Да насяленьня В.Кн. Беларуска-Літоўскага

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Да насяленьня В.Кн. Беларуска-Літоўскага[1] — пераклад на беларускую мову адозвы галоўнакамандуючага Юзэфа Пілсудзкага ад 22 красавіка 1919 году аб палітычных намерах Юзэфа Пілсудзкага. Пераклад адозвы быў надрукаваны ў газэце «Звон» №1 ад 25 жніўня 1919 году.

Тэкст перакладу[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ваш край ужо столькідзесят гадоў ня ведае свабоды, гнябёны варожым гвалтам расейскім, нямецкім, бальшавіцкім, — гвалтам, каторы, не пытаючыся насяленьня, накідаў чужацкія прымернікі паступкаў, зьвязываючы волю, часта ламаючы жыцьцё.
Гэтакая безупынная няволя, добра вядомая і мне самому, як радзіўшамуся на гэтай нешчасьлівай зямельцы, павінна быць урэшце спынена і на гэтай быццам забытай праз Бога старонцы павінны запанаваць свабода ды правы свабоднай нічым незьвязанай гутаркі аб жаданьнях і патрэбах.
Польскай войска, каторае я з сабою прывёў, каб выкінуць гаспадараваньне гвалту і сілы, каб спыніць кіраваньне краем проціў волі жыхароў, гэтае войска нясе ўсім Вам свабоду.
Хачу Вам даць магчымасьць разьвязаць унутраныя нацыянальныя і рэлігійныя справы гэтак, як самі захочаце, без якога-небудзь гвалту або націску з боку Польшчы.
Дзеля гэтага, нягледзячы на тое, што на вашай зямлі грымяць яшчэ гарматы ды льецца кроў, ня ўводжу Ваенны загад, але цывільны, у каторы паклічу мясцовых людзей, сыноў гэтай зямлі.
Мэты гэтага Цывільнага Ўраду вось якія:
1) Дапамагчы жыхарам гутарыць аб сваім лёсе і сваіх патрэбах праз свабодна выбраных прадстаўнікоў. Выбары гэтыя будуць зроблены на аснове роўнага, тайнага, агульнага, простага, бяз розьніцы полу, галасаваньня.
2) Памагчы каму трэба жыўнасьцю, памагчы ў працы вытвараючай, абасьпечыць лад і супакой.
3) Заапекавацца ўсімі, бяз розьніцы веры і нацыянальнасьці.
На чале ўраду я паставіў Юра Асмалоўскага, да каторага проста, або праз людзей ім назначаных, зьвяртайцеся адкрыта і шчыра ў кожнай патрэбе і ў справах, каторыя ляжаць Вам на сэрцы і цікавяць Вас.
Я. Пілсудзкі
Вільня 22 красавіка 1919

Арыгінал адозвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзьвюхмоўная адозва Пілсудзкага

Арыгінал адозвы быў выдадзены на польскай і летувіскай мовах і называўся «Адозва да насельніцтва Літвы: да насельніцтва былога Вялікага Княства Літоўскага». Адозва паведамляла пра тое, што Віленшчына занятая польскімі войскамі, якія падаваліся ў адозьве ня як акупанты, а як вызваліцелі. Адозва паведамляла па ўтварэньне Цывільнага Ўраду, які мусіў выбірацца з насельнікаў Летувы.

Мэта і рэакцыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выданьне адозвы зьяўлялася чарговым крокам Пілсудзкага па рэалізацыі ягонай канцэпцыі фэдэрацыі. Для ажыцьцяўленьня гэтай мэты было неабходна пабудзіць актыўнасьць мясцовых лідараў і атрымаць прыхільнасьць зь іхнага боку. Аднак вялікага энтузіязму адносна адозвы ня ўзьнікла. З аднаго боку яна давала мясцовым палякам надзею на больш блізкія стасункі з Польшчай, але зь іншага — была нэгатыўна ўспранятая ўрадам Летувы, які выказаў пратэст і прыняў рашэньне спыніць палітычныя перамовы з польскім бокам. Гэта азначала паразу ідэі стварэньня фэдэрацыі зь Летувай.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Арыгінальная назва і тэкст перакладу з газэты «Звон» прыводзяцца паводле часопіса «ARCHE» № 11, 2007. — С. 104—428.