Гісторыя Лагойску

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Палац. Н. Орда, 1864 г.

Лагойскместа гістарычнай Меншчыны, колішняя сталіца графства (раней — сталіца ўдзельнага княства), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Тут разьмяшчалася рэзыдэнцыя роду Тышкевічаў, да нашага часу захаваўся парк і руіны палаца, помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва XIX ст. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс манастыра базылянаў з царквой Божага Яўленьня, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны расейскімі ўладамі[1], а таксама касьцёл Сьвятога Казімера ў стылі клясыцызму, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі.

Літаграфія паводле Н. Орды

Раньняе Сярэднявечча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Манастыр. М. Янушэвіч, 1850 г.

Першы пісьмовы ўпамін пра Лагойск зьмяшчаецца ў «Павучаньні» Ўладзімера Манамаха і датуецца 1078 годам: «Пожог землю и, повоевав до Лукомля и до Логожьска, та на Дръютъск воюя». У канцы XI ст. паселішча далучылася да Полацкага княства.

У 1127 годзе князь кіеўскі Мсьціслаў Ўладзімеравіч у часе выправы на Полацак разрабаваў Лагойск, узяў у палон жыхароў і перадаў яго Ізяславу Мсьціславічу. У 1180 годзе горад стаў сталіцай удзельнага княства.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл. Я. Тышкевіч, 1873 г.

У 1-й чвэрці XIV ст. Лагойск далучыўся да Вялікага Княства Літоўскага. У 1387 годзе вялікі князь Ягайла надаў яго ў валоданьне свайму брату Скіргайлу, з 1392 году — уладаньне вялікага князя Вітаўта. У «Сьпісе гарадоў далёкіх і блізкіх» (канец XIV ст.) Лагойск значыцца сярод «літоўскіх» замкаў[2]. У 1413 годзе мясьціна ўвайшла ў склад Віленскага ваяводзтва. З часоў княжаньня Казімера Лагойскам валодалі Чартарыйскія. У 1505 годзе крымскія татары спалілі і разрабавалі мястэчка.

Палац Тышкевічаў, 1871 г.

У пачатку XVI ст. дзякуючы шлюбу Лагойск перайшоў да Тышкевічаў, якія ўладкавалі тут сваю рэзыдэнцыю. З гэтага часу мястэчка стала цэнтрам графства. У 1532 годзе тут адбудавалі спаленую татарамі замкавую Богаяўленскую царкву, пры царкве існаваў манастыр. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Лагойск увайшоў у склад Менскага павету Менскага ваяводзтва. За часамі войнаў Маскоўскай дзяржавы зь Вялікім Княствам Літоўскім (1512—1522, 1534—1537), і ў вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) мястэчка пэўны час (у 1519, 1535, 1654[3]) знаходзілася пад маскоўскай акупацыяй.

Палац Тышкевічаў, 1883 г.

У 1609 годзе навуковец Аляксандар Тышкевіч фундаваў у Лагойску першы парафіяльны касьцёл, у якім праводзілася пахаваньне тутэйшай лініі роду. У 1673 годзе кароль і вялікі князь Міхал Вішнявецкі надаў мястэчку прывілей на штотыднёвы торг і 2 кірмашы ў год.

За часамі Вялікай Паўночнай вайны (1700—1721) 6 траўня 1708 году швэдзкае войска заняла Лагойск і спаліла замак. У 1752 годзе[3] на месцы зруйнавага замка А. Тышкевіч збудаваў новую царкву і заснаваў манастыр базылянаў. У 1787 годзе ён жа распачаў узьвядзеньне мураванага касьцёла, асьвечанага ў 1793 годзе[3].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян мястэчка, 1840 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Лагойск апынуўся ў складзе Расейскае імпэрыі, дзе стаў цэнтрам воласьці Барысаўскага павету Менскай губэрні. На 1795 год тут было 90 хрысьціянскіх і 26 юдэйскіх двароў, дзейнічалі касьцёл, царква ў гонар Сьвятога Міколы і базылянскі манастыр; штогод 9 траўня, 6 жніўня і 6 сьнежня праводзіліся кірмашы. Мястэчка было цэнтрам маёнтку, якім супольна валодалі былы рэфэрэндар і канцлер Вінцэнт Тышкевіч і кашталян жамойцкі Станіслаў Тышкевіч.

У 1814—1819 гадох у Лагойску збудавалі 2-павярховы палац (будынак падарвалі ў канцы апошняй вайны). У 1837 годзе пачала працаваць ткацкая фабрыка, таксама дзейнічала невялікая фабрыка сельскагаспадарчых прыладаў з жалезаплавільнай майстэрняй. К. Тышкевіч заснаваў у мястэчку банк для мяшчанаў і сялянаў, але праз пэўны час фабрыку і банк зачынілі.

У 1842 годзе браты Канстантын і Яўстах Тышкевічы стварылі музэй старажытнасьцяў, на аснове калекцыі якога ў 1855 годзе заснавалі Віленскі музэй старажытнасьцяў. На 1844 год у Лагойску было 146 двароў і 5 вуліцаў (Замкавая, Спаская, Мікольская, Плешчаніцкая і Віленская), штогод праводзіліся кірмашы: на 6 жніўня (Перамяненьне) і 6 сьнежня (Сьвяты Мікола). Існаваў аднайменны маёнтак, у складзе якога было 4 фальваркі і 9 вёсак. У маёнтку працавалі 3 млыны, вінакурня, лесапільня і 3 карчмы. На 1861 год у мястэчку працавалі шкіпінарны і медны заводы.

Плян мястэчка, 1928 г.

У 1863 годзе з мэтай маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі ў Лагойску народную вучэльню. На 1866 год у мястэчку было 172 двары, дзейнічалі касьцёл, капліца, царква і 3 юдэйскія малітоўныя дамы. У 1886 годзе працавалі валасная ўправа, вінакурня, 5 крамаў, 2 карчмы, вадзяны млын і хлебазапасны магазын. Паводле вынікаў перапісу 1897 году — 302 двары, працавалі народная вучэльня, гарбарны завод, 2 вадзяныя млыны, 9 кузьняў, сукнавальня, 14 крамаў, штогод адбываліся 3 кірмашы.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Лагойск занялі нямецкія войскі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Лагойск абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, у Менскі павет («падраён») Менскага раёну[4]. 17 ліпеня 1924 году Лагойск стаў цэнтрам раёну. На 1933 год у мястэчку працавалі электрастанцыя, цагельны завод (з 1928 году), хімічная лясная гаспадарка, лясная прамысловая гаспадарка (з 1930 году) і маслазавод (з 1932 году). 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу. У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 2 ліпеня 1944 году мястэчка знаходзілася пад нямецкай акупацыяй.

3 чэрвеня 1998 году Лагойск атрымаў статус места.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малюнкі Марцэлія Янушэвіча[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац Тышкевічаў[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рынак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл Сьвятога Казімера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква Сьвятога Мікалая[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кулагін А. Каталіцкія храмы Беларусі. — Менск, 2008. С. 430.
  2. ^ Пазднякоў В. Лагойск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 177.
  3. ^ а б в Пазднякоў В. Лагойск // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 178.
  4. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гісторыя Лагойскусховішча мультымэдыйных матэрыялаў