Грэск
| Грэск | |
| Першыя згадкі: | 1409 |
| Вобласьць: | Менская |
| Раён: | Слуцкі |
| Сельсавет: | Грэскі |
| Вышыня: | 170 м н. у. м. |
| Насельніцтва: | 2004 |
| Колькасьць двароў: | 793 |
| Тэлефонны код: | +375 1795 |
| Паштовы індэкс: | 223641 |
| Геаграфічныя каардынаты: | 53°10′8″ пн. ш. 27°29′31″ у. д. / 53.16889° пн. ш. 27.49194° у. д.Каардынаты: 53°10′8″ пн. ш. 27°29′31″ у. д. / 53.16889° пн. ш. 27.49194° у. д. |
|
Грэск на мапе Беларусі
Грэск
|
|
Грэск — колішняе мястэчка, цяпер вёска ў Слуцкім раёне Менскае вобласьці. Адміністрацыйны цэнтар Грэскага сельсавету. У вёсцы пражываюць 2004 чалавекі, налічваецца 793 двары.
Знаходзіцца за 18 км на поўнач ад места Слуцку, за 20 км ад чыгуначнае станцыі Слуцак, за 90 км ад Менску.
Зьмест |
Назва [рэдагаваць]
Паходжаньне [рэдагаваць]
Існуюць меркаваньні, што ў аснове назвы Грэска ляжыць тое самае слова, што і ў назве гідроніма Арэса. Таксама ёсьць думкі, што назва Грэска ёсьць адным са сьлядоў Грэнскае культуры на Беларусі [1].
Варыянты [рэдагаваць]
На 2-м выданьні мапы Вялікага Княства Літоўскага (Амстэрдам, 1613) можна пабачыць назву Hresko [2].
Гісторыя [рэдагаваць]
Старажытныя часы [рэдагаваць]
На месцы Грэска ў VI ст. да н. э. — VII ст. н. э. існавала ўмацаванае валамі і равамі гарадзiшча пэрыяду раньняга жалезнага веку [3]. Яно знаходзіцца ў цэнтры мястэчка, на правым беразе р. Сава, ва ўрочышчы Замак. Мае статус гісторыка-культурнае каштоўнасьці [4]. У часе архэалягічных раскопкаў тут былі знойдзеныя пласты, у якіх былі прадметы розных эпох: жалезнага века, старажытнае Русі, а таксама XIV—XVII стст.
У кар'еры Гаёк ля Греску былі знойдзеныя скамянелыя рэшткі жывых арганізмаў, узрост якіх больш за 400 мільёнаў рокаў, што стала абгрунтаваньнем сьцьверджаньняў, што раней на Случчыне было мора [5]. Шэраг навукоўцаў лічыць, што менавіта каля Грэску сканчалася г.зв. мора Герадота [6].
XV-XVI стагодзьдзі [рэдагаваць]
У часы Вялікага Княства Літоўскага ў Грэску існаваў драўляны замак. Быў гасьціны дом [7].
- 1409: першая згадка ў гістарычнае крыніцы [8].
- 1536: мястэчка належыць да валоданьняў каралевы польскае й вялікае князёўны літоўскае Боны Сфорцы і зьяўляецца цэнтрам войтаўства, якое ёсьць часткаю Троцкага ваяводзтва.
- 4 жніўня 1570: атрымлівае ўсе правы мястэчка, калі кароль польскі й вялікі князь літоўскі Жыгімонт Аўгуст выдае прывілей на адчыненьне ў Грэску штотыднёвага кірмашу, і вызначае, што мыты павінныя йсьці на карысьць уладара.
- 1558: належыць да валоданьняў Марціна Валадковіча [9], паміж якім і кн. слуцкімі Юрым Алелькавічам і Сямёнам Алелькавічам вяліся спрэчкі з падставы захопу зямлі Алелькавічамі ў валоданьнях Валадковіча.
- 1590: Грэск стае часткаю Слуцкага княства. У гэты час у ім ужо былі царква, млын і карчма.
- 3 ліпеня 1593: Кароль польскі й вялікі князь літоўскі Жыгімонт Ваза аддае Грэск у леннае валоданьне князю Мікалаю Крыштофу Радзівілу.
- 1600: па ўзяцьці шлюба Янушам Радзівілам і адзінаю спадкаеміцай роду Алелькавічаў князёўны Соф’і Алелькавічаўнай Слуцкай Грэск апынуўся ў складзе валоданьняў Радзівілаў.
- 1677: князь Міхал Казімер Радзівіл аддае маёнтак Грэск у закладнае карыстаньне Ежы Багуславу Отэнхаўзу [10].
XVIII-XIX стагодзьдзі [рэдагаваць]
- XVIII ст.: Грэск належыць да клецкае ардынацыі Радзівілаў.
- 1765: маёнтак Грэск аддадзены Юзэфам Мікалаем Радзівілам у закладнае валоданьне графу Антонію Тадэвушу Пшазьдзецкаму [11].
- 1793: за Другім падзелам Рэчы Паспалітай далучаны да Расейскае імпэрыі. Стаўся цэнтрам воласьці ў Слуцкім павеце Менскае губэрні.
- 1800: грэка-каталіцкая Царква Нараджэньня Божае Маці стала праваслаўная [12].
- 1818: у мястэчку ёсьць кірмаш і 6 вуліцаў.
- 1870: у мястэчку працуе народная вучэльня.
- 1874: Грэск далучаны да нясьвіскае ардынацыі па дамоўленасьці паміж ардынатам клецкім князем Леонам Радзівілам і ардынатам нясьвіскім князем Антоніем Вільгельмам Радзівілам [13], за што князь Леон Радзівіл атрымаў пажыцьцёвую рэнту ў 30000 рублёў, а таксама захаваў свае правы на паляваньне ў Грэскай пушчы [14]. За цягам 1876–1881 рокаў Антоніем Вільгельмам Радзівілам у Грэскім лясьніцтве быў пабудаваны новы будынак лясьніцтва, паляўнічы дом, склепы й іншыя будынкі [15].
- 1885: мае школу, царкву, 3 паветраныя млыны й кірмаш.
XX стагодзьдзе [рэдагаваць]
- пачатак XX ст.: у народнай вучэльні навучаюцца 109 хлопцаў і 2 дзяўчыны. За часам Першае сусьветнае вайны ў Грэску месьціцца лякарна-назіральны пункт, дзе даглядаюцца хворыя на ўскладнёнае запаленьне лёгкіх і плямісты тыфус цяжкага стану расейскія жаўнеры [16].
- люты 1918: Грэск заняты I Польскім корпусам у Расеі Юзэфа Доўбар-Мусьніцкага, які вёў актыўныя баёвыя дзеяньні на тэрыторыі Беларусі супраць бальшавікоў.
- сьнежань 1918: Грэск быў акупаваны нямецкімі войскамі.
- жнівень 1919 — ліпень 1920, кастрычнік 1920 — лістапад 1920: акупаваны польскімі войскамі. Быў цэнтрам Грэскае гміны, якая 15 верасьня 1919 року разам са Слуцкім паветам увайшла ў склад г.зв. Менскае акругі Грамадзянскага Кіраўніцтва Ўсходніх Земляў Міжваеннай Польскай Рэспублікі.
- лістапад 1920 — сьнежань 1920: адзін з цэнтраў Слуцкага збройнага чыну [17]. З жыхароў Грэскае воласьці створаны аддзел лікам 150 жаўнераў, пад камандай афіцэра войска былое Расейскае імпэрыі Міколы Віткі [18].
- 1921: згодна з Рыскай дамоваю Грэск стае часткаю БССР.
- 1921: у мястэчку адчыняецца пачатковая школа.
- 1922: пачатковая школа ў Грэску пераўтвараецца ў сямігадовую.
- 17 ліпеня 1924: ў выніку новага адміністрацыйна-терытарыяльнага падзелу Грэск стае цэнтрам утворанага Грэскага раёну, які зьяўляўся часткаю Слуцкае акругі [19].
- чэрвень 1927: пасьля зьліквідаваньня Слуцкае акругі Грэск з Грэскім раёнам уваходзіць у склад Менскае акругі.
- 1929: створаны калгас "Гігант".
- 1930: створаная арцель па нарыхтоўцы вапны.
- ліпень 1930: Грэскі раён уваходзіць у склад Слуцкае пагранічнае акругі.
- 1933: Царква Нараджэньня Маці Божае была зруйнаваная [20]. Сьвятар Уладзімер Лялеўскі, які працаваў у храме з 1917 року [21] — арыштаваны 14 сакавіка па абвінавачаньні ў прыналежнасьці да контррэвалюцыйнай царкоўна-паўстанскае арганізацыі, якую быццам ачольваў япіскап Слуцкі Мікалай (Шамяціла) й прысуджаны да высылкі на поўнач тэрмінам 5 рокаў, пасьля чаго ягоны лёс стаўся невядомы [22].
- 1935: створаная машынна-трактарная станцыя, якая ў 1936 року абслугоўвала 21 калгас.
- 15 студзеня 1938: згодна новага адміністрацыйна-терытарыяльнага падзелу Грэск з Грэскім раёнам уваходзіць у склад утворанае Менскае вобласьці.
- 27 чэрвеня 1941: акупаваны нямецкімі войскамі.
- студзень 1942: архімандрыт Жыровіцкага манастыра Серафім (Раман Шахмуць) і сьвятар Уладзімер Кударэнка адчыняюць у Грэску царкву [23].
- сакавік 1944: у Грэску сфармаваны 11-ты пяхотны батальён Беларускае краёвае абароны ў складзе якога было 14 афіцэраў, 27 падафіцэраў і 474 жаўнераў (агульны лік — 515 вайскоўцаў) [24].
- 1 ліпеня 1944: савецкія войскі авалодалі Грэскам у ходзе Менскае апэрацыі [25].
- 20 верасьня 1944: як цэнтар Грэскага раёну стаў часткаю утворанае Бабруйскае вобласьці.
- 8 студзеня 1954 падчас працэсу ўзбуйненьня абласьцёў Бабруйская вобласьць зьліквідаваная, а Грэскі раён ўваходзіць у склад Менскае вобласьці.
- 1956: тэрыторыя Грэскага раёну падзеленая паміж Слуцкім, Капыльскім, Узьдзенскім і Пухавіцкім раёнамі.
- 1961: да мястэчку далучаная вёска Някрасаўка.
- 1998: у будынку колішняга кінатэатра адчыненая парафія Царквы Нараджэньня Маці Божае [26].
- 2005: пабудаваная газавая сетка да Грэску, гэтаксама вулічны разьмеркавальны газацяг [27].
- 2009: праведзеныя мерапрыемствы па пераўтварэньні вёскі ў аграгарадок [28].
Насельніцтва [рэдагаваць]
- 1590 — 68 двароў.
- 1721 — 69 двароў.
- 1818 — 93 двары.
- 1832 — 105 двароў.
- 1860 — 888 чал., 138 двароў.
- 1885 — 1068 чал., 122 двары.
- 1897 — 1604 чал.
- 1909 — 1519 чал., 273 двары [29].
- 1917 — 365 двароў.
- 1926 — 1796 чал., 422 двары.
- 1971 — 2192 чал., 617 двароў.
- 1992 — 2291 чал., 838 двароў.
- 1997 — 2309 чал., 822 двары.
Жыдоўская грамада Грэску [рэдагаваць]
Выказваюцца думкі, што жыды жылі ў Грэску з канца XVI ст. з той падставы, што першая згадка аб жыдоўскай грамадзе ў Слуцку датаваная 1583 рокам [30]. Аднак, інвэнтар мястэчка ў 1832 року дае зьвесткі аб 105 дварох, але не фіксуе ніводнага жыдоўскага двара [31].
У канцы XIX ст. — пачатку XX ст.: у мястэчку мелася маленькая сынагога [32]. У 1897 року паводле перапісу насельніцтва Расейскае імпэрыі Грэск меў 1604 жыхары зь якіх 207 былі жыдамі. Жыды бралі актыўны ўдзел у грэскім гандлі, рамёствах, вырабніцтве смалы й жывіцы. Яны, як і іншыя жыхары мястэчку, гандлявалі сваімі вырабамі ў Слуцку, Капылі, Бабруйску, Баранавічах і Менску.
Па 1931 рок ў мястэчку працавала жыдоўская школа. У 1939 року ў Грэску жыло 139 жыдоў[33].
Жыдоўская грамада Грэску была зьнішчаная немцамі ў жніўні 1941 [34].
Адукацыя [рэдагаваць]
У Грэску знаходзяцца сярэдняя школа, дзіцячая школа мастацтваў[35], дзіцячы садок.
Мэдыцына [рэдагаваць]
Маюцца Грэская пастарункавая лякарня[36], часткамі якое зьяўляюцца фэльчарска-акушэрскія пункты ў вёсках Леткаўшчына, Маяк і Шышчыцы й аптэка.
Культура [рэдагаваць]
Культурна-асьветніцкая праца ажыцьцяўляецца домам культуры й бібліятэкаю[37].
Мэдыі [рэдагаваць]
У мястэчку з 1937 па 1939 рок друкавалася газэта Грэскага РК КП(б) Беларусі і райсавета «Сталінец»[38], выданьне якое было ўзноўлена за 1946 рокам пад назваю «За камунізм», і спыненае за 1956 рокам[39].
Інфраструктура [рэдагаваць]
Працуюць аддзяленьні сувязі РУП «Белпошта», ААТ «Беларусбанк» [40]. Маюцца крамы №№ 43, 44 слуцкага райспажыўтаварыства. Ёсьць парк адпачынку, спартовая зала.
Рэлігія [рэдагаваць]
У Грэску дзейнічаюць наступныя рэлігійныя супольнасьці:
- Парафія Царквы Нараджэньня Божае Маці Беларускага экзархату. Настаяцель — Айцец Аляксандар Корань. 223641, Менская вобл., Грэск, вул. Школьная, 1 [41].
- Рэлігійная суполка Царквы Хрысьціянаў Веры Эвангельскае «Ласка». Пастыр — Сяргей Жыркоў. 223641, Менская вобл., Грэск, вул. Працоўная, 28 [42].
- Рэлігійная суполка «Царква эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў». 223641, Менская вобл., Грэск, вул. Aгaродная, 20 [43].
Забудова [рэдагаваць]
У 20-х роках XX ст. у Грэску было 8 вуліцаў: Лава, Крывая, Краўцовая, Замагільная, Шышчыцкая, Сьцяпкоўская, Аселіца й Куток.
Эканоміка [рэдагаваць]
У Грэску працуюць cельскагаспадарчы вытворчы каапэратыў «Грэск-Агра», філія «Грэск» ААТ «Слуцкі мясакамбінат» (каля 90 працаўнікоў), ААТ «ПМК-71».
Плянуецца будаўніцтва сьвінагадоўчага комплексу ААТ «Слуцкі мясакамбінат» на 24 000 сьвіньняў[44].
Ёсьць пажарная аварыйна-ратавальная частка № 2 слуцкага раённага аддзелу Міністэрства па надзвычайных сытуацыях.
Транспарт [рэдагаваць]
За 5 км на ўсход ад Грэску праходзіць аўтамабільная дарога Р23 (Менск — Мікашэвічы). За 7 км на поўнач палягае аўтамабільная дарога Р91 (Асіповічы — Баранавічы).
Аўтобусная станцыя злучае мястэчка з цэнтрам раёну Слуцкам [45].
Турыстычная інфармацыя [рэдагаваць]
Выдатныя мясьціны [рэдагаваць]
- Гарадзішча пэрыяду раньняга жалезнага веку (VI ст. да н. э. — VII ст. н. э.).
- Музэй сялянскага побыту пад адкрытым небам [46].
- Курган і помнік на братэрскай магіле савецкіх вайскоўцаў і ахвяраў фашызма ўзьведзены ў 1956 року. [47].
Славутасьці [рэдагаваць]
- У Царкве Нараджэньня Божае Маці ад 2002 року міраструменяць цудадзейны абраз Казанскае Маці Божае [48] й рэпрадукцыя абраза «Неспатольны Кубак» [49].
Страчаная спадчына [рэдагаваць]
- Замак.
- Гасьціны дом.
- Царква Нараджэньня Маці Божае (1590).
Вядомыя асобы, зьвязаныя з мястэчкам [рэдагаваць]
- Ары Стылман (1891—1967) — амэрыканскі мастак беларускага паходжаньня
- Міхаіл Мукасей (1907 — 2008) — савецкі выведнік у ЗША, у юнацкія гады жыў у Грэску [50].
- Мікалай Мяцельскі (1919—1997) — беларускі матэматык
- Еўдакія Мяцельская (1928—1995) — беларускі мовазнавец
- Васіль Клебановіч (нар. 1929) — беларускі навуковец-глебазнавец, ляўрэат Дзяржаўнае прэміі БССР у галіне навукі
- Уладзімер Вітко (нар. 1933) — беларускі мастак
- Міхась Клебановіч (нар. 1934) — беларускі пісьменьнік, журналіст
- Вольга Клебановіч (нар. 1945) — тэатральная акторка, народная артыстка Беларусі, ў дзяцінстве жыла ў Грэску [51].
- Аляксандар Салтавец (нар. 1980) — беларускі мастак, жыве й працуе ў Грэску [52].
Цікавыя факты [рэдагаваць]
- Маюцца зьвесткі аб наяўнасьці каля Грэску падземных лёхаў[53].
- Каля Грэску была знойдзеная арабская манэта X ст.[54].
- У гонар мястэчка названы найбуйнейшы са знойдзеных на Беларусі мэтэарытаў.
- У паэме-гутарцы «Гэй, наперад! Гэй, назад!» Нiла Гілевіча адною зь дзеючых асобаў зьяўляецца Зэшка з Грэску[55].
Крыніцы [рэдагаваць]
- ^ Грэнцы. Грэнская культура. Сайт клюба "Спадчына".
- ^ Міхаіл Спірыдонаў. Беларусь на карце Вялікага Княства Літоўскага 1613 г. // «Гістарычны Альманах», №8 / 2008.
- ^ Памятныя мясьціны. Афіцыйны сайт Слуцкага раённага выканаўчага камітету.(рас.)
- ^ Пералік матэрыяльных аб'ектаў, якім надаецца статус і катэгорыя гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Дадатак 1 да Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 14.05.2007 № 578 Нацыянальны праўны інтэрнет-партал Рэспублікі Беларусь.
- ^ Каштоўныя знаходкі. Слуцкі край. 5 сьнежня 2008 року.(рас.)
- ^ Побытавыя дробязі нашых продкаў. ОНТ. 9 лютага 2009 року.(рас.)
- ^ Родныя вобразы. Гасціны дом. Этнічны сайт Беларусі.
- ^ З днём нараджэння, родная вёска. Слуцкі край. 11 жніўня 2009 року.
- ^ Г.М. Брэгер, Л.А. Лінская. Фрагмент архіва Слуцкага Трайчанскага Свята-Траецкага манастыра ў фондах Нацыянальнага музея гісторыі i культуры Беларусі. // «Беларускі археаграфічны штогоднік», Вып. 5 / 2004.
- ^ Инвентарь им. Гресск кн. Михаила Казимира Радзивилла, составленный при отдаче имения в залоговое содержание Ежи Богуславу Оттенхаузу. 1677 г. Опись дела 505 фонда № 1280 "Радзивиллы, князья" Государственного исторического архива Литвы (м. Вільня).(рас.)
- ^ Ведомость учета недоимок, числящейся на мещанах и земянах Копыльского кнж., Гресской и Пуковской вол., составленная при передаче в арендное содержание гр. Антону Пшездецкому. 1765 г. Опись дела 609 фонда № 1280 «Радзивиллы, князья» Государственного исторического архива Литвы (м. Вільня).(рас.)
- ^ Грэка-каталіцкія цэрквы Слуцкага павету Менскае губэрні. Сайт Згуртаваньня Беларускае Шляхты.
- ^ Hresk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 177.(пол.)
- ^ Эдвард Войнилович. Воспоминания. Перевод с польского. Старонка № 1 места горада Ліды й Лідзкага павету.(рас.)
- ^ Материалы Главного управления имениями Антона Радзивилла о строительстве нового лесничества, охотничьего дома, погреба и других строений в Гресском лесничестве. (Отчеты о расходе денег на строительство, контракты и договора с рабочими, сметы на строительство, планы и др.)... 1876–1881 гг. Опись дела 547 фонда № 1280 "Радзивиллы, князья" Государственного исторического архива Литвы (м. Вільня).(рас.)
- ^ Яна Собеская. Их называли белыми ангелами. Рэспубліка. 31 ліпеня 2010 року. (рас.)
- ^ Крызіс: «Ландыш» вяне, Белая Ліпа замярзае. Радыё «Свабода». 2 лютага 2009 року.
- ^ Юрка Харытончык. 3 успамінаў слуцкага паўстанца. Бібліятэка гістарычных артыкулаў.
- ^ Гісторыя Слуцкага раёну. Гісторыя. Афіцыйны сайт Слуцкага раённага выканаўчага камітету.(рас.)
- ^ Чудотворная икона в Греске. Штандар Юнацтва. 6 студзеня 2010 року.(рас.)
- ^ Ляляўскі (Лелявский) Уладзімір. / Леанід Маракоў. Рэпрэсаваныя праваслаўныя свяшчэнна- і царкоўнаслужыцелі Беларусі 1917—1967. Энцыклапедычны даведнік у 2-х тамах. Т. 2. Мн., 2007.
- ^ Феодор Кривонос. Синодик за веру и церковь пострадавших в Минской епархии (1918-1951 годы) / Киевец, Свято-Троицкая церковь. 1996. 100с. (рас.)
- ^ Светлана Силова. Православная церковь в Белоруссии в годы Великой Отечественной (1941-1945) / Монография. Гродно, 2003. 105 с. (рас.)
- ^ Сьцяпан Шнэк. Узброеная Случчына. Да гісторыі Беларускае Краёвае Абароны // «Беларускі Рэзыстанс», №1 / 2004.
- ^ Справаздача Савецкага інфармацыйнага бюро. 1 ліпеня 1944 року. Сайт Солдат.RU.(рас.)
- ^ Сымбаль апошняе надзеі Інфа-Кур’ер, 22 лістапада 2007 року.(рас.)
- ^ Гісторыя УП «МінскВоблГазАб’ект». Вытворчае унітарнае рэспубліканскае прадпрыемства «МінскВоблГазАб’ект».(рас.)
- ^ Объект как эталон эстетического оформления. Будаўніцтва й нерухомасьць.(рас.)
- ^ Mestechki of Minsk Gubernia.(анг.)
- ^ Hresk. History of Belarusian Jewry.(анг.)
- ^ Іна Соркіна. Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХІХ ст. Эўрапэйскі гуманітраны унівэсытэт. Вільня, 2010.
- ^ Supplement to the Village. Reminiscences. The Personal Life of Artist Ary Stillman, 1988 (анг.)
- ^ Gresk The Encyclopedia of Jewish Life Before and During the Holocaust: A-J.(анг.)
- ^ Геннадий Винница. Потери еврейского населения за период оккупации восточной и центральной частей Беларуси в 1941—1944 годах. Уроки Холокоста: История и современность.(рас.)
- ^ Случчына — невычэрпная крыніца талентаў. Слуцкі край. 28 верасьня 2010 року.
- ^ Греская участковая больница. Здравохранение Беларуси.(рас.)
- ^ Греская библиотека-филиал № 14 сети публичных библиотек Слуцкого района. Библиотеки Республики Беларусь и зарубежных стран.
- ^ «Сталінец». / Электронны каталёг Нацыянальнае бібліятэкі Беларусі.
- ^ «За камунізм». / Электронны каталёг Нацыянальнае бібліятэкі Беларусі.
- ^ Отделение №615/33 ОАО «АСБ Беларусбанк». Сайт ОАО «АСБ Беларусбанк».(рас.)
- ^ Минская епархия Слуцкое благочиние. Православие.By.(рас.)
- ^ Поместные церкви ХВЕ. Объединенная Церковь христиан веры евангельской в Республике Беларусь.(рас.)
- ^ Поместные церкви Союза эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў. Христианский портал в Беларуси на ROGDESTVO.by.(рас.)
- ^ На еўрапейскім узроўні. Слуцкі край. 21 верасьня 2010 року.
- ^ Расписание движения автобусов по автовокзалу «Слуцк». ДУП «Автобусный парк № 2» г. Слуцка.(рас.)
- ^ Музэй пад адкрытым небам стварыў жыхар вёскі Грэск. Інфа-Кур’ер. 19 траўня 2010 году.
- ^ Обелиск на братской могиле советских воинов и жертв фашизма (в. Грэск) Фотагалерэя. Афіцыйны сайт Слуцкага раённага выканаўчага камітету.(рас.)
- ^ Микашевичи-Туров-Греск. Свято-Елисаветинский монастырь в Минске.(рас.)
- ^ Паломничество по маршруту Греск-Слуцк состоится 16 мая. Православный дайджест новостей.(рас.)
- ^ «Жизнь по заданию. «Зефир» и «Эльза» Разведчики-нелегалы». Книгосайт.(рас.)
- ^ Самая каштоўная спадчына. Голас Радзімы, 25 лістапада 2010 року.
- ^ Загадкавы сьвет Аляксандра Салтаўца. Інфа-Кур’ер, 24 чэрвеня 2009 року.(рас.)
- ^ Подземные архитектурные сооружения России: обзор и опыт кадастра. Conference "Rock-cut Megalithic Monuments: Problems and ways of solving them". Sofia, 1999.(рас.)
- ^ Юрий Звягин. Путь из варяг в греки. Тысячелетняя загадка истории. Москва, 2009 г. 240 с.
- ^ У «Доме літаратара» Рыгор Барадулін, Анатоль Сідарэвіч, Міхась Тычына. Радыё «Свабода». 12 кастрычніка 2007 року.
Літаратура [рэдагаваць]
- Путешествие по Полесью и белорусскому краю / П.М. Шпилевский; [Предисл., текстол. подгот., примеч. и коммент. С.И.Кузняевой]. – Мн. : Беларусь, 2004. – 250, [1] с.
- Мікіцінскі У. Дванаццаць дзён краязнаўчага вандравання: м. Грэск // Наш край. 1929. №1 (40). С. 38 – 42;
- Hresk // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 177.
- The Village. Reminiscences. The Personal Life of Artist Ary Stillman, 1988.
- Supplement to the Village. Reminiscences. The Personal Life of Artist Ary Stillman, 1988.
Вонкавыя спасылкі [рэдагаваць]
- Краявіды мяст. Грэск на Radzima.org
- Прагноз надвор’я ў мяст. Грэск
- Сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў: Менская вобласьць, Слуцкi раён
|
||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
|
||||||||