёка ад Люцынкі), цяпер Валожынскі раён.

[рэдагаваць] Творчасьць

Памятная манэта НБ Беларусі «В. Дунін-Марцінкевіч. 200 год»

Пісаў па-беларуску і па-польску. Творчую дзейнасьць пачаў з опэрных лібрэта, першыя зь якіх не захаваліся. У 1846 годзе ў Вільні надрукаваны яго драматычны твор «Сялянка» («Ідылія»; пастаноўка ажыцьцёўлена ў Менску ў 1852 годзе). У 1850-я гады стварыў шэраг паэтычных твораў, вершаваных аповесьцей і апавяданьняў — «Вечарніцы» і «Гапон» (1855), «Купала» (1856), «Шчароўскія дажынкі» (1857), «Травіца брат-сястрыца» і «Быліцы, расказы Навума» (напісана ў 1857 годзе). Пісаў таксама творы на польскай мове: «Благаславёная сям’я» і «Славяне ў ХІХ ст.» (1856). У 1859 годзе пераклаў на беларускую мову паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш». Арганізаваў тэатральную трупу — першы беларускі тэатар, які наладжваў спэктаклі ў Люцінцы, а таксама ў Менску, Бабруйску і іншых месцах. У 1860-я — 1870-я гады напісаў камэдыі «Пінская шляхта» і «Залёты». Значная частка яго твораў, у тым ліку камэдыі, ня ўбачылі сьвету пры жыцьці аўтара.

Распрацаваў у беларускай літаратуры новыя жанры: вершаваная аповесьць і апавяданьне. Таксама лічыцца пачынальнікам беларускай нацыянальнай драматургіі.

Пачаўшы пісаць, ён сутыкнуўся з тымі самымі цяжкасьцямі, што і ўсе літаратары гэтага пэрыяду — адсутнасьцю ўнармаванай беларускай мовы (не было слоўнікаў і граматык). Нягледзячы на гэта, ён здолеў выйсьці за вузкія дыялектныя межы і зарыентаваўся на агульнанародныя моўныя сродкі (пачаў ужываць формы словаў, якія былі вядомыя ва ўсёй Беларусі).

[рэдагаваць] Памяць

Імя Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча носіць вуліца ў Менску.

4 лютага 2008 году Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне памятныя манэты «В. Дунін-Марцінкевіч. 200 год».

[рэдагаваць] Крыніцы

  1. ^ Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч: асоба і творчасць | Архівы Беларусі
  2. ^ a b c d Язэп Янушкевіч Дзяды не мелі бяды... Продкі Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча // Роднае слова. — Мн.: 2007. — № 5.

[рэдагаваць] Літаратура

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

Commons-logo.svg  Вінцэнт Дунін-Марцінкевічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Асабістыя прылады
Прасторы назваў

Варыянты
Дзеяньні
Навігацыя
Удзел
Інструмэнты
На іншых мовах