Герб Пружанаў
Герб го́раду Пружаны ўяўляе сабой выяву зьвілістай блакітнай зьмяі з залатой каронай на галаве, якая вывяргае дзіця[1], на срэбным полі.
Першапачаткова нададзены гораду 3 траўня 1588 Ганнай Ягелонкай, дачкой каралевы Боны Сфорцы, разам з магдэбурскім правам. У наш час зацьверджаны рашэньнем пружанскага райвыканкаму № 1214 ад 20 кастрычніка 1998 году. У гербавы матрыкул Рэспублікі Беларусь занесены 21 сьнежня 1998 пад №31[2].
Зьмест |
[рэдагаваць] Апісаньне
3 траўня 1588 року каралева Ганна Ягелонка даравала мястэчку Магдэбурскае права разам зь пячаткаю і гербам «у срэбным полі зьвілістая блакітная зьмяя з залатой каронай на галаве вывяргае дзіця». Праз рок, 6 траўня 1589[3], кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза пацьвердзіў прывілей уласнай граматай[4]. Ягоны дакумэнт — адзіная крыніца, якая тлумачыць сэнс выяўленых на гербе фігураў: «дзіця зьяўляецца з пашчы зьмяі, што сымбалізуе наноў прабуджаную заўжды маладую сілу ў спалучэньні з мудрасьцю, здольнасьць сьвету да самаачышчэньня і абнаўленьня»[5].
|
[рэдагаваць] Мілянскія карані гербу
Нададзены Пружанам герб вельмі падобны да родавага гербу Сфорцаў. Першапачаткова выява зьяўлялася гербам міланскага роду Вісконці. Існуе некалькі легендаў пра паходжаньне гербу.
Згодна зь легендай, у крыжовым паходзе ў 1187 Атон Вісконці сустрэўся ў паядынку з сарацынскім прынцам. Атон насіў выяву з сям’ю каронамі, выразанымі на шчыце, бо ён забіў семярых асілкаў, няверны маўр меў на шчыце выяву зьмяі, якая глытае дзіцё. Гэта зьяўлялася насьмешкай над хрысьціянамі, бо немаўля сымбалізавала Хрыста. Атон забіў сарацына, забраў яго шчыт і са славай вярнуўся дадому, пасьля чаго вырашыў абраць выяву на шчыце сваім гербам[6].
Лічыцца, што гэтая легенда ўзыходзіць да часоў Матэо Вісконці Вялікага (1250—1322). Матэо Вялікі, азірнуўшыся на цёмнае мінулае сваёй сям’і, вырашыў, што неабходна стварыць слаўную сагу пра Вісконці, і зьвярнуўся да прыдворных пісьменьнікаў, каб тыя стварылі фамільныя легенды і вынайшлі слаўных продкаў. Такім чынам, была створана легенда пра вэтэрана Першага крыжовага паходу, які памёр у Рыме ў 1111[7].
Паводле іншай вэрсіі, намаляваны дракон называўся Tarantasio, у V стагодзьдзі (або ў XIII стагодзьдзі[6]) спусташаў навакольлі Мілану на возеры Герунда (цяпер зьніклага). Дракон еў дзяцей, атручваў сваім дыханьнем ваду і прымушаў людзей хварэць, пакуль ня быў забіты родапачынальнікам роду Умбэрта Вісконці.
Мяркуюць таксама, што Вісконці для свайго герба проста выкарыстоўвалі старажытны лямбардзкі сымбаль — блакітную зьмяю, якую насілі ў якасьці абярэга[7].
У цяперашні час Мілян мае іншы герб — чырвоны крыж на срэбным полі. Выява зьмея зь дзіцём выкарыстоўваецца на лягатыпе Alfa Romeo.
[рэдагаваць] Расейская імпэрыя
Пасьля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай Пружаны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. Гербы местаў сталі замяняцца паняцьцем «герб павятовы», пры стварэньні якіх ўлічваліся асаблівасьці цэлага рэгіёну, а не канкрэтнага места. Такім чынам у самым пачатку XIX стагодзьдзя Пружаны атрымалі герб зь дзьвюх частак: «у верхняй палове коньнік на сярэбраным полі, узброены мячом у правай і шчытом у левай руцэ[8], у ніжняй — выява зубра»[9]. Такі герб амаль цалкам паўтараў сам знак Гарадзенскай губэрні, у склад якой уваходзілі Пружаны.
6 красавіка 1845 расейскі цар зацьвердзіў іншы варыянт гербу: «у залатым полі зялёная елка, на галінах якой вісіць паляўнічы ражок», што сымбалізавала повязь зь Белавескай пушчай. Пазьней у верхняй палове шчыту быў разьмешчаны зубар — герб Гарадзенскай губэрні.
У 1861 року быў складзены праект гербу ў адпаведнасьці з геральдычнымі прынцыпамі Бэрнгарда Кёнэ. Елка заняла ўсё поле шчыту, губэрнскі герб быў падняты ў верхнюю правую частку. Па-за шчытом былі дададзеныя два молаты, аперазаныя Аляксандраўскай стужкай, зьверху зьявілася карона. Гэты праект ня быў афіцыйна зацьверджаны[10].
Цікава, што на пячатцы 1916 року спалучаная выява расейскага гербу і даўняга пружанскага гербу з выявай зьмяі.
[рэдагаваць] Другая Рэч Паспалітая
У пэрыяд з 1921 па 1939 урад Пілсудзкага вярнуў Пружанам герб, нададзены ў XVI стагодзьдзі, толькі колер шчыту зьменены на зялёны.
[рэдагаваць] Савецкі час
У складзе БССР Пружаны, як і іншыя месты, свайго ўласнага гербу ня мелі. Пэўны час на паштоўках, значыках, вымпелах, брашурах, пры ўезьдзе ў места ўжывалі малюнак «у верхняй частцы елка, у ніжняй — зубар»[9].
[рэдагаваць] Рэспубліка Беларусь
У 1996 року быў абвешчаны конкурс на стварэньне праекту гербу, у якім мог узяць удзел кожны ахвочы. 25 сакавіка 1997 Пружанскі райвыканкам пастановай №329 абвясьціў пераможцу — праект Леаніда Спаткая. Паводле афіцыйнага апісаньня герба гораду:
| Срэбны гербавы шчыт, акаймаваны золатам, падзелены блакітным вілападобным зьвілістым крыжом на тры палі. У верхняй частцы — рог дастатку натуральнага колеру; у правай — блакітны вуж з залатой каронай, з пашчы якога нараджаецца дзіця (натуральнага колеру); у левай — гарлач чорнай керамікі. | ||
|
—Натальля Пракаповіч, Геральдыка на Пружаншчыне |
||
Вілавідны крыж сымбалізуе сутокі рэкаў Вец і Муха у Мухавец, рог — працавітасьць і заможнасьць мясцовых жыхароў. Вуж, узяты са старажытнага гербу Пружанаў, — славутую мінуўшчыну і старажытнасьць места. Гарлач — адзін зь відаў ганчарнага майстэрства, якое існавала ў горадзе да 1970-х гадоў.
Аднак з прычыны неадпаведнасьці дадзенага праекту геральдычным канонам новы герб ня здолеў прыжыцца. Неўзабаве быў вернуты першапачатковы варыянт гербу гораду, зацьверджаны рашэньнем пружанскага райвыканкаму № 1214 ад 20 кастрычніка 1998 году.
[рэдагаваць] Крыніцы і заўвагі
- ^ Дзіця зьяўляецца з пашчы зьмяі, што сымбалізуе вечна юную сілу ў злучэньні з мудрасьцю, здольнасьць сьвета да самаачышчэньня і абнаўленьня.
- ^ Гербовый матрикул Республики Беларусь(рас.) Гербы городов Брестской области Праверана 5 траўня 2012 г.
- ^ Prużana // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom IX: Poźajście — Ruksze. — Warszawa, 1888. S. 110.
- ^ Старонкі мінулага // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Пружан. р-на / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.; Маст. А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1992. ISBN 5-85700-094-7. — С. 24.
- ^ Чистова Ольга Васильевна. Дневник овч » Гербы » Герб г. Пружаны. Беларусь(рас.) Праверана 27 сьнежня 2011 г.
- ^ a b Il Biscione tra Storia e Leggenda
- ^ a b Biscione e il Mistero del Lago Gerundo.htm Lo stemma dei Visconti: Il 'Biscione'
- ^ Герб Вялікага Княства Літоўскага «Пагоня»
- ^ a b Натальля Пракаповіч. Геральдыка на Пружаншчыне Усё пра Ружаны Праверана 17 студзеня 2012 г.
- ^ Пружаны герб(рас.) Гербы Брестской области Праверана 17 студзеня 2012 г.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Герб Пружанаў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Пружаны: гісторыя гербу (рас.)