Герб Беларускай ССР

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герб БССР, 1981—1991 гг.

Герб Белару́скай ССР — рэспубліканскі сымбаль Беларускай ССР, прыняты 30 сакавіка 1927 і істотна перапрацаваны за часамі Вялікага тэрору ў 1938 годзе. Грунтаваўся на гербе Савецкага Саюзу. Праіснаваў да выхаду Беларусі з складу СССР.

З 1995 году рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае мадыфікацыю гербу БССР — каляніяльны[1] афіцыйны герб Беларусі (рас. герб Белоруссии), de facto усталяваны ў якасьці дзяржаўнага гербу Беларусі ўказам Лукашэнкі ад 12 чэрвеня 1995 году на падставе афіцыйна абвешчаных вынікаў рэфэрэндуму 14 траўня 1995 году, які адзначаўся неадпаведнасьцю Канстытуцыі і заканадаўству краіны, парушэньнем законаў і фальсыфікацыяй вынікаў галасаваньня[2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы герб БССР, 1919 г

Фармаваньне сымболікі БССР адбывалася цэнтралізавана і рэгулявалася камуністычнымі ідэалягічнымі патрабаваньнямі[3]. Першы герб ССРБ узору 1919 году нічым не адрозьніваўся ад гербу РСФСР, апроч надпісаў. Канстытуцыя ССРБ (3.2.1919) у артыкуле 31 апісвала яго наступным чынам:

Залатыя серп і молат на чырвоным фоне ў прамянях узыходзячага сонцу, вакол — вянок з каласоў і надпісы: «Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь» і «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!».

Праект дзяржаўнага гербу БССР Генадзя Змудзінскага, 1924 г.

У 1924 годзе Сакратарыят ЦВК Беларускай ССР абвясьціў конкурс на найлепшы праект дзяржаўнага гербу рэспублікі. Ён мусіў быў адлюстраваць прыродныя і гаспадарчыя асаблівасьці Беларусі, яе непарыўную сувязь з Савецкім Саюзам. Увесну 1924 году журы рэспубліканскага конкурсу сярод трох найлепшых праектаў абрала работу беларускага графіка Генадзя Змудзінскага, дзе савецкая атрыбутыка спалучалася зь бела-чырвона-белай нацыянальнай сымболікай[4]. Гэта быў выцягнуты шчыт белага колеру, наверсе якога месьцілася кампазыцыя з выявамі сонца й расьлінных арнамэнтаў, пасярэдзіне дыяганальна праходзіла цёмна-чырвоная паласа з надпісам Беларуская соцыалістычная савецкая рэспубліка, на белым участку зьверху ад паласы знаходзіліся выявы двух снапоў, на белым участку зьнізу ад паласы — выявы двух дрэваў. Зь левага боку герб акаймлялі дзьве цёмна-жоўтыя літары С, справа — С і Р, складаючы надпіс СССР; у самым нізе гербу знаходзіўся стылізаваны сымбаль саветаў, серп і молат. Уздоўж краёў гербу праходзілі надпісы на тагачасных афіцыйных мовах БССР — беларускай (верх), расейскай (левы бок), ідышы (ніз) і польскай (справа)[5]. Аднак напярэдадні канчатковага падсумоўваньня ЦК ВКП(б) змусіў ЦВК БССР скасаваць вынікі конкурсу і схаваць іх ад грамадзкасьці.

Герб БССР, 1927—1937 гг. Дэвіз «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!» на чатырох мовах — беларускай, расейскай, польскай і ідыш

27 сьнежня 1926 году СНК БССР прызнаў удалым малюнак гербу, выкананы кіраўніком Беларускага мастацкага тэхнікуму Віцебску Валянцінам Волкавым. Ён у агульных рысах паўтараў герб СССР, але меў бела-чырвона-белую стужку замест чырвонай. Праект прайшоў некалькі інстанцыяў, аднак Прэзыдыюм ЦВК у выніку ўсё ж пастанавіў зрабіць стужку чырвонай[6]. У пастанове Саўнаркаму ад 30 сакавіка 1927 году зазначалася:

Прыняць праект дзяржаўнага гербу БССР, які складаецца з малюнку на чырвоным фоне ў прамянях узыходзячага сонцу сярпа і молата, зьмешчаных крыж-накрыж дзяржальнямі дадолу і акружаных вянком, якія складаюцца зьлева з жытніх каласоў, абвітых канюшынай, і справа − з дубовай галінкі; зьнізу — паміж абедзьвюма паловамі вянку знаходзіцца частка зямнога шару з тэрыторыяй Беларускай ССР. Абедзьве паловы вянка абвіты чырвонай стужкай, на якой зьмешчаныя надпісы на чатырох мовах: «Пралетары ўсіх краін, злучайцеся!» — і ніжэй «Б. С. С. Р.» Наверсе гербу — пяціканцовая зорка.

Згодна з афіцыйным тлумачэньнем, жытнія каласы на гербе адлюстроўвалі сельскую гаспадарку, а дубовая галінка — лясныя багацьці рэспублікі; пяціканцовая зорка — шлях да сацыялізму; колькасьць моваў — чатыры — адпавядала, з аднаго боку, асноўным этнічным групам, якія пражывалі на тэрыторыі рэспублікі, а з другога — не стварала палітычных падставаў для ўціску беларускай мовы на тэрыторыі Заходняй Беларусі, перададзенай Леніным Польшчай[7]. Тэкст дэвізу на беларускай мове з 1927 году выглядаў як «Пралятары ўсіх краін, злучайцеся!» (да 1927 году было: «Пролетарыі ўсіх краёў, злучайцеся!»). З 1937 году дэвіз на беларускай мове выглядаў як «Пролетарыі ўсіх краін, злучайцеся!».

11 красавіка 1927 году малюнак дзяржаўнага гербу БССР і яго апісаньне былі прынятыя VIII зьездам Саветаў БССР і занесеныя ў Канстытуцыю. Паводле Канстытуцыі, прынятай XI зьездам Саветаў БССР 19 лютага 1937 году, геральдычная абрэвіятура рэспублікі «Б. С. С. Р.» стала расшыфроўвацца як Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка.

Герб БССР, 1937—1938 гг.

Нягледзячы на адсутнасьць у гербе БССР якіх-кольвек беларускіх нацыянальных адметнасьцяў, разгорнуты ў 1930-я гады наступ на «нацдэмаў» закрануў і прынятую ў часе беларусізацыі сымболіку. 28 ліпеня 1938 году на паседжаньні Вярхоўнага Савету БССР дэпутат Захараў І. А. выступіў з прамовай, дзе азначалася, што:

Беларусь зьяўляецца індустрыяльна-калгаснай краінай. У сельскай гаспадарцы пераважаюць большасьцю пасевы зернавых і тэхнічных культур — жыта, лён, канюшына. Усё гэта зьяўляецца асноўным багацьцем сельскай гаспадаркі, што і павінна быць адлюстравана ў дзяржаўным гербе Беларускай Савецкай Сацыялістычнай рэспублікі.

На гэтай падставе ён унёс прапанову пра зьмяненьне гербу БССР: «замяніць вянок з дубовымі лісьцямі вянком з жытніх каласоў, пераплеценых клеверам і льном». Такім чынам быў створаны прэцэдэнт, калі разьвіцьцё народнай гаспадаркі аўтаматычна вымагала ўнясеньня дадатковых зьменаў у дзяржаўную сымболіку. Адпаведна, герб пераўтварыўся з сымбалічнай, ляканічнай і ўстойлівай выявы, якая мусіць адлюстроўваць гістарычныя карані, традыцыю, альбо час і галоўныя ідэі грамадзка-палітычнага ладу, у рухомую мінівыставу мясцовых дасягненьняў прамысловасьці і сельскай гаспадаркі[8].

Герб БССР, 1938—1949 гг.

Апроч таго, зьмяненьні закранулі дэвіз на гербе, які ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Камісіі пры Прэзыдыюме ВС СССР стаў адлюстроўвацца толькі на дзьвюх мовах: беларускай і расейскай (прыбралі надпісы на польскай і на ідыш). 20 лістапада 1938 году быў удакладнены пераклад на беларускую мову дэвізу, ён стаў чытацца як: «Пролетарыі ўсіх краін, еднайцеся!», таксама былі занесеныя папраўкі ў малюнак (зьмененая групоўка сонечных прамянёў). Ініцыятаркай зьмены лёзунгу і наўмыснага ўвядзеньня ў яго артаграфічнай памылкі была Старшыня Вярхоўнага Савету БССР Надзея Грэкава. Аўген Калубовіч апісваў гэта наступным чынам:

« — Ну а Грэкава? — зноў перапыніў яго Якуб Колас. Відаць было, што ён сьпяшаўся. Грэкава, працягваў К. Гурскі, загадала ўнесьці ў правапіс дзьве зробленыя ёю «папраўкі» ў лёзунг «Пролетарыі ўсіх краёў, злучайцеся!» Па-першае, слова «злучайцеся» замяніць на «еднайцеся», бо вось яна як сакратар ЦК часта падпісвае «дырэктывы» калгасам, што ўжо пара пачынаць «злучную кампанію для ската»; таму заклік «злучайцеся!» у дачыненьні да пралетарыяту «неяк нядобра гучыць». Па-другое, у слове «яднайцеся» пачатнае «я», хоць і стаіць у першым складзе перад націскам, павінна пісацца празь «е», бо могуць быць выпадкі, тлумачыла Грэкава, калі слова гэтае пры пісьме ці друку трэба пераносіць і тады пры падзеле яго можа выйсьці «яд-». Для палітычнага лёзунгу гэта недапушчальнае і ЦК партыі на гэта ня можа згадзіцца. Якуб Колас нічога не адказаў.[9] »

—Аўген Калубовіч, Якуб Колас і Янка Купала. Крокі гісторыі

У 1950-я гады народны мастак Савецкага Саюзу Ян Дубасаў распрацаваў новы, зьлёгку зьменены праект гербу. Лён на гербе БССР стаў адлюстроўвацца ня з скрыначкамі, а з кветкамі. З 1956 году абрэвіятура назвы рэспублікі не падзялялася кропкамі. 28 лютага 1958 году Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР прыняў указ аб чарговым удакладненьні беларускага тэксту дэвізу, з тых часоў ён выглядаў як «Пролетарыі ўсіх краін, яднайцеся!».

Апошняе ўдакладненьне гербу БССР адбылося ў 1981 годзе, калі трохі зьмянілі малюнак кветак лёну і сонечных прамянёў.

27 ліпеня 1990 году Вярхоўны Савет БССР прыняў дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце краіны. 25 жніўня 1991 году Беларусь абвясьціла незалежнасьць ад СССР. У 1991 годзе пад беларускай нацыянальнай сымболікай прайшлі красавіцкія і травенскія страйкі працоўных Беларусі, якія адыгралі важную ролю ў крушэньні таталітарызму ў краіне[10]. 19 верасьня 1991 году парлямэнт Беларусі прыняў законы «Аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь», якія аднавілі бел-чырвона-белы сьцяг з гербам Пагоняй у якасьці дзяржаўных сымбаляў[10].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Мікулевіч С., Гезгала С. Сёння — Дзень Пагоні і нацыянальнага сцяга, Наша Ніва, 19 верасьня 2012 г.
  2. ^ Навумчык С. Рэфэрэндум-95 пра сымболіку і мову ня быў легітымным, Радыё Свабода, 12 траўня 2019 г.
  3. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 136.
  4. ^ Корсак Д. Кого догоняет «Погоня»? Разговор с историком о старых и новых гербах Беларуси, Onliner.by, 12.10.2020 г.
  5. ^ Літаратура і Мастацтва. № 48, 2013. С. 15.
  6. ^ Насевіч В. Гэты сцяг пачынаўся так… // Чырвоная Змена. № 42 (13900), 20 красавіка 1995 г.
  7. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 134.
  8. ^ Цітоў А. Геральдыка Беларусі. — Менск: МФЦП, 2010. С. 135.
  9. ^ Аўген Калубовіч. Якуб Колас і Янка Купала. Крокі гісторыі. Менск, 1993.
  10. ^ а б Ткачоў М. Беларускія нацыянальныя сімвалы // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 393.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]