Глябальнае паселішча

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Глябальнае паселішча (па-ангельску: Global Village) — тэрмін, уведзены ва ўжытак Маршалам МакЛуганам[1] і папулярызаваны ў ягоных кнігах «Гутэнбэрская галяктыка: стварэньне тыпаграфічнага чалавека» (па-ангельску: The Gutenberg Galaxy: The Making of Typographic Man) (1962) ды «Спасьцігаючы мэдыі» (па-ангельску: Understanding Media) (1964). МакЛуган апісвае пераўтварэньне сьвету ў глябальнае паселішча, якое адбылося ў выніку разьвіцьця камунікацыйных тэхналёгіяў, старт якім дало вынаходніцтва электрычнасьці й стварэньне тэлефону й тэлеграфу[2], а таксама пазьнейшае зьмяненьне канхвігурацыі інфармацыйных сетак, што дазволіла ўвадначасьсе перадаваць інфармацыю ад кожнай з адасобленых шматлікіх крыніцаў на цэлыя сеткі (па-ангельску: point-to-multipoint broadcasting) (сынхранізм), у параўнаньні зь сярэднявеччам, калі перадача інфармацыі у грамадзтве адбывалася дыяхранічна, то бок паралельна[3]. Зьліцьцё сацыяльных і палітычных функцыяў грамадзтва з распаўсюдам электрычных тэхналёгіяў падвысіла разуменьне адказнасьці людзей да неверагоднай раней ступені[4].

Сёньня азначэньне «глябальнае паселішча» выкарыстоўваецца збольшага як мэтафара ў дачыненьні да Сеціва. У Інтэрнэце фізычная адлегласьць між людзьмі зьяўляецца абсалютна неістотным для камунікацыі чыньнікам, што дазволіла сацыяльнае сфэры пашырыцца на ўсю плянэту й дало магчымасьць людзям вольна аб’ядноўвацца па якіх-заўгодна прыкметах у суполкі, меркавацца, не зважаючы на адлегласьці й розьніцу між удзельнікамі дыскусіі, і падобнае. Такім чынам, Сеціва ўяўляе сабой канглямэратыўнае, але тым ня меней аб’яднанае, хаця й не ўніфікаванае асяродзьдзе[5]. Заўдзякі імгненнай перадачы інфармацыі ў Сеціве, што дазваляе карыстальнікам імгненна атрымваць і вельмі хутка рэагаваць на навіны з усёй плянэты, адказнасьць людзей за тое, што адбываецца ў іншых краінах, падвысілася непараўнальна[6].

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ідэя Інтэрнэту як падставовага чыньніка фармаваньня глябальнага паселішча выклікала пэўную крытыку. Так, сучасны тэарэтык Ґлен Ўілмат (па-ангельску: Glenn Willmott) заявіў, што ідэя МакЛугана ўяўляе сабой выняткова клішэ (хаця й прыгожае), бо не бярэ ва ўлік дзяржаўную цэнзуру ў Сеціве, выкарыстаньне ягоных магчымасьцяў дзеля прапаганды недэмакратычных ідэяў, якія маюць на мэце разлучэньне, а не аб’яднаньне людзей, ды кантроль над інфармацыяй у Інтэрнэце (асабліва над навінамі)[7]. Лічбавая няроўнасьць (па-ангельску: digital divide) таксама запярэчвае ідэі Сеціва як глябальнага паселішча: калі далёка ня ўсе людзі маюць параўнальны паводле сваіх магчымасьцяў дасяг да Сеціва (гэта датычыць у найбольшае ступені мяншыняў ды пластоў насельніцтва зь нізкім дабрабытам) ды такім чынам зьяўляюцца адсечанымі ад плыні навіноў ды ня маюць магчымасьці браць удзелу ў дзейнасьці сеціўных суполак, то сучасныя тэлекамунікацыйныя тэхналёгіі не забясьпечваюць разьвіцьця глябальнага паселішча ў выглядзе, апісаным МакЛуганам.

Сацыяльныя мэдыі таксама могуць спрыяць далейшаму падзелу людзей паводле розных прыкметаў, толькі ўжо ў Сеціве. Падобны працэс падрабязна апісаны, прыкладам, такімі навукоўцамі, як Маршал Ван Олстайн (па-ангельску: Marshall Van Alstyne) ды Эрык Брынёлфсан (па-ангельску: Erik Brynjolfsson) у эсэ «Сеціўныя суполкі: глябальнае паселішча ці віртуальныя Балканы?» (па-ангельску: Electronic Communities: Global Village or Cyberbalkans?)[8]. У гэтым артыкуле яны напалягаюць на тым, што, нягледзячы на здольнасьць сеціўных тэхналёгіяў ды паўсталых на іхнае падставе сацыяльных сэрвісаў яднаць людзей, яны таксама здольныя «балканізаваць», ці падзяляць паводле этнічнае, моўнае, геаграфічнае, гістарычнае ці іншых прыкметаў шляхам стварэньня суполак для аб’яднаньня людзей на падставе нейкае пэўнае прыкметы.

Ад глябальнага паселішча да глябальнага тэатру[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аніводны разьдзел працы Спасьцігаючы мэдыі, як і аніводная глава ў іншых творах МакЛугана не надаюць ідэі, што глябальнае паселішча й электронныя мэдыі створаць уніфікаваныя супольнасьці. У інтэрвію Джэрарду Стэрну (па-ангельску: Gerard Stearn) [9] МакЛуган заявіць, што ніколі не казаў пра тое, што глябальнаму паселішчу будуць уласьцівыя такія якасьці, як аднастайнасьць і зацішнасьць. Сама канцэпцыя глябальнага паселішча забясьпечвае існаваньне максымальнае колькасьці меркаваньняў самага рознага кшталту, бо тэхналёгіі, што стварылі паселішча, далі штуршок разьвіцьцю новых тоеснасьцяў і адраджэньню малых ды зьніклых нацыяў. Такім чынам, робіць выснову навуковец, глябальнае паселішча поўнае нутраных супярэчнасьцяў, і процістаяньне зьяўляецца звыклай рэччу для яго.

Пасьля публікацыі працы Спасьцігаючы мэдыі (па-ангельску: Understanding Media) ў 1964 годзе МакЛуган пачынае карыстацца з тэрміну «Глябальны тэатар» замест «глябальнага паселішча» з мэтай падкрэсьліць зьмену сацыяльных роляў у новым інфармацыйным грамадзтве (пераўтварэньне спажыўца ў стваральніка інфармацыі й ейнага прамотара, пераход ад герархічнае да праектнае структуры арганізацыі, зрух акцэнту з працоўнае пасады на працоўную ролю й падобнае)[10].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Акрамя МакЛугана, аўтарства канцэпцыі глябальнага паселішча таксама прыпісваюць Ўіндгаму Льюісу ў працы Амэрыка й чалавек космасу (па-ангельску: America and Cosmic Man) (1948) ды Джэймсу Джойсу ў творы Разьвітаньне зь Фінэґанам (па-ангельску: Finnegan's Wake), але аніводны зь іх не скарыстаўся менавіта з гэтага спалучэньня словаў. Паводле сына сп. МакЛугана Эрыка МакЛугана, ягоны бацька, які навучаўся ў Джойса й быў блізкім сябрам Льюіса, мог абмяркоўваць зь імі абодвума гэты тэрмін. Але, паколькі няма ніякіх сьведчаньняў таго, што ідэю МакЛуган распрацоўваў разам з Джойсам ды Льюісам, аўтарства канцэпцыі аддадзенае цалкам яму. Крыніца: Паходжаньне азначэньня «Глябальнае паселішча»
  2. ^ МакЛуган, Маршал. Спасьцігаючы мэдыі. (Gingko Press, 1964, 2003) стар. 6.
  3. ^ МакЛуган, Маршал. Лісты Маршала МакЛугана. (Oxford University Press, 1987) стар. 254.
  4. ^ Спасьцігаючы мэдыі стар. 6.
  5. ^ http://www.cios.org/encyclopedia/mcluhan/m/m.html
  6. ^ http://www.aber.ac.uk/media/Students/bas9401.html
  7. ^ http://www.cjc-online.ca/index.php/journal/article/view/1077/983
  8. ^ http://papers.ssrn.com/sol3/papers.cfm?abstract_id=756445
  9. ^ Стэрн, Джэрард Эмануэль (па-ангельску: Gerard Stearn). McLuhan Hot & Cool (Penguin Books, 1968) стар. 314.
  10. ^ МакЛуган, Маршал ды Нэвіт, Барынґтан (па-ангельску: Newitt, Barrington). From Take Today: The Executive as Dropout (Harcourt Brace, 1972) стар. 265 й задняя вокладка.