Данііл (прарок)
Данііл (на іўрыце: דָּנִיּאֵל Даніэль, «Бог мой судья») — адзін з чатырох вялікіх прарокаў, які яшчэ ў маладосьці быў вывезены ў Бабілён пад час першага захопу Іерусаліма Навухаданосарам II. Пры двары гэтага цара ён выхоўваўся ў халдзейскім духу і, паводле вавілонскага звычаю, быў перайменаваны ў Валтасара. Пад час навучаньня Данііл праяўляе выключныя посьпехі й здольнасьці, прызначаецца старшынёю вавілонскіх мудрацоў. Пасьля падзеньня Вавілона ён карыстаецца выключнай павагай у намесьніка пэрсідскага цара Кіра II мідыйца Дарыя, які зрабіў яго адным са сваіх бліжэйшых памочнікаў. Такое выключнае становішча прыдворнага служкі Данііла выклікала зайздрасьць у туземных князёў, якія дамагаліся яго зьнішчэньня, дзеля чаго прыдумвалі розныя прычыны. Але, як сьцвярджаецца ў Бібліі, ва ўсіх яго неверагодных здарэньнях яго выратоўвае сам Бог. Валодаючы вялікай сілай уздзеяньня на цара Дарыя, Данііл праводзіць апошнія гады свайго жыцьця ў прароцкіх сузіраньнях будучых лёсаў свайго іудзейскага народу й, паводле біблейскага паданьня, нават вылічае час вызваленьня іудзеяў з вавілонскага палону, які адбыўся ў часы панаваньня Кіра ў 536 да н. э. У той жа год састарэлы прарок Данііл памірае у Бабілёне.[1]
[рэдагаваць] Крыніцы
- ^ Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. С. 156.
[рэдагаваць] Літаратура
- Скарына Ф. Творы: Прадмовы, сказанні, пасляслоўі, акафісты, пасхалія / Уступ. арт., падрыхт. тэкстаў, камент., слоўнік А.Ф. Коршунава, паказальнікі А.Ф. Коршунава, В.А. Чамярыцкага. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990.— 207 с.: іл. ISBN 5-343-00151-3. С. 156
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Данііл (прарок) — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў