Давыдзішкаўская дамова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Давыдзішкаўская дамова

Давы́дзішкаўская дамо́ва — патаемнае пагадненьне, падпісанае 31 траўня 1380 году вялікім князем літоўскім Ягайлам і вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна Ўінрыхам фон Кніпродэ. Дамова была накіраваная супраць Ягайлавага бацькі Кейстута і ў выніку спрычынілася да пачатку першай грамадзянскай вайны ў ВКЛ.

Гістарычны кантэкст[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дамова была падпісаная неўзабаве пасьля сьмерці вялікага князя Альгерда ў 1377 годзе. Альгерд абвясьціў сваім пераемнікам сына Ягайлу, а ня Кейстута, свайго брата і дарадцу. Кейстут і яго сын Вітаўт прызналі тытул Ягайлы і падтрымлівалі зь ім сяброўскія адносіны, нават калі яго спадчыннае права было аспрэчана Андрэем Полацкім, старэйшым сынам Альгерда[1].

Тэўтонскія рыцары працягнулі свае набегі на паганскую Літву. Узімку 1378 году была арганізаваная буйная ваенная кампанія. Крыжакі дайшлі да Берасьця і да Прыпяці[2]. Лівонскі ордэн уварваўся ва Ўпіту. Чарговая кампанія пагражала сталіцы ў Вільні[1]. Кейстут прапанаваў заключыць перамір’е і абмяняцца ваеннапалоннымі. 29 верасьня 1379 году ў Троках было падпісанае дзесяцігадовае перамір’е[2]. Гэта было апошняе пагадненьне, якое Ягайла і Кейстут падпісвалі супольна[2]. Тым ня менш, перамір’е з манаскім крыжацкім ордэнам ахоўвала толькі хрысьціянскія землі Вялікага Княства на поўдні, тым часам як паганскія абшары ў паўночнай і заходняй Літве былі патэнцыйна падзьвергнутыя тэўтонскім атакам[3]. У лютым 1380 году Ягайла без узгадненьня з Кейстутам заключыў пяцімесячнае перамір’е зь Лівонскім ордэнам дзеля аховы сваіх спадчынных земляў у Літве і асабліва Полацку, толькі што адваяванага ў свайго канкурэнта Андрэя Полацкага.

Умовы пагадненьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каб прыхаваць падпісаньне дамовы, тэўтонскія рыцары арганізавалі пяцідзённае паляваньне ў траўні 1380 году[4]. Літоўскі бок быў прадстаўлены Ягайлам, ягоным дарадцам Ваідзілам, Вітаўтам і ягоным дарадцам Іванам Гальшанскім[5]. Прысутнасьць Вітаўта ўскладніла перамовы бакоў, і дагэтуль невядома, ці ведаў пра іх вялікі князь[4]. Тэўтонцы прыслалі гроскомтура Рудыгера фон Эльнэра, комтура эльблёнскага Юльрыха фон Фрыке і фогта дзіршаўскага Альбрэхта фон Люхтэнбэрга[5].

Месца падпісаньня пагадненьня невядомае. Назва Давыдзішкі знойдзена толькі ў хроніках Віганда фон Марбурга як Dowidisken. У самім жа пагадненьні згадваецца назва Daudiske, тым часам як нямецкамоўныя тэксты выкарыстоўваюць назвы Daudiske ці Daudisken[6]. Тым ня менш, месца з такой назвай невядомае ні ў Літве, ні ў Прусіі. Некаторыя тэорыі сьцьвярджаюць, што пагадненьне было падпісанае дзесьці паміж Коўнам і Інстэрбургам (цяпер Чарняхоўск), альбо вёска, у якой падпісвалася дамова, мела назву Šiaudiniškė (Szaudiniszki)[4].

Умовы Давыдзішкаўскага пагадненьня, у цэлым, былі мудрагелістымі і неадназначнымі. Ягайла і Ордэн дамовіліся аб сумесным ненападзе. Паводле палажэньняў дамовы Ягайла пагаджаўся не замінаць Тэўтонскаму Ордэну ваяваць з Кейстутам і ягонымі дзецьмі. Аднак калі аказаньне Кейстуту дапамогі было б неабходным, каб унікнуць верагодных падазрэньняў, гэта б не зьяўлялася парушэньнем пагадненьня[7].

Гісторыкі адзначаюць, што Давыдзішкаўская дамова была чымсьці залішнім, бо землі Ягайлы ахоўваліся дзесяцігадовым мірам, заключаным у Троках у 1379 годзе[5]. Першаснай прычынай пагадненьня зьяўляліся гарантыі нэўтралітэту Тэўтонскага Ордэна ў барацьбе за ўладу паміж Ягайлам і яго братамі князем Андрэем Полацкім, Дзьмітрыем Бранскім, і іхнім хаўрусьнікам Дзьмітрыем Данскім, вялікім князем маскоўскім. Ягайла, засьцярогшы свой заходні фронт, аб’яднаўся з Залатой Ардой перад надыходзячай Кулікоўскай бітвай супраць Вялікага княства Маскоўскага[1].

Некаторыя гісторыкі вінавацяць у арганізацыі дамовы з крыжакамі Юліяну Цьвярскую, маці Ягайлы, альбо яго дарадчыка Ваідзілу[8]. Іншыя ўказваюць на розьніцу ў пакаленьнях: Кейстуту было 80 гадоў і ён рашуча не прымаў хрысьціянства, тым часам як Ягайлу было каля 30-ці і ён шукаў шляхі мадэрнізацыі сваёй краіны[9].

Наступствы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Грамадзянская вайна ў ВКЛ 1381—1384 гадоў

У 1381 годзе, не парушаючы пагадненьня, тэўтонскія рыцары ўварваліся ў землі Кейстута — Троцкае княства і Жамойць. Рушачы да Трокаў, крыжацкае войска ўпершыню выкарыстала бамбарды[10], зьнішчыўшчы Наўяпіліс і паланіўшы 3 000 чалавек[3]. Пасьля гэтага тэўтонцы праінфармавалі Кейстута пра таемную дамову зь Ягайлам. Кейстут сумняваўся і вырашыў параіцца са сваім сынам Вітаўтам. Вітаўт адказаў, што такога кшталту пагадненьне не падпісвалася[3]. Напрыканцы 1381 году Кейстут вырашыў выступіць супраць Ягайлы. Ён аблажыў Вільню і абвясьціў сябе вялікім князем. Выбухнула грамадзянская вайна, якая завяршылася сьмерцю Кейстута ў Крэўскім замку і замірэньнем Вітаўта і Ягайлы ў 1384 годзе.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Kiaupa, Zigmantas; Jūratė Kiaupienė, Albinas Kunevičius (2000) [1995]. The History of Lithuania Before 1795 (English ed.). Vilnius: Lithuanian Institute of History. pp. 124—126. ISBN 9986-810-13-2. (анг.)
  2. ^ а б в Ivinskis, Zenonas (1988) [1930]. «Vytauto jaunystė ir jo veikimas iki 1392 m.». in Paulius Šležas. Vytautas Didysis. Vilnius: Vyriausioji enciklopedijų redakcija. pp. 7-32. OCLC 25726071. (лет.)
  3. ^ а б в Ivinskis, Zenonas (1978). Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. Rome: Lietuvių katalikų mokslo akademija. pp. 271—273. LCC 79346776 (лет.)
  4. ^ а б в Jonynas, Ignas (1937). «Dovydiškės sutartis». in Vaclovas Biržiška. Lietuviškoji enciklopedija. VI. Kaunas: Spaudos Fondas. pp. 1341—1344. (лет.)
  5. ^ а б в Kučinskas, Antanas (1988) [1938]. Kęstutis. Vilnius: Mokslas. pp. 164—165. ISBN 5-420-623-5. (лет.)
  6. ^ Krumbholz, Robert (July — September 1889). «Samaiten und der Deutsche Orden bis zum Frieden am Melnosee». Altpreussische Monatsschrift 26 (5 and 6): 478. Retrieved 2007-11-25.
  7. ^ Baranauskienė, Inga (May 2005). «Kas buvo Kęstučio nužudymo organizatorius?». Naujasis židinys — aidai 5 (173): 180—186. Retrieved 2006-12-29. (лет.)
  8. ^ Koncius, Joseph B. (1964). Vytautas the Great, Grand Duke of Lithuania. Miami: Franklin Press. pp. 21-23. LCC 66089704 (анг.)
  9. ^ Jakštas, Juozas (1984). «Lithuania to World War I». in Ed. Albertas Gerutis. Lithuania: 700 Years. translated by Algirdas Budreckis (6th ed.). New York: Manyland Books. pp. 57-58. LCC 75-80057. ISBN 0-87141-028-1. (анг.)
  10. ^ Christiansen, Eric (1997). The Northern Crusades. London: Penguin Books. pp. 164—165. ISBN 0-14-026653-4. ХХкуа-ут