Голас Амэрыкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Голас Амэрыкі (па-ангельску: Voice of America (VOA)) — міжнародная радыёстанцыя, якая фундуецца Кангрэсам ЗША праз урадавы орган — «Рада кіраўнікоў вяшчаньнем» (па-ангельску: Broadcasting Board of Governors).

Радыёстанцыя «Голас Амэрыкі» ўпершыню выйшла ў этэр 24 лютага 1942 году. «Мы будзем гаварыць аб Амэрыцы і вайне, навіны могуць быць добрымі або дрэннымі — мы будзем паведамляць вам праўду», — такімі словамі радыёстанцыя пачала вяшчаньне. «Голас Амэрыкі» ствараўся ў процівагу гебэльсаўскай прапагандысцкай машыне.

«Голас Амэрыкі» ў СССР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Расейскі аддзел на радыёстанцыі зьявіўся ў 1947 годзе, з пачаткам «халоднае вайны». У сярэдзіне 1970-х «Голас Амэрыкі» быў рэарганізаваны — радыёстанцыя больш не зьяўлялася ўрадавай, і ў радыёжурналістаў зьявілася магчымасьць выказваць уласны пункт погляду (або «пазыцыю рэдакцыі») на падзеі, якія адбываюцца ў сьвеце.

У савецкія гады «Голас Амэрыкі», нароўні з радыёстанцыяй «Свабода», быў адным з крыніц інфармацыі аб падзеях у СССР і сьвеце. Савецкія ўлады падвяргалі «глушэньню» перадачы абодвух радыёстанцыяў на расейскай мове і іншых мовах народаў СССР.

Назоў «Голас Амэрыкі» ў СССР хутка стаў хадзячай назвай — замежныя радыёстанцыі, якія крытыкавалі палітыку СССР і краінаў сацлягера, абагульнена зваліся «варожымі галасамі». Глушэньне спынілася толькі з прыходам «перабудовы».

2006 год[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2006 годзе аб’ём вяшчаньня на Расею складае ўсяго 3 гадзіны ў суткі (зь іх 1 гадзіна — паўтор ад учорашняга дня). Таксама выходзіць паўгадзінная праграма тэленавінаў на расейскай мове, якая трансьлюецца на цэнтральную частку Расеі пры дапамозе спадарожніка.

Скарочаныя альбанская, басьнійская, македонская, сэрбская рэдакцыі, і спыненае радыёвяшчаньне на мове гіндзі. Поўнасьцю спыненае вяшчаньне на харвацкай, турэцкай, тайскай, грэцкай і грузінскай мовах.

Чакаецца, што ў 2007 годзе радыёстанцыя спыніць вяшчаньне на расейскай мове. Затое плянуецца карэнным чынам абнавіць расейскамоўны вэбсайт радыёстанцыі.

Зьмены ў праграмнай сетцы «Голасу Амэрыкі» тлумачацца зьменай прыярытэтаў — на атрыманыя сродкі павялічваецца аб'ём вяшчаньня на краіны Блізкага Ўсходу. Было ўзмоцненае тэлевізійнае вяшчаньне «Голасу Амэрыкі» на пэрсыдзкай мове, радыё «Farda» (пакрывае тэрыторыю Ірану) атрымала дадатковае фінансаваньне на разьвіцьцё інтэрнэт-бачыны. У рэжым кругласутачнага пераведзены тэлеканал «Alhurra», пашыраны рэпэртуар «Голасу Амэрыкі» ў Аўганістане.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Голас Амэрыкісховішча мультымэдыйных матэрыялаў