Гімназія імя Адама Міцкевіча (Пружаны)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Адама Міцкевіча
Wyższe Gimnazjum Państwowe im. A. Mickiewicza

Выпускная кляса гімназіі (1936)
Дэвіз «Айчына, навука, дабрадзейнасьць»
Заснаваная 3 кастрычніка 1922
Зачыненая 1939
Дырэктар Зьбігнэў Нячай-Хрузевіч (1922—1924)
Уладыслаў Ціхоцкі (1924—1928)
Канстанты Касінскі (1934 — ?)
Тып гімназія
Адрас ПольшчаПружана, вул. Стражацкая, 10[1]
Геаграфічныя каардынаты 52°33′30.7″ пн. ш. 24°27′23.6″ у. д. / 52.558528° пн. ш. 24.456556° у. д. / 52.558528; 24.456556Каардынаты: 52°33′30.7″ пн. ш. 24°27′23.6″ у. д. / 52.558528° пн. ш. 24.456556° у. д. / 52.558528; 24.456556
Патрон Адам Міцкевіч
Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Адама Міцкевіча на мапе Польшчы (1918—1939)
Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Адама Міцкевіча
Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Адама Міцкевіча
Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Адама Міцкевіча

Дзяржа́ўная вышэ́йшая гімна́зія імя́ Ада́ма Міцке́віча (па-польску: Wyższe Gimnazjum Państwowe im. A. Mickiewicza) — 8-клясная адукацыйная ўстанова Пружаны ў міжваеннай Польшчы. Дзейнічала ў 1922—1939 роках, выкладаньне вялося па-польску.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пячатка Пружанскай гімназіі

Пасьля сканчэньня Першай сусьветнай вайны і заняцьця Заходняе Беларусі Польшчай сярэднія школы пачалі зьяўляцца і на гэтай тэрыторыі. Аднак бліжэйшыя ўстановы, якія б давалі магчымасьць па іх сканчэньні паступаць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, знаходзіліся толькі ў Кобрыню ды Берасьці. Таму мясцовыя шляхцічы, заможныя жыхары, жыды ды чыноўнікі пачалі ўздымаць пытаньне пра стварэньне падобнае ўстановы і ў Пружане. Канчатковае рашэньне было прынятае пасьля бурнае дыскусіі. Вырашылі ствараць тут гімназію матэматычна-прыродазнаўчага тыпу за кошт сродкаў места.

21 верасьня 1922 року магістрат атрымаў дазвол ад кураторыюму Палескай школьнай акругі. Гімназія разьмясьцілася ў выкупленым драўляным будынку па вул. Стражацкай, 9[2] (польск. Strażacka, за савецкім часам Пажарная; не захавалася[a]), дзе дагэтуль знаходзілася рэзыдэнцыя мескага вайсковага камэнданта[3]. Дырэктарам прызначаны інжынэр-тэхноляг Зьбігнэў Нячай-Хрузевіч, створаныя тры клясы (IV, V, VI). 3 кастрычніка адбылося ўрачыстае адкрыцьцё гімназіі[2].

1 кастрычніка 1923 пастановаю Міністэрства веравызнаньняў і публічнай асьветы (польск. Ministerstwo Wyznań Religijnych i Oświecenia Publicznego) пераўтвораная ў вышэйшую матэматычна-прыродазнаўчую гімназію[4].

6 лістапада 1923 гімназія атрымала назву «Дзяржаўная вышэйшая гімназія імя Адама Міцкевіча ў Пружане» (польск. Państwowe Wyższe Gimnazjum im. A. Mickiewicza w Prużanie). У 1923—24 навучальным року ў гімназіі навучаліся 74 вучні і 75 вучаніц; існавалі 5 вышэйшых клясаў (ад IV да VIII) і адна паралельная. У 1924—1925 займаліся 93 вучні і 90 вучаніц[4].

Будынак гімназіі імя Адама Міцкевіча ў Пружане. 1925 р.

З 2 кастрычніка 1924 тып гімназіі зьменены на гуманітарны. Напрыканцы таго ж року дырэктарам гімназіі быў прызначаны Ўладыслаў Ціхоцкі (польск. Władysław Cichocki), прафэсар II дзяржаўнай гімназіі ў Жэшаве[4].

Напачатку гімназія месьцілася ў адным драўляным будынку, аднак жадаючых вучыцца было столькі, што неўзабаве спатрэбіліся дадатковыя памяшканьні. Пружанскі магістрат адрамантаваў і перадаў у выкарыстаньне гімназіі цагляны будынак, а землеўласьнік з маёнтку Букрабаўшчына (польск. Bukrabowszczyzna, ля вёскі Мікалаевічы; не захаваўся) дапамог піламатэрыяламі, зь якіх былі пабудаваныя два аднапавярховыя будынкі; арганізаванае футбольнае поле, якое ўзімку выкарыстоўвалася як коўзанка[5].

З пачаткам 1925—1926 навучальнага року былі адчыненыя тры ніжэйшыя клясы. Колькасьць вучняў вырасла да 297, зь іх 140 хлопцаў і 157 дзяўчат. З прычыны недахопу памяшканьняў для ўзрослай колькасьці гімназістаў навучаньне адбывалася ў дзьве зьмены. Аднак дзякуючы захадам бацькоўскага камітэту непадалёк было знойдзенае дадатковае памяшканьне, і ўжо ў наступным року навучаньне вернутае на ранейшую схему[4].

У 1932 року бацькоўскі камітэт збудаваў побач новы двухпавярховы будынак, які мог зьмясьціць усе клясы, прасторную залю і калідор. Агульная плошча гімназіі склала 967 м².

Уладыслаў Ціхоцкі займаў пасаду дырэктара да пераводу ў берасьцейскую гімназію імя Рамуальда Траўгута ў 1928 року[6]. З 1934[7] і прынамсі да 1938 року[8] дырэктарам пружанскай гімназіі зьяўляўся Канстанты Касінскі.

Навучэнцы і выкладчыкі беларускай народнай школы. Новы 1944 рок

З прыходам Саветаў гімназія была пераўтвораная ў сярэднюю школу. Частка пэдкалектыву гімназіі ў 1940 року па абвінавачаньні ў контрарэвалюцыйнай дзейнасьці была сасланая на пасяленьне ў Калпашава Томскай вобласьці і Казахстан[2].

У цяперашні час на месцы будынку гімназіі плошча

З прыходам нацыстаў на тэрыторыі школы быў створаны фільтрацыйны пункт для ваеннапалонных, а ў 1943 року ў гэтым будынку пачала дзейнічаць беларуская школа, дырэктарам якой стаў Янка Жэдзік з Шакуноў[9]. Аднак ужо праз рок яна спыніла сваё існаваньне ў сувязі з надыходам Чырвонай арміі[10].

Па сканчэньні вайны будынак быў аддадзены першай беларускай сярэдняй школе Пружанаў, створанай у 1941 року. Пазьней у ім разьмяшчаўся Дом піянэраў. На пачатку 1990-х рокаў падчас узьвядзеньня новага Палацу культуры будынак быў зруйнаваны.

Выкладчыкі і выпускнікі гімназіі, якія пражываюць у Польшчы, зьбіраліся на шторочныя агульныя сустрэчы ў Дарлуўку(pl) на ўзьбярэжжы Балтыйскага мора.

Навучаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Навучаньне было платным, 22 000 злотых у рок; аплата ўносілася дзьвюма часткамі — за першае і другое паўгодзьдзе. Аднак для дзяцей дзяржаўных службоўцаў і настаўнікаў існавала шмат ільготаў, ажно да поўнага вызваленьня ад аплаты. Таму такіх дзяцей у гімназіі было найбольш, а найменш — сялянскіх, якія ня мелі сродкаў для аплаты навучаньня. Частка жыдоўскіх дзяцей займалася ў жыдоўскай школе ля плошчы, бо там яны мелі магчымасьць вывучаць старажытна-габрэйскую і сучасныя замежныя мовы (у тым ліку ангельскую), якія ў гімназіі не выкладаліся[11].

Гімназісты

Заняткі пачыналіся 1 верасьня, сканчаліся напрыканцы чэрвеня. Паводле праграмы дзяржаўных установаў матэматычна-прыродазнаўчага тыпу выкладаліся:

Усе гімназісты абавязаныя былі насіць школьную форму ўсталяванага ўзору[12][13]: хлопцы — мундзірыкі цёмна-сіняга колеру з баваўнянай тканіны, дзяўчаты — спаднічкі ў складачку і блузкі з доўгімі рукавамі. На левым рукаве была нашыўка са знакам гімназіі, на сьпінжаках — пазнакі клясы. На галовах хлапцы насілі капелюшы са значкамі з намаляванай лямпадкай на тле кнігі; дзяўчаты — такія самыя бярэты[11].

У выпадку хваробы або іншае прычыны неабходна было ў 24-гадзінавы тэрмін паведаміць пра немагчымасьць прысутнічаць на занятках. Калі вучань адсутнічаў на занятках болей за 8 дзён без тлумачэньняў, яго выключалі з гімназіі. Пасьля 8-й гадзіны вечара гімназістам забаранялася выходзіць на вуліцу[14].

На заднім двары гімназіі была разьмешчаная спартовая пляцоўка, дзе ладзіліся гімнастычныя заняткі, гульні ў валейбол, рэгбі, баскетбол, футбол, трэніроўкі ў кіданьні кап’я, ядра.

У гімназіі дзейнічала вучнёўская бібліятэка, якая напрыканцы 1927/1928 навучальнага року мела 1810 працаў, 2120 кніг. Настаўніцкая бібліятэка налічвала 819 працаў, 829 тамоў[15].

Валейбольная каманда

Выхаваўчая праца таксама ладзілася праз гурткі і клюбы[16][17]:

  • паляністычны
  • нямецкай мовы
  • матэматычны
  • гістарычны
  • драматычны
  • марыянскае братэрства
  • гуф вайсковай падрыхтоўкі
  • мужчынскі і жаночы хоры
  • зьмяшаны аркестар
  • хлапечая і дзявочая харцарскія дружыны імя Завішы Чорнага
  • шахматны
  • авіяканструктарскі

Выдавалася насьценгазэта «Наш шлях» (выйшла 13 нумароў).

Стаўленьне да беларускай мовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раіса Жук-Грышкевіч згадвала, што нягледзячы на родную беларускую мову, у школе яны размаўлялі па-польску:

« У школе мы, дзеці, гаварылі па-польску, але як толькі высыпалі на вуліцу, усё зашчабятала па-свойму. »

Раіса Жук-ГрышкевічНа адзін кароткі момант у Пружаны // «Раённыя будні». — 4 верасьня 1993. — С. 3.

Пасьля «вывядуўкі» (наведаньня школы) бацька аднаго з вучняў дзяліўся ўражаньнямі з дамашнімі: «Настаўнік польскай мовы сказаў, што калі мы ня будзем дома гаварыць па-польску, то дачка ня скончыць школу»[2].

Падчас аднаго з апытаньняў вучням задавалі пытаньне пра родную мову. Усе адказвалі «родны ензык — польскі», толькі адна дзяўчынка назвала роднай беларускую мову. Пасьля таго, як пан прафэсар ня здолеў пераканаць вучаніцу, што яе родная мова не беларуская, а польская, прапанаваў назваць лепей роднай расейскую, «бо яна прыгажэйшая». На што дзяўчынка ня вытрымала і адказала: «Запішыце, што француская: яна, кажуць, найпрыгажэйшая!»[2]

Штандар гімназіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Штандар з боку выявы Вастрабрамскай Божай Маці
Штандар з выявай белага арла і словамі «Айчына, навука, дабрадзейнасьць»

На 17 рок існаваньня гімназіі было прынятае рашэньне стварыць для гімназіі штандар. У распрацоўцы малюнку прымалі ўдзел вучні гімназіі, а сшылі штандар мясцовыя манашкі ў канцы 1938 або пачатку 1939 року. Пасьля асьвячэньня ў касьцёле ён быў урачыста пранесены па вуліцах.

З аднаго боку на штандары была выяўленая Маці Божая Вастрабрамская, зь іншага — белы арол і словы зь верша заступніка гімназіі Адама Міцкевіча «Песьня філярэцкая» — «Ojczyzna, Nauka, Cnota» (бел. Айчына, навука, дабрадзейнасьць). Міцкевіч быў асабліва шанаваны ў павеце з прычыну цеснай сувязі рэгіёну зь Вільняй[2].

У верасьні 1939 року штандар захоўваўся ў працоўнай майстэрні. Па прыходзе Саветаў было вырашана схаваць штандар, бо існавала небясьпека ягонага зьнішчэньня з прычыны таго, што на ім была выяўленая Маці Божая Вастрабрамская. За часам нямецкай акупацыі штандар захоўваўся ў доме прафэсара гімназіі Базана, які пасьля пакінуў Пружану разам з адыходзячымі нямецкімі войскамі, выехаўшы ў Седльцэ. Тут штандар зьнік, і доўгі час пра яго нічога не было вядома.

Нечакана праз шмат рокаў ён знайшоўся ў Дзяржонюве, падкінуты сыну прафэсара Базана Веславу. Гэтую гісторыю прафэсар і распавёў на трэцім спатканьні выпускнікоў пружанскае гімназіі ў Дарлуўку ў 1987 року. Цяпер штандар захоўваецца ў сям’і Веслава[18].

Асобы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Настаўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Тэадор Асевач — нямецкая мова
  • Эдвард Базан — праца
  • Уладыслаў Вайс — гісторыя, геаграфія
  • Марыя Вінарская — польская, француская мовы
  • Юлія Гейбовіч — хімія, фізыка, факультатыўна ангельская мова
  • Казімер Гечыс — рыма-каталіцтва
  • Канстантын Губараў — праваслаўе
  • Мойша Гутэнтаг — юдаізм
  • Зыгфрыд Дамброўскі — нямецкая мова
  • Аляксандар Дзьмітрук — рэлігія
  • Марыя Добкава — матэматыка, польская мова
  • Апалінары Дэсьпінуа — польская мова, філязофія; загаднік бібліятэкі
  • Уладзімер Імшэньнік — закон Божы
  • Камінскі — праца
  • Ян Круль — гімнастыка, сьпеў, вайсковая падрыхтоўка
  • Яна Кудлераўна — польская мова, геаграфія, гісторыя
  • Ян Лазоўскі — матэматыка, фізыка, лацінская мова
  • Ян Лех — польская мова, геаграфія, загаднік бібліятэк
  • Тэадосі Лявіцкі — фізыка
  • Станіслава Ляпкоўская — француская мова
  • Соф’я Мацкевіч — польская і француская мовы, пачаткі філязофіі
  • Казімер Мірэцкі — рысунак, матэматыка
  • Юзэф Мразевіч — рысунак, праца, каліграфія
  • Францішак Палка — польская мова
  • Тадэвуш Парноўскі — польская мова
  • Станіслаў Паслаўскі — каталіцтва, гісторыя
  • Караль Пацэвіч — гігіена, школьны лекар
  • Фабіян Пачобут-Адляніцкі — рыма-каталіцтва
  • Адольф Пішнат — лацінская мова
  • Леантына Планчынская — рысунак
  • Міхал Прэндкі — польская мова, філязофія
  • Балеслаў Руткоўскі — рыма-каталіцтва
  • Рэлюга — лацінская мова, харцары
  • Марыя Рыла — рысунак, ручная праца, пісьмо ў 1-й клясе
  • Міхал Салява — гісторыя, геаграфія
  • Тадэвуш Сікорскі — матэматыка, нямецкая і польская мова
  • Дыянізі Скарупскі — прыродазнаўчыя навукі
  • Францішак Тамака — гісторыя, геаграфія
  • Юзэф Тыркель — лацінская, польская і нямецкая мовы
  • Антоні Ўрубель — гімнастыка, сьпевы і музыка
  • Фельгель — нямецкая мова
  • Б. Францішак — рыма-каталіцтва; школьны лекар
  • Уладыслаў Харкавы — лацінская мова, гісторыя, філязофія
  • Уладыслаў Ціхоцкі — геаграфія, гісторыя; дырэктар (1924—1928)
  • Канстанты Цішкевіч — музыка; капэльмайстар дзіцячага аркестру
  • Юзэф Шыхоўскі — фізыка, хімія

Вучні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выпускнікі гімназіі перад матурай. Другая справа ў ніжнім шэрагу — Раіса Жук-Грышкевіч

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ ішла раўналежна вуліцы Пацэвіча
  2. ^ неабавязковы прадмет

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Amy Levinson. Pruzhany 1937 Phone Book (анг.). Children of Pruzany and the Surrounding Area. Праверана 15 лістапада 2011 г.
  2. ^ а б в г д е ё Юры Зялевіч. Вышэй крыжоў і ордэнаў узнагарода — вучні вашы… // «Раённыя будні». — 5 кастрычніка 2002. — С. 3.
  3. ^ Казлоўская Надзея Анатольеўна. (24 сакавіка 2020) 90 годоў з часу заснавання ў г. Пружаны Палескага ваяводства Дзяржаўнай вышэйшай гімназіі імя А. Міцкевіча (1922) Краязнаўства Берасьцейшчыны. Берасьцейская абласная бібліятэкаПраверана 12 траўня 2020 г.
  4. ^ а б в г I Sprawozdanie… za rok szkolny 1925/26. — С. 1
  5. ^ а б Janina Pisanko-Świeżewska. Gimnazjum Państwowe im. Adama Mickiewicza w Prużanie // Echa Polesia. — 2009. — № 4 (24). — С. 65.
  6. ^ Kronika zakładu // I Sprawozdanie Dyrekcji Państwowego Gimnazjum im. Romualda Traugutta w Brześciu nad Bugiem za rok szkolny 1928/29. — Brześć nad Bugiem: Nakładem Dyrekcji Państw. Gimnazjum, 1929. — С. 4.
  7. ^ Konstanty Kosiński (1887–1961) // Białostoczanie XX wieku: wielki plebiscyt «Gazety Wyborczej», Radia Białystok i Telewizji Białystok / Pod redakcją Daniela Boækowskiego i Jana Kwasowskiego. — Białystok: Książnica Podlaska, 2000. — С. 55. — 1000 ас. — ISBN 978-83-88248-85-5
  8. ^ Вольга Папко. Адлюстраваньне паўсядзённага жыцьця павятовага горада Пружаны ў 1921—1939 гг. у дакументах Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласьці Гістарыяграфія і крыніцы па гісторыі гарадоў і працэсаў урбанізацыі ў Беларусі: зборнік навуковых артыкулаў. Старонка №1 горада Ліды і Лідскага павета. Праверана 22 сакавіка 2012 г.
  9. ^ Лявон Юрэвіч. Юры Жывіца. Маё паходжаньне // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. — Нью-Ёрк: Беларускі Інстытут Навукі і Мастацтва, 1999. — С. 227.
  10. ^ Міхась Лебедзь. Юры Попка і яго ўнёсак у беларускую культуру на эміграцыі. МГА «Бацькаўшчына»Праверана 26 сьнежня 2011 г.
  11. ^ а б Сэрафін Корчак-Міхалеўскі. Дзе дух Міцкевіча лунаў… // «Раённыя будні». — 30 кастрычніка 1993. — № 85 (7122). — С. 3.
  12. ^ II Sprawozdanie… za rok szkolny 1926/27. — С. 19
  13. ^ III Sprawozdanie… za rok szkolny 1927/28. — С. 23
  14. ^ I Sprawozdanie… za rok szkolny 1925/26. — С. 15
  15. ^ III Sprawozdanie… za rok szkolny 1927/28. — С. 6
  16. ^ II Sprawozdanie… za rok szkolny 1926/27. — С. 5-7
  17. ^ III Sprawozdanie… za rok szkolny 1927/28. — С. 7-9
  18. ^ Losy szkolnego sztandaru // Echa Polesia. — Brześć: Oddział Brzeski ZS «Związek Polaków na Białorusi», 2007. — № 4.
  19. ^ Маракоў, Леанід. Балабушэвіч (Балабушевич) Ігар Репрессированные православные священно- и церковно-служители Беларуси, 1917-1967. Т. I Праверана 17 лістапада 2011 г.
  20. ^ Mały słownik pisarzy polskich na obczyźnie 1939-1980 / red. Bolesław Klimaszewski. — Warszawa: Instytut Badań Polonijnych Uniwersytetu Jagiellońskiego, Wydawnictwo Interpress, 1992. — С. 351.
  21. ^ Michał Początek. Doktor Eugeniusz Pouch — lekarz, dyrektor szpitala w Pile // Kronika Wielkopolski. — 2004. — № 3 (111). — С. 99–103.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гімназія імя Адама Міцкевіча (Пружаны)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў