Данііл Канапасевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Данііл Сьцяфанавіч Канапасевіч (1832 в. Дарогі, Бабруйскі павет, Менская губэрня23 траўня 1863, в. Багушэвічы, Ігуменскі павет, Менская губэрня) — праваслаўны сьвятар, забіты паўстанцамі падчас паўстаньня 1863—1864 гадоў.

Дзед і бацька (Сьцяфан і Гаўрыла Канапасевічы) былі сьвятарамі. У 1849 скончыў Слуцкую духоўную вучэльню, у 1855Менскую духоўную сэмінарыю. 19 лютага 1856 ажаніўся з дачкой сьвятара гораду Дзісна Віленскае губэрні Аленай Іванаўнай Турцэвіч. 22 красавіка 1856 ўзьведзены ў сан дыякана, праз тыдзень, 29 красавіка — у сан іерэя. Быў прызначаны на прыход у в. Багушэвічы Ігуменскага павету Менскае губэрні.

Пасьля пачатку паўстаньня падтрымліваў стварэньне сялянскіх аддзелаў самаабароны і арганізацыю начных дазораў. На прапанову дзеля бясьпекі часова пакінуць вёску адказаў адмоўна. У сэрэдзіне красавіка 1863 у акрузе зьявіліся паўстанцы пад кіраўніцтвам Баляслава Сьвентаржэцкага і Станіслава Ляскоўскага. Маючы падтрымку ад ігуменскага іспраўніка Сушчынскага і валаснога пісара Рагальскага, паўстанцы некаторы час здолелі ўхіляцца ад сустрэч з расейскім войскам, а таксама ведалі аб адмоўным стаўленьні да паўстаньня Канапасевіча і падбухтораных ім жыхароў яго вёскі.

29 красавіка3 траўня адбыліся сутычкі паміж паўстанцамі і ўрадавымі войскамі, у якіх бралі ўдзел і сяляне, якія, нават, здолелі захапіць некалькіх паўстанцаў у палон. Канапасевіч падтрымліваў сялянскую барацьбу і адпяваў расейцаў, загінуўшых, пра што было паведамлена Ляскоўскаму і той разам зь сябрамі свайго штабу прысудзіў айца Даніла забіць. Паводле некаторых зьвестак, Данііл Канапасевіч быў папярэджаны аб пагрозе ананімнай запіскай. Упраўляючы маёнткам Маліноўскі і жонка Канапасевіча зной раілі яму часова зьехаць у Бабруйск, але сьвятар стала адмаўлялся.

Для забойства сьвятара Ляскоўскім быў накіраваны ў Багушэвічы аддзел у 40 чалавек на чале з Альбінам Цяльшэўскім. Прыбыўшы ў вёску, паўстанцы акружылі хату Канапасевіча і выклікалі яго на двор. Запршы ў кухні хаты жонку і сына Канапасевіча Аляксея, паўстанцы выцягнулі яго на сярэдзіну двара. Цяльшэўскі зачытаў яму бумагу з абвінавачваньнямі і загадаў павесіць. Міхайлоўскі і Падалецкі схапілі Канапасевіча, Міхайлоўскі накінуў яму на шыю вяроўку, а Булынка ўзьлез на вароты і прывязаў яе там[1]. Паўстанцы забаранілі здымаць цела сьвятара, каб яно вісела даўжэй на застрашэньне катам паўстаньня. Толькі пасьля іх ад’езду цела было зьнятае[2]

Пахаваны Данііл Канапасевіч пры падмурку свае царквы. У сярэдзіне чэрвеня былі схопленыя ўдзелінікі ягонага забойства: Альбін Цяльшэўскі, Уладзіслаў Баратынскі, Баляслаў Акуліч, а таксама Якаў Саковіч і Аляксандар Падалецкі. Іх судзіў вайскова-палявы суд 119-га Каломенскага пяхотнага палка. Цяльшэўскі на судзе сьцьвярждаў, што вымушаны быў прыняць удзел у забойстве пад пагрозай сьмерці з боку Ляскоўскага, што прыехаў у вёску, калі Канапасевіч ужо быў пайманы[3], а таксама заявіў, што адной з галоўных прычын забойства было тое, што Канапасевіч жорстка абыйшоўся з параненым Рудзінскім[4]. Іншыя арыштаваныя не пацьвердзілі словы Цяльшэўскага.

Цяльшэўскага, Акуліча, Саковіч, Падалецкага суд прыгаварыў да расстрэлу, Баратынскага — да 20 гадоў катаргі. Цяльшэўскаму, Саковічу і Падалецкаму расстрэл быў заменены павешаньнем. Яны былі павешаныя публічна ў Багушэвічах на двары былого маёнтка Сьвентаржэцкага.

У 1999 годзе магіла і помнік айца Даніла былі адноўленыя і асьвечаныя[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ НИАБ. Ф. 296. Оп. 1. Д. 56. Л. 16
  2. ^ Конопасевич А. Воспоминания о жизни и мученической кончине в 1863 году священника Богушевичской Крестовоздвиженской церкви Минской губернии Даниила Стефановича Конопасевича, записанные сыном его, Алексеем Конопасевичем, 15-го ноября 1908 года со слов оцевидицы его смерти, жены его, Елены Ивановны // Минские епархиальные ведомости. - 1909. - № 1. - С. 7-26.
  3. ^ НИАБ Ф. 296. Оп. 1. Д. 56. Л. 6-6 об.
  4. ^ там жа
  5. ^ Бычкоўскі А. Загінуў за веру і любоў да айчыны // Сцяг Леніна. - 1999. - 27 лістапада

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Щеглов Г. Э. «Год 1963: забытые страницы». — 2-е изд., доп. — М.: Братство в честь Святого Архистратига Михаила в г. Минске Минской епархии Белорусской Православной Церкви, 2007. — 98 с.