Віцебскае ваяводзтва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка
Віцебскае ваяводзтва
Viciebsk-Pahonia. Віцебск-Пагоня (1720).jpg
Герб
Агульныя зьвесткі
Краіна Вялікае Княства Літоўскае
Адміністрацыйны цэнтар Віцебск
Ваяводы Ваяводы віцебскія
Кашталяны Кашталяны віцебскія
Насельніцтва гл. Дэмаграфія
Плошча 24,6 тыс. км²
Час існаваньня 15081772
Месцазнаходжаньне Віцебскага ваяводзтва
Віцебскае ваяводзтва на мапе

Ві́цебскае ваяво́дзтва[а 1] — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка на паўночным усходзе Вялікага Княства Літоўскага. Плошча каля 24,.6 тыс. км². Сталіца — места Віцебск.

Найбуйнейшыя месты: Ворша, Шклоў, Вяліж і Невель

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб ваяводзтва, 1500

Герб ваяводзтва меў наступны выгляд: «рыцар ў срэбных латах са срэбным шчытом з выяваю залатога шасьціканцовага крыжа, які заносіць на галавой срэбны меч з залатым этэсам і скача на срэбным кані з залатымі ўзбраеньнем, збруяй і вачамі, сядло таксама залатое»[1]. Паводле іншага апісаньня: «Пагоня або муж на белым кані, узбраеньне жоўтае, у чырвоным полі; пагоня зьвернутая ў правы бок, коньнік трымае ў правай руцэ паднесены меч, у левай — шчыт з падвойным крыжом»[2].

Ваяводзкая харугва была зялёнага колеру[3] з выяваю гербу Пагоня ў белым полі[4][5].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1503 намесьнікі Віцебскай зямлі пачалі карыстацца тытулам ваяводы[6]. У 1508 Віцебскае намесьніцтва (колішняе Віцебскае княства) атрымала статус ваяводзтва[7].

Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (15651566) ваяводзтва ўтварылася наноў, складалася зь Віцебскага і Аршанскага паветаў. У 1582 у ягоны склад вярнулася Вяліская воласьць. У 1662 зь Менскага ваяводзтва ў склад Аршанскага павету перавялі Барысаўскае староства.

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) большая частка ваяводзтва апынулася ў Расейскай імпэрыі, у складзе Вялікага Княства Літоўскага засталася толькі рэшта Аршанскага павету (трапіла пад расейскую ўладу з другім падзелам). У 1794 пасаду ваяводы віцебскага скасавалі.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сярэдзіне XVII ст. Віцебскае ваяводзтва налічвала 77 635 дымоў. Паводле сучасных падлікаў, да Трынаццацігадовай вайны (16541667) колькасьць насельніцтва складала каля 543 тыс. чал., па вайне яно скарацілася да 172 тыс. чал.[8]

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Полацкае, Віцебскае і Амсьціслаўскае ваяводзтвы (Парыж, 1665)

На поўначы межавала з Пскоўскай зямлёю (пазьней з Маскоўскай дзяржавай, Расейскай імпэрыяй), на ўсходзе — са Смаленскім і Амсьціслаўскім ваяводзтвамі, на поўдні — зь Менскім паветам Менскага ваяводзтва, на захадзе — зь Менскім і Полацкім ваяводзтвамі.

Тэрыторыю ваяводзтва надвая падзяляла рака Дзьвіна, на паўднёвым усходзе працякаў Дняпро[9].

Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Менскае, Амсьціслаўскае, Полацкае і Віцебскае ваяводзтвы (Вэнэцыя, 1781)

Ваяводзтва падзялялася на два паветы: Віцебскі і Аршанскі.

Назва Цэнтар Плошча Староствы
Віцебскі павет Віцебск  ? Віцебскае (гродавае)
Азярышчанскае
Вяліскае
Сураскае
Ўсьвяцкае
Аршанскі павет Ворша  ? Аршанскае (гродавае)
Барысаўскае
Вяляціцкае
Любашанскае

Ваяводзкі соймік праводзіўся ў Віцебску. Павятовыя соймікі праходзілі ў Віцебску і Воршы, тамака ж месьціліся земскія, падкаморскія і гродзкія суды, склікалася паспалітае рушаньне.

Мясцовая шляхта абірала чатырох паслоў на Вальны сойм Рэчы Паспалітай, а таксама чатырох дэпутатаў на Галоўны Трыбунал.

Ураднікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: ваяводы віцебскія і кашталяны віцебскія

У Сэнаце Рэчы Паспалітай Віцебскае ваяводзтва мела двух прадстаўнікоў — ваяводу і кашталяна. Згодна з прывілеем вялікага князя Аляксандра, пацьвержаным Жыгімонтам Старым, ваявода віцебскі прызначаўся толькі са згоды мясцовай шляхты.

Згодна зь Люблінскай уніяй (1569) ваявода віцебскі паводле значнасьці займаў 25 месца: па плоцкім і перад мазавецкім; кашталян — 20 месца: па плоцкім і перад чэрскім[9].

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ст.-бел. Воеводство Витебское; лац. Palatinatus Vitebsciensis, польск. Województwo witebskie

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гербы белорусских воеводств в Великом княжестве Литовском. HERALDICUMПраверана 13 кастрычніка 2010 г.
  2. ^ Województwo witebskie // Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў(пол.). Tom VIII: Perepiatycha — Pożajście. — Warszawa, 1887. S. 639.
  3. ^ Вячаслаў Насевіч. Гэты сцяг пачынаўся так... // «Чырвоная Змена» № 42 (13900), 20 красавіка 1995.
  4. ^ Вячаслаў Насевіч. Віцебскае ваяводства // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 318.
  5. ^ Цітоў А. К. Сфрагістыка і геральдыка Беларусі. — Мн.: РІВШ БДУ, 1999.
  6. ^ Вячаслаў Насевіч. Віцебскае ваяводства // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 451.
  7. ^ Вячаслаў Насевіч. Тэрыторыя, адміністрацыйны падзел // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 36.
  8. ^ Насельніцтва Беларусі ў сярэдзіне ХVІІ ст. па паветах // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Мн.: Навука і тэхніка, 1995.
  9. ^ а б Województwo witebskie // Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краёў(пол.). Tom V: Kutowa Wola — Malczyce. — Warszawa, 1884. S. 341.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]