Джон Дос Пасас
| Джон Дос Пасас | |
| John Dos Passos | |
![]() |
|
| Асабістыя зьвесткі | |
|---|---|
| Нарадзіўся | 14 студзеня 1896 Чыкага, ЗША |
| Памёр | 28 верасьня 1970 Балтымор, ЗША |
| Літаратурная дзейнасьць | |
| Напрамак | мадэрнізм |
Джон Радэрыга Дос Пасас (па-ангельску: John Roderigo Dos Passоs; 14 студзеня 1896, Чыкага — 28 верасьня 1970, Балтымор) — амэрыканскі пісьменьнік партугальскага паходжаньня. Продкі яго бацькі — выхадцы з выспы Мадэйра.
Жыцьцяпіс [рэдагаваць]
Нарадзіўся 14 студзеня 1896 году ў Чыкага ў сям’і пасьпяховага адваката. Скончыў Гарвардзкі ўнівэрсытэт. У гады Першай сусьветнай вайны працаваў кіроўцам санітарнай машыны. Пісаць пачаў у ваенныя гады. Пасьля вайны шмат падарожнічаў па Эўропе ў якасьці карэспандэнта некалькіх амэрыканскіх газэт. У 1927 годзе адбылася падзея, якая істотна паўплывала на сьветапогляд Дос Пасаса, — пакараньне анархістаў Нікола Сака і Барталямэа Ванцэці. Дос Пасас перажыў душэўны крызыс, вынікам якога стала трылёгія «ЗША»: «42-я паралель» (1930), «1919» (1932) і «Вялікія грошы» (1936). Гэтая трылёгія — вяршыня творчасьці Дос Пасаса. З гадамі ён станавіўся ўсё больш кансэрватыўным у сваіх поглядах, і гэта не магло не адбіцца на яго творчасьці. Ў 1960-я гады кнігі Дос Пасаса яшчэ працягвалі выходзіць, але ні крытыкі, ні шырокая публіка іх практычна не заўважалі.
Лад жыцьця і дух 20 стагодзьдзя найбольш поўна адлюстраваны ў рамане «Манхэтэн» (Manhattan Transfer, 1935), які дасьледуе гарадзкое жыцьцё Нью-Ёрку, і ў трылёгіі «ЗША» (USA, 1930—1936) — «42-я паралель» (The 42nd Parallel, 1930), «1919» (Nineteen-Nineteen, 1931), «Вялікія грошы» (The Big Money, 1936), якая дае падрабязны агляд індустрыяльнай Амэрыкі за 1898—1929 гады. Трылёгія пазбаўленая сувязнай фабулы, гэта калейдаскоп эпізодаў з жыцьця найрозьнейшых пэрсанажаў, свайго роду зрэз амэрыканскага грамадзтва.
Раманы «Прыгоды маладога чалавека» (Adventures of а Young Man, 1939), «Першы нумар» (Number One, 1943) і «Вялікая задума» (The Grand Design, 1949) склалі другую трылёгію Дос Пасаса, якая выйшла ў 1952 годзе асобнай кнігай пад назвай «Акруга Калюмбія» (District of Columbia). Яму належаць яшчэ некалькі раманаў, у тым ліку «Як найлягчэй атрымаць посьпех» (Most Likely to Succeed, 1954) і «У сярэдзіне стагодзьдзя» (Midcentury, 1961), зборнік вершаў «Каляска на прывязі» (A Pushcart at the Curb, 1922); п’есы «Сьмяцяр» (The Garbage Man, 1926), «Авіякампанія» (Airways, Inc., 1929) і «На вышынях посьпеху» (Fortune Heights, 1934); кнігі падарожных нататак «Расінант зноў у дарозе» (Rossinante to the Road Again, 1922), «Усходні экспрэс» (Orient Express, 1927), «Ва ўсіх краях» (In All Countries, 1934), «З вайны на вайну» (Journey Between Wars, 1938); і два зборнікі сацыялягічных артыкулаў — «На чым мы стаім» (The Ground We Stand On, 1941) і «Стан краіны» (State of Nation, 1944). У ліку яго апошніх твораў — «Вайна містэра Ўілсана» (Mr. Wilson’s War, 1962) і «Лепшыя часы» (The Best Times, 1967).
З 1942 па 1945 год Дос Пасас працаваў журналістам, высьвятляючы падзеі Другой сусьветнай вайны. Ў 1947 годзе ён быў абраны сябрам Амэрыканскай акадэміі мастацтваў і літаратуры, і ў тым жа годзе ў аўтакатастрофе загінула ягоная жонка Кэтрын Сьміт, а сам ён асьлеп на адно вока. Іхні шлюб быў бязьдзетным, і пазьней (у 1949 годзе) Дос Пасас ажаніўся з Элізабэт Хемлін Холдрыдж (1909—1998), зь якой меў дачку Люсі Хемлін Дос Пасас (нар. у 1950).
Памёр Джон Дос Пасас у Балтыморы 28 верасьня 1970 году.
Джон Дос Пасас — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
