Мікашэвічы (футбольны клюб)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Граніт Мікашэвічы»)
Мікашэвічы
Поўная назва Футбольны клюб «Мікашэвічы»
Заснаваны 1978
Горад Мікашэвічы, Беларусь
Стадыён «Палесьсе», Лунінец
Умяшчальнасьць: 3090
Чэмпіянат Другая ліга
 · 2022 13 месца (Берасьцейскі дывізіён)
Хатнія колеры
Выязныя колеры
Афіцыйны сайт

«Мікашэвічы» — беларускі футбольны клюб з гораду Мікашэвічаў. Большую частку сваёй гісторыі клюб выступаў пад назовам «Граніт». Некалі сэзонаў дружына спаборнічала ў Найвышэйшай лізе. Свае хатнія матчы клюб праводзіць у горадзе Лунінцы. У 2007—2018 гадах каманду трэніраваў Валеры Бахно, які сам нарадзіўся ў Мікашэвічах.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Футбольны клюб у Мікашэвічах быў створаны ў 1978 годзе з прычыны масавае зацікаўленасьці працаўнікоў горназдабыўнога прадпрыемства. Са здабыцьцём незалежнасьці Беларусі мікашэвіцкі клюб пачаў чэмпіянат у Другой лізе. У 1999 годзе каманда выйшла ў Першую лігу. Пасьля прыходу Валера Бахно на пасаду галоўнага трэнэра каманда выйшла ў Найвышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі, дзе правяла два сэзоны 2008 і 2009 гадоў, пасьля чаго апусьцілася ў Першую лігу. У 2014 годзе «Граніт» выйграў першынство ў першай лізе чэмпіянату Беларусі і атрымаў права выступаць у найвышэйшай лізе. У тым годзе каманда набыла добры склад з дасьведчаных гульцоў. Захаваўшы лідэраў і ўзмацніўшыся легіянэрамі, у сезоне 2015 году палеская дружына заняла высокае 5-е месца ў Найвышэйшай лізе. Сэзон 2016 году таксама пачынаўся для «Граніта» няблага, аднак неўзабаве ў клюбе пачаліся фінансавыя праблемы, празь якія ўлетку каманду пакінулі ўсе футбалісты асноўнага складу. Новы склад быў набраны пераважна з гульцоў клюбаў Першай лігі, праз што, у другой палове сэзону «Граніт» амаль нічога ня змог супрацьпаставіць супернікам, заняўшы ў выніку апошняе 16-е месца, выбыўўы ў Першую лігу.

Зноў апынуўшыся ў Першай лізе, «Граніт» стаў камплекаваць каманду ў асноўным з маладых гульцоў, звычайна беручы іх у арэнду ў клюбаў Найвышэйшай лігі, і стаў серадняком чэмпіянату. У ліпені 2018 году замест Бахно, які доўгі час кіраваў камандай, новым галоўным трэнэрам стаў Алег Сідарэнкаў. Сэзон 2019 году каманда пачынала пад кіраўніцтвам Мікалая Бранфілава, пазьней яго зьмяніў Аляксандар Вопсеў, некаторы час каманду ізноў трэнаваў Валеры Бахно, які часова вярнуўся ў Беларусь. У студзені 2020 году новым трэнэрам быў прызначаны Алег Кароль. У сэзоне 2020 году «Граніт» быў аўтсайдэрам, у складзе былі ў асноўным гульцы, якія не падышлі іншым клюбам, і ў выніку каманда скончыла сэзон на 13-м месцы пры 14 удзельніках.

У пачатку 2021 году далейшы лёс «Граніту» доўгі час быў нявызначаным, бо кантракты скончыліся ва ўсіх гульцоў, у сакавіку каманда гэтак і ня выйшла з адпачынку. У красавіку афіцыйна стала вядома, што «Граніт» не згуляе ў Першай лізе[1], а неўзабаве клюб пацьвердзіў удзел у Другой лізе ў сэзоне 2021 году[2]. Склад каманды быў складзены мясцовымі і пераважна маладымі гульцамі. У трэцім туры сэзону 2021 году клюбу была залічаная тэхнічная параза ў матчы супраць суседняга «Лунінцу», бо каманда ня здолела прыбыць на гульню праз адсутнасьць сродкаў[3]. Паводле вынікаў сэзонаў 2021 і 2022 гадоў «Граніт» кожным разам фінішаваў унізе турнірнай табліцы Берасьцейскае вобласьці.

У пачатку 2023 году стала вядома, што каманда перайшла на балянс гораду і зьмяніла назоў на «Мікашэвічы»[4].

Статыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чэмпіянат і Кубак Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сэзон Ліга Месца Г В Н П РМ Пкт Кубак
2012 Першая 6 28 14 8 6 41–23 50 1/16
2013 Першая 7 30 12 9 9 42–31 45 1/8
2014 Першая 1 30 19 7 4 46–16 64 1/4
2015 Найвышэйшая 5 26 12 6 8 30–32 42 1/8
2016 Найвышэйшая 16 30 5 10 15 20–56 25 1/16
2017 Першая 8 30 14 4 12 42–37 40[a] 1/16
2018 Першая 8 28 8 11 9 28–34 34[b] 1/32
2019 Першая 9 28 9 8 11 38–41 35 1/16
2020 Першая 13 26 4 5 17 21–52 17 1/16
2021 Другая — Берасьцейскі (усход) 7 14 2 1 11 22–57 7 1/128
Другая — за 13 месца 14 2 0 0 2 0–6
2022 Другая — Берасьцейскі (усход) 7 12 1 0 11 14–62 3 1/128
2023 Другая — Берасьцейскі (усход) 1/256

Галоўныя трэнэры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ З «Граніту» зьнятыя 6 пунктаў
  2. ^ З «Граніту» зьняты 1 пункт

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]