Гісторыя пошты і паштовых марак Эстоніі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Эстонія Эстонія
па-эстонску: Eesti
StampEstonia1918Michel1.jpg
Першая марка Эстоніі,
1918
Гісторыя пошты
Пошта існуе з 1638
Чалец СПЗ з 7 ліпеня 1922 (адноўленае
30 красавіка 1992)
Грашовая сыстэма
да 1 студзеня 1919,
19401941,
19441992
1 рубель = 100 капеек
1 студзеня 1919 — 1 студзеня 1928 1 эстонская марка = 100 пэні
1 студзеня 1928—1940,
26 чэрвеня 1992 — 1 студзеня 2011
1 эстонская крона = 100 сэнтаў
з 1 студзеня 2011 1 эўра = 100 цэнтаў
Eesti Post
Офіс пошты Pallasti 28, 10001 Tallinn, Estonia
Сайт пошты www.post.ee
Першыя паштовыя маркі
Стандартная 22 лістапада 1918
Камэмаратыўная 24 лютага 1928
Напаўпаштовая 26 чэрвеня 1920
Авіяпаштовая 13 сакавіка 1920
Безнамінальная 16 сакавіка 1992
Паштовы блёк 21 студзеня 1938
Філятэлія
Колькасьць
марак у год
25—30
Удзельнік WNS з 2002
Чалец ФІП ад краіны Eesti Filatelistide Liit
Офіс суполкі Pk. 84, 10502 Tallinn, Estonia
Почтовые тракты Эстонии1712.png
Мапа сеткі паштовых станцыяў на тэрыторыі сучаснай
Эстоніі ў 17121730 роках
Estonia stub.svg
Мапа-сьцяг сучаснай Эстоніі

Гісто́рыя по́шты і пашто́вых ма́рак Эсто́ніі падзяляецца на пэрыяды, што адпавядаюць паштовым сыстэмам дзяржаваў, у складзе якіх знаходзілася тэрыторыя сучаснай Эстоніі (Швэцыя, Расейская імпэрыя, СССР), пэрыяд незалежнасьці Эстоніі (19181940) і сучаснай Эстонскай Рэспублікі (з 1991).

Першая эстонская паштовая марка была выпушчаная неўзабаве па атрыманьні незалежнасьці, у лістападзе 1918 року. 10 красавіка 1991 распачало працу дзяржаўнае прадпрыемства «Eesti Post», якое зьяўляецца чальцом Сусьветнага паштовага зьвязу і займаецца выпускам марак сучаснай Эстонскай Рэспублікі. Першы выпуск зь дзевяці паштовых марак сучаснай Эстоніі выйшаў у абарачэньне 1 кастрычніка 1991.

Раньні пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Швэдзкае кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1625 року кантынэнтальная Эстонія цалкам трапіла пад уладу Швэцыі. На яе тэрыторыі былі створаныя дзьве правінцыі: Эстляндыя (паўночная частка) і Лівонія (паўднёвая Эстонія і паўночная Латвія). Якаб Бэкер з Рыгі быў прызначаны поштмайстрам для Лівоніі і Прусіі, а ў 1631 ён стаў загадчыкам друкарні Тартускага ўнівэрсытэту. 26 верасьня 1632 року Бэкер надрукаваў у Тарту публічную абвестку «Postordnung», што можна лічыць адпраўнай датай цывільнай пошты ў Эстоніі.

У 1638 року загад пра пошту апякунскага ўраду каралевы Крыстыны, выдадзены ў Швэцыі 20 лютага 1636, быў распаўсюджаны на тэрыторыі Герцагства Эстляндзкага і швэдзкай Лівоніі (Ліфляндыі). Паводле гэтага закону на дарогах (Рэвель — Нарва, Рэвель — Пярну — Рыга і інш.) праз кожныя 2—3 мілі[1] быў пастаўлены на службу селянін або паштальён, які павінен быў умець чытаць і пісаць. Селянін-паштальён быў абавязаны наняць двух паштавікоў (памочнікаў). Пачыўшы гукі ражку паштовага кур’ера, яны мелі неадкладна падрыхтавацца і, незалежна ад надвор’я і часу сутак, сьпяшацца да наступнай паштовай сядзібы з хуткасьцю 1 мілі ў гадзіну. Аднак гэтая хуткасьць была нездавальняючай, таму было прынятае рашэньне пра стварэньне коннай пошты[2].

Паштовае ўладкаваньне 1639 року прадугледжвала стварэньне ў Ліфляндыі на вайсковай дарозе, якая злучала Рыгу і Дэрпт, 14 паштовых станцыяў са зьменай коней. На адцінку між Дэрптам і Нарвай было створана пяць, а па дарозе Дэрпт — Рэвель — дзьве станцыі[2].

Новы этап у паштовым парадкаваньні пачаўся ў 1645, калі поштай зацікавіліся купцы. Поштмайстар Відзэме і Прусіі, купец Якаб Бэкер на ўласныя сродкі забясьпечыў корчмы на дарогах Рыга — Дэрпт, Рыга — Пярну і Дэрпт — Вэзэнбэрг канямі з найманымі вершнікамі. Пры гэтым урад паабяцаў сплочваць Бэкеру за перавозку пошты 550 талераў шторок[2].

Найбуйнейшым паштовым пунктам Швэдзкай Эстоніі ў XVII — пачатку XVIII стагодзьдзяў зьяўляўся Рэвель. Праз гэтае места праходзілі марскія і наземныя паштовыя шляхі і зьдзяйсьнялася паштовае спалучэньне са швэдзкімі цэнтральнымі ўрадавымі ўстановамі ў Стакгольме. Паштовае спалучэньне па сушы зьдзяйсьнялася па маршруце Рэвель — Вэзэнбэрг — Нарва — Нюэнсканс — Выбарг, а адтуль далей праз Фінляндыю і Аляндзкія астравы ў Швэцыю. У 1687 року з Рэвеля пачалі адпраўляцца паштовыя суды да мысу Поркала на поўдні Фінляндыі. Перавозкі пошты марскім шляхам нашмат паскорылі дастаўку супраць папярэдняй перасылкі сялянскімі вазамі. Тым ня меней у 1691 року паштовы карабель «Флайгарэн» быў прададзены[2][3].

Іншым істотным цэнтрам Швэдзкай Эстоніі ў тыя часы быў узьбярэжны горад Пернаў. Ягонае значэньне асабліва ўзрасло пасьля 1699 року, калі сюды часова перавялі Дэрпцкі ўнівэрсытэт. Між Пернавам і Швэцыяй сталі курсіраваць паштовыя суды, перасылка лістоў на якіх каштавала 3 срэбных эрэ за лот[2].

У 1665 року па тэрыторыі Швэдзкай Эстоніі і Швэдзкай Лівоніі прайшла першая замежная паштовая лінія з Рыгі ў Маскву па маршруце Рыга — Васцэлііна — Пскоў — Ноўгарад — Масква. Ініцыятарам стварэньня гэтай паштовай лініі быў баярын Афанасі Ардзін-Нашчокін, а ейным арганізатарам — галяндзец Ян ван Свэдэн. У 16931700 пошта, пасьля перасяченьня расейска-швэдзкай мяжы ля Васцэлііна, праходзіла праз корчмы Васцэ-Казарыца, Пылгастэ, Карыляці і Куустэ. З Дэрпту ў кірунку на Рыгу пошта зноўку дастаўлялася ад карчмы да карчмы (на эстонскай частцы Ліфляндыі праз Тыравэрэ, Рынгу, Кілінгі і Луке)[2].

Паштовы штэмпэль Рэвеля, які быў ужываны ў 17081710 роках

У 1708 на Рэвельскім паштамце быў уведзены паштовы штэмпэль з найменьнем места. Ён меў памеры 16 × 13 мм. Выкарыстоўваўся толькі два гады — да далучэньня 29 верасьня 1710 Рэвелю да Расейскага царства. Захаваліся адзінкавыя лісты з гэтым штэмпэлем[3].

Паштовая кантора ў Пернаве таксама ўвяла паштовы штэмпэль, большага памеру ў параўнаньні з рэвельскім — 33,5 × 8 мм. Дзейнічаў гэты штэмпэль да 12 жніўня 1710 року, калі Пернаў быў заваяваны расейскім войскам. Ліст, пагашаны гэтым штэмпэлем і захоўваны ў нацыянальным архіве Стакгольму, лічыцца ўнікальным[3].

На тэрыторыі сучаснай Эстоніі паштовыя канторы былі таксама адчыненыя ў Дэрпце, Гапсале, Нарве, Арэнсбургу і Вэзэнбэргу. Аднак ніводная зь іх ня мела ўласных паштовых штэмпэляў[3].

Да 1710 року, у часе Вялікай Паўночнай вайны паміж Швэцыяй і Расеяй, сетка швэдзкіх паштовых установаў у Эстляндыі і Ліфляндыі спыніла сваё існаваньне[2].

Расейскае кіраваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З прычыны вайсковых дзеяньняў і паступовага ўключэньня Эстляндыі і Ліфляндыі ў склад Расеі паўстала неабходнасьць падтрыманьня сувязі з цэнтральнымі ўстановамі ў Маскве. З 1704 да 1710 для паштовай сувязі можна было выкарыстоўваць толькі конных кур’ераў. Таму сувязь была выпадковай, а ейная эканамічная карысьць невялікая. Ідучы насустрач пажаданьням купцоў, расейскія ўлады дазволілі Нарве весьці паштовае ліставаньне з расейскімі абласьцямі і з замежнымі краінамі (акрамя Швэцыі). У той самы час жыхарам Дэрпту са стратэгічных меркаваньняў такое ліставаньне было забароненае. Такім чынам, у пачатку XVIII стагодзьдзя Нарва стала першым местам у Эстоніі, улучаным ва ўсерасейскую паштовую сетку[2].

Па сканчэньні Паўночнай вайны аднаўленьнем і далейшым разьвіцьцём паштовай службы на тэрыторыі сучаснай Эстоніі займаўся паўнамоцны прадстаўнік Пятра I Герхард Ёган фон Левэнвольдэ(et). Ва ўрадавым паказаньні ад 17 кастрычніка 1710 року фон Левэнвольдэ атрымаў даручэньне аднавіць паштовае ўладкаваньне такім, якім яно было ў пэрыяд швэдзкага кіраваньня. Аднак спустошаны працяглай вайной і чумою край ня здолеў адразу стварыць зладжаную сетку паштовых станцыяў. Дзеля выхаду са створанага становішча 25 лістапада 1710 року згодна з патэнтам генэрал-губэрнатара Ліфляндыі ўздоўж найістотнейшых дарог былі створаныя так званыя казачыя паштовыя станцыі. На кожнай станцыі, якія ў асноўным разьмяшчаліся ў корчмах, было 20 коней і чатыры драгуны. Іхняе ўтрыманьне было ўскладзенае на вакольныя хутары[2].

Аднак неўзабаве казакі сышлі з Эстляндыі й Ліфляндыі. Таму перавозкай пошты былі забавязаныя мясцовыя сяляне. Ад гэтага пакутавалі сялянскія і памешчыцкія гаспадаркі, паколькі сяляне на пэўны час адрываліся ад палявых прац. Дзеля разьвязаньня створанай праблемы Левэнвольдэ прапанаваў у 1712 року Ліфляндзкаму, а ў 1713 Эстляндзкаму рыцарствам стварыць, а пасьля і ўтрымліваць паштовыя станцыі на дарогах Санкт-Пецярбург — Дэрпт — Рыга, Рэвель — Пярнаў — Рыга, Рэвель — Вока — Нарва і Рыга — Васцэлііна — Пскоў. У якасьці ўзнагароджаньня рыцарствам былі абяцаныя ўсе прыбыткі ад паштовых станцыяў[2].

24 верасьня 1714 Урадавы сэнат Расейскай імпэрыі выдаў загад пра адкрыцьцё рэгулярнай публічнай пошты на лініі Санкт-Пецярбург — Нарва — Дэрпт — Валка — Рыга. Адкрыцьцё гэтага паштовага тракту было абумоўленае палітычнымі, эканамічнымі і культурнымі меркаваньнямі, паколькі гэта быў найкарацейшы шлях, які зьвязаў сталіцу Расеі з Заходняй Эўропай. У 1712—1713 роках рыцарства Эстляндыі і Ліфляндыі ўсталявалі на гэтай дарозе 20 паштовых станцыяў з інтэрвалам у 21—23 вярсты між кожнай. Дванаццаць зь іх знаходзіліся на тэрыторыі сучаснай Эстоніі: у Эстляндзкай губэрні ў Вайвара, Вока-Пуру1782 у Йыхві), Пунгер’я1735 у Вяйке-Пунгер’я), Кавуксі (з 1735 ў Ранапунгер’я) і ў эстонскай частцы Ліфляндзкай губэрніі ў Нінасі, Торма, Ігавэрэ, Дэрпце, Удэрне, Куйгатсі і Тыльлістэ[2].

Другім паштовым трактам у Эстоніі была адкрытая ў 1713 року лінія Рэвель — Вока, якая да 1782 злучалася з паштовай дарогай Санкт-Пецярбург — Дэрпт — Рыга ля паштовай станцыі Вока. Гэты тракт злучаў Рэвель з Санкт-Пецярбургом. Паштовыя станцыі на гэтай лініі былі адкрытыя ў Йыеляхтмэ, Кахала, Лоабу, Пыдрузе, Пікарысьці і Вар’я[2].

У 1715 была адкрытая паштовая дарога Рэвель — Пярнаў — Рыга. У тым самым року была адчыненая лінія паштовых перавозак Рыга — Алукснэ — Васцэлііна — Пскоў. Недахопам гэтых трактаў зьявілася тая акалічнасьць, што не было пабудавана адмысловых будынкаў для паштовых станцыяў і апошнія звычайна разьмяшчаліся ў корчмах. Акрамя таго, паштовыя станцыі неаднакроць пераносіліся з аднаго месца на іншае. Гэта было выклікана благім станам будынкаў і нярэдка пажарамі[2].

Найбольш раньнім штэмпэлем расейскай дзяржаўнай пошты на тэрыторыі Эстоніі зьяўляецца штэмпэль Дэрпта 1796 року. Усе штэмпэлі, якія прымяняліся на тэрыторыі сучаснай Эстоніі ў XVIII стагодзьдзі, выкананыя нямецкай мовай[4].

Ревель-Везенберг1871.jpg
Штэмпэльны канверт, адасланы з Рэвеля ў Вэзэнбэрг (1871; выглядны і адваротны бакі канвэрту)

Агромністую ролю да рэалізацыі й разьвіцьця паштовых перавозак на тэрыторыі Эстляндзкай і Ліфляндзкай губэрняў згуляла будаўніцтва чыгунак, якое пачалося ў 18501860 роках. У 1865, калі было вырашанае пытаньне пра будаўніцтва чыгункі Балтыйскі Порт — Рэвель — Тосна, Эстляндзкае рыцарства стварыла камісію па рэарганізацыі сеткі паштовых станцыяў. У 1869 камісія прадаставіла справаздачу, паводле якое 24 кастрычніка 1870, у дзень адкрыцьця Балтыйскай чыгункі, усе паштовыя станцыі на дарозе Рэвель — Санкт-Пецярбург былі закрытыя, бо чыгунка прайшла ў непасрэднай блізкасьці ад паштовай дарогі. З гэтае пары ролю паштовых станцыяў сталі выконваць чыгуначныя станцыі[2].

У 1876 року было скончанае будаўніцтва чыгункі Тапа — Дэрпт, у выніку чаго былі ліквідаваныя паштовыя тракты Вэзэнбэрг — Дэрпт, Йыхві — Дэрпт і Рэвель — Дэрпт. У 1889 былі ўведзеныя ў лад чыгункі Дэрпт — Валга — Рыга і Валга — Пскоў. Суседнія паштовыя тракты таксама былі закрытыя[2].

Да 1917 на тэрыторыі сучаснай Эстоніі было адчынена 157 паштовых установаў[5]. Да 1918 на тэрыторыі Эстляндзкай і Ліфляндзкай губэрняў дзейнічалі агульнарасейскія паштовыя правілы і тарыфы і мелі хаджэньне знакі паштовай аплаты Расейскай імпэрыі[6].

Першая сусьветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паштовая марка нямецкай акупацыйнай адміністрацыі ў Дорпце, 1918
Паштовая картка, адасланая з Дорпта і франкіраваная маркамі Паштовай зоны Вярхоўнага галоўнакамандуючага на Ўсходзе (1918)

24 лютага 1918 року Эстонія абвясьціла незалежнасьць, аднак наступным днём у Рэвель увайшлі нямецкія войскі. Цягам лютага — сакавіка 1918 тэрыторыя Эстоніі была занятая войскамі Нямеччыны.

25 лютага нямецкія акупацыйныя ўлады ўзялі пад свой кантроль Талінскую пошту. Існая паштовая сыстэма была пры гэтым ліквідаваная[5]. Пошта нямецкай ваеннай адміністрацыі абслугоўвала і грамадзянскае насельніцтва тых пунктаў, дзе былі яе ўстановы. На тэрыторыі Эстоніі ў зварот паступілі паштовыя маркі Нямеччыны з двухрадковай чорнай тыпаграфскай наддрукоўкай «Postgebiet / Ob. Ost» (Паштовая зона Вярхоўнага галоўнакамандуючага на Ўсходзе)[6][7].

У сакавіку 1918 року ў Дорпце нямецкая акупацыйная адміністрацыя зьдзейсьніла мясцовы выпуск. На марках Расейскай імпэрыі 17-га выпуску была зробленая чорная тыпаграфская наддрукоўка новага наміналу (20 і 40 пфэнігаў). Марка ў 20 пфэнігаў вядомая зь перакуленай наддрукоўкай. Маркі гасіліся аднарадковым штампам «DORPAT» шэрай фарбай. Былі ў звароце да 20 сьнежня 1918 року. Наддрукоўка была таксама зробленая на паштовай картцы Часовага ўраду[6][8].

28 сьнежня 1918 паштовыя аддзяленьні нямецкай вайсковай адміністрацыі на тэрыторыі Эстоніі былі зачыненыя[6][9].

Першая Эстонская рэспубліка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Самастойная паштовая служба незалежнай Эстоніі ў міжваенны пэрыяд была арганізаваная ў лістападзе 1918 року. 13 лістапада 1918 на загад начальніка Кайцэлійта палкоўніка Ёгана Унта(et) камэндантам Талінскай паштова-тэлеграфнай канторы быў прызначаны Хіндрэк Рыканд. Гэты дзень паштовае ведамства Эстоніі лічыць днём свайго заснаваньня[10]. 15 лістапада міністар шляхоў злучэньня Фэрдынанд Пэтэрсэн(et) зацьвярдзіў першыя паштовыя тарыфы Эстоніі. Да 1921 року яны зьмяняліся пяць разоў[5].

16 лістапада Дырэкцыя эстонскай пошты выдала распараджэньне, якім паведамляла:[11]

« Эстонская дзяржаўная пошта пачынае сваю дзейнасьць 19 лістапада 1918 року. Да выпуску паштовых марак, які будзе зьдзейсьнены ў найбліжэйшыя дні, просім лісты не апускаць у паштовыя скрынкі, а здаваць у паштовую кантору. Першым часам будуць прымацца толькі простыя і заказныя перасыланьні і толькі ў краіны ўзьбярэжжа Балтыйскага мора. »

Першая паштовая марка Эстоніі з краскавым узорам і наміналам у 5 капеек была аддрукаваная 22 лістапада. Аўтарам рысунку быў Рудольф Зэра. Маркі былі надрукаваныя ў тыпаграфіі Г. Бёлаў у Ныме (прадмесьце Таліну). Агулам у першай сэрыі былі выдадзеныя маркі чатырох розных наміналаў. Яны былі ў абарачэньні да 30 чэрвеня 1926[6][12][13].

У траўні 1919 на загад Галоўнай паштовай дырэкцыі Таліну былі наддрукаваныя ўсе запасы марак Расейскай імпэрыі 17, 19, 20 і 21 выпускаў. Ручная наддрукоўка «Eesti Post» ставілася каўчукавым штэмпэлем фіялетавай або чорнай фарбай па дыяганалі ў адзін радок у наступных колькасьцях: з зубцамі — 1 капейка — 7 асобнікаў (паводле іншых зьвестак — 8 асобнікаў), 2 капейкі — 2654 асобнікі, 3 капейкі — 1854 асобнікі, 5 капеек — 3803 асобнікаў, 10 капеек — 60 асобнікаў, 10 капеек (чорная наддрукоўка) — 917 асобнікаў, 10 капеек / на 7 капеек — 45 асобнікаў, 15 капеек — 1197 асобнікаў, 25 капеек — 998 асобнікаў, 35 капеек — 12 асобнікаў, 50 капеек — 344 асобнікі, 1 рубель — 170 асобнікаў, 10 рублёў — 11 асобнікаў; без зубцоў — 1 капейка — 1826 асобнікаў, 2 капейкі — 26 асобнікаў, 3 капейкі — 475 асобнікаў, 1 рубель — 150 асобнікаў, 3,50 рублі — 56 асобнікаў, 5 рублёў — 40 асобнікаў. Пасьля наддрукоўваньня ўсіх марак штэмпэль быў зьнішчаны. Гэтыя маркі былі ў звароце да 1 кастрычніка 1919 року. Вядомыя фальсыфікаты ва ўрон калекцыянэрам. Некаторыя дасьледнікі лічаць дадзены выпуск спэкулятыўным. Паказаньне на спэкулятыўны характар выпуску да 1930 року было зьмешчанае і ў каталёгу «Міхель». У цяперашні час гэтая сэрыя апісваецца ў каталёгу як лякальны выпуск Таліну[6][7][14][15].

26 чэрвеня 1920 пошта Эстоніі выпусьціла першыя паштова-дабрачынныя маркі, дададтковы збор ад якіх ішоў на карысьць інвалідаў вайны. Дзьве мініятюры з выявай інваліда зь сям’ёй і інваліда зь дзьвюмя жанчынамі ў нацыянальных строях, былі аддрукаваныя двухколеравым друкам літаграфскім спосабам у тыпаграфіі Э. Бэргмана ў Тарту. Маркі былі ў звароце да 31 сакавіка 1926[6][7].

У памяць дзесяцігодзьдзя абвяшчэньня Эстонскай Рэспублікі 24 лютага 1928 была выпушчаная першая камэмаратыўная сэрыя зь пяці марак, якая ўяўляла зь сябе тыпаграфскую наддрукоўку чырвонай ці чорнай фарбай у два радкі юбілейных датаў і новага наміналу ў сэнтах на стандартных марках папярэдніх выпускаў. Маркі гэтага выпуску былі ў звароце да 1 студзеня 1941[6].

StampEstonia1919(Tallinn)Michel1B.jpg
StampEstonia1920Michel22.jpg
StampEstonia1928Michel69.jpg
Estonian-stamps-State Lions-1930s issue.jpg
StampEstonia1940Michel160.jpg
1919: марка з наддрукоўкай
«Eesti Post» на марцы
Расейскай імпэрыі
1920: паштова-дабрачынная
марка
, 70 + 15 пэні
1928: марка зь першай
камэмаратыўнай сэрыі,
у гонар 10-рочча абвяшчэньня
Эстонскай Рэспублікі
1930-я: Герб «Ільвы»
1940: першая марка Эстонскай ССР

Да 1935 року Паштовая адміністрацыя атрымала прыбытак 1,5 мільёны крон і мела сетку з больш як 3600 шапікаў для продажу друкаванай прадукцыі, 782 тэлеграфныя і 1841 тэлефонны пункт паслуг.

Першы паштовы блёк выйшаў 21 студзеня 1938 року. Чатыры маркі, якія складалі блёк, з выявамі гербаў эстонскіх местаў былі надрукаваныя тыпаграфскім спосабам на паперы з шэра-зялёным сеткаватым фонам. Намінал марак быў з даплатай на грамадзкую дапамогу[6][7].

30 ліпеня 1940, неўзабаве па ўтварэньні Эстонскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, выйшла сэрыя з чатырох марак, прысьвечаная 100-роччу паштовай маркі. На мініятюрах, аддрукаваных тыпаграфскім спосабам, быў адлюстраваны голуб зь лістом у дзюбе над абрысам летака[6][7].

15 жніўня 1940, ужо пасьля ўваходжаньня Эстонскай ССР у склад СССР, была выдадзеная апошняя марка гэтага пэрыяду з надпісам «Eesti». Гэта была мініятюра з выявай трох леапардаў з гербу Эстонскай Рэспублікі, аддрукаваная тыпаграфскім спосабам на шэрай крэйдавай паперы зь сінявата-зялёным сеткаватым фонам. Яна была ў звароце да 1 студзеня 1941 року[6].

6 сьнежня 1940 на тэрыторыі Эстонскай ССР увайшлі ў сілу савецкія паштовыя законы і тарыфы. Пасьля гэтага эстонскія маркі не прадаваліся, аднак мелі хаджэньне ўсутыч да нямецкай акупацыі Эстоніі[11].

Пошта Эстляндзкай працоўнай камуны[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

29 лістапада 1918 часткі 6-й стралковай дывізіі 7-й арміі РСФСР узялі Нарву. У той самы дзень было абвешчана аднаўленьне савецкай улады ў Эстоніі і ўтварэньне Эстляндзкай працоўнай камуны (ЭПК).

Аднаўленьне паштова-тэлеграфнай сувязі на тэрыторыі ЭПК было ўскладзенае на створаны пры Ўправе народнай гаспадаркі паштова-тэлеграфны аддзел на чале з А. Куцьці. 10 сьнежня узнавіла працу Нарвская паштова-тэлеграфная кантора. 17 сьнежня было адчыненае паштовае спалучэньне Нарвы з Йыхві і Аўвэрэ, а 23 сьнежня — з Нарва-Йыесуу і Раквэрэ[16].

10 сьнежня 1918 у газэце «Eesti Kütiväe Teataja» («Весьнік эстонскіх стральцоў») былі апублікаваныя паштовыя тарыфы ЭПК. У пэрыяд з 19 сьнежня 1918 да 2 студзеня 1919 року яны пасьлядоўна ўдакладняліся цыркулярамі Нарвскай паштова-тэлеграфнай канторы. У канчатковым варыянце тарыфы мелі наступны выгляд:

  • іншагародні закрыты ліст вагой да 15 грамаў — 25 капеек, за кожныя наступныя 15 г — 25 капеек;
  • мясцовы закрыты ліст — 15 капеек;
  • паштовая картка — 10 капеек;
  • бандэроль вагой да ½ фунта — 20 капеек, за кожныя наступныя 4 лоты — 5 капеек;
  • збор за замову — 25 капеек;
  • адпраўленьні ў РСФСР вагой да 15 г — бясплатна[16].
Паштовая марка СССР, прысьвечаная 50-роччу абвяшчэньня ЭПК, 1968

Паштовыя аддзяленьні ЭПК мелі востры дэфіцыт паштовых марак для франкіраваньня кареспандэнцыі. Выкарыстаньне марак Эстоніі, якія паступілі ў некаторыя паштовыя ўстановы нязадаўга да абвяшчэньня ЭПК, не паўсюль было прызнанае законным, хоць пра існаваньне наўпроставае забароны гэтага невядома. Цыркуляры, выдадзеныя Нарвскай паштова-тэлеграфнай канторай, наказвалі наўперад да атрыманьня марак браць аплату за паштовыя перасыланьні гатоўкай, ставячы ў правым верхнім куце чырвоным алоўкам або атрамантам абведзеную кружком літару «M» (ад эст. «makstud» — аплочана)[16].

19 сьнежня 1918 року паштова-тэлеграфны аддзел ЭПК замовіў на Петраградзкім паштамце знакі паштовай аплаты розных наміналаў і паштовыя карткі. 28 сьнежня Нарвская паштова-тэлеграфная кантора атрымала замову агульнай сумай 70 200 рублёў. Прысланыя зь Петраграду маркі ўяўлялі сабой стандартныя маркі Расейскай імпэрыі 19081917 рокаў[16].

7 студзеня 1919 року за падтрымкай Антанты пачаўся супольны контарнаступ узброеных сілаў Эстонскай Рэспублікі і белагвардзейскай Паўночна-Заходняй арміі пад даводзтвам генэрала Мікалая Юдзеніча. У выніку контарнаступу 19 студзеня была захопленая Нарва. У лютым часткі Камуны і 7-й арміі РСЧА былі адкінутыя за межы Эстоніі.

Другая сусьветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гады Другой сусьветнай вайны тэрыторыя Эстоніі была акупаваная нямецкімі войскамі. 1 верасьня 1941 яна была ўлючаная ў склад райхскамісарыяту Остлянд у якасьці генэральнае акругі.

Першапачаткова на акупаванай тэрыторыі ўжываліся маркі Нямеччыны, а з 4 лістапада 1941 — маркі, выпушчаныя адмыслова для райхскамісарыяту Остлянд. Яны ўяўлялі сабой маркі Нямеччыны з чорнай тыпаграфскай наддрукоўкай слова «OSTLAND»[6][7].

Да гэтага ж пэрыяду адносяцца таксама мясцовыя выпускі паштовых марак асобных населеных пунктаў Эстоніі, якія зьдзяйсьняліся па адступленьні савецкіх войскаў. Вядомыя выпускі Мыйзакюлы, Ныа(et), Отэпя, Пярну, Тарту і Элвы, як арыгінальных малюнкаў, так і ў выглядзе наддруковак на марках СССР[6].

У складзе Савецкага Саюзу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1944 року ў Эстонскай ССР была адноўленая дзейнасьць савецкай пошты. Напрыканцы 1945 на тэрыторыі рэспублікі дзейнічаў адзін паштамт, 11 паштовых кантораў (10 павятовых поштаў + Нарва), 206 аддзяленьняў сувязі, 404 агенцыі сувязі і адно аддзяленьне паштовых перавозак. Існавалі 2739 скрыняў для збору паштовае карэспандэнцыі (зь іх 405 у местах) і 2547 паштовых хутароў[5][6].

Да 1950 року ў Эстонскай ССР налічваўся адзін паштамт, адно аддзяленьне паштовых перавозак, дзьве мескія пошты — у Нарве і ў Кохтла-Ярвэ, 39 раённых поштаў, 286 аддзяленьняў сувязі і 300 агенцый сувязі. З 1950 для перавозкі пошты пачалі ўжываць маршрутныя аўтобусы. 29 жніўня 1956 Талінскі паштамт стаў Галоўпаштамтам[5].

Да 1964 року ў падпарадкаваньні Міністэрства сувязі Эстонскай ССР быў адзін галоўпаштамт, адно аддзяленьне паштовых перавозак, два мескія (Нарва, Сіламяэ) і 15 раённых вузлоў сувязі. Гэтая колькасьць захоўвалася нязьменнаю да сканчэньня савецкага пэрыяду[5].

Апошняя марка СССР, прысьвечаная Эстоніі. Новы год, 1991

З 1970 року ў Эстоніі ладзіліся штогадовыя спаборніцтвы па прафэсыйным майстэрстве «Залатыя рукі», якія сталі традыцыйнымі. Першыя спаборніцтвы былі зладжаныя для апэратараў сувязі ў Таліне[5].

Улетку 1980 была адчыненая першая чарга новага двухпавярховага будынку Талінскага галоўпаштамту[5].

Да 1991 року на тэрыторыі Эстоніі для паштовай аплаты ўжываліся паштовыя маркі СССР. Сярод іх былі паштовыя маркі з выявамі славутых дзеячоў, архітэктуры, фаўны і іншымі сюжэтамі, зьвязанымі з Эстоніяй.

Першая марка СССР, прысьвечаная Эстонскай ССР, выйшла 9 лютага 1947 у сэрыі Дзяржаўныя гербы СССР і саюзных рэспублік. Апошняя марка СССР з эстонскім сюжэтам зьявілася 4 кастрычніка 1991, то бок празь месяц пасьля прызнаньня СССР незалежнасьці гэтай рэспублікі. Мініятура з сэрыі «Народныя сьвяты» ілюстравала сустрэчу Новага году ў Эстоніі.

Сучасная Эстонія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы крок да паштовай незалежнасьці Эстоніі быў зроблены 1 студзеня 1991, калі тарыф на перасыланьне простага ліста быў павялічаны з 5 да 15 капеек. Гэтае рашэньне эстонская пошта прыняла ў аднабаковым парадку, без дазволу Міністэрства сувязі СССР. З тае пары эстонская пошта стала дэ-факта незалежнаю[17].

З 10 красавіка 1991 у Эстоніі пачало працу дзяржаўнае прадпрыемства «Eesti Post». На час пераходнага пэрыяду, калі маркі СССР ужо скончыліся, а маркі Эстоніі яшчэ не былі выпушчаныя, для франкіраваньня капэртаў на пошце ўжывалі гумовыя штэмпэлі з пазначэньнем тарыфу. У Тарту з дазволу генэральнага дырэктара «Eesti Post» у звароце былі пэрфараваныя палоскі[5].

1 кастрычніка ў зварот паступіла першая сэрыя зь дзевяці паштовых марак незалежнай Эстонскай Рэспублікі. На ўсіх марках сэрыі была зьмешчаная выява малога гербу Эстоніі; наміналы марак — у рублёх без пазначэньня назвы валюты. Апошнія маркі з наміналам у рублёх выйшлі 22 чэрвеня 1992 року і былі прысьвечаныя XXV летнім Алімпійскім гульням, якія адбываліся ў Барсэлёне[5][7].

31 сьнежня 1991 у Эстоніі была выпушчаная «капэрта апошняга дню». На немаркаванай ілюстраванай цэласнай рэчы была зроблена наддрукоўка стылізаванай маркі з тэкстам «Пошта СССР», прастаўлены адбітак круглага штэмпэлю з надпісам на трох мовах: «TALLINN. LAST DAY — VIIMANE PÄEV 31.12.1991. СССР» і аддрукаваны падмалюнкавы тэкст: «LAST DAY COVER. 31.12.1991». 1 студзеня 1992 року паштовыя маркі СССР, якія дагэтуль курсіравалі ў краіне раўнапраўна з эстонскімі, былі афіцыйна выведзеныя са звароту[17][18].

16 сакавіка 1992 былі выпушчаны стандартныя маркі не з грашовымі наміналамі, а зь літарнымі абазначэньнямі. На мініятурах падаваліся абрэвіятуры ангельскіх тэрмінаў, напрыклад:

  • PP (Postage paid) — «Паштовы збор аплочаны»;
  • PPE (Postage paid. Estonia) — «Паштовы збор аплочаны. Эстонія» (для ўнутраных паштовых перасыланьняў);
  • PPR (Postage paid. Registered) — «Паштовы збор аплочаны. Замоўнае»;
  • PPA (Postage paid. Abroad) — «Паштовы збор аплочаны. За мяжу» і да т. п.

Прычынай гэтага выпуску стала высокая інфляцыя і чаканы пераход на ўласную валюту — эстонскую крону[5][19].

3 кастрычніка 1992 року былі выдадзеныя першыя чатыры маркі (квартблёк) з наміналам у кронах. Сэрыя была прысьвечаная птушкам Балтыйскага мора[5]. 30 чэрвеня 1993 у Эстоніі былі выведзеныя з абарачэньня ўсе маркі з наміналамі ў рублёх і зь літарнымі індэксамі без наміналу. 1 ліпеня 1993 у зварот паступілі маркі з наміналамі ў эстонскіх кронах. Са студзеня 2006 да 31 сьнежня 2010 намінальная вартасьць эстонскіх марак пазначалася ў дзьвюх валютах — кронах і эўра[20][21].

З 1 студзеня 2011 року Эстонія перайшла на эўра. Гэтай падзеі была прысьвечаная паштовая марка, якая выйшла ў абарачэньне ў той самы дзень, з выяваю манэты наміналам у 1 эўра з мапай Эстоніі. Паштовыя маркі з наміналам у кронах будуць дзейсныя для аплаты паштовых паслуг да 31 сьнежня 2013; маркі з наміналам у дзьвюх валютах са звароту выведзеныя ня будуць[21].

Цяпер эстонская пошта выпускае ў сярэднім 25—30 марак, сувэнірных аркушаў і буклетаў шторок. Найбольш папулярнымі тэмамі зьяўляюцца маякі, залі палацыкаў-архітэктурных помнікаў, народныя строі, птушкі і зьвяры Эстоніі, Каляды. Выпускі на гэтую тэматыку сталі «сэрыйнымі», што цягнуцца шмат рокаў.

Незвычайныя выпускі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

19 лістапада 1927 року выйшла сэрыя зь пяці марак з даплатай на карысьць фундацыі пабудовы помнікаў вайны за незалежнасьць. Мініятуры зь відамі местаў Эстоніі былі надрукаваныя тыпаграфскім спосабам двухкаляровым друкам на паперы з вадзяным знакам. У левым ці правым ніжнім куце малюнку кожнай маркі зьмешчаны парадкавы нумар, які вызначаў ейнае палажэньне ў аркушы. Падобная нумарацыя марак была ўжытая ўпершыню ў сьвеце. Апроч таго, гэта адзіныя маркі Эстоніі, аддрукаваныя на паперы з вадзяным знакам. Знак складаецца з раўналежных лініяў, у цэнтры якіх разьмешчаны герб Вялікага княства Фінляндзкага і слова «Finland Suomi»[6][15].

StampEstonia1927Michel63.jpg
StampEstonia1927Michel64.jpg
StampEstonia1927Michel65.jpg
StampEstonia1927Michel66.jpg
StampEstonia1927Michel67.jpg
Курэсаарэ, япіскапскі
замак
Тарту, рэшткі Домскага
сабору
Замак Тоомпэа зь вежай
Доўгі Герман
Нарва, Вежа Доўгі Герман Талін, агульны выгляд места

Іншыя віды паштовых марак[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Авіяпошта[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Авіяпаштовая марка Эстоніі. Наддрукоўка новага наміналу і року на пары марак, 1923
Першая авіяпаштовая марка Эстоніі, 1920

Да лютага 1920 року з прычыны замярзаньня Фінскай затокі ў Эстоніі склалася цяжкае становішча з адсыланьнем і атрыманьнем замежнай пошты, асабліва між Талінам і Хэльсынкі. Для выхаду са складзенай сытуаціі Паштовае ведамства прапанавала выкарыстоўваць для перавозкі пошты вайсковыя самалёты. Прызнаўшы абгрунтванасьць патрабаваньняў Паштовага ведамства, урад дазволіў перавозку пошты паветраным шляхам. 13 лютага 1920 адбыўся пробны палёт[11].

Празь месяц, 13 сакавіка, выйшла першая авіяпаштовая марка Эстоніі. Мініятура трыкутнай формы з выяваю біпляну LVG сыстэмы Шнайдэра, якія выкарыстоўваліся для перавозкі пошты, была аддрукаваная трохколерным літаграфскім друкам у тыпаграфіі Ю. А. Паалмана ў Таліне. Аўтарам рысунку быў паштовы чыноўнік К. Трыюмф. Марка была ў звароце да 31 сьнежня 1923. Паветраная пошта Талін — Хэльсынкі дзейнічала да 15 сакавіка 1920[6][7][11].

Перавозка пошты паветраным шляхам была ўзноўленая 1 кастрычніка 1923 року. Былі адчыненыя дзьве авіялініі Талін — Рыга (з працягам да Кёнігзбэргу) і Талін — Хэльсынкі (у пачатку 1924 яе прадоўжылі да Стакгольму). Лініі абслугоўваліся летакамі A/S «Aeronaut». У той самы дзень, 1 кастрычніка, была выпушчаная сэрыя з шасьці авіяпаштовых марак. На мініятурах першага выпускы была зробленая наддрукоўка чорнай, чырвонай, карміновай або цагляна-чырвонай фарбай у адзін ці два радкі року выпуску «1923» і новай вартасьці на адзінкавых марках (мініятуры з наміналам у 5 і 15 эстонскіх марак) ці іхніх парах у становішчы тэт-бэш аснаваньнямі трыкутнікаў. Гэтыя маркі былі ў абарачэньні да 15 красавіка 1928[6][11].

Апошнія авіяпаштовыя маркі выйшлі 15 ліпеня 1925 року. Агулам было выпушчана 18 авіяпаштовых марак[22].

У 1988 року пошта Фінляндыі выпусьціла паштовы блёк з чатырох марак, прысьвечаных авіяпаштовым самалётам Фінляндыі. На адной зь іх выяўлены біплян Breguet 14, які перавозіў пошту між Хэльсынкі і Талінам. На палёх блёку выяўленыя схемы маршрутаў на тле мапы паўночнай часткі Эўропы[7].

Паштовы блёк Фінляндыі з маршрутамі авіяпаштовых перавозак, 1988

Спэкуляцыйна-фантастычныя выпускі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напрыканцы 1990-х — у пачатку 2000-х на філятэлістычным рынку зьявіліся фантастычна-спэкуляцыйныя маркі, выпушчаныя ад імя эстонскіх астравоў. Маркі выдаваліся ў малых аркушах па 4—16 мініятураў у кожным на папулярныя філятэлістычныя тэмы: «Флёра — фаўна», «Дыназаўры», «Прынцэса Дыяна», «Ян Павал II», «Шахматы» і да т. п.

Гэтыя незаконныя выпускі былі пералічаныя ў лісьце, накіраваным паштовай адміністрацыяй Эстоніі ў ліпені 2007 року ў Сусьветны паштовы зьвяз. Агулам вядома 14 эстонскіх астравоў, ад імя якіх былі выдадзеныя маркі: Абрука (10 марак), Аэгна (4), Аксі (4), Вормсі (25), Вяйке-Пакры (28), Кіхну (8), Маніляід (28), Муху (22), Осмусаар (8), Пранглі (16), Рухну (22), Саарэмаа (39), Суур-Пакры (8) і Хіюмаа (56 марак)[23].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ 1 старая руская міля=7,467 км.
  2. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о Селли Э. Из истории почты в Эстонии // Советский коллекционер. — 1980. — № 18. — С. 31—39.
  3. ^ а б в г Из истории почты в Прибалтике // Филателия СССР. — 1975. — № 8. — С. 44—45.
  4. ^ Линнард А. Почтовые штемпеля Эстонии домарочного периода // Советский коллекционер. — 1985. — № 23. — С. 39—53.
  5. ^ а б в г д е ё ж з і к л История(рас.) О предприятии. АО Ээсти Пост. Праверана 17 верасьня 2012 г.
  6. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Каталог-справочник отечественных знаков почтовой оплаты. — М.: 1992. — С. 229—268, 280—284. — (Приложение к журн. «Филателия»: Сб. из 3 т.; Т. 3).
  7. ^ а б в г д е ё ж з Паводле зьвестак з каталёгу «Міхель».
  8. ^ Дорпатский выпуск // Большой филателистический словарь / Н. И. Владинец, Л. И. Ильичёв, И. Я. Левитас, П. Ф. Мазур, И. Н. Меркулов, И. А. Моросанов, Ю. К. Мякота, С. А. Панасян, Ю. М. Рудников, М. Б. Слуцкий, В. А. Якобс; под общ. ред. Н. И. Владинца и В. А. Якобса. — М.: Радио и связь, 1988. — 320 с. — ISBN 5-256-00175-2
  9. ^ Röttger, Wolf-Dieter. Das Gebiet des Oberbefehlshabers Ost(ням.) Unsere Forschungsgebiete. Arbeitsgemeinschaft Deutsche Besetzung im 1. Weltkrieg e.V.; Bund Deutscher Philatelisten e.V. Праверана 19 верасьня 2012 г.
  10. ^ History(анг.) About us. Eesti Post. Праверана 14 верасьня 2012 г.
  11. ^ а б в г д Сломка Д. Авиапочта в Эстонии // Советский коллекционер. — 1979. — № 17. — С. 75—98.
  12. ^ The flower design issue(анг.) Estonia Stamp Catalogue 1918—1941. The Estonian Philatelist; Alar Pastarus. Праверана 17 верасьня 2012 г.
  13. ^ Ojaste E., Roove S. Die ersten estnischen Briefmarken «Blumenmuster» // Eesti Filatelist. — 1978. — № 32. — С. 1—15.(ням.)
  14. ^ Витте Г. К. Первые почтовые марки Эстонии // Россика. — 1931. — № 7. — С. 45—48.
  15. ^ а б Вейнер И. Кое-что об «интересных марках» Эстонии // Россика. — 1932. — № 8. — С. 76—79.
  16. ^ а б в г Эпштейн А. Почта Эстляндской трудовой коммуны // Филателия СССР. — 1986. — № 11. — С. 34—37.
  17. ^ а б Provisional Postal Stationery of Estonia 1991—1993(анг.) Estonian Postal History. Bert Hoflund (16 красавіка 2004). Праверана 17 верасьня 2012 г.
  18. ^ Обухов Е. Эстонские переоценки цельных вещей СССР // Филателия. — 1993. — № 1. — С. 46—47.
  19. ^ На 1/6 планеты // Филателия. — 1992. — № 11. — С. 21.
  20. ^ Филарама // Филателия. — 1994. — № 1. — С. 60.
  21. ^ а б Accession to the euro / 467-01.01.11(анг.) Stamps. Eesti post. Праверана 21 верасьня 2012 г.
  22. ^ Паводле зьвестак з каталёгу "[[Скот (каталёг)|]]: Scott 2007. Standard Postage Stamp Catalogue. — New York: Scott, 2006.(анг.).
  23. ^ Estonia — Illegal issue of postage stamps // International Bureau Circular. — Berne: Universal Postal Union, 2007, June 25. — № 200.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Обухов Е. А. Местные выпуски Российской Федерации, стран СНГ и Прибалтики. 1991—1995 гг.: каталог. В 2 т. — М.: ИТЦ «Марка», 2007, 2008. — 80+80 с — (Прил. к журн. «Филателия», № 7, 2007 и № 10, 2008).
  • Таллина выпуск // Большой филателистический словарь / Н. И. Владинец, Л. И. Ильичёв, И. Я. Левитас, П. Ф. Мазур, И. Н. Меркулов, И. А. Моросанов, Ю. К. Мякота, С. А. Панасян, Ю. М. Рудников, М. Б. Слуцкий, В. А. Якобс; под общ. ред. Н. И. Владинца и В. А. Якобса. — М.: Радио и связь, 1988. — 320 с. — ISBN 5-256-00175-2
  • Эстонская Советская Социалистическая Республика // Большой филателистический словарь / Н. И. Владинец, Л. И. Ильичёв, И. Я. Левитас, П. Ф. Мазур, И. Н. Меркулов, И. А. Моросанов, Ю. К. Мякота, С. А. Панасян, Ю. М. Рудников, М. Б. Слуцкий, В. А. Якобс; под общ. ред. Н. И. Владинца и В. А. Якобса. — М.: Радио и связь, 1988. — 320 с. — ISBN 5-256-00175-2

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Гісторыя пошты і паштовых марак Эстоніісховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  • Rossiter, Stuart; Flower, John & Wellsted, Raife. Estonia. Russia(анг.) Stamp Atlas. Sandafayre Stamp Auctions. Праверана 29 лютага 2012 г.
  • Estonia(анг.) Country List. All World Stamps Catalogue sponsored by Stanley GibbonsПраверана 2010-01-31 г.
  • Estonia(анг.) Stanley Gibbons Shop. Stanley Gibbons Ltd. Праверана 2010-01-31 г.
  • Estonia(анг.) A-Z of postal authorities. Encyclopaedia of Postal History. Stampsite: The Encyclopaedia of Postal Authorities; BlackJack. Праверана 2010-01-31 г.
  • Estonia Postal History Resources(анг.) Country and Topical Resources. Worldwide postal history website — Postalhistory.org. Праверана 2010-01-31 г.
  • filateelia.ee(эст.) Праверана 2010-02-07 г.
  • Esileht(эст.) viki.filateelia. filateelia.ee; Elmo Viigipuu. Праверана 2010-02-07 г.
  • Эстония Страны СНГ и Балтии. Марки — Почтовые марки России и СНГ. Тематические марки мира. Праверана 2011-08-04 г.
  • Эстонскі філятэліст(эст.)(анг.)