Гербэртс Цукурс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Цукурс, Гербэртс (па-латыску: Herberts Cukurs) (1900 — 23 лютага 1965) — да другой сусьветнай вайны — латыскі піянэр авіяцыі і нацыянальны герой Латвіі, пасьля вайны — нацысцкі ваенны злачынец.

Біяґрафія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Ліепаі ў 1900 годзе. Бацька Цукурса быў уладальнікам мэханічнай майстэрні, дзе будучы авіятар практыкаваўся ў мэханіцы.

У маладосьці ўдзельнічаў у змаганьні за незалежнасьць Латвіі, сымпатызаваў сацыял-дэмакратам. У 1919 годзе пачаў службу у латвійскай авіяцыі. Аднак, у 1926 годзе быў у чыне старэйшага лейтэнанта выключаны з войска за «схільнасьць да тэрарыстычнай дзейнасьці». Працаваў шафёрам.

У тым жа 1926 годзе Цукурс сам заняўся канструяваньнем лятальных апаратаў. Паміж 1926 і 1934 гадамі ён распрацаваў і пабудаваў плянэр і тры аэрапляны. Адным зь быў C-3 з 80-сільным маторам, які Цукурс сабраў з 2 рухавікоў зьнішчальніка «Renault» 1916 году.

У 1933 годзе Гербертс Цукурс зьдзейсьніў палёт у Ґамбію. Ён пакінуў Латвію 28 жніўня 1933 году і пасьля доўгай вандроўцы на самалёце па Афрыцы, вярнуўся 25 траўня 1934 году, празь 10 дзён пасьля ўсталяваньня ўльманаўскай дыктатуры, і адразу стаў героем. Яго аднавілі ў паветраных сілах Латвіі, і надалі статус капітана.

Цукурс стаў латыскім Ліндбэрґам і Чкалавым. Славе пілёта паспрыялі і яго пісьменьніцкія здольнасьці. Адразу пасьля вяртаньня ён пад загалоўкам «Мой палёт у Ґамбію» апублікаваў свой дзёньнік. У 1937 годзе напісаў раман «Паміж небам і зямлёй», дзе галоўным героем быў лётчык.

У 1936 Цукурс зьдзейсьніў палёт у Токіё. Лятаў у Палестыну.

У 1940 годзе, у выніку пакта Молатава-Рыбэнтропа Латвія была акупаваная савецкімі войскамі. Камуністы адразу канфіскавалі самалёт Цукурса, а сам былы нацыянальны герой пры новай уладзе стаў нікім.

Калі ў 1941 годзе ў Рыґу ўвайшлі немцы, Цукурс адразу пайшоў да іх добраахвотнікам. Пачаў як афіцэр дапаможнай паліцыі, уступіў у карную каманду Віктарса Арайса, што займалася ачысткай Латвіі ад жыдоў, напрыканцы стаўшы намесьнікам Арайса. Цукурс удзельнічаў у катаваньнях і допытах, стварэньні рыскага ґета, а таксама зьніштажэньні 25 тысяч жыдоў у Румбуле. Некаторыя сьведкі распавядаюць, што Цукурс любіў езьдзіць па ґета на аўтамабілі і прама на ходзе забіваць жыдоў зь пісталета.

Пасьля сканчэньня вайны, Цукурс пакінуў Латвію. Быў арыштаваны брытанцамі, але хутка адпушчаны. У рэшце рэшт былы латыскі лётчык асеў у Бразыліі разам з жонкай Мілдай і сынамі Гунарсам і Гербэртсам. У паўднёваамэрыканскай краіне Цукурс адчыніў лётную школу і бюро экскурсіяў.

Цукурсу ўдалося падкупіць бразыльскі ўрад і атрымаць дакумэнты, паводле якіх ён быў карэнным бразыльцам у другім пакаленьні.

Аднак у 1960-х гадох на сьлед Цукурса выйшла ізраільская разьведка МАССАД. Аґенты хацелі вывезьці Цукурса ў Ізраіль, як гэта адбылося з Адольфам Эйхманам. Адзін з масадаўцаў, прыкінуўшыся былым эсэсаўцам, «папярэдзіў» Цукурса аб небясьпецы, і параіў уцячы ва Ўругвай. Аднак у Монтэвідэо апэрацыя сарвалася — Цукурс здагадаўся, што насамрэч адбываецца, і паспрабаваў схавацца. 23 лютага 1965 года ён быў застрэлены жыдоўскімі аґентамі, а 6 сакавіка ўруґвайская паліцыя знайшла ягоны труп.

Цукурс сёньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У сучасны час асоба Цукурса шмат у каго ў Латвіі выклікае сымпатыю, а латвійскія правыя лічаць яго нацыянальным героем. Напрыклад, у 2003 годзе правая арґанізацыя Nacionālā Spēka Savienība (Зьвяз нацыянальных сілаў) выпусьціла сэрыю паштовых канвэртаў з фатаґрафіяй Цукурса разам зь сям’ёй. Латыскія афіцыйныя структуры адрэаґавалі на гэта даволі спакойна, і пачалі рабіць некаторыя заявы толькі пад ціскам жыдоўскіх арґанізацыяў, амбасады Ізраіля і цэнтра Сымона Візэнталя.

У той жа час адзін зь лідэраў NSS Ґунтарс Ландманіс накіраваў у пракуратуру паведамленьне а неабходнасьці расьсьледаваньня зьверскага забойства грамадзяніна Латвіі Гербертса Цукурса ў 1965 годзе. Пракуратура, аднак, адхіліла ягоную прапанову.

Некаторыя таксама прапаноўвалі назваць імём Цукурса Рыскі аэрапорт.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]