Герб Менску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Герб Менску
лац. Hierb Miensku
Унебаўзяцьце Панны Марыі
Апісаньне
Зацьверджаны 12 студзеня 1591 году

Герб «Унебаўзяцьце Панны Марыі» — адзін з сымбаляў Менску разам зь мескімі сьцягам і гімнам. Герб месту надаў у сваім прывілеі ад 12 студзеня 1591 году кароль і вялікі князь Жыгімонт Ваза.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яшчэ ў першым прывілеі на Магдэбурскае права Менску, выдадзеным каралём і вялікім князем Аляксандрам 14 сакавіка 1499 году, агаворвалася, што месьцічы «на местцу годном мають справити ратуш… на ратушу, мают мети бочку мерную и медницу з знаменем местским». У наступным прывілеі караля і вялікага князя Жыгімонта Аўгуста таксама згадваецца «знаменье местское», аднак яго выгляд дагэтуль дакладна не вядомы.

Пячатка з выявай мескага гербу (1591)

12 студзеня 1591 году выйшаў чарговы вялікакняскі прывілей, у першай частцы якога тлумачыліся прычыны яго наданьня. У ім гаворыцца, што мяшчане «места… меньского» мелі з даўніх часоў «герб на печать местскую», які быў у першым прывілеі, у якім «герб местский описан и вымалеван был», згарэў пры пажары ў менскім замку, у сувязі з чым месьцічы «неведомостью своею и до того часу до ужыванья властного гербу прыйти не могучи, унижоне просили нас, гдря (гаспадара), абыхмо им, объясняючы и в ужыванья приводечи герб на их печать местскую надали…». Далей ішоў пераказ зьместу папярэдніх прывілеяў і толькі ў канцы гаварылася «Ку тому, показуючи им в том ласку нашу гдрскую, ку оздобе и учтивому захованью того места нашего Меньского надаем им на герб до печати местское на ратуш фикгуру внебовзятья панны Марыи, и в сем листе нашом вымолевати есьмо тую фикгуру велели… которое вжо они за герб в печати местской вечне ужывати… мают».

Мескія ўлады Менску за пэрыяд з XVI па XVIII стст. карысталіся ня менш як пяцьцю рознымі пячаткамі, на чатырох зь якіх ужываўся мескі герб. Стыль і тлумачэньне выявы мескага гербу, таксама ягоная мова і зьмест легенды на пячатках залежалі ад агульнапалітычных фактараў таго ці іншага пэрыяду, пры гэтым сама ідэя гербу і яго зьмест заставаліся бязь зьменаў.[1]

У студзені 1793 году Менск быў далучаны да Расейскай імпэрыі. 22 студзеня 1796 году, указам імпэратрыцы Кацярыны II быў «пакінуты» герб Менску «бязь зьмены: а для абазначэньня далучэньня й падданства гэтага краю да Расейскай імпэрыі, малюецца Дзяржаўны герб, гэта значыць, двухгаловы арол, на грудзі ж яго пакладзены герб Менску».

5 верасьня 1991 году менскія ўлады пацьвердзілі гістарычны герб места.[2]

Герб адноўлены ў якасьці афіцыйнага мескага сымбаля рашэньнем Менскага гарадзкога Савету народных дэпутатаў № 160 ад 27 сакавіка 2001 году «Аб зацьвярджэньні палажэньня пра герб места Менску і палажэньня пра сьцяг места Менску».

Афіцыйнае апісаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

« Герб места Менску ўяўляе сабою барокавы шчыт, у блакітным полі якога выява Маці Божай на срэбным воблаку ў чырвона-сінім адзеньні, два анёлы і два херувімы. »

«Об утверждении Положения о гербе города Минска и Положения о флаге города Минска», 27.03.2001

Дадатковыя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Магчыма, у аснову гербу быў пакладзены цудатворны абраз Маці Божай Менскай, які зьявіўся на берагах Сьвіслачы 13—26 жніўня 1500 году. Вядома, што ён быў зьмешчаны ў замкавай царкве Раства Багародзіцы і зрабіўся заступнікам Менску і яго жыхароў.[3]
  • Менскі герб — адлюстраваньне вельмі папулярнага, асабліва ў каталіцкім сьвеце (15 жніўня каталікі сьвяткуюць Унебаўзяцьце Панны Марыі) культу Маці Божай. У эпоху Контрарэфармацыі гэты сюжэт зрабіўся адным з самых улюбёных у каталіцкай іканаграфіі.[4]
  • Усе вядомыя выявы менскага гербу ў стылістычным пляне можна ўмоўна падзяліць па канфэсійным чыньніку. Адрозьненьні паміж імі крыліся ў выкананьні вобраза Панны Марыі. Выява на першапачатковым варыянце гербу (1591) больш адпавядала традыцыйнаму трактаваньню Маці Божай у праваслаўных, у 1697 годзе зьявіўся новы варыянт гербу, на якім Панна Марыя была апранутая накшталт каталіцкай манашкі[5]. У 1730-я гады ізноў пачалі карыстацца першапачатковым «праваслаўным» варыянтам, аднак ужо з 1770 году зьявілася новая каталіцка-вуніяцкая рэдакцыя менскага гербу.
Герб Менску на фасадзе Чырвонага касьцёла
  • Паседжаньне па зацьвярджэньні гербу Менску, што адбылося 27 сакавіка 2001 году, не абышлося бяз спрэчак:


« Галоўным і, верагодна, адзіным яблыкам раздору быў стыль Панны Марыі — праваслаўны ці каталіцкі, што адлюстроўвалася ў пазыцыі рук, погляду… »

—«Вечерний Минск» № 57 (9620), 28 марта 2001

На розных пячатках менскага магістрату рукі Панны Марыі то зьведзеныя, то разьведзеныя. На гербе, які быў прыняты ў 2001 годзе, рукі Багародзіцы разьведзеныя — па-праваслаўнаму. На фасадзе Чырвонага касьцёла Маці Божая склала рукі «лодачкай» — па-каталіцку.[6]

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ А. К. Цітоў. Сімвалы горада і Менскага ваяводства: Пячаткі і герб // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 216
  2. ^ Рашэнне Мінскага гарадскога Савета народных дэпутатаў ад 5 верасня 1991 г. № 167 «Аб гербе г. Мінска і аб вяртаньні гораду яго гістарычнай назвы Менск»
  3. ^ Зміцер Яцкевіч. Невядомая вуніяцкая царква ў Менскім замку // Каштоўнасці мінуўшчыны. Зборнік 1: Праблемы зберажэння гісторыка-культурнай спадчыны Менска, 1998.
  4. ^ А. Сцепулёнак. Сучасная гістарыяграфія геральдыкі Беларусі / А. В. Сцепулёнак // II Машеровские чтения: региональная научно-практическая конференция студентов, магистрантов и аспирантов, Витебск, 24—25 апреля 2007 г.: в 3 т. / Вит. гос. ун-т. им. П. М. Машерова; редкол.: Г. И. Михасёв [и др.]. Т. 2. — Витебск, 2007. — С. 59—60
  5. ^ А. К. Цітоў. Сімвалы горада і Менскага ваяводства: Пячаткі і герб // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 215
  6. ^ Ева Вайтоўская. Горад Дзевы Марыі // «Новы Час» № 30 (114), 12 верасня 2008 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  73БЛ000033