Віталь Сіліцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Віталь Сіліцкі
Vitali Silitski.jpg
Віталь Сіліцкі ў 2008 годзе
Нарадзіўся 25 сьнежня 1972
Менск
Памёр 11 чэрвеня 2011
Менск, Беларусь
Грамадзянства Беларусь
Навуковая сфэра паліталёгія, сацыялёгія
Месца працы Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў2007 г. — старшыня)
Альма-матэр Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1994)
Цэнтральна-Эўрапейскі ўнівэрсытэт
Ратгерскі ўнівэрсытэт
Навуковы кіраўнік Робэрт Р. Каўфман
Вядомы як першы дырэктар БІСС, распрацоўшчык канцэпцыяў прэвэнтыўнага аўтарытарызму і аўтарытарнага інтэрнацыяналу, палітоляг, сацыёляг, аналітык

Віта́ль Сілі́цкі (25 сьнежня 1972, Менск — 11 чэрвеня 2011, Менск)[1]беларускі палітоляг, аналітык, першы дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў[2]. Доктар паліталёгіі Ратгерскага ўнівэрсытэту (Нью-Джэрзі, ЗША), аўтар канцэпцыі «прэвэнтыўнага аўтарытарызму» і «аўтарытарнага інтэрнацыяналу», грамадзкі дзяяч і блогер. Памёр у 38 гадоў ад раку.

Зьмест

Біяграфія [рэдагаваць]

Нарадзіўся ў Менску, маці — выхавацелька ў дзіцячым садку, бацька і брат — працоўных спэцыяльнасьцяў.

У 1989—1994 гг. навучаўся на аддзяленьні сацыялёгіі філязофска-эканамічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Атрымаў «чырвоны» дыплём. Тэма дыплёмнай працы: «Фармаваньне палітычнай эліты ў Беларусі».[3] У 1993—1994 гг. навучаўся ў магістратуры Цэнтральна-Эўрапейскага ўнівэрсытэту[4] (г.Будапэшт, Вугоршчына). Атрымаў ступень магістра палітычных навук у 1994 г. Тэма магістэрскай працы: «Палітычныя аспэкты працэсаў прыватызацыі ва Ўсходняй Эўропе».[3]

У 1994—1999 гг. навучаўся ў дактарантуры Ратгерскага ўнівэрсытэта (Нью-Джэрсі, ЗША). У 1999 г. абараніў дысэртацыю на атрыманьне навуковай ступені доктара палітычных навук на тэму «Вонкавыя абмежаваньні і кааліцыі: палітыка эканамічных рэформаў у краінах Цэнтральна-Усходняй Эўропы пасьля вяртаньня левых».[3] Навуковы кіраўнік — Робэрт Р. Каўфман.[5]

У 1999—2003 гг. — дацэнт Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсітэта (ЭГУ) у Менску. За публічную крытыку палітыкі прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі зьведаў ціск з боку ўладаў і адміністрацыі ЭГУ, у выніку чаго быў змушаны звольніцца.[3]

У ЭГУ распрацаваў і выкладаў курсы: «Палітэканомія палітычнай рэформы ва Ўсходняй Эўропе і Лацінскай Амерыцы», «Уводзіны ў міжнародную палітэканомію», «Міжнародная палітэканомія індустрыялізацыі ва Ўсходняй Азіі», «Эканамічная палітыка», «Палітычная эканоміка эўрапейскай інтэграцыі», «Ад таталітарызму да грамадзянскай супольнасьці: сацыяльная і палітычная трансфармацыя Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы».[3]

У 2004—2005 гг. стажыяваўся ў межах стыпэндыяльнай праграмы Рэйгана-Фасэла[6] пры Нацыянальным фондзе падтрымкі дэмакратыі (ЗША).

У 2006—2007 гг. быў запрошаным дасьледчыкам Цэнтра вывучэньня дэмакратыі, развіцьця і прававой дзяржавы ў Стэнфардзкім унівэрсытэце, ЗША.[3]

У якасьці незалежнага экспэрта браў удзел у дасьледаваньнях няўрадавай арганізацыі Freedom House (ЗША), супрацоўнічаў з Радыё Свабода і міжнароднай кансалтынгавай кампаніяй Oxford Analytica.[3]

У 2007—2011 гг. — першы дырэктар Беларускага інстытута стратэгічных дасьледаваньняў,[7] аналітычнага цэнтра, заснаванага ў кастрычніку 2006 г. групай вядомых грамадзкіх дзеячоў і інтэлектуалаў. Інстытут распрацоўвае і прапануе станоўчыя альтэрнатыўныя сцэнары палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай трансфармацыі краіны, а таксама шукае шляхі падвышэньня канкурэнтаздольнасьці Беларусі і дабрабыту яе грамадзян.[8]

Ва ўспамінах аб Віталі Сіліцкім сябры і калегі адзначалі, што зь ім проста немагчыма было не сябраваць, ён трывала ўваходзіў у жыцьцё ўсіх, хто зь ім сутыкаўся. Віталь Сіліцкі быў таксама ярым заўзятарам футбольнага клюба Лівэрпул. Іншымі цікавосткамі пра сябе падзяліўся сам у публікацыі «25+1 выпадковых фактаў» у сваім фэйсбуку.[9].

Калі ў ліпені 2010 г. Віталь даведаўся аб сваёй хваробе — раку ныркі — сябры і калегі падтрымалі яго. Апэрацыя па выдаленьні ныркі, праведзеная ў Беларусі, не дапамагла, і тады была арганізаваная міжнародная кампанія падтрымкі і збору сродкаў на лекаваньне. Доўгі час Віталь лячыўся ў Бэльгіі, аднак хвароба прагрэсавала, і ён вярнуўся ў Беларусь, дзе правёў апошнія дні з сябрамі і сям'ёй.

«Я паміраю. Але зрабіце ўсё, каб жылі тыя ідэі, якімі я жыў», — пакінуў запавет сваім сябрам Віталь Сіліцкі ў адзін са сваіх апошніх дзён.[10]

Асноўныя канцэпцыі [рэдагаваць]

Прэвентыўны (апераджальны) аўтарытарызм: від аўтарытарызму, пры якім захаваньне ўлады ажыцьцяўляецца праз апераджальныя (прэвентыўныя) удары (у адрозненьні ад рэактыўных пры маніпулятыўным аўтарытарызме) супраць патэнцыйных пагрозаў (палітычных апанэнтаў, непадкантрольных сродкаў масавай інфармацыі, грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, недзяржаўных арганізацыяў), а таксама праз парушэньне выбарачага заканадаўства нават пры наяўнасьці безумоўных перавагаў і магчымасьці чэснай перамогі.[11]

Аўтарытарны інтэрнацыянал: сумесныя высілкі аўтарытарных рэжымаў па барацьбе з распаўюдам дэмакратычнага «вірусу» і іх здольнасьць да арганізаванасьці на міжнародным узроўні і стварэньня чагосьці кшталту самаабароны. Гэтае апярэджваньне на міжнародным узроўні і здольнасьць аўтарытарных кіраўнікоў вучыцца на памылках сваіх калегаў і рабіць высновы з посьпехаў пабудовы дэмакратыі ў іншых краінах. Гэта працэс, люстэркавы працэсу «віруснага» распаўсюду дэмакратыі ў міжнародным вымярэньні.[12]

Прэвентыўны аўтарытарызм (у тым ліку і на прыкладзе Беларусі) і яго разьвіцьцё да аўтарытарнага інтэрнацыяналу апісаныя ў працы Віталя Сіліцкага «Вірус стрыманы: прэвентыўны аўтарытарызм на постсавецкай прасторы (прыклад Беларусі)» (арыгінал анг. Contagion Deterred: Preemptive Authoritarianism in the Former Soviet Union (the Case of Belarus)[12], 2006, для Цэнтра вывучэньня дэмакратыі, развіцьця і прававой дзяржавы ў Стэнфардзкім унівэрсытэце (англ. Center on Democracy, Development, and The Rule of Law).

Тэрыторыя свабоды: незалежная прастора, арганізацыя жыцьця людзей, не згодных зь існым рэжымам, але аб'яднаных агульнымі цікаўнасьцямі і заняткамі; паралельнае грамадзтва, выдаткі існаваньня ў якім кампэнсуюцца высокім узроўнем узаемадапамогі і каардынацыі, што дае шанец дысыдэнцкаму руху перарасьці ў будучыні ў рэальную палітычную сілу.[13]

Адкладзеная свабода: выданьне аднаго з найбольш істотных тэкстаў Віталя Сіліцкага, у якім на аснове параўнальнага аналізу апісваюцца працэсы зараджэньня і фармаваньня пэрсаналісцкіх рэжымаў у Сэрбіі і Беларусі.

Роджар Патоцкі, старэйшы дырэктар Эўразійскай праграмы Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі, ЗША, сфармуляваў шэраг тэзаў, якія лейтматывам праходзілі праз асноўныя тэксты Віталя Сіліцкага:

  • Працаваць у краіне, а не за яе межамі (Inside and Not Outside): Сіліцкі выступаў у падтрымку арганізацый, якія працуюць у Беларусі, і супраць стварэньня «дыяспары на Захадзе».
  • Аб'яднаная апазыцыя (Unified Opposition): Віталь заўсёды выступаў супраць таго, каб дазваляць прыватным амбіцыям палітыкаў раз'ядноўваць апазыцыю, сьцвярджаў, што моцная апазыцыя — гэта аб'яднаная апазыцыя.
  • Палітычныя НДА (Political NGOs): Сіліцкі быў упэўнены, што недзяржаўныя арганізацыі павінны ўдзельнічаць у палітыцы, каб падтрымліваць і натхняць людзей.
  • Уключанасьць (Be Engaged): Віталь верыў у абмеркаваньне, размову з Расеяй і Захадам. Патоцкі падкрэсліў важнасьць міжнароднага дыялёгу для Беларусі сёньня.
  • Глыбокі скептыцызм у адносінах да Расеі (Profound Skepticism of Russia): «Віталь зноў і зноў пісаў аб адмоўным уплыве Расеі ў тым, што тычыцца дэмакратычных каштоўнасьцяў». Роджар Патоцкі ўдакладніў: Віталь не верыў, што станоўчыя дэмакратычныя зьмены могуць прыйсьці ў Беларусь з Расеі.
  • Развіцьцё дэмакратыі як годны ўчынак (Democracy Promotion as a Noble Act): Віталь разглядаў прасоўваньне дэмакратыі не як дывэрсію, але як жаданы, годны чын.[14]

Ацэнка прафэсыйнай дзейнасьці калегамі [рэдагаваць]

Па меркаваньні дацэнта паліталёгіі ўнівэрсытэта Таронта Лукана Вэя, Віталь Сіліцкі быў сярод першых, хто ўключыў аўтарытарныя рэжымы ў міжнародны кантэкст. Многія навукоўцы ў 1999-х гг. і напачатку 2000-х пісалі пра распаўсюд дэмакратыі, а Сіліцкі распачаў дыскусію аб супрацьлеглым працэсе. У пэўным сэнсе ён сфармуляваў новую праблематыку ў сьферы распаўсюду аўтарытарызму. Сярод іншага, Віталь акрэсьліў канцэпцыю «прэвентыўнага аўтарытарызму» — па сутнасьці, гэта імкненьне рэагаваць на кожны выклік звонку ўзмацненьнем каардынацыі дзеяньняў паміж недэмакратычнымі дзяржавамі.[15]

Хрысці Фрыланд, рэдактарка Томсан Рэйтэрс Дыджытал (анг. Thomson Reuters Digital) належыць да кола экспэртаў, якія рэгулярна спасылаюцца на працы Віталя Сіліцкага. Адна з апошніх яе спасылак — на канцэпцыю аўтарытарнага інтэрнацыянала ў сваім аналізе для Рэйтэрс падзеяў у Эгіпце і Тунісе, пад назовам «Аўтарытарны інтэрнацыянал займае абарону» (арыгінал анг. The Authoritarian International goes on the defensive), 4 лютага 2011 г.[16]

На думку Паўла Данэйкі, дырэктара Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтра[17], Віталь Сіліцкі прадэманстраваў высокі ўзровень акадэмічнай аналітыкі. Да яго аналітыка ў Беларусі існавала альбо як эсэістыка, альбо мела ідэалягічную сутнасьць. Віталь прыцягнуў і зьяднаў вакол сябе новае кола экспэртаў. Гэтыя спэцыялісты зараз маюць разуменьне і здольнасьці прадстаўляць свае дасьледваньні на міжнародным узроўні.[18]

Штэфан Малерыюс, Фонд Конрада Адэнаўэра, Нямеччына (арыгінал ням. Konrad Adenauer Stiftung), засмучаны, што побач з Віталём не апынулася чалавека, здольнага распрацаваць на аснове яго дасьледваньняў плян палітычных дзеяньняў. Малерыюс адзначае, што, зьяўляючыся аналітыкам і навукоўцам, Сіліцкі кансультаваў і даваў парады, калі яго пыталі, але ён не быў паліттэхнолягам і не імкнуўся ім станавіцца.[19]

Аб Віталі Сіліцкім таксама ўзгадвалі ў студзеньскім нумары «Journal of Democracy» (2012), дзе ён быў названы «лепшым палітолягам сваёй генэрацыі, які толькі мог зьявіцца на постсавецкай прасторы». Таксама ў траўні 2012 г. падчас сьвяткаваньня дзесяцігодзьдзя праграмы Рэйгана-Фасэла, аб Віталі Сіліцкім узгавалі як аб «пладавітым аўтары і вядучым грамадзкім актывісьце».[20]

Грамадзкая дзейнасьць [рэдагаваць]

Віталь Сіліцкі быў шчырым патрыётам, які сапраўды любіў Беларусь. Ён жадаў бачыць яе дэмакратычнай і эўрапэйскай краінай, дзе паважаюцца беларуская мова і нацыянальная культура.[21]

Віталь як шэраговы грамадзянін прымаў удзел у мітынгах і шэсьцях апазыцыі, у тым ліку і ў пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 г. Віталь пайшоў на плошчу, калі быў ужо хворы,[22] і брутальны разгон мірных дэманстрантаў аказаў гнятлівы ўплыў на яго стан. Пазьней ён удзельнічаў у акцыях салідарнасьці з затрыманымі і палітзняволенымі.

У 1992 г. Віталь Сіліцкі, тады яшчэ студэнт, далучыўся да Аб'яднанай дэмакратычнай партыі Беларусі (пазней Аб'яднанай грамадзянскай партыі), займаўся яе моладзевай арганізацыяй. І хоць доўгі час не браў актыўнага ўдзелу ў жыцьці партыі, афіцыйна выйшаў адтуль толькі ў 2010 г., у знак нязгоды з паводзінамі Яраслава Раманчука, партыйнага кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах 2010 г., пасьля разгону мірных дэманстрантаў і арышту кандыдатаў у прэзыдэнты.[23]

Віталь Сіліцкі быў вядомым і ў беларускай благасферы як карыстальнік Жывога журнала nescerka. Але ўласнаручна выдаліў свой акаўнт, нягледзячы на папулярнасьць і больш за 500 падпісчыкаў. У хуткім часе ён вярнуўся ў жывы журнал пад сваім імём, што, па яго прызнаньні, «накладае пэўную адказнасьць за базар», папярэдзіўшы, што «хуліганства і тролінга фэміністак» ад яго больш не дачакаюцца.[24] Аднак у ЖЖ vitalsilitski зьявіліся толькі тры запісы і Віталь Сіліцкі перайшоў у Facebook, дзе яго профіль пераўтварыўся ў своеасаблівую дошку памяці.[25]

Прэміі [рэдагаваць]

У траўні 1991 г. стаў пераможцам усесаюзнай алімпіяды юных сацыёлягаў, якая праходзіла ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Ламаносава (г.Масква, Расея). Тэма даклада: «Токвіль і дэмакратычныя зьмены ва Ўсходняй Эўропе».[3]

У 1999 г. атрымаў[9] прэмію імя Маргарэт Тэтчэр ад Маладых еўрапейскіх кансерватараў (анг.).

Памяць [рэдагаваць]

У 2011 г. у Цэнтральна-Эўрапейскім унівэрсытэце (г. Будапэшт, Вугоршчына), дзе Віталь Сіліцкі атрымаў ступень магістра, была заснаваная стыпендыя яго імя для беларускіх студэнтаў гэтага ўнівэрсытэта. Кандыдаты павінны прадэманстраваць посьпехі ў навучаньні, удзел у грамадзкай дзейнасьці і патрэбу ў дадатковай фінансавай падтрымцы. Заснавальнікі стыпендыі лічаць, што памяць аб Віталі Сіліцкім стане прыкладам для будучых пакаленьняў беларускіх адмыслоўцаў.[26]

Таксама ў 2011 г. Інстытутам эўрапейскіх навук (анг. The Institute of European Studies and International Relations (IESIR, Slovakia)) і Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледваньняў, пры падтрымцы Славацкай агенцыі па каапэрацыі міжнароднага развіцьця(анг.) (анг. Slovak Agency for International Development Cooperation (Slovak Aid)) была заснаваная стыпендыяльная праграма імя Віталя Сіліцкага для беларускіх студэнтаў на 5-6 месяцовае навучаньне ў Славакіі.[27]

8 верасьня 2011 году ў Вашынгтоне Нацыянальным фондам у падтрымку дэмакратыі (ЗША), Цэнтрам стратэгічных і міжнародных дасьледваньняў (па-ангельску: Center for Strategic and International Studies) і PONARS Eurasia была арганізаваная экспэртная панэль «Палітычная будучыня Беларусі», прысьвечаная памяці Віталя Сіліцкага.[20]

29 лютага 2012 г. адбылася прэзэнтацыя пасьмяротна выдадзенай кнігі Віталя Сіліцкага «Адкладзеная свабода» (кніжная сэрыя "Бібліятэка «Беларускі калегіюм»).

У гадавіну сьмерці Віталя Сіліцкага, 11 чэрвеня 2012 г., прайшоў вечар памяці з удзелам сяброў, калег, родных, прадстаўнікоў дыпляматычнага корпусу. Памяці Віталя Сіліцкага быў прысьвечаны першы беларускамоўны выпуск англамоўнага штомесяцовага выданьня Belarus Headlines.[18]

18 чэрвеня 2012 г. у Фондзе Карнэгі, што ў Вашынгтоне (ЗША), адбыўся круглы стол «Беларусь: стабільная нестабільнасьць?», прысьвечаны памяці Віталя Сіліцкага.[28]

У траўні 2012 г., напярэдадні гадавіны сьмерці Віталя Сіліцкага, быў утвораны Камітэт па ўшанаваньні ягонай памяці. Туды ўвайшлі вядомыя грамадзкія і навуковыя дзеячы, якія былі блізкія зь Віталём.[29]

Камітэт памяці Віталя Сіліцкага будзе займацца арганізацыяй мерапрыемстваў памяці, падрыхтоўкай да выданьня кніг Сіліцкага, заснаваньнем фонда і прэміі яго імя, арганізацыяй стыпендыальнай праграмы і г.д.

Працы [рэдагаваць]

Кнігі [рэдагаваць]

Аўтар кнігі «Адкладзеная свабода: посткамуністычны аўтарытарызм у Сербіі і Беларусі», апублікавана ў часопісе «ARCHE» ў 2002 г.,[30] выдадзена пасьмяротна ў 2012 г.).[31]

Суаўтар другога выданьня «Гістарычнага слоўніка Беларусі», разам з Янам Запруднікам (Vitali Silitski and Jan Zaprudnik, Historical Dictionary of Belarus (Historical Dictionaries of Europe), 2007, ISBN-10: 0810858126).[32]

У дадзены час рыхтуецца да выданьня пасьмяротна кніга Віталя Сіліцкага «Доўгая дарога ад тыраніі» на ангельскай (арыгінал) і беларускай (у перакладзе) мовах.

Кнігі пад рэдакцыяй Віталя Сіліцкага [рэдагаваць]

Главы ў кнігах [рэдагаваць]

  • Шэраг главаў // Палітычная гісторыя незалежнай Беларусі (да 2006) / Вільня: Беларускае гістарычнае таварыства Беласток, Інстытут беларусістыкі Вільня, 2012.
  • Беларусь в международном контексте // Беларусь и Европейский Союз: от изоляции к сотрудничеству (рас.) / Ханц-Георг Вик, Штэфан Малериус. —Вильнюс: Фонд Конрада Аденауэра, 2011.
  • Дилеммы выбора // Беларусь: ни Европа, ни Россия. Мнения белорусских элит (рас.) / Валерий Булгаков. — Варшава, 2006.
  • Расклад і тэндэнцыі пасьля выбараў і рэфэрэндуму 2004 г. // Найноўшая гісторыя беларускага парлямэнтарызму / Валер Булгакаў. — Беласток, 2005.
  • Беларусь: анатомія прэвэнтыўнага аўтарытарызму // Геапалітычнае месца Беларусі ў Эўропе і сьвеце / Валер Булгакаў. — Варшава: Вышэйшая школа гандлю і права, 2006. — С. 47-81. — 242 с. ISBN 978-83-60694-01-5.
  • Дыягназ беларускай эканомікі; Матывацыя эканамічных рэформаў у Беларусі; Пэрспэктывы эўрапейскай інтэграцыі Беларусі // Беларусь: сцэнары рэформаў / Алесь Анціпенка, Валер Булгакаў. – Варшава: Фонд імя Сцяпана Батуры, 2003.
  • Рэжым Лукашэнкі паміж дзьвюма выбарчымі кампаніямі: вонкавыя і ўнутраныя фактары (дэ)легітымізацыі; Крызыс апазыцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001 году; Зьмяненьне палітычнага раскладу пасьля мясцовых выбараў і пэрспэктывы наступных выбарчых кампаній // Мясцовыя выбары ў найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі / Валер Булгакаў. – Менск: Аналітычны Грудок, 2003.
  • Эканамічная палітыка Лукашэнкі // Беларуска-расейская інтэграцыя. Аналітычныя артыкулы / Валер Булгакаў. — Менск: Энцыклапедыкс, 2002.
  • Belarus // Nations in Transit 2007-2011: Democratization from Central Europe to Eurasia / Rowman & Littlefield Publishers, Inc. (Freedom House publication), 2007-2011. (на англійскай мове)
  • Belarus (with Balazs Jarabik) // Is the European Union Supporting Democracy in its Neighbourhood?(анг.) / Richard Youngs. - FRIDE in association with the European Council on Foreign Relations (2008)
  • Belarus and Russia: Comradeship-in-arms in Preempting Democracy // Political Trends in the New Eastern Europe: Ukraine and Belarus(анг.) / Vitali Silitski and Arkady Moshes. - Strategic Studies Institute U.S. Army War Co (2007).
  • Contagion Deterred: Preemptive Authoritarianism in the Former Soviet Union (the Case of Belarus) // Waves and Troughs of Post-Communist Transitions / Michael McFaul and Kathryn Stoner-Weiss, eds.- Johns Hopkins University Press, 2007. (на английском языке)
  • Different Authoritarianisms, Different Patterns of Change // Civil society and Electoral Change in Central and Eastern Europe / Bratislava: German Marshall Fund, 2006. (на англійскай мове)
  • Signs of Hope Rather Than Electoral Revolution // Prospects for Democracy in Belarus / Pavol Deves, David Marples, and Joergg Forbig - German Marshall Fund, 2006. (на англійскай мове)
  • Internal Developments in Belarus // Changing Belarus. Chaillot Paper / Don Lynch. - Paris: Institute for Security Studies, 2005. (на англійскай мове)
  • Belarusian Economy: Diagnosis and Motivation for Reform; Perspectives of European Integration for Belarus // Belarus: Catching Up with Europe(анг.) / Warsaw: The Bathory Foundation, 2004.

Артыкулы [рэдагаваць]

Супраца са сродкамі масавай інфармацыі [рэдагаваць]

Сталы аўтар часопіса «ARCHE»[33] і газеты "Наша ніва", партала «Наше Мнение»[34], экспэрт беларускай службы Радыё Свабода і інш.

Меў больш за 100 публікацыяй у выданьнях Беларусі, ЗША, краінаў Эўрапейскага Зьвязу, Расеі. Спецыялізаваўся ў пытаньнях палітыкі эканамічных рэформаў, дэмакратызацыі на постсавецкай прасторы, электаральных рэвалюцыях і прэвентыўным аўтарытарызме, палітыкі Эўрапейскага Зьвязу на постсавецкай прасторы, адносінах Беларусі з Расеяй і ЭЗ.[35]

Крытыка [рэдагаваць]

Крыніцы [рэдагаваць]

  1. ^ У памяць Віталя Сіліцкага
  2. ^ Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў
  3. ^ а б в г д е ё ж Vitali Silitski. Curriculum Vitae(анг.)
  4. ^ Vitali Silitski: CEU Alumni & Careers(анг.)
  5. ^ Robert R. Kaufman(анг.)
  6. ^ Reagan-Fascell Democracy Fellows Program(анг.)
  7. ^ http://belinstitute.eu/index.php?lang=be
  8. ^ Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў: пра інстытут
  9. ^ а б Vitali Silitski. 25+1 random facts about me.(анг.)
  10. ^ Памёр палітолаг Віталь Сіліцкі
  11. ^ Preempting Democracy: The Case of Belarus, Journal of Democracy Volume 16, Number 4, October 2005 pp. 83-97.
  12. ^ а б Vitali Silitski. Contagion Deterred: Preemptive Authoritarianism in the Former Soviet Union (the Case of Belarus). CDDRL working papers, 2006.(анг.)
  13. ^ Віталь Сіліцкі. Памятаць, што дыктатуры руйнуюцца // ARCHE 2006, № 7-8.
  14. ^ R. Potocki. Decalogue for a Democratic Activist.(анг.)
  15. ^ Andrew Kuchins, Cory Welt, Mitchell Orenstein, Lucan Way, Rodger Potocki, «Vitali Silitski (1972—2011)», Journal of Democracy Volume 23, Number 1, January 2012 pp. 188—189.
  16. ^ Chrystia Freeland. The authoritarian international goes on the defensive(анг.)
  17. ^ Белорусский экономический исследовательско-образовательный центр
  18. ^ а б Belarus Headlines. Памяці Віталя Сіліцкага
  19. ^ http://democraticbelarus.eu/files/bulletins/new/BelarusHeadlinesIX.pdf Belarus Headlines ІХ]
  20. ^ а б Advancing the Legacy of Vitali Silitski | National Endowment for Democracy(анг.)
  21. ^ Быць беларусам: Віталь Сіліцкі
  22. ^ Бог пацалаваў яго…(бел.)
  23. ^ Віталь Сіліцкі выходзіць з АГП.
  24. ^ Жывы журнал Віталя Сіліцкага.(бел.)
  25. ^ Профіль Віталя Сіліцкага ў сацыяльнай сетцы Facebook.
  26. ^ Vitali Silitski Supplementary Annual Scholarship at CEU (анг.)
  27. ^ Vitali Silitski Fellowship (анг.)
  28. ^ Беларусь: стабильная нестабильность? (рас.)
  29. ^ Cоздан комитет по увековечению памяти первого директора BISS Виталия Силицкого (рас.)
  30. ^ Адкладзеная свабода: Посткамуністычны аўтарытарызм у Сэрбіі і Беларусі
  31. ^ Прэзентацыя кніг В.Сіліцкага і А.Анціпенка
  32. ^ Amazon.com: Historical Dictionary of Belarus (Historical Dictionaries of Europe)(анг.)
  33. ^ Артыкулы Віталя Сіліцкага у часопісе «ARCHE»
  34. ^ Артыкулы Віталя Сіліцкага на партале «Наше Мнение»
  35. ^ Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў: пра нас

Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]