Гердзень

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гердзень
Князь полацкі
1264 — 1267
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1190
Памёр 1267(1267)

Гердзень (каля 1190 — 1267) — князь нальшанскі, князь полацкі (1264—1267).

Імя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гердзень (імя)

Імя Гердзень зьмяшчае той жа фармант (-герд-), што і імя Альгерд, якое мае поўныя германскія адпаведнікі (герцаг Альгерд з Гогенштайну)[1].

Мовазнаўца і гісторык Алесь Жлутка супастаўляе імя Гердзень з адпаведнікамі ст.-польск. Gerdin (1445), Gerden (1471), Girden (1460); ст.-чэск. Gridon (1029), Gherdon (1186), Hyrdon (1205); серб. Gerdanus (1278—1301) і тлумачыць яго як скарочаную форму (гіпакарыстык) ад двухасноўнага імя Гердобор, Gerdobor[2]. Гісторык Павал Урбан у сваёй кнізе «Старажытныя ліцьвіны» таксама адзначае яшчэ адзін адпаведнік — памянёнага Козьмам Праскім чэскага вяльможу Грдоня, сына Янека[3].

Паводле менскага дасьледніка Алёхны Дайліды, які разьвівае германскую (перадусім усходнегерманскую) этымалёгію імёнаў літоўскіх князёў і баяраў, фармант -герд- паходзіць ад гоцкага gairdan 'падпяразваць' (пераноснае 'ахоўваць'), garda 'агароджа' (пераноснае 'ахова, бясьпека')[4]. Такім парадкам, імя Гердзень азначае «ахоўнік» і цалкам адпавядае германскаму імю Gardin (Gerting)[5]. Дасьледнік зьвяртае ўвагу на тое, што імя Гердзень (як і Трайдзень, Віцень) мае ўласьцівы для германскіх імёнаў канчатак -ен, якога няма ў балтыйскіх імёнах[6].

Варыянты імя князя ў гістарычных крыніцах: Gerdine de Nailse (15 чэрвеня 1260 году)[7][8]; Гердень (1263 год[9]; Наўгародзкі першы летапіс[10], Наўгародзкі чацьверты летапіс[11], Сафійскі першы летапіс[12]); Ердень[13] або Гердень[14] (Васкрасенскі летапіс).

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Ноўгародзкага Першага летапісу быў сынам нейкага Давыда Расьціславіча, якога некаторыя дасьледнікі лічаць смаленскім князем. Але гэта малаверагодна, бо той жа летапіс кажа пра Гердзеня як пра «літоўскага князя». У гэтым сьвятле цікава паведамленьне пазьнейшага Васкрасенскага летапісу які кажа, што Гердзень быў сынам Давіла Расьціславіча і малодшым братам Віда, згодна з гэтым летапісам Гердзень быў стрыечным братам Міндоўга. Дарэчы, некаторыя крыніцы завуць Давіла Расьціславіча Давыдам і нават Данілам, мо менавіта гэтым, ды рэдкасьцю імя, тлумачацца разыходжаньні паміж Наўгародзкім Першым і Васкрасенскім летапісамі наконт імя бацькі Гердзеня. Меў за жонку нейкую Эўпраксію, цётку Даўмонта, і зь ёй двух сыноў Андрэя і невядомага на імя.

Гердзень згадваецца як нальшанскі князь у падробленай грамаце Міндоўга ў якасьці яго сваяка і сьведкі. Падробленасьць граматы не памяншае значнасьці гэтых зьвестак, бо ніхто ня стаў бы, фальшуючы грамату, пазначаць у ёй нерэчаісных сьведак. У грамаце Гердзень запісаны чацьвертым пасьля самога Міндаўга, брата яго жонкі Лонгвіна і добра вядомага Парбуса.

Падрабязнасьці жыцьця Гердзеня да 1264 году невядомыя. У 1264 годзе па выгнаньні палачанамі з дапамогай Войшалка вылучэнца Траняты Канстанціна — заняў полацкі сталец. 23 сьнежня 1264 году ад Полацкага і Віцебскага княстваў склаў мірную дамову з Рыгай і Готляндам, якая вызначала правілы гандлю і паводле якой Гердзень адмаўляўся ад земляў ва ўсходняй Латгаліі, аддадзеных князем Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за гэта ордэн абавязваўся не нападаць на Полацкую зямлю. Гердзень ня ўвесь час знаходзіўся ў Полацку, відаць, нярэдка наведваючы Нальшаны і Літву. Верагодна, ён быў не адзіным князем у Нальшанах, а адным з тамтэйшых князёў. Таксама цікавае пытаньне, чаму Войшалк дапамог атрымаць Полацак Гердзеню не зважаючы на яго старэйшага брата Віда. Былы нальшанскі князь Даўмонт стаўшы пскоўскім князем у 1266—1267 гадох тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У час апошняга зь іх Гердзень загінуў[15], а яго жонка і сыны трапілі ў палон.

Таксама невядома ці быў ён адзіным князем у Полацку, бо яшчэ пры яго жыцьці, ў 1265 годзе, як полацкі князь згадваецца Ізяслаў, у той жа час Гердзень быў полацкім князем да сваёй сьмерці ў 1267 годзе. Некаторыя дасьледнікі лічаць, што згадваньне Ізяслава ў грамаце ёсьць памылка перапісчыка, што ён быў толькі віцебскім князем, а полацкі сталец заняў ужо па сьмерці Гердзеня.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 47.
  2. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 111.
  3. ^ Урбан П. Старажытныя ліцьвіны: мова, паходжаньне, этнічная прыналежнасьць. — Менск: 2001. С. 48.
  4. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 17.
  5. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 21.
  6. ^ Дайліда А. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага: ад стварэння да Крэўскай уніі / Рэц. С. Тарасаў. — Менск, 2019. С. 19.
  7. ^ Пожалование Миндовга для Тевтонского ордена в Ливонии на всю Литовскую землю — фальсификат (1260), Fontes historiae Magni Ducatus Lithuaniae
  8. ^ Міндаў, кароль Літовіі, у дакумэнтах і сьведчаньнях / А. Жлутка. — Менск, 2005. С. 39.
  9. ^ Полоцкие грамоты XIII — начала XVI в. Т. 1. — М., 2015. С. 58.
  10. ^ ПСРЛ. Т. 3. — СПб., 1841. С. 59.
  11. ^ ПСРЛ. Т. 4. — СПб., 1848. С. 40.
  12. ^ ПСРЛ. Т. 5. — СПб., 1851. С. 193.
  13. ^ ПСРЛ. Т. 7. — СПб., 1856. С. 253.
  14. ^ ПСРЛ. Т. 7. — СПб., 1856. С. 167.
  15. ^ Варонін В. Гердзень // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 530.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]