Дарыда Менскі раён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Дарыда Менскі раён
Поўная назва Футбольны клюб Дарыда
Заснаваны 2000
Расфармаваны 2008
Горад Ждановічы
Стадыён Дарыда, Менск
Умяшчальнасьць: 4500
Хатнія колеры
Выязныя колеры

«Дары́да» Ме́нскі раён — былы прафэсійны футбольны клюб зь Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Кананічная гісторыя клюбу пачынаецца з 2000 году, калі была заснаваная юрыдычная асоба пад назвай «Футбольны клюб „Дарыда“ (Ждановічы)». Каманда была створаная фактычна на пустым месцы, але праз чынны ўдзел адмыслоўцаў, якія датуль працавалі ў самахвалавіцкім «Сантанасе» (пазьней перайменаваным у «Ніву»). Сваю назву клюб атрымаў ад імя прыватнага прадпрыемства «Дарыда», дырэктар якога — Уладзімер Дзялендзік — ад пачатку стаў і старшынём клюбу. З тае прычыны, што завод «Дарыда» слаўны перш за ўсё сваёй мінэральнай вадой і безалькагольнымі напоямі, староньнія заўзятары ахрысьцілі каманду «мінэральнай дружынай» ці па-просту «мінэральнікамі». Хаця мянушка гэтая наўрад ухваляецца прыхільнікамі самога клюбу.

Адразу пасьля стварэньня каманда была заяўленая ў другую лігу чэмпіянату Беларусі па футболе, дзе заняла першае месца па выніках рэгулярнага чэмпіянату, а затым упэўнена выйграла й фінальны турнір. У першай лізе «Дарыда» забавілася два сэзоны, але, выйграўшы пад кіраўніцтвам галоўнага трэнэра Ўладзімера Курнева аднайменны турнір у 2002 годзе, трапіла нарэшце ў вышэйшы сьвет. Дарэчы, у тым турніры галоўны бамбардзір клюбу Алег Кузьмянок забіў ажно 39 мячоў, што дагэтуль ёсьць рэкордным вынікам для ўдзельнікаў першай лігі.

Першапачатковая назва клюбу была зьмененая ў 2003 годзе на «Дарыда-ГДЖ» (ГДЖ - абрэвіятура аднаго з дабрадзеяў: Гандлёвага дома «Ждановічы»), але ўжо пад час чэмпіянату фінансавыя непаразуменьні сярод кіраўніцтва прывялі да вяртаньня старой назвы.

Найбольш удалым для каманды атрымаўся сэзон-2006. Пасьля першага кола «Дарыда» займала першае месца ў першынстве, але ў выніку спынілася толькі на 8-м радку. Зрышты, гэта таксама стала рэкордым дасягненьнем за ўсю гісторыю клюбу.

Наступны сэзон-2007 каманда распачала пад кіраўніцтвам былога трэнэра Нацыянальнай зборнай Беларусі Анатоля Байдачнага. Таксама кантракты былі падпісаныя з шэрагам знакамітых гульцоў — Уладзімерам Макоўскім, Ігарам Тарлоўскім, Андрэем Разіным і інш. Аднак вялікія інвэстыцыі не прынесьлі плёну: ад самага пачатку сэзону «Дарыда» апынулася напрыканцы табліцы, а першае кола ўвогуле скончыла на перадапошнім месцы. Пасьля такога фіяска гульцы з найвялікшымі заробкамі былі звольненыя, а трэнэр пакінуў клюб са скандалам, абвінаваціўшы кіраўніцтва ў невыкананьні кантрактных пагадненьняў і пастаянным умяшальніцтве ў трэніравальны працэс[1].

У пачатку кастрычніка 2008 году кіраўніцтва футбольнага клюбу «Дарыда» абвінаваціла Беларускую фэдэрацыю футболу ў перадузятым стаўленьні да каманды. У сувязі з гэтым кіраўніцтву БФФ было накіравана два афіцыйныя лісты. Першы стаў прамым сьледзтвам госьцевага матчу супраць «Нёмана», калі гарадзенская каманда вырвала перамогу, забіўшы два галы ў кампэнсаваны да другога тайму час — на 92-й і 95-й хвілінах. Пры гэтым футбалістам «Дарыды» было паказана восем жоўтых картак і адна чырвоная, тады як гульцам «Нёмана» — толькі адна жоўтая. Акрамя таго, судзьдзя Антуан Маёраў не залічыў забіты «Дарыдай» гол. Тамака жа прыводзіліся і іншыя факты неабгрунтаваных судзьдзейскіх рашэньняў у матчах з удзелам «Дарыды», якія паўплывалі на турнірнае становішча клюбу. У гэтым жа лісьце кіраўніцтву БФФ высоўваўся і свайго роду ўльтыматум — «Дарыда» патрабавала адмяніць вынік матчу зь «Нёманам» і правесьці паўторную сустрэчу[2]. У сувязі з гэтым каманда ня выйшла на гульню супраць «Граніту» 11 кастрычніка 2008, за што ёй была прызначаная тэхнічная параза зь лікам 0:3.

13 кастрычніка 2008 году судзейскім камітэтам АБФФ было разгледжанае судзейства ў матчы «Нёман» — «Дарыда». Па выніках яго арбітар Антуан Маёраў і памагаты рэфэры Зьміцер Сямёнаў былі адхіленыя ад абслугоўваньня матчаў ва ўсіх лігах да канца сэзону. Судзейскі камітэт прызнаў хібным рашэньне А. Маёрава не залічваць забіты «Дарыдай» другі гол. Усе астатнія рашэньні арбітра — працягласьць кампэнсаванага часу, справядлівасьць вынесеных футбалістам папярэджаньняў і захаваньне правіл у момант галоў у брамы «Дарыды» — былі прызнаныя абгрунтаванымі[3].

Напрыканцы сэзону 2008 клюб «Дарыда» спыніў сваё існаваньне[4].

Зьмяненьне назвы клюбу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Поруч з назвай клюбу мянялася й месца ягонай прапіскі. Напачатку гэта былі Ждановічы, а з 2005 году — увесь Менскі раён, адміністрацыя якога лічылася адным з галоўных апекуноў каманды аж да канца сэзону 2006 году.

Галоўныя трэнэры «Дарыды»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За час існаваньня клюбу ў ім зьмянілася шэсьць галоўных трэнэраў. Вось іх пералік.

  1. Уладзімер Курнеў (2000 — верасень 2003)
  2. Алег Кубараў (верасень 2003 — красавік 2004)
  3. Армэн Адамян (красавік-верасень 2004)
  4. Людас Румбуціс (верасень 2004 — кастрычнік 2006)
  5. Вадзім Бразоўскі (як в. а. галоўнага трэнэра, кастрычнік 2006 — 3 студзеня 2007)
  6. Анатоль Байдачны (3 студзеня 2007 — 13 чэрвеня 2007)
  7. Вадзім Бразоўскі (як в. а. галоўнага трэнэра, 14 чэрвеня — 28 чэрвеня 2007)
  8. Уладзімер Курнеў (28 чэрвеня 2007 — 4 студзеня 2008)
  9. Вадзім Бразоўскі (ад 5 студзеня 2008)

Структура клюбу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У структуру клюбу ўваходзілі:

  • каманда майстроў, якая гуляе ў Вышэйшай лізе;
  • дублюючы склад каманды майстроў;
  • юнацкія каманды ва ўзросьце да 14, 15 і 16 гадоў.

Стадыён[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напачатку каманда ня мела свайго стадыёну, гуляла матчы на арандаваных палях у Койданаве й МенскуДраздах). Будаўніцтва ўласнай арэны пачалося з выхадам «Дарыды» ў першую лігу. Цяпер стадыён «Дарыда» месьціцца ў былой вёсцы Кунцаўшчына на захадзе Менску ў межах Менскай кальцавой аўтадарогі. Ён зьяўляўся ўласнасьцю футбольнага клюбу.

У пачатку кастрычніка 2008 году клюбны стадыён «Дарыды» быў прададзены менскаму «Дынама». Пры гэтым «Дарыда» атрымала магчымасьць бязвыплатна карыстацца стадыёнам да канчатка сэзону. Хуткім часам «Дынама» плянуе заняцца мадэрнізацыяй і разьвіцьцём інфраструктуры стадыёна, на якім, верагодней усяго, будуць гуляць юнацкія каманды клюбу. Таксама, напэўна, зьменіцца і назва стадыёну. Вялікая верагоднасьць таго, што ў будучым сэзоне і асноўны склад клюбу будзе праводзіць некаторыя матчы на гэтай арэне ў сувязі з магчымай рэканструкцыяй стадыёну «Дынама».

Фанацкая групоўка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

За час існаваньня клюбу была вядомая толькі адна групоўка (фірма) пад назвай «Water Demons», якая ўзьнікла ў 2001 годзе. Ад 2002 года яна выдавала фанацкі часопіс «Fantom» (выходзіў раз на год). У сэзонах 2006—2007 групоўка налічвала блізу 50 актыўных фанатаў.

Гульцы (склад 2007 году)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Брамнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Абаронцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паўабаронцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нападнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]