Гарадзенскі гурток беларускай моладзі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гарадзе́нскі гурто́к белару́скай мо́ладзі — грамадзкая арганізацыя, якая дзейнічала ў Горадні ў 1909—1914 гадах. Меў на мэце пашыраць веды пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мову, разьвіваць нацыянальную сьвядомасьць моладзі.

Кіраўнікі: ксёндз Францішак Грынкевіч, да студзеня 1912 — К. Колышка, з восені 1913 — Адольф Зянюк. У гурток уваходзілі пераважна вучні мясцовых школаў, гімназіяў. Працаваў нелегальна. Меў сувязі з газэтай «Наша ніва», беларускай выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», беларускай кнігарняй у Вільні, Беларускім навукова-літаратурным гуртком студэнтаў Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту і інш. Чальцы гуртка займаліся літаратурнай творчасьцю (Зоська Верас, Я. Лявіцкі, К. Колышка), зьбіралі бібліятэку беларускіх выданьняў, наладжвалі вечарыны, ставілі спэктаклі.

Гурткоўцы ладзілі вечарынкі, на якіх заслухоўваліся рэфэраты, чыталіся вершы Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча, абмяркоўваліся новыя творы беларускіх пісьменьнікаў, а таксама напісаныя чальцамі гуртка. Выступаў арганізаваны гурткоўцамі струнны аркестар і хор, выконваліся народныя песьні, на словы беларускіх паэтаў, а таксама са зборніка А. Грыневіча «Беларускія песьні з нотамі».

19 лютага 1910 году арганізаваная першая беларуская вечарынка ў Горадні. У праграме яе: рэфэрат «Беларусы і іх нацыянальнае адраджэньне», музыка, сьпевы, дэклямацыя і ўпершыню паказаны ў горадзе спэктакль на беларускай мове «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага. Наступныя вечарынкі адбыліся ў 1911—1913 гадах. У лютым 1911 году ў праграме рэфэрат: «Водгук душы беларускага народу ў яго песьнях казках і легендах», выступленьне хору і спэктакль «Модны шляхцюк» К. Каганца. У кастрычніку 1911 году ў праграме сцэнка «Пастушка». У красавіку 1912 году спэктакль «Страхі». У лютым 1913 году дэклямацыя, спэктаклі «Міхалка» Далецкіх і «Гаданьне цыганкі».

Гурток імкнуўся ахапіць работай і сялянаў навакольных вёсак. Наладжваў там свае вечарынкі, на якія зьбіраліся жыхары бліжэйшых вёсак (Бяляне, Стрэльчыкі і інш.). У 1912 была арганізавана калядная ёлка для сельскіх дзяцей, аб чым паведаміла «Наша ніва» (1913, 18 студзеня).

Чальцы гуртка друкаваліся ў газэце «Наша ніва» (Л. Сівіцкая, К. Колышка), часопісе «Педагогическое дело» (Я. Лявіцкі пад псэўд. Юрка Снапко). У 1913 г. гурткоўцамі выдадзены лацінкай на беларускай мове літаратурны альманах «Kołas biełaruskaj niwy» («Колас беларускай нівы»). Ён быў надрукаваны на шапірографе накладам 50 экз. На тытульным лісьце пад загалоўкам малюнак — тры каласы жыта. Складаўся альманах з ананімных ці падпісаных псэўданімамі вершаў і апавяданьняў Л. Сівіцкай — Зоські Верас (пад. псэўд. Шара Пташка, яна ж аўтар уступнага артыкула), Я. Лявіцкага, М. Бобрык, А. Зенюка, Ф. Лабенца. Розныя па мастацкім узроўні творы аб’яднала імкненьне іх аўтараў да сацыяльнай зьмястоўнасьці і гуманістычнага патасу аповеду. Пісалі аб цяжкай долі беларускага народу, заклікалі да актыўнай культурна-асьветнай працы сярод беларусаў. У альманаху былі зьмешчаныя таксама вершы М. Канапніцкай, рэпартаж з Гарадзеншчыны, заклік зьбіраць зьвесткі аб мясцовых назвах, перадрукаваны з газэты «Нашай нівы».

Дзейнасьць гуртка высока ацаніла газэта «Наша ніва». Яго чальцы ў далейшым прымалі ўдзел у працы пецярбурскіх гурткоў студэнтаў-беларусаў (А. Бычкоўскі, А. Зянюк, Я. Лявіцкі і інш.), у грамадзкім і культурным руху Заходняй Беларусі (Л. Сівіцкая, А. Бычкоўскі, А. Зянюк і інш.), а З. Абрамовіч (па сцэне Антон Забель) стаў вядучым акторам Першай беларускай трупы І. Буйніцкага.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ян з-пад Ласосны. Горадзенскі Беларускі гурток 1913 г.: (Успаміны) // Крывіч. — 1924. — № 1 (7).
  • Л. С.-Ш. Успаміны аб «Горадзенскім гуртку беларускай моладзі» // Студэнская думка. 1925. № 3(4) — 4(5).
  • Верас 3. Гародзенскі гурток: 3 успамінаў // Маладосць. — 1972. — № 10.
  • Верас 3. Гродзенскі гурток беларускай моладзі // Беларускі каляндар, 1981. — Беласток, 1981.
  • Пяткевіч А. 3 кагорты пачынальнікаў // Краю мой — Нёман: Гродзеншчына літаратурная. — Мн., 1986.
  • Гродно. Энцикл. справ. Мн., 1989.
  • Пяткееіч А. Гродзенскі гурток беларускай моладзі // ЭГБ ў 6 т. Т. 3. Мн., 1996.
  • Пяткееіч А. Гродзенскі гурток беларускай моладзі // БЭ ў 18 т. Т. 5. Мн., 1997.
  • Чарнякевич А. Першы колас беларускай нівы // Биржа информации. № 291. 4.9.2003.
  • Kozłowska-Głogowska, H. Kołas naśaj nivy // Czasopis. — 2003. — № 7—8.