Гальшанскі замак

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Каардынаты: 54°15′4.55″ пн. ш. 26°1′13.05″ у. д. / 54.2512639° пн. ш. 26.0202917° у. д. / 54.2512639; 26.0202917

Першапачатковы від Гальшанскага замка

Гальша́нскі за́мак — палацава-замкавы комплекс, рэзыдэнцыя магнацкага роду Сапегаў у 1617 стагодзьдзях. Разьмешчаны ў даліне ракі Лусты (Жыганкі) ля мястэчка Гальшаны.

Узьнікненьне замка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гальшанскі замак Сапегаў на карціне Напалеона Орды

Драўляны замак князёў Гальшанскіх вядомы ў летапісах з XIII стагодзьдзя. Ён узьнік на высокай Чырвонай гары па-над ракой Карабель, на паўночным усходзе ад мястэчка Гальшаны. Князі Гальшанскія валодалі гэтым замкам да 1525 году. Пасьля шлюбу князёўны Алены Гальшанскай з Паўлам Іванавічам Сапегам ён перайшоў ва ўладараньне Сапегаў.

Праз 70 гадоў ашмянскі староста Павал Стафан Сапега перанёс сваю рэзыдэнцыю са старога замчышча на бераг ракі Лусты (Жыганкі), дзе і пачаў будаваць мураваны палацава-замкавы комплекс. Ён стаў прыкладам значных зьменаў у архітэктуры, якія адбыліся на працягу стагодзьдзя.

Архітэктура замка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавы выгляд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сваёй плянава-кампазыцыйнай схемай Гальшанскі замак нагадвае галяндзкія замкі Бэсэнштайн і Кляйдаэль каля Антвэрпэну. Гэта тлумачыцца тым, што Беларусь, знаходзячыся ў складзе Рэчы Паспалітай, адчувала ўплыў галяндзка-флямандзкай архітэктуры, што было вынікам ажыўленых сувязей з краінамі Заходняй Эўропы.

Гальшанскі замак уяўляе сабой прастакутны замкнёны будынак з жылымі корпусамі і вежамі па кутох. Магутныя абарончыя сьцены, характэрныя для замкавага будаўніцтва 16 стагодзьдзя, саступілі месца фасаду жылога будынка, дзе няма надбрамнай вежы, а вонкавыя шасцікантовыя вежы былі меншых памераў. Сьцены замка былі пабудаваныя са знакамітай на ўсю Эўропу цэглы-«пальчаткі», якая выраблялася рукамі беларускіх майстраў.

Але гальшанскія сьцены не былі разьлічаны на доўгую асаду. У 17 стагодзьдзі яны служылі абаронай ня столькі ад варожага войска, колькі ад сваіх суседзяў-магнатаў, якія нярэдка вялі сапраўдныя войны міжсобку. Галоўную абарончую ролю выконвалі магутныя земляныя валы і вадзяныя равы, якія абкружалі замак. Уязная брама разьмяшчалася па цэнтры аднаго з доўгіх фасадаў. Насупраць замкавай брамы, на процілеглым баку падворка, знаходзілася невялікая каплічка, убудаваная ў жылы корпус.

Вежа замка

Акрамя гэтага, гаспадары трымалі гарнізон — дзясяткі слуг і сотню вартаўнікоў. А ў вялізарных склепах, якія на два-тры паверхі сыходзілі пад зямлю, зьберагаліся загатаваныя правіянт і зброя. Там жа жыла княжацкая чэлядзь, знаходзілася казарма, скарбніца, падземная канюшня.

Унутраны выгляд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакладны сказаць, як выглядаў замак унутры немагчыма. Але вядома, што справа ад уваходу ў замак знаходзілася вялікая квадратная заля з чатырма калёнамі, на якія абапіраліся крыжовыя схілы. Сьцены залі былі пакрытыя багатым жывапісам: на іх віселі партрэты прадстаўнікоў роду Сапегаў, маляўнічыя палотны, зброя. Вокны мелі вітражы з тоўстага каляровага шкла. Пакоі былі ўпрыгожаныя дарагімі дыванамі, раскошнай мэбляй, разнастайнай ляпнінай.

Разбурэньне замка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На жаль, лёс аднаго з найпрыгажэйшых замкаў Беларусі быў нядоўгім. Пасьля ўдзелу Сапегаў у паўстаньні за адраджэньне Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага 1863 году, расейскі ўрад забраў усю іхнюю маёмасьць у дзяржаўны фонд. Сапегі былі вымушаныя эміграваць у Францыю, а Гальшаны перадалі расейскаму памешчыку Гарбанёву, які ў 1880 годзе стаў узрываць вежы і гандляваць замкавай цэглай.

У часы панаваньня савецкай улады замак працягвалі разбураць. Спачатку ва ўсходнім крыле разьмяшчалася пчалярская вучэльня. Але адначасова разьбіраліся сьцены ў іншай частцы замка. Па загадзе дырэктара вучэльні кожны вучань павінен быў здабыць 80 цаглінаў для будоўлі Дома культуры ў Гальшанах. За выкананую справу давалі дадатковы водпуск дадому.

Шмат гадоў на тэрыторыі замка знаходзіўся кароўнік. Працягваўся разбор сьценаў «на патрэбы» тутэйшай гаспадаркі.

Цяперашні стан замка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У дадзены час руіны замка знаходзяцца пад аховай Міністэрства культуры Беларусі. Але тэрыторыя замка пакрытая пустазельлем і сьмецьцем. Сьцены прасядаюць, цэгла крышыцца. Замак патрабуе неадкладнай кансэрвацыі і рэстаўрацыі.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Гальшанскі замаксховішча мультымэдыйных матэрыялаў

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000064