Вечны мір (1449)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Дагавор 1449 году»)

Ве́чны мір — дамова, заключаная паміж ВКЛ і вялікім княствам Маскоўскім у 1449 годзе. Заключаная вялікім князем літоўскім Казімерам зь вялікім князем маскоўскім Васілём II Цёмным 31 жніўня 1449 году ў разгар міжусобнай фэадальнай вайны 1425—1453 гадоў у Маскоўскім вялікім княстве.

Паводле дамовы, Казімер абяцаў не аказваць ніякай падтрымкі прэтэндэнту на маскоўскі прастол Дзьмітрыю Шамяку і ня ўмешвацца ў будучыні ў міжусобіцы ў Маскве. Вялікі князь літоўскі абавязваўся «не вступатися» ў Вялікі Ноўгарад і Пскоў, нават калі тыя будуць «се… давати» Казімеру, а таксама ня ўдзельнічаць у магчымых сутыкненьнях рускіх фэадальных рэспублік зь Лівонскім ордэнам нават на іх баку. Дамова ўдакладняла мяжу маскоўскіх і літоўскіх уладаньняў і фактычна спыніла тэрытарыяльную экспансію ВКЛ на ўсход.

Адносным посьпехам Казімера была адмова Васіля II ад наўгародзкіх валасьцей, якія традыцыйна «цягнулі» да Літвы, і прызнаньне за разанскім вялікім князем Іванам Фёдаравічам права пераходу на службу да Казімера. Крыху раней, вясной 1449 году аналягічная дамова была заключаная зь цьвярскім вялікім князем Барысам Аляксандравічам, паводле якога Казімер саступаў апошняму Ржэў і абяцаў «не вступатися» ў цьвярскія ўладаньні.

Вынікам дамовы 1449 году быў амаль 40-гадовы пэрыяд мірнага разьвіцьця ВКЛ, якое ня мела ваенных канфліктаў з суседзямі да 1487 году, але ён таксама зафіксаваў адмову ВКЛ ад прэтэнзіяў на аб’яднаньне ўсіх усходнеславянскіх зямель, што абумовіла страту незалежнасьці ад Масквы Ноўгараду (1471 год) і Цьвяры (1485 год) і ўрэшце паразу ВКЛ у вайне з Маскоўскай дзяржавай у 1492—1494 гадах.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Алесь Белы // . — Мн.: .
  • Духовные и договорные грамоты великих и удельных князей XIV-XVI вв. / Подг. Л.В.Черепнин. — Ленинград. - Москва: Изд-во Акад. наук СССР, 1950. — 587 с. — 1500 ас.
  • Зимин, А. А. Витязь на распутье: феодальная война в России XV в. — М.: Мысль, 1991. — 286 с. — 100 000 ас. — ISBN 5-244-00518-9