Грунвальд (летнік)
Грунвальд — першы беларускамоўны дзіцячы летнік, які праводзіўся ў 1990—1993 гг. на базе дзіцячага лягеру адпачынку «Дружба», у пас. Энэргетыкаў, (Койданаўскі раён, Менская вобласьць). Летнік названы ў гонар Грунвальдзкай бітвы. Арганізаваны Гарадзкім бацькоўскім камітэтам (ГБК) менскіх беларускамоўных клясаў і школаў.
Зьмест |
[рэдагаваць] Гісторыя
Летнік «Грунвальд» быў арганізаваны Гарадзкім бацькоўскім камітэтам[1] менскіх беларускамоўных клясаў і школаў на базе дзіцячага лягеру адпачынку «Дружба» [1], у пас. Энэргетыкаў, (Койданаўскі раён Менская вобласьць). Грошы на гэтую справу выдзяліў Менскі абласны савет прафсаюзаў.
Першы заезд адбыўся ў жніўні 1990 году. Апошні ў 1993 годзе. Усе заезды адбываліся раз у год, у жніўні. Назва «атрады» была зьмененая на «харугвы». Усяго было чатыры харугвы: Менская, Полацкая, Віленская і Наваградзкая. Харугвы насілі толькі назву гарадоў, ня маючы дачыненьня да стаўленьня да паходжаньня дзяцей да гэтых гарадоў. Дзяцей было больш за дзьвесьці чалавек у зьмену. Галоўным чынам гэта былі вучні менскіх беларускіх клясаў і школ. У летніку былі створаны ўсе ўмовы для адпачынку: шасьціразовае харчаваньне, вандроўкі ў Нясьвіж ды на радзіму Якуба Коласа, сустрэчы зь беларускімі пісьменьнікамі, конкурсы ды гульні. Уся выхаваўчая работа у «Грунвальдзе» вялася толькі на беларускай мове. Завадатарамі і выхавацелямі былі студэнты, настаўнікі, а таксама сябры ГБК менскіх беларускамоўных клясаў і школаў.
Некаторыя з завадатараў і выхавацеляў зь першага заезду (1990 г.): Зьмiцер Марчук [2], Ксенiя Дзягiлява (мастачка, скрыпачка гурту «Ліцвіны»[2], Вадзiм Чарнышоў. Найбольш вядомыя з выхаванцаў з першага заезду: Алег Грушэцкі (нашчадак кароннага харунжага караля Ягайлы Мацея Грушэцкага; першы, хто пачаў адраджаць беларускі скаўцкi рух на Беларусі, адзін з арганізатараў Аб’яднаньня беларускіх скаўтаў і выдавец газ. «Скаўт Беларусі»), Мікола Гракаў (актывіст менскай каталіцкай грамады, супрацоўнік каталіцкага выдавецтва «Про Хрысто» [3]), Юлія Качанава (адзін з аўтараў тэлеперадачы «Існасьць» на БТ) [4]. Вядомыя госьці — бард Сяржук Сокалаў-Воюш, пісьменьнік Кастусь Тарасаў, гісторык Анатоль Грыцкевіч. Частка выхавацельскага калектыву і выхаванцаў прымалі ўдзел і ў іншых заездах у розныя гады. У 1992 г. адным з арганізатараў дзіцячага летніку «Грунвальд» была Арына Вячорка (навуковы супрацоўнік Лябараторыі філязофіі і гісторыі адукацыі Беларускага Нацыянальнага інстытута адукацыі).
Сярод мерапрыемстваў, якія праводзіліся (апроч такіх, як Дзень Няптуну, альбо Дзень жарту), галоўнай падзеяй было адзначэньне Грунвальдзкай бітвы.
Удзельнікі летніку прымалі ўдзел у 1992 г. у археалягічных раскопах пад Менскам. Дзяўчыне Юліі Качанавай пашэньціла знайсьці падчас раскопаў пярсьцёнак прыкладна XIII стагодзьдзя.
У 1992 г. на тэрыторыі летніка «Грунвальд» разьмяшчаўся на ўскрайку намётны скаўцкi лягер «Лясун» Аб’яднаньня беларускіх скаўтаў. Скаўты ўнеслі вялікую разнастайнасьць у жыцьцё «Грунвальду» скаўцкімі гульнямі і забавамі.
[рэдагаваць] Фотагалерэя
-
Узьняцьцё сьцягу на адкрыцьці 1-га Беларускамоўнага дзіцячага летніку Грунвальд, 1990. Сьпiной — Алег Грушэцкі (нашчадак кароннага харунжага Мацея Грушэцкага, тварам — Зьмiцер Марчук
-
Выхавацелі, завадатары i выхаванцы летніку Грунвальд. Здымак у канцы зьмены. 1990. Сядзiць другi справа бард Сяржук Сокалаў-Воюш
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Алесь Лозка. Народная педагогіка і сутнасць новай мадэлі дашкольнага навучання і выхавання «Этнасад»
- ^ Ліцвіны. Галуб на чарэшні, галубка на вішні: 19 трэкаў / Агульны час гучаньня 59:14. © & (p) гурт «Ліцвіны», 1998.
- ^ Касьцёльныя ўлады ўнікаюць абвастрэньня // «Наша Ніва», 27 сакавіка 2007.
- ^ Передачи Первого канала: «Існасць»
[рэдагаваць] Літаратура
- Л. Чарон. Беларускі аазіс // Газ. «Наша слова» №6, жнівень, 1990 г. — С. 8.
- Анатоль Каляда. Пад ветразем «Грунвальда» // Газ. «Літаратура і Мастацтва» №34 (3548), 24 жніўня 1990 г. — С. 4.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Грунвальд (летнік) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў