Грунвальд (летнік)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 53°34′57.4″ пн. ш. 27°02′56.7″ у. д. / 53.582611° пн. ш. 27.049083° у. д. / 53.582611; 27.049083

«Грунвальд»

Шыльда на ўваходзе, каля будынку адміністрацыі летніка
Дата ўтварэньня 1990
Дата спыненьня існаваньня 1993
Тып Дзіцячы аздараўленчы летнік
Месцазнаходжаньне Менская вобласьць, Койданаўскі раён, пас. Энэргетыкаў
Афіцыйныя мовы беларуская
Дырэктар Алесь Лозка

Грунвальд — першы беларускамоўны дзіцячы летнік[1], які праводзіўся ў 1990—1993 гг. на базе дзіцячага лягеру адпачынку «Дружба», у пас. Энэргетыкаў (Койданаўскі раён, Менская вобласьць). Летнік названы ў гонар Грунвальдзкай бітвы. Арганізаваны Гарадзкім бацькоўскім камітэтам (ГБК) менскіх беларускамоўных клясаў і школаў.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Летнік «Грунвальд» быў арганізаваны Гарадзкім бацькоўскім камітэтам[2][3] менскіх беларускамоўных клясаў і школаў на базе дзіцячага лягеру адпачынку «Дружба» ў пас. Энэргетыкаў (Койданаўскі раён Менская вобласьць). Грошы на гэтую справу выдзяліў Менскі абласны савет прафсаюзаў.

Першы заезд адбыўся ў жніўні 1990 году. Апошні ў 1993 годзе. Усе заезды адбываліся раз у год, у жніўні. Назва «атрады» была зьмененая на «харугвы». Усяго было чатыры харугвы: Менская, Полацкая, Віленская і Наваградзкая. Харугвы насілі толькі назву гарадоў, ня маючы дачыненьня да стаўленьня да паходжаньня дзяцей да гэтых гарадоў. Дзяцей было больш за дзьвесьці чалавек у зьмену. Галоўным чынам гэта былі вучні менскіх беларускіх клясаў і школ. У летніку былі створаны ўсе ўмовы для адпачынку: шасьціразовае харчаваньне, вандроўкі ў Нясьвіж ды на радзіму Якуба Коласа, сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі, конкурсы ды гульні. Уся выхаваўчая работа ў «Грунвальдзе» вялася толькі на беларускай мове. Завадатарамі і выхавацелямі былі студэнты, настаўнікі, а таксама сябры ГБК менскіх беларускамоўных клясаў і школаў.

Сярод мерапрыемстваў, якія праводзіліся (апроч такіх, як Дзень Няптуну, альбо Дзень жарту), галоўнай падзеяй было адзначэньне Грунвальдзкай бітвы.

Удзельнікі летніку прымалі ўдзел у 1992 г. у археалягічных раскопах пад Менскам. Дзяўчыне Юліі Качанавай пашэньціла знайсьці падчас раскопаў пярсьцёнак прыкладна XIII стагодзьдзя.

У 1992 г. на тэрыторыі летніка «Грунвальд» разьмяшчаўся на ўскрайку намётны скаўцкі лягер «Лясун» Аб’яднаньня беларускіх скаўтаў. Скаўты ўнесьлі вялікую разнастайнасьць у жыцьцё «Грунвальду» скаўцкімі гульнямі і забавамі.

Кіраўніцтва, выхаванцы і госьці летніка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Старэйшая харугва, 1990 год. Крайні справа — нам. дыр. Алесь Шалевіч. Унізе ў цэнтры завадатар Вадзім Чарнышоў, зьлева за ім Алег Грушэцкі, лявей Арцём Чарнышоў, лявей Мікола Гракаў, сядзіць другая зьлева — Юлія Качанава

Дырэктарам летніку быў Алесь Лозка, намесьнікам — Алесь Шалевіч.

Некаторыя з завадатараў:

Найбольш вядомыя з выхаванцаў зь першага заезду: Алег Грушэцкі (пісьменьнік, адзін з арганізатараў Аб’яднаньня беларускіх скаўтаў і нашчадак удзельніка Грунвальдзкай бітвы — рыцара Мацея Грушэцкага), Мікола Гракаў (скаўт-канцлер Аб’яднаньня беларускіх скаўтаў; перакладчык[5][6], дыякан Рымска-Каталіцкага Касьцёла[7]), Антон Кузьміч (перакладчык), Юлія Качанава (адзін з аўтараў тэлеперадачы «Існасьць» на БТ) [8].

Вядомыя госьці — бард Сяржук Сокалаў-Воюш, пісьменьнік Кастусь Тарасаў, гісторык Анатоль Грыцкевіч, ксёндз Ян Матусевіч.

У 1992 г. адным з арганізатараў дзіцячага летніку «Грунвальд» была Арына Вячорка (навуковы супрацоўнік Лябараторыі філязофіі і гісторыі адукацыі Беларускага Нацыянальнага інстытуту адукацыі).

Фотагалерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Л. Чарон. Беларускі аазіс // Газ. «Наша слова» №6, жнівень, 1990 г. — С. 8.
  • Анатоль Каляда. Пад ветразем «Грунвальда» // Газ. «Літаратура і Мастацтва» №34 (3548), 24 жніўня 1990 г. — С. 4.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Грунвальд (летнік)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў