Дабравешчанская царква (Супрасьль)
Дабравешчанская царква ў Супрасьлі — помнік архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, прадстаўнік «абароннага дойлідзтва». Комплекс у Супрасьлі быў адным з галоўных інтэлектуальных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага нароўні з Кіева-Пячорскай лаўрай і Вільняй[1].
Уваходзіць у комплекс пабудоваў праваслаўнага Супрасьлеўскага манастыра, аднаго з шасьці ў Польшчы.
[рэдагаваць] Гісторыя
- 1505—1510 — пабудаваны маршалкам ВКЛ А. Хадкевічам.
- 1511 — царква асьвечаная.
- 1557 — інтэр’ер аздоблены фрэскамі.
- 1-ая пал. ХVIІ — перададзена ўніяцкай царкве.
- 1771 — завяршэньне вежаў і інтэр’ер пераробленыя ў стылі барока.
- 28 ліпеня 1944 — узарваная немцамі пры адступленьні.
- 1964—1966 — адрэстаўраваная. Беларускі ўрад у пачатку 1990-х выдаткаваў на сьвятыню 200 тысяч штук цэглы і 500 м³ граніту[2].
[рэдагаваць] Архітэктура
Помнік гатычнага праваслаўнага храмабудаўніцтва ў ВКЛ, Супрасьлеўская царква ўяўляе сабою мадыфікаваную вэрсыю характэрнага для візантыйскай традыцыі крыжова-купальнага храма з рысамі каталіцкай базылікі. Спалучэньне гатычных элемэнтаў зь візантыйскімі дало падставу назваць гэты стыль готыкай ВКЛ[3]. Пяцівежавая кампазыцыя царквы набліжае яе да Сафійскага сабору ў Полацку і Прачысьценскай царквы ў Вільні.
Храм мае выразныя абарончыя рысы. Чатыры нарожныя вежы мелі выразна абарончае прызначэньне, а вось пятая, якая мусіла сымбалізаваць цэнтральны купал, у спалучэньні з высокім гатычным дахам набыла празьмерна выцягнуты выгляд. Дойлід Супрасьлеўскай царквы дасягнуў вельмі высокага майстэрства ў інтэрпрэтацыі гатычных формаў і тэхналёгій і прыстасаваньні іх да праваслаўнай традыцыі.
[рэдагаваць] Крыніцы і заўвагі
- ^ „Эўропа ўзрушана сьмерцю Браніслава Герэмэка” Агляд друку. News from Poland (14 ліпеня 2008). Праверана 5 чэрвеня 2010 г.
- ^ Андрэй Скурко (13 студзеня 2006) Маленькая скварачка ў вялікай кашы Палітыка. Радыё «Свабода». Праверана 5 чэрвеня 2010 г.
- ^ Уладзімер Міхневіч (27 чэрвеня 2009) Супрасьль Вакол сьвету. Польскае радыё для замежжа. Праверана 5 чэрвеня 2010 г.