Давід Алеві

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Давід бэн Шмуэль Алеві
No male portrait be.svg
Род дзейнасьці рабін
Дата нараджэньня 1586
Месца нараджэньня Людмір
Падданства Рэч Паспалітая
Дата сьмерці 1667
Месца сьмерці Лемберг
Бацька Шмуэль Алеві
Жонка Рыўке Сыркес
Раў зь Піньчава
Дзеці Мардэхай
Салямон
Іешаяху

Давід бэн Шмуэль Алеві (на іўрыце: דוד הלוי סגל), таксама вядомы па мянушцы «Таз», Давід Сэгаль, Давід Лемберг (1586, Людмір — 26 швата[1] 1667, Лемберг) — рабін, выбітны заканазнаўца, адзін з духоўных лідэраў жыдоўскіх суполак Рэчы Паспалітае.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў мястэчку Людмір на Валыні ў сям’і рабіна Шмуэля Алеві. Вучыўся ў яшыве Меджыбожа, якую ўзначальваў р. Яэль Сыркес, аўтар кнігі «Баіт хадаш». Пазьней Давід ажаніўся з дачкой Баха (Сыркеса) Рыўке і пераехаў у Брыск, дзе Бах быў галоўным рабінам, і працягнуў тут навучаньне ў яшыве. Пасьля сканчэньня навучаньня пераехаў у Кракаў і заснаваў там уласную хату навучаньня.

У 1618 року р. Давід Алеві атрымаў першую рабінскую пасаду ў мястэчку Патыліч каля Равы. Пасьля быў рабінам Пружаны[2] і яшчэ некалькіх мястэчак. З 1620 жыў у Познані, не займаючы аніякія афіцыйныя пасады і цалкам прысьвяціўшы сябе вывучэньню Торы. Клопат пра забесьпячэньне ягонай сям’і ўзяў на сябе цесьць Бах, які ачольваў жыдоўскую грамаду Кракава. Аднак пасьля сьмерці сваёй першай жонкі ажаніўся другі раз з удавой ейнага брата, Раў зь Піньчава.

Пасьля сьмерці Баха р. Давід у 1641 року ўзначаліў грамаду Астрога, найбуйнейшага места Валыні, дзе заснаваў яшыву. Заняўся разгорнутым камэнтарам да ўсіх чатырох разьдзелаў кодэксу «Шульхан арух», складзенага р. Ёсэфам Карам. У 1646 у люблінскай друкарні быў выдадзены ягоны камэнтар на разьдзел «Ёре дэа» (Настаўнік мудрасьці), які ўтрымоўваў наказы і забароны рытуальнага характару. Гэтая кніга, названая «Турэй зааў» (Залатыя шэрагі), прынесла яму славу і найвышэйшы аўтарытэт у вачох знатакоў Торы. Наступныя пакаленьні сталі скарочана называць ягоную кнігу «Таз», а пазьней гэтая мянушка перайшла і на аўтара.

У 1648 року, падчас пагромаў Багдана Хмяльніцкага, Таз вымушаны быў зьбегчы ў Алыку, а адтуль у Маравію. У элегіі, прысьвечанай трагедыі жыдоў Польшчы і Ўкраіны, ён апісаў сваё дзівоснае збавеньне ад рук забойцаў.

Вярнуўшыся ў Рэч Паспалітую ў 1653 року, Таз стаў старшынём рабінскага суду, а ў 1654 — рабінам акругі. Падчас пагромаў 1664 року загінулі ягоныя сыны Мардэхай і Салямон. Ягоны трэці сын Іешаяху і пасынак ад другой жонкі Ар’е-Ляйб былі пасланыя ў 1666 у Турэччыну, каб спраўдзіць грунтоўнасьць мэсыянскіх прэтэнзыяў Сабатая Цьві.

Памёр у 1667 року і пахаваны ў Лембергу.

Пасьля ягонай сьмерці былі выдадзеныя кнігі «Дыўрэй Давід» (Давідавы прамовы, 1689) і тры астатнія часткі камэнтару да кодэксу «Шульхан арух» (1692, 1754).

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Рав Реувен Пятигорский. Шват(рас.) Евреи и Тора. Толдот Йешурун. Праверана 20 сакавіка 2012 г.
  2. ^ Меир Гальперин. Гадоль из Минска 13. Отъезд из Сельцов(рас.). Толдот Йешурун. Праверана 20 сакавіка 2012 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]