Даніель Набароўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Даніель Набароўскі (1573, Кракаў ? — 1640) — лекар, паэт, перакладчык, дыплямат.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў зьбяднелай шляхецкай сям’і. У 15901593 гг. Слухач Вітэнбэрскага ўнівэрсытэту, вывучаў лацінскую, грэцкую, нямецкую, францускую, італьянскую мовы, мэдыцыну ў Базэлі, у Арлеане ды Страсбуры (15951595) антычную літаратуру. Як здольны настаўнік быў прыняты на службу ў сям’ю віленскага ваяводы Крыштофа Радзівіла выкладчыкам заходніх моваў для сына Януша. Потым працаваў настаўнікам у сям’і магнатаў Ляшчынскіх. У 1601 навучаўся мэханіцы ў Падуі (Італія), слухаў лекцыі Галілея, стаў прыхільнікам ягонага вучэньня. На аснове вучэньня Галена напісаў 2 трактаты. З 1602 г. на працягу 30 гадоў быў на службе ў свайго былога выхаванца, Януша Радзівіла, i амаль увесь час жыў у ВКЛ: у Нясьвіжы, Капылі, Станькаве, пад Наваградкам. Ён падтрымліваў ідэю самастойнасьці Вялікага княства Літоўскага, дапамагаў князю рыхтаваць выступленьне пратэстанцкай шляхты супраць караля Жыгімонта III. Пасьля задушэньня выступленьня суправаджаў князя ў эміграцыі. Яшчэ раз вымушаны быў эмігрыраваць у Заходнюю Эўропу разам з князем пасьля ягонай адмовы ўдзельнічаць у паходзе Жыгімонта III на Маскоўшчыну. Пасьля вяртаньня ў ВКЛ неаднаразова езьдзіў з сакрэтнымі дыпляматычнымі даручэньнямі Радзівілаў да эўрапейскіх уладароў. З 1633 г. жыў у Вільні, дзе быў абраны гарадзкім судзьдзём. На працягу ўсяго жыцьця займаўся лекарскай практыкай, удзельнічаў у барацьбе з эпідэміямі ў ВКЛ. Быў вядомы таксама як i паэт. У сваіх вершах i вершаваных лістах адлюстроўваў сацыяльныя супярэчнасьці ў ВКЛ XVI—XVII ст., высьмейваў рэакцыйную шляхту, езуітаў, духавенства. Як пратэстант цярпеў ганеньні з боку каталіцкай царквы. У сваёй практычнай дзейнасьці быў тыповым прадстаўніком гуманістычнага кірунку (у неўраджайны 1628 год адмовіўся спаганяць нядоімку з сялян маёнтка Станькава ля Койданава, якое арандаваў, з-за іхняй беднасьці, выкліканай стыхійнымі бедзтвамі і неўраджаямі. Калі радзівілаўскія рэвізоры прыехалі ў Станькава спаганяць нядоімку зь сялян, ён паўстаў на іх абарону і ў скарзе князю Радзівілу пісаў, што рэвізоры «катуюць (сялян), моцна іх прыгнятаючы». Перакладаў з лацінскай (М. Сарбеўскага), італьянскай (Петрарку), нямецкай ды французскай моваў.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Poezje. Warszawa. 1961

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Durski J. Daniel Naborowski. Łódź. 1966.
  • Грыцкевіч В. Чатыры факелы ў цемры. // Маладосць № 10. Мінск. 1972.
  • Грицкевич В. П. С факелом Гиппократа. Из истории белорусской медицины. Минск. 1987. С. 120-123.
  • Набароўскі Даніла. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах. Т. 5. Мінск. 1999. С. 253.
  • Парэцкі Я. І. Набароўскі Даніла. // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах. Т. 11. Мінск. 2000. С. 86-87.
  • Валахановіч А. І. Набароўскі Даніла. // Памяць. Гісторыка-дакументальная хроніка Дзяржынскага раёна. Мінск. 2004. С. 77.