Гісторыя пошты і паштовых марак Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Гісто́рыя по́шты і пашто́вых ма́рак Беларусі падзяляецца на пэрыяды, што адпавядаюць паштовым сыстэмам дзяржаваў, у складзе якіх знаходзілася тэрыторыя сучаснай Беларусі (Расейская імпэрыя, Польшча, СССР), пэрыяд БНР (1918—1920) і сучаснай Рэспублікі Беларусь1991). Таксама маркі выдаваліся беларускай дыяспарай на эміграцыі.

Маркі БНР[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асобны атрад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марка «Асобны атрад БНР», Латвія, 1920, намінал 10 кап.
Марка «Асобны атрад БНР», Латвія, 1920, намінал 50 кап.

Маркі выдадзеныя ў 1920 годзе ў Латвіі ў Латвійскай дзяржаўнай друкарні ў Рызе на замову камандаваньня Асобнага Атраду БНР. Надпіс «Асобны атрад» сьведчыць аб тым, што маркі выпускаліся для беларускага вайсковага фармаваньня на чале з генэралам Булак-Булаховічам. Замову на яго даваў старшыня Беларускай вайсковай камісіі ў Латвіі Кастусь Езавітаў.

Выдадзена 5 марак розных наміналаў. Існуюць зубцаваныя і незубцаваныя маркі. Агульны наклад — 5 мільёнаў асобнікаў (па 1 мільёну кожны). Адносіны зубцаваных да незубцаваных — 1:1. Незубцаваныя маркі былы выдадзены дзеля зьдзешаўленьня накладу. Зь іх 250 тысяч было выраблена і бяз клею.

На ўсіх пяці марках сэрыі — адзін малюнак: маладыя сяляне ў нацыянальных строях (Магілёўскі строй), хлопец і дзяўчына, сядзяць на лаўцы ля плота. Малюнак вельмі падобны на гравюру Гарнэна, зьмешчанай ў трэцім томе выданьня «Живописная Россия» (1882 г.) пад назвай «Тыпы Магілёўскай губэрні».

Наміналы:

  • 5 капеек — зялёнага колеру
  • 10 капеек — чырвонага колеру
  • 15 капеек — фіялетавага колеру
  • 50 капеек — цёмна-блакітнага колеру
  • 1 рубель — бурага колеру

Маркі былі ў выкарыстаньні з 14 лютага 1920 да 22 красавіка 1920 году. Аўтар маркі — знакаміты графік-мастак Рыхард Зарыньш.

Маркі Слуцкага паўстаньня (Слуцкія маркі)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выдадзеныя 1 сьнежня 1920 году штабам Беларускай Слуцкай Брыгады пад час Слуцкага Збройнага Чыну. Выкарыстоўваліся польскія маркі, на якіх была наддрукоўка наміналу, Пагоні і літарамі «Ч. Р. Сл.» (Часовая Рада Случчыны).

  • Польская марка 5 грошай — наддрукоўка 25 грошай
  • Польская марка 10 грошай — наддрукоўка 50 грошай
  • Польская марка 15 грошай — наддрукоўка 50 грошай.

Лічыцца, што выдадзена было 200 асобнікаў вартасьцю 50 грошай і каля 20 асобнікаў вартасьцю 25 грошай. На 1921 год згадвалася, што захавалася толькі 3 камплекты. Марка вартасьцю 10 грошай з надрукоўкаю стала вядома толькі ў 1921 годзе.

Валянцін Баціеўскі мяркуе, што да наддруковак можа быць датычны Васіль Русак, які на 1 сьнежня 1920 хварэў і знаходзіўся бязмэтава ў Грыцэвічах.

Вядомыя два паштовыя адпраўленьні з маркамі Слуцкай рады:

Маркі Беларускага камітэту самапомачы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1942 годзе ў Бэрліне былі надрукаваны маркі Беларускага камітэту самапомачы. Макрі з выявай Скарыны былі выдадзнены рудога, зялёнага, чырвонага, фіялетавага, сіняга і светла-сіняга колера. У той самы час былібылі выдадзеныя й маркі з Пагоняй (сіняя), з Віленскім замкам (рудыя), князем Альгердам (зялёныя), князем Вітаўтам (сінія) ды вобразам дзяўчыны з хлопцам (зялёныя й фіялетавыя). Маркі выдаваліся як паквітаваньне за ўплачаную складку ці за дадзеную ахвяру. Фактычны ініцыятар выданьня — тагачасны старшыня Цэнтралі БКС інж. Мікола Абрамчык. Малюнкі для марак былі выкананыя ў Лодзі тамашнім сябрам БКС Зэнанам Зянкевічам[1].

Маркі Беларускай эміграцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

1950-я гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Марка з Пагоняй, вартасьцю 25 грошай

У студзені 1950 году пачалі рассылацца маркі Рады БНР. Ідэя паўстала ў Парыжы, дзе жылі ў той час Мікола Абрамчык, Лявон Рыдлеўскі, Уладзімер Шыманец, а ў Амэрыцы маркамі займаўся Віталь Кажан.

Маркі выдалі ў дзьвюх сэрыях. На першай — старшыні Рады БНР: Пётра Крэчэўскі (марка фіялетавага колеру вартасьцю ў тры талеры) і Васіль Захарка (чырвонага колеру, адзін талер), Дом Рады БНР (зялёнага колеру, 50 грошай). Аўтар гэтай сэрыі дасюль невядомы. На другой сэрыі: Пагоня (чырвонага колеру, вартасьць 25 грошай) і мапа Беларусі (сіняга колеру, 10 грошай). Другая серыя надрукаваная па эскізах Уладзімера Шыманца[2].

1960-я гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1960 годзе Згуртаваньне беларускай моладзі выдала марку ў гонар 40-ых угодкаў Слуцкага Збройнага Чыну па эскізах мастака Генрыха Архацкага ў чырвоным, сінім, зялёным і шэрым колерах. На марцы постаць дзяцюка з Бел-Чырвона-Белым сьцягам, на якім напісана: «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына». Тронка сьцягу ў форме паходні з надпісам на полымі: «The Slucak Uprising 1920—1960». Справа ўнізе надпіс: «Freedom for Byelorussia!» Зьлева долу літары «БНР». Маркі надрукаваныя ў аркушах па 20 асобнікаў з надпісам на двух мовах: «Яны памерлі, каб жыла Бацькаўшчына — жывеце вы, каб Бацькаўшчына не памерла! Памажыце замацаваць гісторыю Слуцкага Паўстаньня — злажыце ахвяру на выданьне Слуцкага Альманаху. Наклейвайце гэтыя маркі на лістох і пачках — пашырайце праўду аб Беларусі»[3].

1970-я гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1971 годзе ў Вялікабрытаніі застрайкавалі паштары, і Гай Пікарда ад імя ЗБВБ зьвярнуўся па дазвол на адкрыцьцё паштовай службы. Атрымаўшы дазвол, Пікарда сам зрабіў эскізы і надрукаваў аж пяць сэрый марак, якія 19 лютага 1971 выйшлі ў абарот. Яны выкарыстоўваліся да 10 сакавіка 1971, калі скончыўся страйк.

Першая серыя. На марцы тэкст у тры радкі: «З. Б.В. Б. (10 п. ці 20 п.) Пошта». 10 п. — чырвоная на сьветла-зялёнай паперы; 20 п. — сіняя на сьветла-зялёнай паперы. Наклад — 300 асобнікаў.

Другая серыя. Маркі «Асобны атрад» з 1920 году з ручной наддрукоўкай ліловага колеру ў ніжнім правым кутку —"10 п.", у левым — «ZBVB Post», без зубцоў: 10 п. на 5 кап. — зялёная, 10 п. на 10 кап. — чырвоная, 10 п. на 15 кап. — ліловая, 10 п. на 1 руб — карычневая. Наклад невядомы[4].

Маркі Рэспублікі Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая марка РБ, Крыж Эўфрасіньні Полацкай, 1992

Пачаткі марак РБ заклала Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 11 верасьня 1991 №351 «Аб выпуску паштовых марак Беларускай ССР».

Першая марка незалежнай Беларусі з выяваю крыжа Эўфрасіньні Полацкай зьявілася 20 сакавіка 1992 году. Яе аформіў мастак Комлеў. Надрукаваная ў Маскве, як і бальшыня першых беларускіх марак. Наклад — 2 мільёны паасобнікаў. Вартасьць — адзін (напачатку зьбіраліся выдрукаваць рубель, але пасьля было тое слова было зьнятае — дасюль беларускія маркі выдаюцца бяз назвы наміналу).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Гісторыя пошты і паштовых марак Беларусісховішча мультымэдыйных матэрыялаў