Дарота Маслоўска
Дарота Маслоўска (па-польску Dorota Masłowska) (3 ліпеня 1983, Вэйхерава) - польская пісьменьніца і журналістка.
[рэдагаваць] Жыцьцё і творчасьць
Дарота Маслоўска нарадзілася ў Вэйхераве. Пачала вывучаць псыхалёгію ў Гданьскім унівэрсытэце, пасьля перавялася ў Варшаву, дзе вывучае культуралёгію.
Дарота Маслоўска - адна з найпапулярнейшых маладых пісьменьніц Польшчы. Ейны першы раман "Руска-польская вайна пад бела-чырвоным сьцягам" атрымаў самыя станоўчыя водгукі і амаль адразу стаў бэстсэлерам (было выдадзена больш за 120 тыс. асобнікаў).
"Вайна...", якая выйшла ў 2002 годзе, калі аўтарцы было 19, у рэкляме акрэсьленая як першы польскі гопніцкі раман, перакладзеная на мноства эўрапэйскіх моваў.
У 2002—2004 Дарота Маслоўска пісала фельетоны для часопісу "Przekrój", а таксама рэцэнзіі на фільмы для "Wysokich Obcasów" (дадатку да "Gazety Wyborczej").
Другі раман пісьменьніцы - "Каралеўскі паўлін" (2005) таксама быў добра ацэнены крытыкай. Раман уяўляе сабой рымаваную прозу, стылізаваную пад гіп-гоп. У цяперашні час рыхтуецца беларускі пераклад гэтага раману. Перакладчык - Серж Мінскевіч.
У 2006 годзе Дарота Маслоўска дэбютое ў якасьці драматурга. Бачыць сьвет п'еса "Двое бедных румынаў, што размаўляюць па-польску".
[рэдагаваць] Асноўныя творы
- Wojna polsko-ruska pod flagą biało-czerwoną (2002),
- Paw królowej (2006),
- Dwoje biednych Rumunów mówiących po polsku (2006),
- Między nami dobrze jest (2008).