Гісторыя Вугоршчыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.

Перайсьці да: навігацыя, пошук

Радзімай паўкачавых плямёнаў мадзьяраў, роднасных сучасным ханты й мансі, былі стэпы Перадуральля (прыкладна ў раёне сучаснай Башкірыі), адкуль яны праз Прыазоўе і Прычарнамор'е перасяліліся ў Эўропу, заняўшы ў канцы IX стагодзьдзя Сярэдняе Падунаўе. Адтуль зьдзяйснялі рабаўнічыя набегі на Заходнюю Эўропу. Разбітыя ў 966 годзе на рацэ Лех германскім імпэратарам Атонам I, перайшлі да аселага ладу жыцьця, стварылі дзяржаву, якая пры каралі Стэфане I Сьвятым прыняла каталіцтва. Вугоршчына вяла актыўную заваёўніцкую палітыку ў Цэнтральнай Эўропе і Балканскім паўвостраве, падначаліла сабе многія славянскія (харватаў, сэрбаў, славакаў, частку продкаў украінцаў) і ўсходнераманскія народы, у значнай ступені асіміляваўшы іх. З 1092 году падначаліла Харвацкае каралеўства, якое адгэтуль існавала ў сталай асабістай уніі з Вугоршчынай. З канца XI стагодзьдзя прэтэндавала на тэрыторыі Галіцка-Валынскага княства, часам асаджаючы на галіцкім прастоле вугорскіх манархаў. Берасьцейская зямля, якая трапіла ў склад Галіцка-Валынскай дзяржавы, разглядалася вугорскімі фэадаламі як частка іх законнай спадчыны, і на працягу некалькіх стагодзьдзяў авалоданне ёю як апошнім рубяжом на паўночным усходзе лічылася адной са стратэгічных мэтаў вугорскай экспансіі.

З XIII стагодзьдзя Вугоршчына актыўна падтрымлівала Крыжовыя паходы супраць ВКЛ. Менавіта вугорскі кароль Эндрэ II запрасіў Тэўтонскі Ордэн ва Усходнюю Эўропу ў 1211 годзе, асадзіўшы іх у раёне плато Бырса (сучасная Румынія) для абароны ад полаўцаў. Праз кароткі час крыжакі былі выгнаныя з Вугоршчыны і пасяліліся ў Прусіі, але і надалей Вугоршчына працягвала аказваць ім палітычную і ваенную падтрымку.

Найбольш варожымі адносіны паміж ВКЛ і Вугоршчынай былі ў часы караля Людвіка І Вялікага (13421382). Пасьля сьмерці апошняга гаспадара Галіцка-Валынскага княства (1340) Валынь са сталіцай у Луцку перайшла да Любарта Гедымінавіча, які прэтэндаваў і на Галічыну. У 1340 – 1349 гадах галіцкае баярства намінальна прызнавала гаспадаром то Любарта, то польскага караля Казіміра III Вялікага, то Людвіка I. У лютым 1345 году Людвік удзельнічаў ў бесьпасьпяховым паходзе крыжакоў у бок Трокаў, у 1349 – 1351 гадах арганізоўваў сумесныя з Польшчай паходы на Валынь, Падляшша й Берасьцейшчыну. Асабліва няўдалай для ВКЛ была вайна ў ліпеніжніўні 1351 году, калі Людовік захапіў у палон Любарта й Кейстута. 15 жніўня 1351 году быў падпісаны дагавор, паводле якога ВКЛ мусіла заплаціць вялікі выкуп, адмовіцца ад прэтэнзій на Галічыну. Кейстут і Любарт адправіліся ў Вугоршчыну як гаранты дагавора і для хрышчэньня, але здолелі ўцячы. Дагавор вядомы з хронікі ананімнага францысканца, удзельніка выправы (магчыма, Янаша Кецьі); у гэтай жа хроніцы падуладная Любарту Валынь названая «зямлёй белых русінаў». (Такая лякалізацыя Белай Русі ўласьцівая вугорскім крыніцам XIVXVI стагодзьдзяў). У 1352 годзе Людвік быў паранены пры асадзе крэпасьці ВКЛ Бэлз на захадзе Валыні. Пасьля заняцьця ім польскага трону ў 1370 годзе войны з ВКЛ узнавіліся, у 1377 годзе Бэлз і Холм разам з Галічыной часова ўвайшлі ў склад Вугоршчыны; Любарт, падольскія князі Аляксандар і Барыс Карыятавічы і ратненскі князь Фёдар Альгердавіч (якому належаў і Кобрын з акругай) прызналі сювэрэнітэт Вугоршчыны. Людвік высунуў некалькі праектаў хрысьціянізацыі Літвы, ініцыяваў стварэньне Луцкай каталіцкай епархіі ў 1375 годзе. Пасьля сьмерці Людвіка яго дачка Ядвіга была абраная польскай каралевай; яе шлюб зь вялікім князем літоўскім Ягайлам далучыў ВКЛ да заходняй цывілізацыі і даў пачатак шматвекавому дзяржаўнаму саюзу ВКЛ і Польшчы, форма якога эвалюцыянавала ад Крэўскай уніі 1385 году да Люблінскай уніі 1569 году. Як і Польшча, у XV – XVI стагодзьдзях ВКЛ адчувала значны ўплыў Вугоршчыны, асабліва ў матэрыяльнай культуры (распаўсюджаньне вугорскага строю мужчынскай вопраткі, высокі прэстыж вугорскага віна, гатунку сліў, выкарыстаньне дукату (“залаты вгорскі”) у якасьці рэгіянальнай залатой валюты й г.д.)

Першай сумеснай ваеннай акцыяй Польшчы і ВКЛ было выцясненьне вугорскіх войскаў з Галічыны ў 1387 годзе. У выніку ліквідацыі Вітаўтам у 1393 годзе многіх удзельных княстваў, у тым ліку на Падольлі, князь Фёдар Карыятавіч уцёк у Вугоршчыну, у 13961414 гадах кіраваў некалькімі замкамі ў Закарпацьці з цэнтрам у Мукачове; у 1420 годзе бесьпасьпяхова спрабаваў вярнуць сабе Падольле. На пачатак XV стагодзьдзя інтарэсы ВКЛ і Вугоршчыны сутыкаліся таксама на Малдаўскім княстве, якое планаваў падначаліць Вітаўт. Пры каралі Жыгімонце Люксембургу Вугоршчына працягвала падтрымку Тэўтонскага Ордэну, выступіла яго саюзнікам у Вялікай вайне 1409 – 1411 гадоў (мірны дагавор Польшчы і ВКЛ з Вугоршчынай заключаны ў 1412 годзе ў Любоўлі). Жыгімонт Люксембург даваў прытулак у Вугоршчыне Сьвідрыгайлу, падтрымліваючы яго змаганьне супраць цэнтралізатарскай палітыкі Вітаўта.

У 1440 годзе вугорскім каралём быў абраны сын Ягайлы Уладзіслаў III (польскі кароль з 1434 году), які загінуў у 1444 годзе ў крыжовым паходзе супраць туркаў пад Варнай. Яго сьмерць выклікала ў тым ліку аднаўленьне пэрсанальнай уніі ВКЛ і Польшчы пад уладай Казіміра Ягелончыка1447 году). У 1490 годзе вугорскім каралём быў абраны ягоны сын Уладзіслаў Ягелончык, і на пэўны час (14901526) улада над дзяржавамі Цэнтральнай і Усходняй Эўропы (Вугоршчына з Харватыяй, Чэхія, Польшча, ВКЛ) засяродзілася ў руках дынастыі Ягелонаў. “Ягелонаўскі сьвет”, ад Адрыятыкі й Чорнага мора да Балтыкі і ад Судэтаў да Акі, зьвязаны толькі сваяцтвам манархаў, меў адно сымбалічную палітычную еднасьць. Аднароднасьць гэтай частцы Эўропы надавала прывілеяванае становішча кляса землеўладальнікаў-шляхты. Баланс улады паміж шляхтай і манархіяй у гэтым рэгіёне на працягу амаль усяго XVI стагодзьдзя заставаўся надзвычай роўным, і менавіта ў Вугоршчыне была выпрацаваная такая мадэль дзяржаўнага ладу.

Апошні вугорскі манарх з дынастыі Ягелонаў, Людвік ІІ, загінуў у бітве з туркамі пад Мохачам у 1526 годзе, якая зруйнавала магутнасьць вугорскай дзяржавы. Яшчэ да гэтага, у выніку дыпламатычнай місіі ад Жыгімонта I Старога на чале з Мікалаем Радзівілам да Фэрдынанда I Габсбурга (1515) была дасягнутая дамоўленасьць аб шлюбе Фэрдынанда з Ганнай Ягелонкай, дачкой Уладзіслава Ягелона (заключаны ў 1521 годзе), і аб магчымасьці пераходу Чэхіі й Вугоршчыны ад Ягелонаў да Габсбургаў. З 1526 году ў Вугоршчыне ішла барацьба за ўладу паміж 2 каралямі: Фэрдынандам (літоўскія паны больш сымпатызавалі яму) і Янашам Запольяі, жанатым на Ізабеле (дачцы Жыгімонта Старога і Боны Сфорца), які меў больш прыхільнікаў у Польшчы. Пасьля захопу Буды туркамі ў 1541 годзе Вугоршчына на паўтара стагодзьдзя распалася на 3 часткі: каралеўскую Вугоршчыну, на чале з Габсбургамі, цэнтральную частку, што ўвайшла непасрэдна ў склад Асманскай імпэрыі, і залежнае ад яе Трансільванскае княства, якое падтрымлівала цесныя сувязі з Польшчай і ВКЛ. У 1576 годзе трансільванскі князь Стэфан Баторы быў абраны польскім каралём і вялікім князем літоўскім. Праведзеныя ім дзяржаўныя і ваенныя рэформы дазволілі давесьці да перамогі Інфлянцкую вайну 1558 – 1582 гадоў. Вугорскі культурны ўплыў на ВКЛ пры Баторыі дасягнуў найвышэйшага ўзроўню: канчаткова аформіўся нацыянальны шляхецкі строй адзеньня (Кунтушовы строй), вугорская пяхота стала ўзорам для фармаваньня пяхотных аддзелаў войска ВКЛ (Гайдукі). Каспар Бекеш гуртаваў вакол сябе антытрынітарыяў ВКЛ. Значная частка вугорцаў з войска Баторыя засталася ў ВКЛ і ўлілася ў склад літоўскага (беларускага) народа.

Трансільванскі князь Дзьёрдзь II Ракацы імкнуўся аднавіць адзіную “Вялікую Вугоршчыну”, незалежную ад Габсбургаў і Асманскай імпэрыі, да якой хацеў далучыць і значную частку Рэчы Паспалітай. У вайне Рэчы Паспалітай з Расеяй 1654 – 1667 гадоў ён падтрымліваў швэдаў, заключыў са Швэцыяй, Трансільваніяй, Брандэнбургска-Прускім курфюрствам і Багданам Хмяльніцкім Радноцкі дагавор 1656 году. Меркавалася, што тытул польскага караля разам з Валынню, Падляшшам і Берасьцейшчынай дастанецца Ракацы; Курляндыя, Віленскае, Троцкае й Інфлянцкае ваяводствы ВКЛ — Швэцыі; усходняя Літва — Багдану Хмяльніцкаму, а з Hаваградскага ваяводства і некаторых іншых тэрыторый будзе створана незалежнае спадчыннае княства для Багуслава Радзівіла. Рэалізуючы Радноцкі дагавор, швэдска-трансільванска-казацкае войска 23 мая 1657 году захапіла Берасьце, камендантам якога быў пакінуты палкоўнік Андраш Гаўдзі, аднак вугорская акупацыя працягнулася толькі некалькі месяцаў.

Уз'яднаньне ўсіх трох частак Вугоршчыны пад уладай Габсбургаў адбылося ў выніку перамогі польска-аўстрыйскага войска над туркамі ў Венскай бітве 1683 году. Войска ВКЛ удзельнічала ў кампаніі 1683 году, але вызначылася найбольш рабункамі мірнага насельніцтва габсбургскай часткі Вугоршчыны (на тэрыторыі сучаснай Славакіі).


Крыніца: Алесь Белы, «Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі»

[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі

 Гісторыя Вугоршчынысховішча мультымэдыйных матэрыялаў

[рэдагаваць] Літаратура

  • Филевич И. П. Борьба Польши и Литвы-Руси за галицко-владимирское наследие. СПб., 1890
  • Довнар-Запольский М.В. Из истории литовско-польской борьбы за Волынь // Киевские университетские известия. 1896. № 8
  • Paszkiewicz H. Polityka ruska Kazimierza Wielkiego. Warszawa, 1925
  • Шабульдо В.Ф. Земли Ю-З Руси в составе ВКЛ. К., 1987
  • Белы А. Хроніка «Белай Русі». Мн., 2000
  • Белы А. Невядомыя эпізоды “невядомай вайны” // Спадчына. 1999. № 3
  • Пашуто В.Т. Очерки по ист. Галицко-Вол. Руси. М., 1950
  • Пашуто В.Т. Внеш. Политика Др. Руси. М., 1968
  • Бэтс Р. Канстытуцыйны працэс і палітычная думка ўва Ўсходняй Эўропе // БГА. Т. 6, сш. 1-2, 1999
  • Florianus M. Chronicon Dubnicense // Historiae Hungaricae Fontes Domestici. V. III, Lipsiae, 1884
  • Lewicki A. Kilka przyczynków do dziejów Kazimierza Wielkiego // KH. R. III. 1899.

Асабістыя прылады