Гісторыя Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Белару́сь, Рэспу́бліка Белару́сь — краіна ва Ўсходняй Эўропе, буйнейшая па тэрыторыі ў Эўропе краіна бяз выхаду да мора. Мяжуе з Польшчаю на захадзе, Летувою на паўночным захадзе, Латвіяй на поўначы, Расеяй на ўсходзе і Ўкраінай на поўдні.

Першыя людзі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пранікненьне першых людзей на тэрыторыю сучаснае Беларусі пачалося каля 100—35 тысячаў гадоў таму назад. Лічыцца, што першымі людзьмі на тэрыторыі Беларусі былі нэандэртальцы, якія апынуліся тут у час кароткіх пацяпленьняў у пэрыяд так званага рыскага абледзяненьня, ці яшчэ перад ім. На жаль, на тэрыторыі Беларусі пакуль што не было знойдзена аніводнага шкілету гэтага пэрыяду. Рэшткі чалавечае дзейнасьці былі знойдзеныя на стаянках Юравічы і Бердыж, якія датуюцца прыкладна 26—23 тысячаў гадоў таму. Нарэшце, гэтыя даты дазваляюць у любым выпадку аднесьці зьяўленьне першага чалавека на тэрыторыі Беларусі да верхняга палеаліту. Першыя людзі маглі жыць тут толькі пасьля адступленьня ці зыходу ледавіку. Эдуард Загарульскі ў сваёй кнізе «Начало формирования населения Белоруссии» сьцьвярджае, што колькасьць насельніцтва ў верхнім палеаліце не перавышала некалькіх соцень чалавек. Каля 16 тысячаў гадоў таму адбылося новае моцнае пахаладаньне, і чалавек пакінуў гэтыя мясьціны.

Мэзаліт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Апошні ледавік зышоў прыблізна 13—8 тысячаў гадоў таму, пасьля чаго на Беларусі пачаўся мэзаліт. Па меры таяньня і адступленьня ледавіка клімат рабіўся ўсё больш цёплым. Тэрыторыя Беларусі паступова пакрывалася лесам. Пераходзячы зь месца на месца, чалавек паступова рухаўся на поўнач. Быў вынайдзены лук, які зьмяніў характар паляваньня. Пачалося інтэнсіўнае асваеньне новых тэрыторыяў. На Беларусі вядома 120 мэзалітычных стаянак трох асноўных археалягічных культур (грэнскай, сьвідэрскай і сожаўскай), а агульная колькасьць насельніцтва складала ад 4,5 да 6 тысячаў чалавек.

Нэаліт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У эпоху нэаліту (4-3 тысячагодзьдзі да новай эры) клімат стаў яшчэ цяплейшым. Прысвойваючая гаспадарка дасягнула свайго росквіту. На Беларусі да нэаліту адносяцца плямёны нёманскай, днепра-данецкай, нарвенскай і верхнедняпроўскай культур. Вывучэньні могілак днепра-данецкай культуры на Ўкраіне даказалі, што прадстаўнікі гэтай культуры належалі да паўночных эўрапеоідаў ці позьніх краманьёнцаў. Асноўным заняткам нэалітычных плямёнаў было рыбалоўства, усе астатнія заняткі не былі так распаўсюджаны.

Бронзавы век[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каля 2000 гадоў да н. э. пачаўся бронзавы век, спачатку ў паўднёвай Беларусі. Бронза выкарыстоўвалася ня так часта як камень, таму што матэрыялаў для стварэньня бронзавых прыладаў працы — медзі і волава — на Беларусі не было ніколі. Але ж медныя і бронзавыя рэчы знаходзяць на тэрыторыі Беларусі, што сьведчыць аб гандлёвых сувязях тагачаснага насельніцтва. Асноўныя культуры гэтага часу — сярэднедняпроўская культура, вісла-нёманская культура, тшцінецкая культура (?). Паступова Беларусь засялялі індаэўрапейцы, з прыходам якіх пачаўся паступовы пераход да вытворчай гаспадаркі (асноўным заняткам індаэўрапейцаў была жывёлагадоўля). Людзі пачалі прыручаць усё больш жывёл, а потым перайшлі да іх разьвядзеньня. Сьвіньня стала першай свойскай жывёлай. Адбываецца пераход ад паляваньня да жывёлагадоўлі і ад зьбіральніцтва да земляробства. Ён азначаў пераход ад спажывецкай да вытворчай гаспадаркі. Пры вытворчым тыпе гаспадаркі старажытныя людзі ўласнай працай здабывалі неабходныя для жыцьця прадукты, якіх не існавала ў гатовым выглядзе ў прыродзе.Спачатку, земляробства было матычным, калі асноўнай прыладай працы служыла матыка, а потым — падсечна-агнявым. Старажытныя людзі высякалі сякерамі лес, карчавалі і палілі пні, попел выкарыстоўвалі ў якасьці ўгнаеньня, зямлю апрацоўвалі бараной-сукаваткай. Для збору ўраджаю выкарыстоўвалі сярпы, муку атрымлівалі на зерняцёрках. Для захаваньня зерня і малака ад разьведзеных жывёл рабілі пласкадонны гліняны посуд.

Жалезны век[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Жалезны век на Беларусі пачаўся ў VIIIVII стагодзьдзях да нашай эры. У адрозьненьне ад медзі, на тэрыторыі Беларусі сустракаецца жалеза (у выглядзе так званых «балотных руд»). Мясцовыя майстры пачалі вырабляць жалезныя прылады працы. 3 руды выплаўлялі ў сыродутных домніцах — печах, зробленых з гліны, порыстую масу — крычнае жалеза. Паступова разьвівалася земляробства, якое стала ворным. Выкарыстоўваліся ралы з жалезным нарогам-наканечнікам. З дапамогай жалезных сякераў чалавек паступова засвоіў новы спосаб земляробства — падсечна-агнявы (лядны). Дрэвы зрубалі, спальвалі і попелам угнойвалі глебу. У яе высявалі зерне і баранавалі «сукаваткай», якую рабілі зь верхавіны дрэва. Некалькі гадоў атрымлівалі добрае збожжа. Калі ўраджай рэзка зьніжаўся, пераходзілі на новую дзялянку. Вырошчвалі проса, пшаніцу, бабы.

Раньняе сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля расьсяленьня ўсходніх славян і стварэньня Кіеўскай Русі на беларускіх землях узьніклі два княствы — Тураўскае княства і Полацкае княства. Можна казаць аб тым, што Полацкае княства — гэта арэал расьсяленьня крывічоў-палачан, а Тураўскае — дрыгавічоў.

Пад 980 годам упершыню ўзгадваюцца першыя князі на беларускіх землях — Рагвалод у Полацку і Тур у Тураве. Кіеўскі князь Уладзімер Сьвятаславіч захапіў Полацак і забраў Рагвалодаву дачку Рагнеду ў жонкі. Потым Уладзімер быў вымушаны аддаць Рагнедзе Полацкае княства як яе вотчыну. Яе сын Ізяслаў Уладзімеравіч быў пасаджаны спачатку ў Заслаўе (у той час Ізяслаўль), а затым, верагодна, быў запрошаны палачанамі княжыць у Полацак. У 1001 (паводле іншых зьвестак, 1003) годзе полацкім князем стаў Брачыслаў Ізяслававіч. У 1044 годзе полацкім князем стаў Усяслаў Брачыславіч (1044—1101), якога сучасьнікі празвалі Чарадзеем. Пры ім Полацкае княства дасягнула свайго росквіту. Полацак у гэты час стаў асноўным супернікам Кіева. У 1066 годзе Ўсяслаў нават захапіў Ноўгарад. У 1067 годзе адбылася Няміская бітва. Гэта была першая летапісная згадка пра Менск. З-за таго, што супраць Усяслава выступілі амаль усе князі Кіеўскай Русі, ён ня здолеў перамагчы ў гэтай бітве. Каля Воршы ён падманам быў узяты ў палон і адвезены ў Кіеў. 15 верасьня 1068 году ў Кіеве гараджане паднялі мяцеж супраць свайго князя Ізяслава. Гараджане вызвалілі Ўсяслава з турмы (поруба) і запрасілі яго на кіеўскае княжаньне. Усяслаў стаў вялікім князем кіеўскім — фактычна гаспадаром усёй Кіеўскай Русі. Але ж у 1069 годзе Ізяслаў з дружынай польскага караля Баляслава рушыў на Кіеў. Кіяўляне сабралі войска, але ж яно было зусім невялікім, пасьля чаго Ўсяслаў зьбег у Полацак, не чакаючы паражэньня гэтага войска. Але ж у Полацку ўжо быў пастаўлены сын Ізяслава Мсьціслаў Ізяслававіч, які хутка памёр (магчыма, ён быў атручаны Ўсяславам). Ізяслаў здолеў паставіць у Полацак свайго іншага сына  — Сьвятаполка.

Тым часам Усяслаў набраў войска зь фінскага племені водзь і пайшоў на Ноўгарад. Хутка сабранае войска было разгромленае ў бітве на рацэ Гзені наўгародцамі на чале з Глебам Сьвятаславічам. Пасьля гэтага Ўсяслаў на два гады зьнік з гістарычнай арэны. Але ж у 1071 годзе ён зьявіўся зь вялікай дружынай, выгнаў Сьвятаполка з Полацка і зноў пачаў княжыць у Полацкім княстве. Ізяслаў спрабаваў адбіць Полацкае княства, паслаўшы свайго сына Яраполка. Той каля Галацічаска разьбіў полацкае войска, але Кіеў адазваў Яраполка, каб змагацца з качэўнікамі. Усяслаў застаўся полацкім князем.

У 1078 годзе Ўсяслаў напаў на Смаленск і спаліў яго. Уладзімер Манамах, каб адпомсьціць Усяславу, разарыў Лукомль, Лагойск і Друцак. У 1084—1085 гадах Уладзімер Манамах разам з качэўнікамі-полаўцамі захапіў Менск і забраў усё насельніцтва гораду ў палон.

Усяслаў Чарадзей памёр у 1101 годзе. У летапісах гэтай зьяве прысьвечаны асобныя радкі: «…преставился Всеслав, полоцкий князь, месяца априля въ 14 день, в 9 часъ дне, в среду». Гэта сьведчыць аб тым, якое значэньне надавалі Ўсяславу ў Кіеве, якой неардынарнай асобай ён быў.

Згадкі пра гарады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя згадкі пра беларускія гарады: Полацак — 862; Віцебск — 974, 1021; Тураў — 980; Заслаўе — каля 985; Друцак — 1001, 1078; Берасьце — 1017, 1019; Копысь — 1059, 1060; Браслаў — каля 1065; Менск — 1067; Ворша — 1067; Лагойск — 1078, 1127; Лукомль — 1078; Пінск — 1097; Барысаў — 1102, 1127; Слуцак — 1116; Наваградак — паводле ўскосных зьвестак 1117, 1119; 1228, 1235; Горадня — 1127; Клецак — 1127; Амсьціслаў — 1135; Слаўгарад (Прупой) — 1136; Крычаў (Крэчут) — 1136; Гомель — 1142; Рагачоў — 1142; Брагін — 1147; Мазыр — 1155; Чачэрск — 1159; Рэчыца — 1213/14; Слонім — 1252; Ваўкавыск — 1252; Зьдзітаў — 1252 (магчыма, 1005); Турыйск — 1253; Капыль — 1274; Камянец — 1276; Кобрын — 1287.

Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Вялікае княства Літоўскае

Пасьля набегу манголаў на Ўсходнюю Эўропу і заняпаду Кіеўскай Русі ў XIII стагодзьдзі рускія князі водазбору Дняпра добраахвотна далучыліся да Вялікага Княства Літоўскага і ўтварылі Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае. Сумесны лёс Беларусі, Украіны і Летувы ў складзе новай адзінай дзяржавы працягваўся 600 гадоў. Большую частку новага дзяржаўнага ўтварэньня складалі ў той час землі рускіх княстваў сучаснай Беларусі і Ўкраіны.

Рэч Паспалітая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Рэч Паспалітая

У 1569 годзе Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае аб’ядналіся на фэдэратыўнай аснове ў новую дзяржаву — Рэч Паспалітую.

Пасьля апусташальнай Паўночнай вайны 17001721 гадоў (а таксама мноства войнаў з Масквой у XVII стагодзьдзі) насельніцтва Беларусі паменшылася на траціну[1]. Буйнейшыя беларускія гарады ляжалі ў развалінах, гарадзкое насельніцтва было амаль што цалкам зьнішчанае.

У складзе Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля падзелаў Рэчы Паспалітай у 1772, 1793 і 1795 гадох беларускія землі былі гвалтоўна далучаныя да Расейскай імпэрыі, дзе заставаліся да яе краху ў 1917 годзе. Гэты пэрыяд характаразуецца нацыянальным прыгнётам беларусаў і адмаўленьнем у праве на самавызначэньне Беларусі з боку імпэрскіх уладаў.

Барацьба за незалежнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году ў Менску, была абвешчаная незалежная Беларуская Народная Рэспубліка. 1 студзеня 1919 году ў Смаленску, была абвешчаная Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь як супрацьвага БНР. 18 сакавіка 1921 году Рыскі мірны дагавор падзяліў Беларусь паміж Савецкай Расеяй і Польшчай.

Другая сусьветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Другая сусьветная вайна (19391945) пачалася для Беларусі 1 верасьня 1939 году, калі нямецкія войскі атакавалі Польшчу, у склад якой уваходзілі і акупаваныя тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Частка беларусаў зь першага дня вайны прыняла ўдзел у змаганьні — у шэрагах польскай арміі. 17 верасьня 1939 году Польшча была атакаваная войскамі СССР з тылу, што цалкам перакрэсьліла надзеі палякаў на працяг адкрытага вайсковага змаганьня.

Згодна з Пактам Молатава-Рыбэнтропа Заходняя Беларусь была ўключаная ў склад СССР і далучаная да БССР. Савецкія ворганы ўлады адразу пачалі масавыя рэпрэсіі, якія ў 1920—1930-х гадах ужо перажыла насельніцтва Ўсходняй Беларусі.

22 чэрвеня 1941 году пачалася вайна паміж Нямеччынай і СССР. Нямецкія войскі менш чым праз тыдзень баёў дайшлі да сталіцы БССР Менску і хутка ўзялі яго.

Шмат у якіх мясьцінах нямецкія войскі прыймаліся як вызвольнікі ад савецкай акупацыі. Але непасьлядоўная і ў шмат якіх аспэктах злачынная нямецкая акупацыйная палітыка прывяла да пачатку ў акупаванай Беларусі вострага грамадзянскага ўзброенага канфлікту паміж групамі насельніцтва, якія выступалі за незалежнасьць Беларусі ці часовае супрацоўніцтва зь нямецкімі акупацыйнымі ўладамі, і групамі, якія мелі прасавецкія настроі.

Зь верасьня 1941 году па жнівень 1944 году Беларусь знаходзілася пад акупацыяй Трэцяга Райху.

Незалежнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

27 ліпеня 1990 году Беларусь аб’явіла сваю незалежнасьць: Вярхоўным Саветам БССР быў прыняты пакет рашэньняў аб незалежнасьці і эканамічнай самастойнасьці Беларусі. На пасаду старшыні Вярхоўнага савету Рэспублікі Беларусь узышоў Станіслаў Шушкевіч. 19 верасьня 1991 году краіна атрымала новую назву — Рэспубліка Беларусь. У сьнежні 1991 году Вярхоўны Савет РБ ратыфікаваў пагадненьне аб стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. У СНД увайшлі ўсе былыя рэспублікі СССР, акрамя краінаў Прыбалтыкі.

Пасьля ліквідацыі СССР пачалося прызнаньне РБ як сувэрэннай дзяржавы. У сталіцы Беларусі адкрыла свае амбасады й прадстаўніцтвы 21 дзяржава. РБ ажыцьцяўляла працэс дагаворнага зацьвярджэньня граніцаў з сумежнымі дзяржавамі: Польшчай, Латвіяй, Летувай, Расеяй і Ўкраінай. У лютым 1992 году Беларусь падпісала Хэльсынскі Заключны акт. З гэтага моманту яна стала раўнапраўным удзельнікам хэльсынскага працэсу.

Ад былога СССР на тэрыторыі Беларусі засталася вялікая колькасьць войскаў і ўзбраеньняў. Далучыўшыся да Дагавору аб скарачэньні войскаў у Эўропе, Беларусь у 1992 годзе вывела са сваей тэрыторыі тактычную ядзерную зброю. Важную ролю ў павышэньні аўтарытэту краіны на міжнароднай арэне адыграла ратыфікацыя ёю ў 1993 годзе пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

10 ліпеня 1994 году першым прэзыдэнтам краіны быў абраны Аляксандар Лукашэнка.

Мапы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Гісторыя Беларусісховішча мультымэдыйных матэрыялаў