Гасан Канапацкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гасан Амуратавіч Канапацкі
25 лютага (9 сакавіка) 187811 траўня 1953(1953-05-11) (75 гадоў)
1920 г.
Месца нараджэньня
Месца сьмерці
Прыналежнасьць Расейская імпэрыя (1897—1918), Польская рэспубліка (1919—1920)
Род войскаў Артылерыя
Гады службы 1897—1920
Званьне Палкоўнік
Частка Полацкі кадэцкі корпус
Камандаваў 69-я артылерыйская брыгада Расейскага войска (1917— 10 траўня 1918), Беларускія аддзелы Польскага войска (22 кастрычніка 1919 — 22 траўня 1920)
Бітвы/войны Расейска-японская вайна (1904—1905; бітва пад Ляоянам(en) 1904 г.), Першая сусьветная вайна
Узнагароды
Ордэн Сьвятой Ганны II ступені
Ордэн Сьвятой Ганны II ступені
Ордэн Сьвятога Станіслава II ступені
Ордэн Сьвятога Станіслава II ступені
Ордэн Сьвятога Ўладзімера IV ступені
Ордэн Сьвятога Ўладзімера IV ступені
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Канапацкі.

Гаса́н Канапа́цкі (1879; Менск, цяпер Беларусь — 1953; Быдгашч, цяпер Польшча) — беларускі вайсковец, дзяяч нацыянальна-вызвольнага руху.

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіць з шляхецкага роду татарскага паходжаньня. Сын калескага асэсара Амурата Канапацкага.

Вайсковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Скончыў Полацкі кадэцкі корпус, Пецярбурскую артылерыйскую школу імя Канстанціна (1897), удзельнічаў у расейска-японскай 1904—1905 гадоў і 1-й сусьветнай войнах. У 1917 годзе ў ранзе палкоўніка камандаваў 69-й артылерыйскай брыгадай Заходняга фронту. У час вайны быў атручаны газамі, лекаваўся й служыў у Менску ў эвакуацыйным пункце (травень-кастрычнік 1917). 10 траўня 1918, з расфармаваньнем 69-й артылерыйскай брыгады, здаў грошы й дакумэнты Маскоўскаму абласному камісару вайсковых справаў і вярнуўся ў Менск.

Грамадзка-палітычная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

22 кастрычніка 1919 году ўвайшоў у склад Беларускай вайсковай камісіі, быў прызначаны гетманам Беларускіх вайсковых аддзелаў[1].

У 1920 годзе пераехаў у Вільню. Браў актыўны ўдзел у беларускім руху: быў намесьнікам старшыні Рады старэйшых Беларускага музычна-драматычнага гуртку й сакратаром Беларускага грамадзянскага сабраньня (БГС), пасьля расколу ў БГС 21 верасьня 1924 — намесьнікам старшыні ва ўтворанай Часовай беларускай радзе (да красавіка 1925), якая супрацоўнічала з польскімі ўладамі, супрацьстаяла Беларускаму пасольскаму клюбу. У гэты час зблізіўся з Францішкам Аляхновічам, Арсенем Паўлюкевічам, Макарам Касьцевічам (Краўцовым) і быў сябрам таварыства «Беларуская хатка» ў Вільні.

На зьезьдзе Заходняе Беларусі 26—28 чэрвеня 1926 году, скліканым Часовай беларускай радай, удзельнічаў як прадстаўнік таварыства «Прасьвета». 21 лістапада 1927 — 2 красавіка 1928 кіраўнік рэдакцыі часопіса «Беларускі радны». Ад 1937 году працаваў у бухгальтэрыі Земскага банку. У 1941—1943 гадах быў старшынём бацькоўскага камітэту Беларускае гімназіі ў Вільні, пісаў фэльетоны ў «Беларускі голас».

У другой палове 1944 году ў Вільні Гасан Канапацкі быў арыштаваны НКВД і дастаўлены ў турму ў Менску. Там ён правёў амаль год. У той самы час, за дапамогу жаўнерам АК была арыштаваная і яго старэйшая дачка Тамара. Аднак у рэшце рэшт іх адпусьцілі ў 1946 годзе. У чэрвені 1946 году разам зь сям’ёй ён выехаў у Польшчу ў горад Быдгашч. Будучы моцна хворы пасьля знаходжаньня ў савецкай турме, палкоўнік Гасан Канапацкі памёр 11 траўня 1953 году. Пахаваны на камунальных могілках у Быдгашчы па вул. Кцыньскай (ul. Kcyńskа).

У 2011 годзе ў Быдгашчы была ўстаноўлена мэмарыяльная шыльда ў памяць беларускага татарына, які прысьвяціў сваё жыцьцё вольнай Беларусі.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Палкоўнік К. З беларускага вайсковага руху. // Наша думка : грамадзка-палітычная і літаратурная тыднёвая газэта. — 29 студня 1921. — № 4. — С. 1.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]