Гарлачык жоўты малы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гарлачык жоўты малы
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
АддзелКветкавыя
КлясаДвухдольныя
АтрадГарлачыкакветныя
СямействаГарлачыкавыя
РодГарлачык жоўты
ВідГарлачык жоўты малы
Бінамінальная намэнклятура
Nuphar pumila

Гарлачык жоўты малы (Nuphar pumila) — травяністая водная расьліна сямейства гарлачыкавых.

Апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шматгадовая травяністая водная бессьцябловая расьліна з тоўстым мясістым карэнішчам і плывучым ярка-зялёным, скурыстым, авальна-эліптычным сэрцападобным лісьцем дыямэтрам 5-15 см; падводнае лісьце тонкае, маршчакаватае, сьветла-зялёнае, з плоскімі чаранкамі. Кветкі дробныя (дыямэтрам 2-3 см), аранжава-жоўтыя адзіночныя, з моцным прыемным пахам, з 5 жоўтымі, зьнізу зялёнымі чашалісьцікамі і шматлікімі пялёсткамі. Рыльца пукатае, з 8-10 добра прыкметнымі прамянямі. Плод ягадападобны.

Пашырэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расьце ў сярэдняй паласе Эўразіі, Скандынавіі, у паўночных раёнах Усходняй Эўропы, лясной зоне Сыбіры і Далёкага Ўсходу, на поўдні Сахаліна. На Беларусі вельмі рэдкі від, трапляецца ў невялікай колькасьці на абмежаваных тэрыторыях на паўднёва-ўсходняй мяжы арэала.

Месцы росту: невялікія поймавыя, лясныя і балотныя азярцы, радзей затокі буйных азёраў і рэк на глыбіні 0,5-1,5 м, на глеістых адкладах. Утварае дастаткова шчыльныя або разрэджаныя зарасьнікі, часам раьсце невялікімі групамі і адзінкавымі экземплярамі.

Асаблівасьці біялёгіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цьвіце ў чэрвені-верасьні, пладаносіць у ліпені-лістападзе. Размнажэньне насеннае і вэгетатыўнае (карэнішчамі). Плод высьпявае пад вадой.

Атрутная расьліна.