Вішнеў (Менская вобласьць)
| Вішнеў | |
Касьцёл Найсьв. Панны Марыі |
|
| Вобласьць: | Менская |
| Раён: | Валожынскі |
| Сельсавет: | Вішнеўскі |
| Тэлефонны код: | +375 1772 |
| Паштовы індэкс: | 222343 |
| Аўтамабільны код: | 5 |
| Геаграфічныя каардынаты: | 54°8′ пн. ш. 26°14′ у. д. / 54.133° пн. ш. 26.233° у. д.Каардынаты: 54°8′ пн. ш. 26°14′ у. д. / 54.133° пн. ш. 26.233° у. д. |
|
Вішнеў на мапе Беларусі
Вішнеў
|
|
Ві́шнеў, Ві́шнева — вёска ў Беларусі, на рацэ Гальшанка. Цэнтар сельсавету Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Насельніцтва 470 чал. (1992). Знаходзіцца за 22 км ад Валожына, за 6 км ад чыгуначнай станцыі Багданаў, на аўтамабільнай дарозе Валожын — Ашмяны.
Вішнеў — даўняе мястэчка гістарычнай Ашмяншчыны (частка Віленшчыны).
Зьмест |
[рэдагаваць] Гісторыя
Упершыню Вішнеў згадваецца ў XIV ст., калі ён ўваходзіў у Крэўскае княства. Цягам XV ст. мясьціна знаходзілася ў валоданьні Слушкаў, Осьцікаў, Сангушкаў і Пацаў. У 1424 кашталян віленскі П. Гедгаўд збудаваў тут касьцёл Наведаньня Марыі.
Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) мястэчка ўвайшло ў склад Ашмянскага павету. У 1600 Вішнева і ваколіцы набыў ў Пацаў А. Храптовіч. У 1641 на месцы драўлянага касьцёла збудавалі мураваны.
Цягам 1780—1870 у Вішневе працаваў мэталюргічны завод. Тут упершыню на Беларусі збудавалі доменную печ. Апроч таго, існавалі плавільня, кузьня, склад; штотыднёва выраблялася 600 пудоў жалеза; дзейнічалі плюшчыльная (пракатная) машына, ліцейня для плаўкі чыгуну, вадзяныя машыны, вадзяныя молаты, чыгунныя кавадлы і інш. Вырабляліся сашнікі, паласавое жалеза, адліўкі для сельскагаспадарчага інвэнтару, плітаў. Працавалі таксама заводы шкляных вырабаў, цагельна-ганчарны і сьпіртовы, сукнавальня, вадзяны млын. Кожны тыдзень праводзіліся таргі, рэгулярна — 2 вялікія кірмашы. 3 1775 у мястэчку працавала павятовая сьвецкая школа (станам на 1782 было 86 вучняў, на 1804—1805 — 48).
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Вішнеў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у часе паўстаньня Т. Касьцюшкі (1794) празь мястэчка з Ашмянаў на Валожын праходзіў аддзел паўстанцаў пад камандаю М. К. Агінскага. На мэталюргічным заводзе выраблялі зброю для паўстанцаў. У Вайну 1812 году празь Вішнеў адступаў на ўсход з расейскай арміяй М. Б. Барклай дэ Толі, пад мястэчкам адбыўся бой.
За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) у Вішневе распаўсюджвалася газэта «Мужыцкая праўда». Мясцовыя жыхары актыўна падтрымлівалі паўстаньне. У 1864 расейскія ўлады збудавалі ў мястэчку царкву-мураўёўку, адкрылі царкоўна-прыходзкая школу і народную вучэльню (на 1885 — 92 навучэнцы). Апроч таго, існавала габрэйская вучэльня (ешыбот). У канцы XIX — пач. XX стст. у Вішневе збудавалі запалкавую фабрыку, майстэрню вырабу безалкагольных напояў, алейню, воўначасальню, хлебапякарні, кузьні, сталярні, шавецкія і кравецкія майстэрні, сьлясарню, бляхарню і інш.
У Першую сусьветную вайну цягам 1915—1918 празь Вішнеў праходзіла лінія нямецкай абароны. Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваенннай Польскай Рэспублікі, дзе зрабілася цэнтрам гміны Валожынскага павету Наваградзкага ваяводзтва. У 1920-я тут дзейнічал касьцёл, царква, сынагога, польская 7-гадовая і габрэйская школы, пошта, аптэка, лякарня, ветлячэбніца, 2 аптэчныя склады, лазьня. У ноч з 18 на 19 ліпеня 1924 году на мястэчка зьдзейсьніла грабёжніцкі напад бальшавіцкая дывэрсійная група[1].
У 1939 Вішнеў увайшоў у БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 зрабіўся цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. У Другую сусьветную вайну з чэрвеня 1941 да 6 ліпеня 1944 Вішнеў знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй. 30 жніўня 1942 нацысты забілі каля 1100 габрэяў (пра гэтую трагедыю нагадвае мэмарыяльны камень). Станам на 1940 у вёсцы было 300 двароў, на 1970 — 152, на 1992 — 200.
- Мястэчка на старых фатаздымках
[рэдагаваць] Насельніцтва
- XIX стагодзьдзе: 1859 — 900 чал.; 1866 — 712 чал., зь іх 143 каталікі, 69 праваслаўных, 500 юдэяў[2]
- XX стагодзьдзе: 1907 — 2650 чал., зь іх 1863 габрэяў; 1940 — 2,5 тыс. чал.; 1970 — 530 чал.[3]; 1992 — 470 чал.[4]
[рэдагаваць] Інфраструктура
У Вішневе працуюць сярэдняя школа, лякарня, бібліятэка, дашкольная ўстанова.
[рэдагаваць] Турыстычная інфармацыя
Дзейнічае Вішнеўскі гістарычна-краязнаўчы музэй.
[рэдагаваць] Выдатныя мясьціны
- Гаспадарчы двор Храптовічаў (пач. ХХ ст.)
- Касьцёл Найсьв. Панны Марыі (1637—1641)
- Могілкі: габрэйскія; старыя хрысьціянскія
- Царква Сьв. Космы і Даміяна (1865)
[рэдагаваць] Страчаная спадчына
- Сынагога
[рэдагаваць] Вядомыя асобы
[рэдагаваць] Ураджэнцы
- Нахум Гольдман (1895—1982) — грамадзкі дзяяч, адзін зь лідэраў сіянісцкага руху, заснавальнік і старшыня Сусьветнага жыдоўскага кангрэсу
- Уладзіслава Луцэвіч (1891—1960) — беларуская літаратуразнаўца, жонка Янкі Купалы
- Шымон Пэрэс (нар. 1923) — сусьветна вядомы ізраільскі палітык, двухразовы прэзыдэнт Ізраілю і ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 1994 году; зьехаў зь Вішнева са сваёй сям’ёй у 1934 годзе
[рэдагаваць] Жыхары
- Сымон Будны (каля 1530—1593) — пратэстанцкі царкоўны дзяяч і навукове-філёзаф; жыў і памёр у Вішневе
- Канстанцыя Буйло (1893—1986) — беларуская паэтка; жыла ў пач. XX ст. і пахаваная ў мястэчку
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Robert Litwiński, Kontrola granicy wschodniej przez Policję Państwową w okresie międzywojennym, referat na posiedzenie Komisji Historycznej OL PAN(пол.)
- ^ Wiszniew // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 623.
- ^ Марат Батвіннік. Вішнева // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 343.
- ^ Марат Батвіннік. Вішнева // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. С. 342.
[рэдагаваць] Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 2: Беліцк — Гімн / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — 537 с., [8] к.: іл. ISBN 5-85700-142-0.
- Wiszniew // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XIII: Warmbrun — Worowo. — Warszawa, 1893. S. 623.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Вішнеў (Менская вобласьць) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Здымкі на Radzima.org
- Падзеі ў Вішневе падчас Другой сусветнай вайны(анг.)
- Фотаздымкі габрэйскай абшчыны(анг.)
| Вішнеўскі сельсавет | |
|---|---|
| Цэнтар савету |
Вішнеў
|
| Вёскі | |
| Валожынскі раён | ||
|---|---|---|
| Горад / Места | ||
| Мястэчка | ||
| Адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі базавага ўзроўню | ||
| Былыя адміністрацыйна-тэрытарыяльныя адзінкі | ||
| Месты і мястэчкі гістарычнай Ашмяншчыны | |
|---|---|
|
Ашмяны ¹ (XVI ст.) ² · Баруны (1705) · Беніца · Будслаў · Вішнеў · Вішнеў (Завялейскі) · Валожын · Войстам · Вялейка (Куранец Стары) · Гадуцішкі · Гальшаны · Геранёны (25.05.1792) · Германішкі · Глыбокае · Граўжышкі · Груздава · Гудагай · Данюшава · Даўгінаў · Дуды · Дунілавічы · Жодзішкі (1774) · Жупраны · Забрэзьзе · Кабыльнік · Іўе · Камаі · Канвелішкі · Крывічы · Крэва (7.04.1559) · Куранец · Лаздуны · Лебедзева · Ліпнішкі (6.06.1633) · Лоск · Лучай · Лынтупы · Мосар · Мядзел (6.10.1762) · Параф’янава · Паставы · Пяршаі · Славенск · Смаргонь · Трабы · Солы · Суботнікі · Сурвілішкі · Сьвір · Сьвянцяны (1486) · Юрацішкі
|
|
| — ¹ Вылучаным пазначаюцца месты; — ² У дужках прыводзіцца час атрыманьня Магдэбурскага права | |