Віцебск
| Віцебск | |||||
Меская ратуша |
|||||
|
|||||
| Першыя згадкі: | 1021 | ||||
| Магдэбурскае права: | 17.03.1597 | ||||
| Вобласьць: | Віцебская | ||||
| Гарадзкі савет: | Віцебскі | ||||
| Плошча: | 96,73[1] км² | ||||
| Насельніцтва: | 367 773[2] (2012) | ||||
| Часавы пас: | UTC+3 | ||||
| Тэлефонны код: | +375 212 | ||||
| Паштовы індэкс: | 210xxx | ||||
| Аўтамабільны код: | 2 | ||||
| Геаграфічныя каардынаты: | 55°11′ пн. ш. 30°10′ у. д. / 55.183° пн. ш. 30.167° у. д.Каардынаты: 55°11′ пн. ш. 30°10′ у. д. / 55.183° пн. ш. 30.167° у. д. | ||||
|
Віцебск на мапе Беларусі
Віцебск
|
|||||
| Афіцыйны сайт(рас.) | |||||
Ві́цебск — места ў Беларусі, на рацэ Дзьвіна пры ўтоку ў яе рэчак Віцьба і Лучоса. Адміністрацыйны цэнтар Віцебскага гарсавету, раёну і вобласьці. Плошча 96,73 км². Насельніцтва 347 928[2] чал. (2009). Знаходзіцца за 300 км ад Менску, непадалёк ад граніцы з Расеяй. Вузел чыгунак на Маскву, Санкт-Пецярбург, Воршу, Полацак і аўтамабільных дарог. Аэрапорт (пункт пропуску празь дзяржаўную граніцу), рачны порт.
Віцебск — даўняе магдэбурскае места, адно з найбольш старажытных у Беларусі. Колішняя сталіца княства і цэнтар гістарычнага рэгіёну. У наш час прэтэндуе на неафіцыйны статус культурнай сталіцы краіны.
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
Тапонім «Віцебск» ўтварыўся ад назвы ракі Віцьба, на беразе якой ўзьнікла сучаснае места. Існуе некалькі меркаваньняў датычна паходжаньня гідроніму «Віцьба». На думку беларускага географа В. Жучкевіча, у аснове назвы рэчкі паняцьце «віць» — вільготнае месца, багна — у спалучэньні з фармантам -ба, што надае прыналежнасьць да месца[3]. Гісторык А. Сапуноў сьцьвярджаў, што Віцьба атрымала назву ад уласных лукавінаў, паміж якімі яна мусіла «віцца»[4].
Варыянты назвы места ў гістарычных крыніцах: Витепск[5], Видбеск, Видебск, Витепеск, Витьбеск, у нямецкіх хроніках — Вітэнбеке (лац. Vitenbeke)[6].
Гісторыя [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Гісторыя Віцебску
Старажытнасьць [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Віцебскае княства
Датаваньне першага пісьмовага ўспаміну пра Віцебск няпэўнае. Паводле паданьня зь Віцебскага летапісу (XVIII ст.) горад у 974 годзе заклала княгіня кіеўская Вольга, аднак вядома, што яна памерла яшчэ ў 969 годзе. З гэтай прычыны на сёньняшні дзень паміж гісторыкамі вядзецца спрэчка: як імаверную дату заснаваньня называюць 947 год (паводле «Аповесьці мінулых часоў» у 947 годзе Вольга наведвала міжрэчча Дзьвіны і Дняпра і ўтварыла тут пагосты для збору даніны, у тым ліку на рэчках Мста і Луга, магчыма тады зьявіўся пагост і на Віцьбе — Віцебск), а таксама 914 год[7].
У Х—ХІІІ стст. Віцебск займаў важнае месца на «шляху з варагаў у грэкі». У 1021 годзе князь кіеўскі Яраслаў Уладзімеравіч перадаў места разам з Усьвятам князю полацкаму Брачыславу Ізяславічу пры складаньні міру.
Па сьмерці князя полацкага Ўсяслава Чарадзея (1101) Віцебск зрабіўся сталіцай удзельнага княства. Першым князем віцебскім быў Сьвятаслаў Усяславіч, пазьней местам і княствам валодалі ягоныя нашчадкі Васількавічы. У 1167 годзе князь менскі Валадар Глебавіч узяў Віцебск у аблогу, а ў 1196 годзе каля места адбылася бітва аб’яднаных сілаў полацкіх і чарнігаўскіх князёў са смаленскімі князямі. Полацкія князі перамаглі і вярнулі сабе Віцебскае княства. З 1318 году тут княжыў Яраслаў Васільевіч, які аддаў сваю адзіную дачку Марыю замуж за князя крэўскага Альгерда.
Вялікае Княства Літоўскае [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Віцебскае ваяводзтва
Па сьмерці князя Яраслава (1320) Віцебск паводле спадчыны перайшоў да вялікага князя Альгерда і такім чынам далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1341 годзе тутэйшыя жыхары на чале з Альгердам дапамаглі Пскову супраць крыжакоў[8]. З 1345 году места знаходзілася ў валоданьні Андрэя Альгердавіча.
Паводле гістарычных крыніцаў, у 1351 годзе ў Віцебску завяршылася будова княскага палаца і муравана-драўляных Верхняга і Ніжняга замкаў, даўжыня сьценаў якіх складала 1,75 км[8]. У кан. XІV ст. места апынулася ў цэнтры міжусобнай барацьбы паміж сынамі і суродзічамі Альгерда за права валоданьня гэтым важным стратэгічным пунктам. Верхні і Ніжні замкі неаднаразова супрацьстаялі шматлікім і працяглым аблогам. 15 ліпеня 1410 віцебская харугва ўзяла ўдзел у Грунвальдзкай бітве.
У XV—XVІ стст. Віцебск зрабіўся буйным гандлёвым і рамесным цэнтрам. Станам на 1441 год ён уваходзіў у шэрагі 15 найбуйнейшых местаў Вялікага Княства Літоўскага.
Паводле устаўной граматы вялікага князя Казімера (1444) Віцебск атрымаў абмежаванае самакіраваньне, таксама грамата фактычна зафіксавала аўтаномію Віцебскай зямлі[9]. Надалей у XVІ ст. места атрымала шэраг прывілеяў, якія гарантавалі недатыкальнасьць зямельных уладаньняў фэўдалаў і мяшчанаў, правы бязмытнага гандлю і вольнага выезду ў межах дзяржавы[9].
- Геральдычныя сымбалі Віцебшчыны
-
Герб Віцебскага ваяводзтва, каля 1720
-
Герб Віцебску, 1781
-
Герб Віцебскай губэрні, 1840
У 1508 годзе на базе Віцебскага намесьніцтва ўтварылася ваяводзтва[10]. 17 сакавіка 1597 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза надаў месту Магдэбурскае права і герб[11]: «у блакітным полі пагрудная выява Ісуса Хрыста, пад якой чырвоны меч». Вытрымка з адпаведнага вялікакняскага прывілею:
| Герб надаем месту нашему Витебскому в блакитном полю образ святого Спаса Збавителя нашего, а при том зараз трохи нижей меч голый червоный, што ся мает розуметь кровавый. | ||
У 2-й пал. XVІ — пач. XVІІ стст. у Віцебску ўтварылася супольнасьць кальвіністаў, у якую ўваходзілі заможныя месьцічы і чальцы магістрату. Адначасна ў месьце распачалі сваю дзейнасьць праваслаўныя брацтвы, якія спрыялі захаваньню беларускай мовы і культуры.
Ад пачатку XVІ ст. Віцебск неаднаразова (у 1502, 1516, 1519, 1534 і 1536 гадох) цярпеў ад агрэсіі Маскоўскай дзяржавы, войскі якой спусташалі ваколіцы места, забівалі і бралі ў палон ягоных жыхароў[12]. У Інфлянцкую вайну маскоўскія захопнікі двойчы бралі Віцебск у аблогу (у 1562 і 1568 гадох), зьнішчаючы ягоныя пасады і ваколіцы[12]. У 1602 годзе вяртаючыся дадому з вайны Рэчы Паспалітай са Швэцыяй места абрабавалі запароскія казакі[12]:
| Того ж року запорозкие козаки у Швецыи были, да ничого не помогли, толко великую шкоду господарю вчинили, бо место славное, место богатое Витебск звоевали, мещан побили, панны поплюгавили, скарбы побрали. | ||
У сяр. XVІІ ст. Віцебск быў буйным адміністрацыйным, рамесным і гандлёвым цэнтрам, у якім налічвалася больш за тысячу дамоў, насельніцтва складала каля 10 тыс. жыхароў. Тут разьвіваліся мэтала- і дрэваапрацоўка, гарбарнае, ганчарнае, васкабойнае рамёствы, а таксама мёдаварэньне.
- Даўнія графічныя выявы места
З пачаткам Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) Віцебскі замак па амаль 3-месячнай аблозе захапіла 20-тысячнае войска маскоўскіх ваяводаў і ўкраінскіх казакаў. У баях загінула большасьць месьцічаў, значная частка шляхты і габрэяў трапіла ў палон. Акупанты прымусова вывезьлі ў Маскву нямала тутэйшых рамесьнікаў[12]. Толькі ў 1667 годзе Віцебск, згодна з умовамі замірэньня, вярнулі Вялікаму Княству Літоўскаму. Паводле тагачаснага інвэнтару ў месьце было тры замкі — горны (верхні), дзе знаходзіўся палац ваяводы, дольны (ніжні) і ўзгорскі. Замкі атачалі муры з 20 вялікімі і 3 малымі вежамі. Неўзабаве ў Віцебску адкрыўся езуіцкі калегіюм (1682). У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 28 верасьня 1708 году на загад Пятра I[13] места спалілі расейскія войскі[14]. Згарэлі замкі, ратуша, крамы, усе пасады, 12 цэркваў і 4 касьцёлы. 3 гэтага часу пачаўся заняпад эканомікі места[12].
Па аднаўленьні ў 2-й пал. XVІІІ ст. Віцебск сваёй велічынёю зрабіўся другім (пасьля Магілёва) местам на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У 1764 годзе яго ўраўнавалі ў правох з сталіцай — Вільняй[15], тут распачалася будова новай мураванай ратушы (завяршылася ў 1775 годзе).
У складзе Расейскай імпэрыі [рэдагаваць]
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Віцебск апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе зрабіўся цэнтрам правінцыі (у 1796 годзе цэнтар Беларускай, з 1802 году Віцебскай губэрні). Расейскія ўлады зацьвердзілі новы герб места з «Пагоняй» на бел-чырвона-белым тле (1781). У 1803 годзе на загад з Санкт-Пецярбургу ўсе мескія прывілеі накіравалі ў Сэнат для рэвізіі, з тых часоў іх месца знаходжаньня невядомае[15]. У 1777 годзе у Віцебску пачало працаваць першае прамысловае прадпрыемства — гарбарня, у 1797 годзе — губэрнская друкарня. У 1804 годзе адкрылася гімназія.
У вайну 1812 году з 16 ліпеня да 26 кастрычніка Віцебск займалі францускія войскі. Станам на 1825 год тут працавалі 10 прадпрыемстваў, 135 крамаў, 8 корчмаў, 150 шынкоў, 6 навучальных установаў, места ўпрыгожвалі 24 сакральныя збудаваньні розных канфэсіяў. У 1826 годзе ўтварылася Беларускае вольнае эканамічнае таварыства, з 1845 году распачаў сваю дзейнасьць мескі тэатар.
- Віцебск на акварэлях Юзэфа Пешкі
За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 група гімназістаў і канцылярскіх урадоўцаў спрабавала пакінуць Віцебск і далучыцца да паўстанцкіх аддзелаў, але іх затрымалі ўлады. Расейцы абвясьцілі ў месьце ваеннае становішча[15].
У 1866 годзе празь Віцебск прайшла Рыга-Арлоўская чыгунка, пазьней чыгуначныя лініі злучылі места з Масквой, Берасьцем, Санкт-Пецярбургам і Кіевам. З 1874 году пачало сваю дзейнасьць Віцебскае навуковае таварыства лекараў. У 1881—1882 гадох тутэйшы фатограф Жыгімонт Юркоўскі першым у сьвеце разьлічыў і сканструяваў імгненны фатаграфічны затвор, апісаньне якога апублікаваў у часопісе «Фатограф».
На 1891 год у Віцебску налічвалася 22 навучальныя ўстановы, 5 бібліятэк, чытальня. У 1893 годзе тут адкрыўся царкоўна-археалягічны музэй, заснаваны з ініцыятывы Е. Раманава і А. Сапунова. Паводле зьвестак за 1895 год у Віцебску налічвалася 650 мураваных і 7200 драўляных будынкаў, 2 тэатры, 3 друкарні, 8 кнігарань, 4 бібліятэкі і каля 80 прамысловых прадпрыемстваў. У 1897 годзе Бэльгійскае акцыянэрнае таварыства збудавала электрастанцыю, а ў 1898 годзе — першую на Беларусі трамвайную лінію з электрычнай цягай. Апроч таго, у цэнтры места праклалі водаправод.
XX стагодзьдзе [рэдагаваць]
У 1905 годзе ў Віцебску адкрыўся першы кінатэатар. З 1910 году распачаў сваю дзейнасьць першы на Беларусі настаўніцкі інстытут. 20 красавіка (3 траўня) 1917 году жыхары места ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцьця Канстытуцыі 3 траўня[16].
1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Віцебск увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзе Віцебск вярнулі БССР, дзе ён зрабіўся цэнтрам раёну (з 1938 году — цэнтар вобласьці). У 1926 годзе ў месьце адкрыўся Тэатар імя Якуба Коласа, які сьпярша зваўся II Беларускім дзяржаўным тэатрам.
- Места на старых паштоўках
У 1920-я гады сфармавалася творчая мастацкая школа, якая ў сусьветнай мастацтвазнаўчай літаратуры атрымала назву «Віцебскай школы абстракцыянізму» (Ю. Пэн, М. Шагал, К. Малевіч).
Цягам некалькіх дзесяцігодзьдзяў Віцебск пераўтварыўся ў буйны прамысловы і культурны цэнтар. Станам на 1938 год тут было 209 прадпрыемстваў, 3 ВНУ, 42 агульнаадукацыйныя школы, 40 бібліятэк, 11 лякарань, 3 кінатэатры.
У Другую сусьветную вайну з 11 ліпеня 1941 да 26 ліпеня 1944 Віцебск знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй.
Геаграфія [рэдагаваць]
Віцебск — самы паўночны абласны цэнтар Беларусі, ён знаходзіцца ў межах 55—56 пн. ш. Клімат умерана-кантынэнтальны, адметны ўмерана цёплым летам (сярэдняя тэмпэратура ліпеня +17°, +20 °C) і ўмерана халоднай зімой (сярэдняя тэмпэратура студзеня −8°, −10 °C).
| Паказьнік | Сту | Лют | Сак | Кра | Тра | Чэр | Ліп | Жні | Вер | Кас | Ліс | Сьн | |
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Сярэдняя t, °C | −8 | −6,5 | −2 | 5,5 | 12,5 | 16 | 17 | 16 | 11,5 | 6 | 0 | −5 | |
| Норма ападкаў, мм | 38 | 30 | 39 | 39 | 52 | 79 | 92 | 73 | 65 | 48 | 56 | 52 | |
| Крыніца: Клімат Віцебску(рас.). Метеоновости. Праверана 25 ліпеня 2011 г. | |||||||||||||
Віцебск разьмяшчаецца на пагорыстай мясцовасьці, парэзанай ярамі. Рака Дзьвіна цячэ ў межах места ў выглядзе падковы з паўночнага захаду на паўднёвы захад і падзяляе яго на левабярэжную, пагорыстую з глыбокімі ярамі, частку і правабярэжную, з больш роўным рэльефам. У нетрах прымескай зоны залягае цэлы шэраг карысных выкапняў. Да асноўных прыродных рэсурсаў Віцебску можна аднесьці артэзіянскія крыніцы, што маюць вялікія запасы пітной вады і мінэральную крыніцу, на базе якой працуе курорт «Летцы».
Віцебск мае выгоднае геаграфічнае становішча праз сваё разьмяшчэньне на шляхох з Расеі ў Прыбалтыйскія дзяржавы, з Прыбалтыкі ў паўднёвыя раёны Расеі, ува Ўкраіну і Каўказ, у краіны Цэнтральнай і Заходняй Эўропы.
Насельніцтва [рэдагаваць]

- XVIII стагодзьдзе: 1784 — 10 289 чал. (4955 муж. і 5334 жан.), у тым ліку купцоў 473 хрысьціянаў і 1386 юдэяў, мяшчанаў — 6218 хрысьціянаў і 1386 юдэяў, 652 юдэяў сталых жыхароў павету, 552 працоўнага люду, 635 шляхты[17]; 1785 — 10,5 тыс. чал.
- XIX стагодзьдзе: 1808 — 10 803 чал. (5398 муж. і 5405 жан.), у тым ліку 110 духоўнага стану, 222 урадоўцаў, 71 шляхты, 1180 купцоў-хрысьціянаў, 128 купцоў-юдэяў, 6242 мяшчанаў-хрысьціянаў, 2850 мяшчанаў-юдэяў[18]; 1817 — 3340 чал.[15]; 1825 — 16,9 тыс. чал.[19]; 1860 — 29 496 чал. (у тым ліку 14 315 муж.); зь іх паводле стану: 3207 шляхты, 325 купцоў, 23 745 мяшчанаў, 561 чальцоў цэхаў; паводле веры: 10 383 праваслаўных, 3769 каталікоў, 156 адзінаверцаў, 124 раскольнікаў, 70 пратэстантаў, 15 004 юдэі[18]; 31 сьнежня 1863 — 27 868 чал. (13 301 муж. і 14 567 жан.); паводле веры 9416 праваслаўных, 2741 каталікоў, 405 раскольнікаў, 375 адзінаверцаў, 195 пратэстантаў, 14 736 юдэяў[18]; 1881 — 48 206 чал. (26 462 муж. і 21 744 жан.), у тым ліку 16 954 праваслаўных, 5567 каталікоў, 633 адзінаверцаў, 497 пратэстантаў, 384 раскольнікаў, 24 171 юдэй[18]; 1885 — 54 916 чал. (29 317 муж. і 25 599 жан.), у тым ліку праваслаўных 10 205 муж. і 7697 жан., каталікоў — адпаведна 3344 і 3432, адзінаверцаў — 378 і 386, пратэстантаў 227 і 219, раскольнікаў — 252 і 231, юдэяў — 14 911 і 13 394[18]; 1888 — 58 179 (31 417 муж. і 26 762 жан.)[18]; 1891 — 59 403, у тым ліку 24 597 праваслаўных, 6749 каталікоў, 832 адзінаверцаў, 813 раскольнікаў, 24 945 юдэяў, 288 магамэтанаў, 12 інш. веры[18]; 1897 — 65 871 чал., у тым ліку 34 429 габрэяў[20].
- XX стагодзьдзе: 1913 — 109 тыс. чал.[21]; 1923 — 90 918 тыс. чал.[22]; 1926 — 98 808 тыс. чал.[22]; 1939 — 167 тыс. чал.[23]; 1959 — 148 тыс.[23]; 1970 — 231 тыс. чал.[23]; 1995 — 359 тыс. чал.[24]; 1993 — 367,7 тыс. чал.[25]; 1996 — 365 тыс. чал.[26]
- XXI стагодзьдзе: 2005 — 342,7 тыс. чал.; 2006 — 343,6 тыс. чал.
Станам на 1 студзеня 2009 году насельніцтва Віцебску складала 356 тысячаў чалавек[27].
Адукацыя [рэдагаваць]
У Віцебску працуе больш за 50 школаў, ліцэяў ды гімназіяў, 8 сярэдніх спэцыяльных навучальных установаў, 11 прафэсыйна-тэхнічных вучэльняў. Вышэйшую адукацыю атрымліваюць у чатырох дзяржаўных ВНУ:
- Віцебскі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт
- Віцебскі дзяржаўны тэхналягічны ўнівэрсытэт
- Віцебскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя П. М. Машэрава
- Віцебская дзяржаўная акадэмія вэтэрынарнай мэдыцыны
Пры Віцебскай дзяржаўнай музычнай вучэльні імя І. Салерцінскага працуе філія Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, апроч таго працуе філія недзяржаўнага Інстытуту сучасных ведаў імя А. М. Шырокава.
Мэдыцына [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Ахова здароўя Віцебску
Ахову здароўя віцьбічаў ажыцьцяўляе сетка мэдычных установаў, у якіх працуе каля 2800 лекараў. Агульная магутнасьць стацыянараў складае 4960 ложкаў, магутнасьць амбуляторна-паліклінічных установаў складае каля 10 000 наведваньняў у зьмену.
Лекавальна-прафіляктычныя ўстановы ўлучаюць чатыры мескія тэрытарыяльна-мэдычныя аб’яднаньні. У іх ліку дарослыя і дзіцячыя паліклінікі, жаночыя кансультацыі і мескі стацыянар. Функцыянуюць таксама 16 асобных лекавальна-прафілактычных установаў, 5 абласных мэдычных дыспансэраў, 2 цэнтры санітарна-гігіенічнага і прафіляктычнага кірунку, Абласны дыягнастычны цэнтар, разгалінаваная сетка дзяржаўных і прыватных апатэк.
Пашыраецца сетка прыватных мэдычных установаў, у якіх працуюць высокакваліфікаваныя адмыслоўцы.
Культура [рэдагаваць]
Віцебск — буйны культурны цэнтар Беларусі. У ім праводзяцца штогадовыя фэстывалі «Славянскі базар у Віцебску», «Белая амфара», «Art-sessio», музычны конкурс імя І. Салерцінскага, музычны фэстываль «Менестрэль». У горадзе дзейнічаюць філярмонія, 24 бібліятэкі, 6 музэяў, 2 школы мастацтваў, 14 выстаўных заляў, палацаў ды дамоў культуры, 2 тэатры:
Маюцца кінатэатры, клюбы. Выдаюцца рэгіянальныя газэты ды часопісы.
Спорт [рэдагаваць]
У Віцебску разьмяшчаецца больш за 780 фізкультурна-спартовых збудаваньняў, у тым ліку: Цэнтральны спартовы комплекс, палац спорту для зімовых відаў спорту, 167 спартовых заляў, 41 плавальны басэйн (у тым ліку міні-басэйны), больш за 340 спартовых пляцовак, 12 лыжных базаў, 17 стралковых ціраў, 32 спартовыя палі для гульняў.
У наш час у месьце працуе 23 спартовыя ўстановы (ДЮСШ і СДЮШАР), дзе праходзяць агульнафізычную й спэцыялізаваную падрыхтоўку 9130 навучэнцаў па 50 відах спорту, зь якіх 37 зьяўляюцца Алімпійскімі.
Эканоміка [рэдагаваць]
Прадпрыемствы машынабудаваньня і мэталаапрацоўкі, лёгкай, хімічнай, харчовай, дрэваапрацоўчай прамысловасьці, па вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў і іншыя.
| Зьвесткі пра прамысловыя прадпрыемствы Віцебску |
|---|
|
Найбольшую ўдзельную вагу ў экспарце складаюць: кабэльна-правадніковая прадукцыя (ТАА «ВА „Энэргакамплект“», прадпрыемства зьяўляецца асноўным беларускім вытворцам саманясучых правадоў для паветраных лініяў электраперадачы і сілавых кабэляў вялікіх сечываў на напругу да 1000 В), валаконна-аптычны кабэль для розных умоваў пракладкі і эксплюатацыі (ІТАА «Зьвяз-Кабель»), скураны абутак (ААТ «Марка», СП «Белвест», ААТ «Чырвоны Кастрычнік», СТАА «Сан Марка»), тэлевізары, DVD прайгравальнікі, пыласмокі і мэдтэхніка (РУП «Віцязь»), вымяральныя прыборы і сродкі (РУП «ВЗЭП», ТАА «Эўрапрыбор»), кандэнсатары, рэзыстары, тэрмарэзыстары (РУНПП «ВЗРД „Маналіт“»), мэталарэзныя і дрэваапрацоўчыя станкі, станкі зь лікавым праграмным кіраваньнем (заводы «Вістан», «Візас»), драўнянавалакністы і стругавыя пліты й піламатэрыялы (ААТ «Віцебскдрэў»), будаўнічая цэгла і камень керамічны (АТ «Кераміка»), помпы, абсталяваньне і камплектаваньне для аўтатрактарнай тэхнікі і сельгасмашын (завод «Эвістор»), прадукцыя мяса-малочнай галіны (ААТ «Малако», ААТ «Віцебскі мясакамбінат», ІП «Глёбал Віцебск»), кандытарскія вырабы (УПП ВКК «Віцьба»), вэтэрынарныя прэпараты (ІПВУП «ВІК-здароўе жывёл», ТАА «Рубікон») дываны і дывановыя вырабы (ААТ «Віцебскія дываны»), швацкія вырабы (ААТ «Сьцяг індустрыялізацыі», ВА «Віцяблянка», ТАА «Бель Бімба плюс», ПВУП «Нартэкс», ААТ «КІЦ», ТАА «Грацыя»), трыкатажныя і панчошна-шкарпэткавыя вырабы (ААТ «КІМ»), рапсовое масла (ААТ «Віцебскі маслаэкстракцыйны завод»), вокны з ПВХ і натуральнага дрэва (СТАА «Вокныінвэст», ІПВУП «Канадзкія тэхналёгіі», ПВУП «Квант», ТАА "Вытворчая кампанія «Эгіда», ЗАТ «Рускі клюб», СТАА «Погляд») і іншая прадукцыя адмысловага і масавага попыту. |
Транспарт [рэдагаваць]
Віцебск — буйны транспартны вузел на паўночным усходзе Беларусі. За 5 км на ўсход праходзіць магістраль М8E95. У самім месьце знаходзіцца скрыжаваньне наступных аўтамабільных шляхоў: магістраль М3 (Менск — Віцебск), дарогі: Р20 (Віцебск — Полацак — пункт пропуску Бігосава (граніца Латвіі)), Р21 (Віцебск — Лёзна — Завольша), Р25 (Віцебск — Сянно — Талачын), Р87 (Віцебск — Ворша), Р112 (Віцебск — Сураж — Стайкі), Р115 (Віцебск — Гарадок). У наш час вядзецца будова заходняй дзялянкі аб’язной колцавай аўтамабільнай дарогі вакол Віцебску.
Віцебск зьяўляецца вузлом чыгунак на Смаленск, Санкт-Пецярбург, Гомель, Полацак. Чыгуначны вакзал абслугоўвае пасажыраў як далёкага, так і прымескага кірункаў. У 2010 годзе завяршылася рэканструкцыя будынка чыгуначнага вакзала і прылеглай тэрыторыі.
У Віцебску знаходзяцца аўтавакзал і прымеская аўтастанцыя. Аўтобусныя маршруты злучаюць места з Бэрлінам, Дзьвінскам, Масквой, Рыгай, Санкт-Пецярбургам, а таксама шматлікімі мясьцінамі Беларусі.
Мескі грамадзкі транспарт Віцебску:
- Аўтобусны (26 маршрутаў), аўтобусны парк № 1 (вул. Церашковай, 7)
- Тралейбусны (8 маршрутаў)
- Трамвайны (9 маршрутаў) — паступова скарачаецца
- Маршрутныя таксі.
За 10 км на ўсход ад места знаходзіцца аэрапорт Віцебск. У мінулым зь яго праводзіліся рэгулярныя авіярэйсы на Менск і Маскву.
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Віцебск — пэрспэктыўны цэнтар турызму міжнароднага значэньня[28]. У пач. XX ст. тут жылі і працавалі Марк Шагал, Казімер Малевіч. Цяпер у месьце працуе дом-музэй ды мастацкі музэй М. Шагала з сталай экспазыцыяй. Цікавасьць складае штогадовы міжнародны фэстываль «Славянскі базар у Віцебску».
- Гатэлі: «Ветразь», «Дзьвіна», «Лучоса», «Эрыдан», гасьцініца навучальнага цэнтру прафсаюзаў; гасьцінічны комплекс «Віцебск». У межах мескай забудовы Віцебска функцыянуюць 5 санаторыяў-прафілякторыяў, у тым ліку «Бадзёрасьць». Апроч таго, у Віцебску месціца першы ў Беларусі хостэл — «Джаз».
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
- Будынак былога Пазямельна-сялянскага банку (1917)
- Гістарычная забудова (XVIII — пач. ХХ стст.; фрагмэнты)
- Касьцёл Апекі Найсьвяцейшай Панны Марыі і кляштар трынітарыяў (XVIII ст., цяпер царква Покрыва Прасьв. Багародзіцы і эпархіяльная кіраваньне БЭМП)
- Касьцёл Сьвятой Барбары (1785, 1884—1885)
- Манастыр базылянаў (1743—1785)
- Могілкі: Старасямёнаўскія, габрэйскія
- Палац (XIX ст.)
- Палац губэрнатара (1772)
- Ратуша (1775)
- Саляныя склады (1774)
- Царква Ўваскрэшаньня Хрыстова (Рынкавая) (1772—1777, грэка-каталіцкая; 2000-я, праваслаўная).
- Царква Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы (1743—1785, грэка-каталіцкая; 2000-я, праваслаўная).
- Царква Дабравешчаньня Прасьвятой Багародзіцы (ХІІ ст.)
- Царква Маці Божай Казанскай былога Сьвята-Траецкага Маркава манастыра (1760)
- Выдатныя мясьціны Віцебску
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Замкі (Х, XIV стст.)
- Касьцёл Сьвятога Антонія і кляштар бэрнардынаў (1700)
- Касьцёл Найсьвяцейшай Тройцы (Фарны) (1749)
- Касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла і кляштар дамініканаў (1771)
- Касьцёл Сьвятога Язэпа і калегіюм езуітаў (1716—1751)
- Кляштар марыявітак (XVIII ст.)
- Комплекс кляштарны піяраў (XVIII ст.)
- Манастыр Сьвятой Тройцы (1576)
- Палац Агінскіх (XVII ст.)
- Сынагога
- Сынагога Вялікая
- Царква Сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла (1780, грэка-каталіцкая)
- Царква Сьвятога Прарока Ільлі (1746, грэка-каталіцкая)
- Царква Сьвятой Тройцы (XVII ст., грэка-каталіцкая)
- Царква Ўваскрэшаньня Хрыстова (Заручаўская) (XVI ст., грэка-каталіцкая)
- Царква Нараджэньня Божай Маці (1886)
- Царква Праабражэньня Гасподняга (XIX ст.)
- Царква Раства Хрыстова (1807—1810)
- Царква Сьвятога Георгія (1876)
- Царква Сьвятога Дзьмітрыя (XIX ст.)
- Царква Сьвятога Духа (XVII—XVIII стст.)
- Царква Сьвятога Апостала Іаана Багаслова (XIV ст.)
- Царква Сьвятога Іаана Прадцечы (XV—XVI стст.)
- Царква Сьвятога Іаана Хрысьціцеля (1903)
- Царква Сьвятога Мікалая (1791—1799)
- Царква Сьвятога Міхала Арханёла (1796)
- Царква Сьвятога Сімеона (XVIII ст.)
- Царква Сьвятых Барыса й Глеба (XVI ст.)
- Царква Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа (1806—1816)
Вядомыя асобы [рэдагаваць]
- Асноўны артыкул: Вядомыя асобы Віцебску
Ураджэнцы [рэдагаваць]
- Жарэс Алфёраў (нар. 1939) — расейскі фізык, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па фізыцы 2000 году
- Анатоль Багатыроў (1913—2003) — народны артыст Беларусі, кампазытар
- Анатоль Бонч-Асмалоўскі (1857—1930) — грамадзка-палітычны дзяяч, публіцыст, мэмуарыст
- Уладзіслаў Даркевіч (нар. 1934) — беларускі археоляг, гісторык
- Тацяна Дзягілева (нар. 1991) — беларуская фотамадэль
- Залман Капыскі (1916—1996) — беларускі гісторык
- Марыя Кежа (нар. 1973) — пераможца апошняга конкурсу прыгажосьці Міс СССР-1990, «Пані Беларусь-1989»
- Францішак Дыянізі Князьнін (1750—1807) — польскі паэт, адзін зь першых зьбіральнікаў беларускага фальклёру
- Вячаслаў Насевіч (нар. 1957) — беларускі гісторык, кіраўнік аддзелу Дзяржаўнай геральдычнай службы, дырэктар Беларускага навукова-дасьледніцкага цэнтру электроннай дакумэнтацыі
- Віталь Радзівонаў (нар. 1983) — беларускі футбаліст
- Марк Шагал (1887—1985) — францускі мастак-авангардыст
- Леанід Шчамялёў (нар. 1923) — народны мастак Беларусі
Месты-сябры [рэдагаваць]
Гелянджык, Расея
Зялёна Гура, Польшча
Нінбург, Нямеччына
Франкфурт-на-Одары, Нямеччына
Харбін, Кітай
Цзінань, Кітай
Глядзіце таксама [рэдагаваць]
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Государственный земельный кадастр Республики Беларусь(рас.) (па стане на 1 студзеня 2010 г.)
- ^ а б Колькасьць насельніцтва паводле стану на 1 жніўня 2012.(рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Жучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. С. 53.
- ^ Сапунов А. Историко-статистический очерк города Витебска / Комис. по работе в архивах Витебской епархии; Подг. интернет-публ. свящ. Владимира Горидовца. — Изд. отд. Витебской епархии. — Витебск, 2006.
- ^ ПСРЛ. Т. 1. — М., 1962. С. 413.
- ^ Хроніка Вартбэрга
- ^ Шишанов В. 974, 947 или 914? // «Витебский проспект» № 45, 10 ноября 2005. С. 3.
- ^ а б Калядзінскі Л., Ткачоў М. Віцебск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 448.
- ^ а б Калядзінскі Л., Ткачоў М. Віцебск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 449.
- ^ Насевіч В. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 34—39.
- ^ Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002. С. 126.
- ^ а б в г д Калядзінскі Л., Ткачоў М. Віцебск // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 450.
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Віцебска: у 2-х кн. Кн. 1-я. — Мн.: БелЭн, 2002. С. 74.
- ^ Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002. С. 132.
- ^ а б в г Віцебск // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.
- ^ Tarasiuk D. Między nadzieją a niepokojem: Działalność społeczno-kulturalna i polityczna Polaków na wschodniej Białorusi w latach 1905–1918. — Lublin: Wydawnictwo Uniwersytetu Marii Curie-Skłodowskiej, 2007. S. 114—115.
- ^ Witebsk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 633.
- ^ а б в г д е ё Witebsk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 634.
- ^ Калядзінскі Л., Ткачоў М., Космач В., Сяргеева В. Віцебск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 313.
- ^ Witebsk // Napoleon Rouba. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909; — Gdańsk, 1995.
- ^ Калядзінскі Л., Ткачоў М., Космач В., Сяргеева В. Віцебск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 314.
- ^ а б Калядзінскі Л., Ткачоў М., Космач В., Сяргеева В. Віцебск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 315.
- ^ а б в Витебск // Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Viciebsk // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998. P. 217.
- ^ Калядзінскі Л., Ткачоў М., Космач В., Сяргеева В. Віцебск // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 309.
- ^ Витебск // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ У 14 гарадах Беларусі колькасць насельніцтва перавышае 100 тыс. чалавек // «Наша Ніва», 26 сакавіка 2009 г.
- ^ Витебск // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007.
Літаратура [рэдагаваць]
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — 684 с.: іл. ISBN 985-11-0314-4.
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Віцебска: у 2-х кн. Кн. 1-я. — Мн.: БелЭн, 2002.— 680 с.: іл.
- Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998.— 287 с. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Viciebsk // Zaprudnik J. Historical dictionary of Belarus. — Lamham. — London: Scarecrow Press, 1998.— 338 p. ISBN 0-8108-3449-9.
- Witebsk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 631—635.
- Любезный мне город Витебск…. Мемуары и документы. Конец XVIII — начало XIX в. / Вступ. ст., науч., коммент., сост., публ. В. А. Шишанова. — Мн.: Асобны Дах, 2005. — 40 с. [1]
- Ткачев М. А. Замки Беларуси / М. А. Ткачев. — Мн.: Беларусь, 2002.— 200 с.: ил. ISBN 985-07-0418-7.
- Шишанов В. А. Витебский Музей современного искусства: история создания и коллекции. 1918—1941. — Минск: Медисонт, 2007. — 144 с. [2]
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
Віцебск — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- м. Віцебск на Radzima.org
- Віцебск на Прыдзвінскі край: Гісторыя і сучаснасць
- Віцебская энцыкляпэдыя(рас.)
- Віцебская LJ-суполка
- Народныя навіны Віцебска
- Віцебскі форум
- Афіцыйны сайт Віцебску(рас.)
- Афіцыйны сайт УУС віцебскага аблвыканкаму
- Гістарычны сайт гораду Віцебск
- Фатаграфіі на «Глёбусе Беларусі»(рас.)
- Сайт о Витебске
- Шишанов В. А. Витебский музей современного искусства: история создания и коллекции (1918—1941)[3]
- Пра Віцебск у «Электроннай яўрэйскай энцыклапедыі»
- Афіцыйны сайт Віцебскага абласнога краязнаўчага музея
- План Віцебска 1904 г.pdf
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||