Галендры

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Гале́ндры (па-польску: Holendry) — саманазва нашчадкаў галяндцаў, якія ў часе Рэчы Паспалітай пасяліліся на ўзьбярэжжы Заходняга Бугу, пазьней расьсяліўшыся па тэрыторыі Валынскай і Гарадзенскай губэрняў. Яны мелі лютэранскае вызнаньне.

У часе сталыпінскае рэформы галендры перасяліліся ў Сыбір, дзе заснавалі вёскі Навіны, Замастэчча, Дагнік і Тулусін. Апошняе паселішча ўжо не існуе, астатнія вядомыя пад назвамі Піхтынск, Сярэдне-Піхтынск і Дагнік[1]. Жыхары гэтых вёсак размаўляюць на беларуска-ўкраінскім піджыне[1].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьяўленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3 чэрвеня 1617 року магнат Рафал Ляшчынскі даў чатырнаццаці сялянскім сем’ям з Усходняе Прусіі прывілей сяліцца на ягонай зямлі ля ракі Заходні Буг. Іхняе паходжаньне цалкам ня высьветленае; паводле аднае з вэрсіяў, гэта былі нашчадкі галяндцаў, якія эмігравалі ў Прусію з-за рэлігійнага перасьледу; паводле іншых вэрсіяў, гэта былі немцы з Прусіі або зь нізінаў Райну. Вядома толькі, што яны мелі нямецкія прозьвішчы і былі раньнімі лютэранамі.

Перасяленцы заснавалі дзьве калёніі за 30 км на поўдзень ад Берасьця: Нойбраў і Нойдарф. Неўзабаве паселішча аб’ядналася й атрымала назву Нэйбраў-Нэйдарф. У Рэчы Паспалітай перасяленцы асыміляваліся і сталі карыстацца ў побыце зьмяшанай беларуска-ўкраінскай гаворкай, аднак не зьмянілі веравызнаньня. Набажэнствы, якія напачатку ладзіліся па-нямецку, ужо з 1720 року былі пераведзеныя на польскую. Да канца XVIII стагодзьдзя нямецкая мова канчаткова выйшла з разраду агульнаўжывальных у гэтай грамадзе.

Зь цягам часу колькасьць галендраў памножылася, яны расьсяліліся ў новыя пасяленьні на тэрыторыі дыямэтрам 150 км, аднак працягвалі трымацца веры і шлюбам толькі ўнутры сваіх. У сярэдзіне XIX стагодзьдзя ўздоўж Бугу і на Валыні вядомыя наступныя калёніі: Нэйбраў-Нэйдарф, Замастэчча, Навіны, Забускія Галендры, Сьвяржэўскія Галендры, Юзэфін, Аляшковічы, Аляксандраўка.

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У часе Сталыпінскай рэформы бужанскія галендры, якія ўжо пакутавалі ад недастачы зямлі, выправіліся ў Сыбір. У асноўным гэта былі насельнікі Гушчанскае воласьці Ўладзімер-Валынскага павету Валынскай губэрні і Дамачаўскай воласьці Берасьцейскага павету Гарадзенскай губэрні[2]. Першая партыя ў 200 чалавек пасялілася на Піхтынскім участку Балаганскага павету Іркуцкай губэрні і заснавала вёскі Навіны, Замастэчча і Дагнік. Большая іх частка мелі прозьвішчы Кунц і Людвіг, сустракаліся таксама прозьвішчы Гільдэбрант, Зэлент, Гімбарг, Пастрык, Бэндык, Бытаў, Розін. Вера захавалася лютэранская, а мову сваю яны называлі «хахлацкай» (што мае паралелі з падляскай сваёй мовай, адна з саманазваў якой — хахлацка, хахлацька), адрозьніваючы яе ад украінскай і польскай. У набажэнствах і пры навучаньні выкарыстоўвалася таксама польская мова.

Другая Рэч Паспалітая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За польскім часам адбылася частковая палянізацыя галендраў, паколькі ўсё справаводзтва і навучаньне ў школах вялося па-польску. Паселішча Нэйбраў-Нэйдарф было перайменаванае на Масьціцы ў гонар прэзыдэнта Масьціцкага.

Пасьля падзелу Польшчы між Трэцім райхам і Савецкім Саюзам большасьць галендраў запісалася немцамі і зьехала ў Нямеччыну. Агулам з тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны перасяліліся 2280 бужанскіх галендраў.

Рэшту галендраў, якія трапілі пад юрысдыкцыю СССР, пасьля пачатку Вялікай Айчыннай вайны дэпартавалі ў Сыбір.

Савецкі Саюз[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сыбірскія галендры захавалі «хахлацкую» мову, паступова забыўшыся на польскую. Паколькі па прыезьдзе ў Сыбір іх запісалі немцамі, на пачатку 1940-х, пасьля выбуху вайны зь немцамі, усё працаздольнае насельніцтва галендраў было накіраванае ў працоўныя лягеры. У сярэдзіне 50-х, калі вяскоўцам дазволілі мець пашпарты, большасьць піхтынцаў запісаліся ўкраінцамі ці расейцамі.

Трэці райх[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галендрам, якія пакінулі тэрыторыю Гарадзеншчыны і Валыні ў 1940 року, вызначылі месца жыхарства пад Познаньню ў былых хатах палякаў, а неўзабаве ўсіх мужчынаў мабілізавалі. Тут яны пачалі вывучаць нямецкую мову і мяняць імёны на нямецкія, спрабуючы прыставацца да пануючай ідэалёгіі.

У 1944, з надыходам Савецкай арміі, галендры зьехалі разам зь нямецкім насельніцтвам і аселі часткова пад Бэрлінам, часткова далей на захад.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Алена Дуберштэйн (16 чэрвеня 2006) Поселение редкой народности(рас.) Байкальский край — информационно-краеведческий портал. Праверана 3 студзеня 2014 г.
  2. ^ Н.Г. Галеткина. «Пихтинские голендры»: поиски исторической родины // Мигранты и принимающее общество в Байкальской Азии: сборник научных статей / Юрий Базарович Рандалов. — IMBT, 2011. — ISBN 9785792503144

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]