Гарадзечанская бітва

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Гарадзечанская бітва
Gorodechno.png
Плян бітвы пад Гарадзечнай
Дата: 12 жніўня 1812
Месца: між вёскамі Гарадзечна і Паддубна Кобрынскага павету Гарадзенскай губэрні, Расейская імпэрыя
Вынік: перамога хаўрусьнікаў францускага войска
Супернікі
Сьцяг Францыі Францыя
Flag of the Habsburg Monarchy.svg Габзбурская манархія
Flagge Königreich Sachsen (1815-1918).svg Саксонія
Flag of Russian Empire for private use (1914–1917) 3.svg Расейская імпэрыя
Камандуючыя
Karl philipp fuerst zu schwarzenberg.jpg Карл Філіп цу Шварцэнбэрг
Жан-Люі-Эбэнэзэр Рэнье
Tormasov.jpg Аляксандар Пятровіч Тармасаў
Колькасьць
40 000 чалавек 18 000 чалавек

Бі́тва пад Гарадзе́чнай — бітва француска-расейскае вайны 1812 году, якая адбылася 12 жніўня [ст. ст. 31 ліпеня] 1812 ва ўрочышчы Высокая Гара, за 2 км на поўдзень ад вёскі Паддубна Кобрынскага павету Гарадзенскай губэрні (цяпер — Пружанскі раён Берасьцейскае вобласьці). Лічыцца найвялікшай бітвай Напалеонаўскай эпохі ў заходніх рэгіёнах Беларусі[1]: з расейскага боку ў ёй удзельнічалі 18 тысячаў, аб’яднанае аўстрыйска-саксонскае войска налічвала каля 40 тысячаў чалавек.

Папярэднія падзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Вайна 1812 году на Пружаншчыне

27 ліпеня [ст. ст. 15 ліпеня] 1812 року расейская 3-я заходняя армія нанесла паразу саксонскай брыгадзе генэрал-маёра Генрыха Кленгеля пад Кобрынем і заняла Гарадзец, Малеч, Хомск, Пружаны. Шварцэнбэрг атрымаў загад узначаліць усе войскі гэтага рэгіёну й адкінуць армію Тармасава на Валынь. Аўстрыйцы фарсіравалі Ясельду, 8 жніўня [ст. ст. 27 ліпеня] разьбілі пад Сігневічамі аддзел Чапліца і рушылі да Пружаны.

10 жніўня [ст. ст. 29 ліпеня] 1812 атакай нашмат большых сілаў Шварцэнберг здолеў выбіць зь места войскі пад кіраўніцтвам графа Карла Лямбэрта і двойчы выбіваў іх з пазыцыяў, дзе тыя спрабавалі замацавацца (пад Клетным і Козім Бродам). Урэшце расейцы спыніліся ля Гарадзечны, куды падышлі й асноўныя сілы генэрала Тармасава.

Сілы бакоў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейскае войска (каля 20 тыс. чалавек) разгарнулася на правым беразе ручая Гарадзечна (Дахлоўка) паміж вёскамі Харкі і Паддубна. Яго пазыцыя была дасяжная толькі па трох гацях, якія шлі праз забагнены прыток Мухаўца. Абалону ручая каля Гарадзечны і Паддубны і лес на левым флянзе Тармасаў палічыў непраходнымі і пакінуў без прыкрыцьця. Тут стаў князь С. М. Каменскі (хоць фактычным камандоўцам быў А. Р. Шчарбатаў), на правым флянзе — генэрал-лейтэнант Я. І. Маркаў. Сілы К. В. дэ Лямбэрта знаходзіліся ў рэзэрве. У хадзе бітвы падышоў яшчэ Паўлаградзкі гусарскі полк(ru) Я. І. Чапліца. Такім чынам, генэрал ад кавалерыі Аляксандар Тармасаў меў у наяўнасьці 24 батальёны пяхоты, 36 кавалерыйскіх швадронаў, 35 сотняў іррэгулярнай кавалерыі і 84 гарматы (агулам каля 18 000 чалавек)[2].

Аўстра-саксонскае войска (каля 38 тыс. чалавек) разгарнулася на левым беразе Гарадзечны. Дывізія аўстрыйскага фэльдмаршал-лейтэнанта Леапольда Траўтэнбэрга павінна была атакаваць праз гаць на дарозе Пружана-Кобрынь. За два кілямэтры на захад ад Траўтэнбэрга, ля вёскі Жабін (Малое Паддубна) была разгорнутая дывізія фэльдмаршал-лейтэнанта барона Вінцэнта Фэрэрыюса Фрыдрыха Б’янкі. Насупраць гаці ў вёсцы Паддубна стала дывізія фэльдмаршал-лейтэнанта барона Гайнрыха Бэрзыны фон Зігенталя, 7-ы саксонскі корпус Рэнье зь дзьвюмя аўстрыйскімі брыгадамі — насупраць левага флянгу расейцаў. Войскі хаўрусьнікаў налічвалі 40 батальёнаў пяхоты, 63 кавалерыйскія швадроны і 114 гарматаў (агулам каля 40 000 чалавек)[3].

Хада бітвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З раніцы 12 жніўня часткі саксонскай 21-й пяхотнай дывізіі пад кіраваньнем генэрала К. X. Лякока пад прыкрыцьцём дэманстратыўнага наступу каля Паддубны ўвайшлі ў лес па старым гасьцінцы Шарашова — Кобрынь. Каля 10-й гадзіны раніцы войскі Рэнье выйшлі зь лесу на вышыні ўздоўж шарашоўскага гасьцінцу, імкнучыся адрэзаць шляхі адступленьня на Кобрынь, але былі расьсеяныя кавалерыяй Лямбэрта.

Найбольш упарты бой адбываўся на вышынях правага берага на поўдзень ад Паддубны. Тут атакі корпуса Шварцэнбэрга былі падтрыманыя аўстрыйскай пяхотай зь левага берага, у другой палове дня ініцыятыва перайшла да саксонцаў. Тым ня меней, расейцы адбілі наступ артылерыйскім агнём. Пасьля абеду да іх далучыўся Паўлаградзкі гусарскі полк Я. І. Чапліца.

Шварцэнберг, пераканаўшыся ў непазьбежнасьці адступленьня расейцаў, перакінуў на крайні правы флянг, у бок вёскі Тэўлі, сьвежую кавалерыйскую брыгаду генэрала Ф. Фрэліха, якая мусіла стаць авангардам перасьледу. Увечары расейская армія, асьцерагаючыся за свой шлях адступленьня, адышла да ракі Стыр у кірунку Кобрыня. Агульная працягласьць бітвы склала 14 гадзінаў.

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьвесткі пра страты супярэчлівыя: кожны бок акрэсьлівае свае страты прыблізна ў 1,5 тыс. чалавек, а страты праціўніка ад 3 да 5 тыс. чалавек. Вакольныя вёскі: Паддубна, Жабін, Харкі, Гарадзечна — былі разбураныя ў выніку баявых дзеяньняў, а жыхары вымушаныя былі пасяліцца ў іншых вёсках або хавацца ў лесе.

За Гарадзечанскую бітву князь Шварцэнбэрг атрымаў званьне фэльдмаршала, генэралы Рэнье, Зарэр фон Зар і Габленц — ордэны Ганаровага легіёну. Аўстрыйцаў імпэратар Напалеон таксама зьбіраўся ўзнагародзіць гэтым ордэнам, але венскі двор адмовіўся ад гэтага[4].

З расейскага боку разнастайныя ўзнагароды за адзнаку ў бітве (ордэны, залатая зброя, знакі адзнакі, павышэньне, манаршае дабраволеньне) атрымалі 375 генэралаў і афіцэраў, 223 унтэр-афіцэры і шарагоўцы[5].

1 (13) жніўня напалеонаўскія войскі занялі Кобрынь, 4 (16) жніўня — Берасьце і Дзівін, 6 (18) — Маларыту. У выніку расейская армія цалкам пакінула тэрыторыю Гарадзенскай губэрні, а стратэгічны флянг і тыл напалеонаўскай арміі істотна ўмацаваліся.

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Целы загінулых у бітве былі пахаваныя ў братэрскіх магілах за кілямэтар на паўднёвы захад ад Паддубны і ля Харкоў.

На сустрэчах і ў ліставаньні з гарадзенскім губэрнатарам генэрал Тармасаў неаднаразова выказваў думкі пра неабходнасьць ушанаваньня памяці Гарадзечанскай бітвы. Было пастаноўлена пабудаваць у Гарадзечне праваслаўную царкву. Фундатарам пабудовы стаў уласьнік Гарадзечны і Плянты Войцех Брунан Пуслоўскі, а будаўніком — памешчык Шэмет. Царква была адчыненая на сьвята Пакрова 1825 року і атрымала назву Сьвята-Пакроўскае[6]. Дванаццаць калёнаў храму сымбалізавалі «12-ы рок». Царква была зьнішчаная за савецкім часам, аднак на пачатку 90-х рокаў XX стагодзьдзя адноўленая ў першапачатковым выглядзе дзякуючы намаганьням грамадзкасьці[7].

У памяць бітвы былі пабудаваныя яшчэ некалькі помнікаў. У 1912 року збудаваная капліца «Мужным продкам, якія загінулі ў бітве пад Гарадзечнай 1812 року 31 ліпеня» (разбурана ў часе вайны 1941—45), адноўленая ў 1990-я[8]; у 1962 року да 150-годзьдзя бітвы на 22-м кілямэтры аўтадарогі Р85 СлонімВысокае ля паварота на вёску Паддубна была ўсталяваная стэла вышынёй 7 м.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Вуліцы майго дзяцінства. «Раённыя будні» (23 студзеня 2010). Праверана 10 лістапада 2011 г.
  2. ^ Лякин В. А. Городечненское поле // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 17. — ISBN 978-985-6856-57-3
  3. ^ Лякин В. А. Городечненское поле // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 18. — ISBN 978-985-6856-57-3
  4. ^ Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Пружанскага раёна / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Менск: «БелЭн», 1992. — С. 43. — 7500 ас. — ISBN 5-85700-094-7
  5. ^ Лякин В. А. Городечненское поле // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 25. — ISBN 978-985-6856-57-3
  6. ^ Ірына Сядова. (23 студзеня 2010) Вуліцы майго дзяцінства Культура. Раённыя будніПраверана 3 чэрвеня 2012 г.
  7. ^ Лякин В. А. В далёком тылу «Великой армии» // Гроза двенадцатого года над Полесьем. — Мн.: Четыре четверти, 2009. — С. 58. — ISBN 978—985-6856-57-3
  8. ^ Часовня св. Александра Невского. «Глобус Беларусі». Праверана 6 сакавіка 2011 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Гарадзечанская бітвасховішча мультымэдыйных матэрыялаў