Готлянд (востраў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Готлянд
Gotlands läns vapen.png
Месца Балтыйскае мора
Плошча 3 140 км²
Краіна Сьцяг Швэцыі Швэцыя
Насельніцтва (2006) 57 317
Каардынаты 57° пн. ш. 18° у. д. / 57° пн. ш. 18° у. д. / 57; 18Каардынаты: 57° пн. ш. 18° у. д. / 57° пн. ш. 18° у. д. / 57; 18
Готлянд на мапе Швэцыі
Готлянд
Готлянд
Готлянд

Готлянд (па-швэдзку: Аўдыё Gotland ) — востраў у Балтыйскім моры, а таксама адміністрацыйная адзінка і асобная этнаграфічная вобласьць у сучаснай Швэцыі.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мапа Готлянда

Готлянд — другі па велічыні востраў ў Балтыйскім моры пасьля Зэляндыі ды самы вялікі сярод астравоў, што належаць Швэдзкай кароне. Плошча Готлянду складае 3140 км² (0,8% ад усёй Швэцыі), а разам з прылеглымі астравамі (сярод іх вылучаюцца перадусім Форэ ды Готска Сандэн) плошча рэгіёну павялічваецца прыкладна да 3300 км². Велічыня берагавой лініі (разам з Форэ) — 800 км, шырыня — 50, даўжыня — 176 км. Разьмешчаны Готлянд за 90 км на паўднёвы ўсход ад мацярыковай часткі Швэцыі і за 130 км ад Латвіі. Сярэдняя вышыня вострава — 30-50 м, найвышэйшы пункт (Лёйста-гёйд)- 83 м.

Адміністрацыйным цэнтрам лэну Готлянд ёсьць горад Вісьбю.

Геалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тыповыя для Готляда карставыя скалы.

Востраў Готлянд утвораны з асадкавай пароды, сфармаванай 400 млн гадоў назад, у сілурыйскі пэрыяд. У той час Готлянд знаходзіўся блізу экватара, у цёплым плыткім моры. Вялікія масы пяску і вапняковых наносаў утварылі подсьціл, які зь цягам часу быў спрэсаваны да мергелістага сланцу. Затым ужо былі сфармаваныя адклады пясчаніку, які зараз, аднак, сустракаецца толькі на самым поўдні Готлянду.

Вапняковыя адклады дасюль складаюць асноўную славутасьць Готлянду. Зь цягам часу яны выветрыліся і ўтварылі характэрныя карставыя скалы (раўкары), што ў вялікай колькасьці сустракаюцца на марскім узьбярэжжы як Готлянду, так і Фаро. Менавіта гэтыя раўкары прывабліваюць у рэгіён дзясяткі тысячаў турыстаў штогод. Таксама зь сілурыйскай эпохі па ўсёй высьпе раскіданыя выкапні арганічнага паходжаньня — рэшткі каралаў і малюскаў-брахіяподаў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пісьмовай крыніцай для вывучэньня старажытнай гісторыі вострава служыць рукапіс Гуталягу — зборнік звычаёвага права Готлянду, напісаны да сяр. 14 ст. Апошнія 8 аркушаў рукапісу, прысьвечаныя выключна апісаньню гістарычных падзей і звычаяў, былі выдзеленыя дасьледчыкамі ў асобную частку пад назвай «Сага пра гутаў» (Gutasaga). Сага пачынаецца з расповеду пра абжываньне Готлянду першым пасяленцам Чэльварам (Þjelvar) і ягонымі нашчадкамі. Аднаго з сыноў Чэльвара звалі Гуты, ад якога, відаць па ўсім, і пашла назва жыхароў вострава — гутаў. Аднак, нягледзячы на легендарны пачатак сагі, усё ж пераважная большасьць пададзенага матэрыялу выклікае ў навукоўцаў безумоўны давер. Так, у ёй ідзецца пра меркаванае перасяленьне жыхароў Готлянду з вострава на кантынэнт у 5-6 стагодзьдзях н.э., пра палітычны хаўрус з свэямі, продкамі цяперашніх швэдаў, які быў заключаны да пачатку 7 стагодзьдзя, пра паганскія вераваньні й хрышчэньне вострава, гандлёвыя стасункі, адміністрацыйны лад і інш.

Згодна ж археалягічным дасьледваньням, людзі атабарыліся на высьпе больш за 7000 гадоў назад. Вялікая колькасьць розных знаходак са срэбра дае падставу сьцьвярджаць, што гандаль Готлянду з кантынэнтальнай Эўропай дасягнуў свайго росквіту ўжо ў часы існаваньня Рымскай імпэрыі, а мо’ нават і раней. Сярод знаходак больш за ўсё дзівіць навукоўцаў надзвычай вялікая колькасьць арабскіх манэтаў, якія траплялі на востраў пераважна праз пасярэдніцтва рускіх купцоў.

У часы вікінгаў Готлянд разам са сваёй сталіцай здабыў статус гандлёвага цэнтру Балтыйскга мора. Зручнае месцазнаходжаньне вострава на скрыжаваньні гандлёвых шляхоў сталася крыніцай багацьця мясцовага набілітэту на доўгія гады, а далучэньне Вісьбю да Ганзэйскага хаўрусу прынесла ўвогуле нечуваныя прыбыткі.

Зрэшты, гэтае далучэньне адбылося пасьля захопу вострава немцамі, якія пакрысе манапалізавалі гандлёвыя сувязі вострава з астатнім сьветам. Усе гандлёвыя шляхі ішлі празь Вісьбю, які кіраваўся асобным правам, чым астатняя тэрыторыя вострава. Гэта почасту прыводзіла да жорсткіх канфліктаў паміж нямецкімі купцамі і мясцовымі сялянамі. Самы крывавы канфлікт у рэшце рэшт перарос у сапраўдную вайну, што скончылася замірэньнем толькі праз умяшальніцтва швэдзкага караля Магнуса ІІІ ў 1288.

Вальдэмар Атэрдаг рабуе Вісьбю, 1361, мастак — Карл Густаў Гэльквіст

У 1361 годзе востраў быў заваяваны войскамі дацкага караля Вальдэмара Атэрдага, а ў 1394 — вітальерамі — магутнай пірацкай групоўкай, якая пераўтварыла Вісьбю ў сваю сталіцу. На нядоўгі час Готлянд стаў цэнтрам пірацтва ў Балтыйскім моры. Заклапочаная заняпадам гандлёвых сувязяў, дацкая каралева Маргарыта І, якая на той час шукала шляхоў дамінаваньня ў рэгіёне, заахвоціла да барацьбы зь вітальерамі тэўтонскіх рыцараў, паабяцаўшы ім узамен дадаць Готлянд да ўладаньняў ордэна. Як вынік, 21 сакавіка 1398 г. тэўтоны пад кіраўніцтвам Конрада фон Юнгінгэна высадзіліся на высьпе і на працягу двух тыдняў захапілі ўсе найважнейшыя ўмацаваньні ворага.

Да гэтага ж часу адносіцца заняпад традыцыйнай судова-заканадаўчай сыстэмы Готлянду, прадстаўленай у выглядзе 12 народных сходаў альбо «тынгаў» («þing»). Агульнаграмадзкі сход называўся «тынгам усіх гутаў» («gutnalþing») і зьяўляўся вышэйшым судова-заканадаўчым органам на высьпе, які прымаў канчатковыя рашэньні пра вайсковыя паходы, збор падаткаў, пакараньні й г.д.

У 1407 ці 1408 г. Готлянд быў прададзены рыцарамі каралеве Маргарыце, а Вісьбю — нарвэскаму каралю Эрыку ІІІ. Вярнуць сабе востраў Швэцыя здолела пасьля вайны 1643—1645 гг. па ўмовах Брэмсэбрускага дагавору. Аднак канчатковы пераход Готлянду да Швэцыі адбыўся толькі ў 1679 г., пасьля трохгадовай акупацыі вострава тымі ж датчанамі.

З тых часоў Готлянд настала ператварыўся ў швэдзкую правінцыю. Пад час розных тэрытарыяльных канфліктаў значэньне вострава як вайсковага пляцдарму ўзрастала, але ў мірныя часы не было ахвотных жывіцца зь ейных багацьцяў. Так, яшчэ ў 1806 годзе кароль Густаў IV Адольф прапанаваў Готлянд у валоданьне мальтыйскім рыцарам, выгнаным з свайго вострава Напалеонам, але тыя адмовіліся ад угоды. У 1812 г. на востраве была ўтвораная готляндзкая міліцыя — першае фармаваньне такога кшталту ўва ўсёй Швэцыі.

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пры шчыльнасьці 18,4 чал/км² агульная колькасьць насельнікаў Готлянду паводле перапісу 2006 году складае 57 317 чалавек (0,6% ад усіх насельнікаў Швэцыі). Зь іх каля 22600 чалавек жывуць у Вісьбю. За пэрыяд па Другой Сусьветнай вайне колькасьць жыхароў вострава застаецца прыблізна аднолькавай — у межах 53500-59500 чалавек, з дэмаграфічным мінімумам у 1963 годзе.

У сучаснай Швэцыі насельнікаў Готлянду дасюль почасту называюць «гутамі» («gutar»), калі гаворка тычыцца асобы, чые продкі ёсьць карэннымі насельнікамі вострава. Аднак на афіцыйны манер больш тактоўным выглядае найменьне «готляндцы» («gotlänningar»), якое не падзяляе людзей у залежнасьці ад іх паходжаньня.

Населеныя пункты Готлянду[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вісьбю

У сьпісе прадстаўленыя населеныя пункты з колькасьцю жыхароў болей за 500 чалавек (па стане на 31 сьнежня 2010 году).

# Паселішча Насельніцтва
1 Вісьбю 22 593
2 Гэмсе 1 715
3 Сьлітэ 1 483
4 Клінтэгамн 1 363
5 Вібле 1 286
6 Рума (Румаклёстэр) 913
7 Форэсунд 816

Расьлінны й жывёльны сьвет[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Готляндзкі поні

Сымбалямі вострава зьяўляюцца вожык і плюшч. Сярод найраспаўсюджаных жывёлаў — свойскае быдла, авечкі, коні.

Асаблівую цікавасьць уяўляе сабой готлядзкі поні — нашчадак тарпанаў, які зьявіўся на высьпе не пазьней чым 3000 гадоў назад. На пачатку 20 ст. готлядзкі поні амаль вымер, але намаганьнямі асобных энтузіястаў быў адроджаны як від, і зараз ягоная колькасьць сягае блізу 9000 асобін па ўсёй Швэцыі.

Мясцовыя цікавосткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крушня манастырскай царквы ў Руме (1164).
  • Першым у пераліку готляндзкіх цікавостак ідзе ганзэйскі горад Вісьбю з сваім велічным мурам даўжынёй у 3,6 км. У 1995 годзе ЮНЭСКА дадала гэты горад да сьпісу сусьветнай спадчыны.
  • Другой па значнасьці можна прызнаць рэлігійную спадчыну вострава, якую сымбалізуюць 93 царквы, збудаваныя ў 11-14 стагодзьдзях. Многія з старых бажніц дайшлі да нас у некранутым выглядзе. Цікава, што зь сярэдзіны 14 ст. і ажно да 1960 г. на Готлядзе не было збудавана ніводнай царквы.
  • Люмелюндзкія пячоры (знаходзяцца ў 13 км на поўнач ад Вісьбю) — бадай, самая захапляльная турыстычная вандроўка па маршруце, распрацаваным прыродай за апошнія 400 млн гадоў.
  • Этнаграфічны музэй у Бунгэ, заснаваны яшчэ ў 1907 г., прапануе экспазыцыю, што рэканструюе лад жыцьця XVI-XVIII стагодзьдзяў.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Готлянд (востраў)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў