Грошавыбівальны кадар

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Грошавыбівальны кадар (па-ангельску: money shot / payoff shot) — кадар, кульмінацыйны момант, сцэна ці вобраз, на які купляецца глядач, каб выкласьці за фільм грошы. На грошавыбівальным кадры спраўджаюцца чаканьні масавай аўдыторыі — і глядач вяртае свае пазыкі. Гэта кадры адмысловай «ўзнагароды», «выплаты» гледачу за набыты квіток (першапачаткова тэрмін выкарыстоўваўся ў порнаіндустрыі).

Хаця здымкі грошавыбівальных кадраў могуць каштаваць значную суму, самі гэтыя кадры разглядаюцца, як ключ да камэрцыйнага посьпеху карціны.

Апрананьне Энакіна Скайуокера ў касьцюм Дарта Вэйдэра («Зоркавыя войны ІІІ»), бамбаваньне ў «Пірл-Харбары», танец у «Крымінальнай чытанцы», сэксуальна-выкрывальніцкія сцэны ў «Мяне клічуць Арлекіна» — тыповыя грошавыбівальныя кадры.

У фільмах жахаў грошавыбівальнымі кадрамі зьяўляюцца сцэны трансфармацыі ў старых клясычных стужках («Ваўкалак» і інш.); разрываньне глотак, адрастаньне іклаў і кіпцюроў («Дэманы»); паяданьне плоці («Апраметная канібалаў», «Раніца мерсьняў»); канібальскі банкет доктара Лектара й Клярысы Старлінг («Ганібал»); рукі, што прабіваюць сьцены і хапаюць гераіню («Агіда»); дэманскае шалёнства й цялесная брыдота («Экзарцыст»), фінальнае адкрыцьцё праўды («Шостае пачуцьце») і г.д.

Хаця грошавыбівальныя кадры абапіраюцца на біялягічны ўдар і абавязковыя сцэны, грошавыбівальнымі іх робіць: навізна (адмысловых эфэктаў, формы, драматургіі); чаканьне паўтору («Цьвікагаловы» Даг Брэдлі ў восьмай частцы «Паўсталых зь пеклу»); удзел зорак («у ролі «Ўдавы Дракулы» – эратычная зорка Сільвія Крыстэль»; дастаткова й камэа) — ці інтэнсіўнасьць (шматлікія другарадныя фільмы).

Калі ў другарадных фільмах грошавыбівальныя кадры самаігральныя й самадастатковыя, нярэдка кепска злучаныя з дадатковым балястам карціны («Апраметная жывых мерцьвякоў»), то ў шэдэўрах грошавыбівальныя кадры арганічна зьнітаваныя з усёй тканінаю фільму. Так у «Зьзяньні» грошавыбівальная сцэна, калі герой Нікалсана разрубае сякераю дзьверы, няўхільна выцякае з папярэдніх сцэнаў — і непарыўна злучана з наступнымі.

Падкрэсьленая (і скандальная) адмова ад стандартных грошавыбівальных кадраў – з адпаведнай рэклямнай падачы — таксама становіцца грошавыбіваньнем (псэўдадакумэнтальная стыль «Ведзьмы з Блэр»).

Падказвае грошавыбівальныя кадры гледачу — і працуе зь ягонымі чаканьнямі, папярэдняя рэкляма.

У беларускіх фільмах жахаў грошавыбівальнымі кадрамі зьяўляюцца: сцэна дзікага паляваньня (распаленая кнігаю Уладзімера Караткевіча); страшныя маскі, аголеная гераіня ў пуху («Дзікае паляваньне караля Стаха»); аголеныя жаночыя целы, шэсьце мерцьвякоў у саванах («Д’ябал»).