Вітольд Бялыніцкі-Біруля
| Вітольд Бялыніцкі-Біруля | |
| Імя пры нараджэньні: | Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля |
|---|---|
| Нарадзіўся: | 29 лютага 1872 в. Крынкі, Аршанскі павет, Магілёўская губэрня |
| Памёр: | 18 чэрвеня 1957 Масква, СССР |
| Плынь: | рэалізм |
Вітольд Каэтанавіч Бялыніцкі-Біруля (29 лютага 1872, в. Крынкі, Аршанскі павет, Магілёўская губэрня (зараз Бялыніцкі раён Магілёўскай вобласьці) — 18 чэрвеня 1957, Масква) — беларускі жывапісец-пэйзажыст. Разьвіваў традыцыю лірычнага пэйзажа канца 19 стагодзьдзя.
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзіўся 29 лютага 1872 году ў вёсцы Крынкі пад Бялынавічамі. Па паходжаньні — беларус. Бацька быў арандатарам, служыў у Дняпроўскім параходзтве. Мастацкую адукацыю атрымаў спачатку ў Кіеве ў малявальнай школе Мікалая Мурашкі (1885—1889), пасьля ў Маскоўскай вучэльні жывапісу, скульптуры і дойлідзтва ў Іларыёна Пранішнікава, Сяргея Каровіна, Мікалая Неўрава, Васіля Паленава (1889—1896). Пасьля вярнуўся на радзіму, дзе правёў восем плённых гадоў, шмат працуючы і выязджаючы на выставы ў Санкт-Пецярбург, Маскву і Заходнюю Эўропу.
Яшчэ ў пэрыяд навучаньня, у 1890-я гг., творы В. Бірулі выклікалі сур'ёзную зацікаўленасьць у аматараў прыгожага мастацтва. Так, палатно «Навакольле Пяцігорска» (1892) было набыта Паўлам Трацьцяковым для яго галерэі.
Творчасьць В. Бялыніцкага-Бірулі шчыльна злучана з асобай слыннага мастака Ісака Левітана, які паспрыяў Вітольду Бірулі ў выставачнай справе. З 1897 году мастак удзельнічае ў выставах Маскоўскага аб'яднаньня аматараў мастацтваў і Маскоўскага таварыства мастакоў. З 1899 году прадстаўляў працы разам з Таварыствам перасоўных мастацкіх выставаў, а ў 1904 стаў яго правадзейным чальцом.
Тройчы — у 1934, 1935, 1938 гг. — В. Біруля наведваў Запаляр'е (Кольскі паўвостраў). Пісаў Баранцава мора і Белае мора, раку Церыберку, горы Хібіны, возера Вуд'яр. Працаваў у мясьцінах, зьвязаных з творчасьцю Льва Талстога, Аляксандра Пушкіна і Пятра Чайкоўскага. У 1944 годзе працаваў у Архангельску, дзе адлюстроўваў помнікі старажытнарускага драўлянага дойлідзтва XVi—XVII стст.
У 1947 годзе В. Біруля вяртаецца на Беларусь. Тут быў створаны вялікі цыкль этудаў і шэраг карцінаў: «Зялёны май», «Зазелянелі беларускія бярозкі», «Яблыні ў квецені», «Беларусь. Зноў зацьвіла вясна» і інш. Пра сваё дачыненьне да Беларусі В. Біруля пісаў:
Блукаючы са стрэльбай і фарбамі па палетках, далінах і пералесках Беларусі, сустракаючы і праводзячы зоры ля вогнішчаў, начуючы ў лесе, прыслухоўваючыся да галасоў прыроды, я глыбей адчуў яе прыгажосьць, навучыўся яе разумець.
— Анатоль Кудравец. Трое ў адным пакоі. Эсэ // Дзеяслоў. — Мн: 2002. — № 1.
Памёр знакаміты пэйзажыст у 85 гадоў у 1957 годзе ў Маскве, пакінуўшы ў спадчыну вялікую колькасьць сваіх твораў. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках.
Творчасьць [рэдагаваць]
Палотны Бялыніцкага-Бірулі ўражваюць гледача эмацыйнасьцю, неабходнай мерай абагульненьня, якая не губляе пры гэтым канкрэтыку месца. Пэйзажыст па-майстэрску распрацоўваў ледзь прыкметныя нюансы, характэрныя для таго ці іншага часу дня, пэўнай пары году. Карціны і шматлікія этуды вылучаюцца асаблівай тонкасьцю, мяккасьцю і непаўторным лірызмам, глыбінёй успрыманьня і перадачы жывой прыроды.
Творчасьць таленавітага мастака выклікала зацікаўленасьць у выбітнага прадстаўніка расейскага рэалізму Ільлі Рэпіна:
На выстаўцы, калі я даведаўся, што няма Вашых карцін, вельмі засумаваў па Вас. Я так звыкся асьвяжацца душою перад вашымі жывымі павевамі праўды, простасьці і свабоды. І... я заўсёды з новым і большым задавальненьнем гляджу на Ваш пагорак, з хатамі занесенымі сьнегам; люблю гэтыя беражкі, што белымі краямі люструюцца ў горнай рэчцы.
— Репин. И. Письма. Москва, 1969, Т. 2, С. 263
Найбуйнейшая калекцыя работаў Вітольда Бялыніцкага-Бірулі (444 палотны) знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь. Таксама некаторыя зь яго твораў захоўваюцца ў Маскве (Дзяржаўная Трацьцякоўская галерэя, прыватныя зборы), іншых гарадах Расеі, ва Ўкраіне і нават Кыргыстане.
Узнагароды і памяць [рэдагаваць]
Народны мастак Беларусі (1944) і РСФСР (1947). Ганаровы акадэмік АН БССР (1947), правадзейны чалец Акадэміі мастацтваў СССР (1947).
Пасьля сьмерці яго імем назвалі Бялыніцкі мастацкі музэй, У Магілёве працуе музэй Бялыніцкага-Бірулі — філія Нацыянальнага музэю, дзе найбольш шырока прадстаўлена творчая спадчына нашага суайчыньніка.
У Магілёве і Бялынічах названыя вуліцы ў гонар мастака.
Галярэя [рэдагаваць]
-
Vitold Białynicki-Birula Onegin's bench.jpg
«Лава Анегiна», 1937
Літаратура [рэдагаваць]
- Аляксей Харак. Вітольд Бялыніцкі-Біруля // Роднае слова. — Мн: 2008. — № 1. — С. 105. — ISBN 0234-1360.
Вітольд Бялыніцкі-Біруля — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў