Гаўя (рака ў Латвіі)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Рака Ґаўя бліз Цэсісу

Га́ўя (па-латыску: Gauja, па-эстонску: Koiva jõgi) — другая па працягласьці рака Латвіі (пасьля Даўґавы). Даўжыня — 452 км [1], плошча басэйну — 8900 км², сярэдні расход вады — 78 м³/с, перапад вышыняў — 234 м (0,52 м/км), сярэдняя хуткасьць плыні — 0,2-0,4 м/с.

Сьцякае Ґаўя з Відзэмскага ўзвышша ў Цэсіскім раёне, а ўпадае ў Балтыйскае мора блізу Царнікава. Першапачатковы напрамак плыні — на ўсход, затым на поўнач і захад. Частка ракі ўтварае натуральную мяжу даўжынёй 24 км паміж Латвіяй і Эстоніяй. Самыя значныя прытокі ракі: зьлева — Амата (67 км.), справа — Мустыгі (Mustjõgi; 84 км.) [2]. Сілкаваньне ракі зьмяшанае. Асноўныя крыніцы: талы сьнег (35 — 40%), ападкі й падземныя воды.

30% басэйну ракі пакрыта лесам, 5% прыпадае на балоты. У басэйне Ґаўі знаходзіцца каля 860 азёраў агульнай плошчай 55 км². У Ґаўі ловяцца акуні, язі, шчупакі, ляшчы, плоткі, галавачы, рыбцы, мянтузы.

Дно ракі пясчанае, плыткае (максымальная глыбіня падчас паводкі — 5 м.), але тут сустракаецца шмат віроў, якія пераносяць вялікія масы пяску й праз тое досыць часта мяняюць рэльеф дна. Хаця сама Ґаўя зусім не глыбокая, паміж Валміерай і Мур’яні яна цячэ па старадаўнім яры, што быў утвораны яшчэ ў дэвонскі пэрыяд. Вышыня адкладаў пясчаніку на дадзеным этапе сягае 85 м. Гэтыя мясьціны зьяўляюцца сапраўднай прынадай для турыстаў. У верхнім цячэньні рака мае шмат парогаў, якія зьявіліся праз выхад на паверхню даламіту.

На берагох Ґаўі разьмешчаныя вельмі значныя для Латвіі ў гістарычным пляне гарады Цэсіс і Сыґулда, частка ракі таксама працякае праз аднайменны нацыянальны парк, слаўны сваімі прыроднымі і культурнымі багацьцямі. Так, побач з ракой на тэрыторыі парку месьціцца знакаміты Турайдзкі замак, пабудова якога была распачатая яшчэ ў 13 стагодзьдзі.

Зацемы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Часам дліна ракі падаецца як роўная 460 км. Усё залежыць ад таго, якая рачулка прымаецца за пачатак Ґаўі.
  2. ^ Тут зноў розначытаньні. Так, у латыскай вэрсіі артыкулу самым доўгім прытокам названая Тырза (80 км.). Пазначаная тут даўжыня Мустыгі ўзятая з артыкулу ў Эстонскай Вікіпэдыі

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Гаўя (рака ў Латвіі)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў