Генадзь Кісялёў
Генадзь Васілевіч Кісялёў (19 сакавіка 1931, Каломна, Маскоўская вобласьць, РСФСР — 14 лістапада 2008, Менск) — беларускі гісторык, літаратуразнавец, пісьменьнік і археограф. Доктар філялягічных навук (1994)[1] і кандыдат гістарычных навук.[2][3] Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1990) за кнігі гістарычна-літаратурных дасьледаваньняў «Разыскивается классик…» і «Спасьцігаючы Дуніна-Марцінкевіча».
Зьмест |
Біяграфія [рэдагаваць]
Нарадзіўся ў сям’і службоўцаў. Сярэднюю школу скончыў у Віцебску (1948). Па заканчэньні Маскоўскага гістарычна-архіўнага інстытуту (1953), працаваў у архіўных установах Летувіскай ССР. У 1956—1959 гадах вучыўся ў асьпірантуры пры Маскоўскім гістарычна-архіўным інстытуце. У 1960—1971 — навуковы супрацоўнік Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіву ЛетССР. З 1971 — навуковы супрацоўнік Інстытуту літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. Сябар СП СССР (з 1964). Быў жанаты, меў дзьвюх дачок — Лію і Натальлю, унука Яна.
У друку дэбютаваў у 1958 годзе. Аўтар зборнікаў гістарычна-літаратурных нарысаў «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Героі і музы» (1982), дасьледаваньняў «Загадка беларускай „Энеіды“» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Спасьцігаючы Дуніна-Марцінкевіча» (1988), літаратуразнаўчай дылёгіі «Разыскивается классик…» (1989), гістарычных нарысаў «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «На пераломе дзьвюх эпох: Паўстаньне 1863 года на Міншчыне» (1990). Аўтар зборнікаў гістарычна-літаратурных матэрыялаў «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыцьцяпісу Якуба Коласа» (1982), «Шляхам гадоў» (1990). Адзін са складальнікаў зборнікаў дакумэнтаў «Рэвалюцыйны ўздым у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964), «Паўстаньне ў Літве і Беларусі 1863—1864» (1965).
Дасьледаваў беларускую літаратуру і нацыянальны рух 19 ст., жыцьцё і творчасьць К. Каліноўскага, В. Дунін-Марцінкевіча, Ф. Багушэвіча, А. Вярыга-Дарэўскага, П. Шпілеўскага, Я. Коласа і Я. Купалы. Атрыбутаваў аўтарства «Энэіды навыварат» і «Тараса на Парнасе». Таксама працаваў над скарыназнаўчымі тэмамі, дзе сам сябе лічыў за «нэафіта», хаця насамрэч і тут зрабіў значны ўклад.
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. С. 554
- ^ Памёр Генадзь Кісялёў // Радыё Свабода, 14.11.2008
- ^ Людмила Селицкая. Улыбка Тараса. Из жизни нашего городка // «Советская Белоруссия» 10.01.2003 — №4 (21670)
Літаратура [рэдагаваць]
- Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 714 с.: іл. ISBN 985-6302-46-3.
- Кісялёў Генадзь // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А.К. Гардзіцкі. Нав.рэд. А.Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994.— 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Памёр Генадзь Кісялёў // Наша Ніва, 14 лістапада 2008
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
- Памёр Генадзь Кісялёў // Радыё Свабода, 14.11.2008
- Марат Горевой. На 78-м году скончался историк и литературовед Геннадий Киселев(рас.) // БелаПАН, 14 лiстапада 2008
- Валянціна Аксак. Вянок памяці: Генадзь Кісялёў // Радыё Свабода, 14.11.2008