Джордж Акерлоф

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Джордж Акерлоф
анг. George Arthur Akerlof
George Akerlof.jpg
2007 г.
Нарадзіўся 17 чэрвеня 1940 (74 гады)
Нью Хейвен(en), штат Канэктыкут, ЗША
Грамадзянства ЗША
Навуковая сфэра Эканоміка
Месца працы Каліфарнійскі ўнівэрсытэт у Бэрклі
Альма-матэр Ельскі ўнівэрсытэт (1962)
Узнагароды і прэміі Нобэлеўская прэмія (2001)

Джордж Акерлоф (1940; Нью-Хейвен, шт. Канэктыкут) — амэрыканскі эканаміст, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы (2001) «за аналіз рынкаў зь несымэтрычнымі зьвесткамі(en)» разам з Джозэфам Стыгліцам і Майклам Спэнсам, заснавальнік інфармацыйнай эканамічнай тэорыі. Вядомы сваімі дасьледаваньнямі рынку працы і нярыначных заробкаў, якія ўтвараюць асновы новакэйнсіянскай школы макраэканомікі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў сям’і прафэсара Ельскага ўнівэрсытэту Геста Акерлофа са Швэцыі. Пачаў навучаньне ў Ельскім унівэрсытэце (бакаляўр эканомікі), скончыў у Масачусэцкім тэхналягічным інстытуце (1966, доктар эканомікі). Пасьля амаль увесь час выкладаў у Каліфарнійскім унівэрсытэце ў Бэрклі]]. У 1967—1968 гг. працаваў прафэсарам Індыйскага статыстычнага інстытуту(en). У 1973 г. быў адным з супрацоўнікаў Камітэту эканамічных дарадцаў пры прэзыдэнце ЗША Рычардзе Ніксане. У 1978 г. перайшоў у Лёнданскую школу эканомікі і палітычных навук. У 1980 г. вярнуўся ў Каліфарнійскі ўнівэрсытэт у Бэрклі.

Дасьледаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні 1970 г. зьмясьціў у ангельскім «Штоквартальным часопісе эканомікі»(en) артыкул «Рынак "аўтабарахла": нявызначанасьць якасьці і рынкавы мэханізм»(en), у якім акрэсьліў істотныя цяжкасьці на рынках ва ўмовах асымэтрычных зьвестак[1] і за які атрымаў Нобэлеўскую ўзнагароду. 28 лістапада 1986 г. выдаў у Кембрыджы разам з жонкай Джэнет Елен(en) кнігу «Узоры зьдзельнага заробку(en) на рынку працы», дзе тлумачылася плата наймальнікам заработку звыш рынкавага ўраўнаважваньня(en)[2] насуперак высновам нэаклясычнай школы эканомікі. У 1993 г. выдаў у амэрыканскім часопісе «Брукінгзаўскія дакумэнты аб гаспадарчай дзейнасьці»(en) разам з Полам Ромэрам(en) артыкул «Марадэрства: гаспадарчае падоньне банкруцтва дзеля прыбытку», дзе апісваліся ўмовы, пры якіх уласьніку выгадней выціснуць сродкі з уласнага прадпрыемства замест таго, каб яго разьвіваць: «Банкруцтва дзеля прыбытку адбудзецца, калі дрэнны бухгальтарскі ўлік, слабое рэгуляваньне або нізкія спагнаньні за злоўжываньне даюць уласьнікам пабуджэньне плаціць сабе больш за вартасьць іх прадпрыемстваў і затым не выконваць сваіх даўгавых абавязкаў. Банкруцтва дзеля прыбытку найчасьцей адбываецца, калі дзяржава ручаецца за даўгавыя абавязкі прадпрыемства»[3].

У траўні 1996 г. зьмясьціў у «Штоквартальным часопісе эканомікі» разам з Майклам Кацам і сваёй жонкай артыкул «Разгляд пазашлюбнага дзетараджэньня ў Злучаных Штатах», дзе тлумачылася, якім чынам касаваньне крымінальнай адказнасьці за аборт і пашырэньне даступнасьці супрацьзачаткавых сродкаў сярод незамужніх жанчынаў прывяло да росту дзелі байструкоў сярод народжаных[4]. 29 студзеня 2009 г. выдаў у Прынстане(en) (шт. Нью-Джэрзі) разам з будучым Нобэлеўскім ляўрэатам Робэртам Шылерам кнігу «Жыцьцярадаснасьць: як чалавечая псыхалёгія кіруе гаспадаркай, і чаму гэта важна для сусьветнага капіталізму»(en), дзе тлумачылася значэньне пачуцьцяў пры гаспадарчым вырашэньні(en)[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Джордж Акерлоф. Рынак «аўтабарахла»: нявызначанасьць якасьці і рынкавы мэханізм (анг.) = The Market for “Lemons”: Quality Uncertainty and the Market Mechanism // Штоквартальны часопіс эканомікі : часопіс. — Жнівень 1970. — Т. 84. — № 3. — С. 488-500. — ISSN 0033-5533.
  2. ^ Джордж Акерлоф, Джэнет Елен. Узоры зьдзельнага заробку на рынку працы = Efficiency Wage Models of the Labor Market. — Кембрыдж: Выдавецтва ўнівэрсытэту, 1986. — 178 с. — ISBN 0-521-31284-1
  3. ^ Джордж Акерлоф, Пол Ромэр. Марадэрства: гаспадарчае падоньне банкруцтва дзеля прыбытку (анг.) = Looting: The Economic Underworld of Bankruptcy for Profit // Брукінгзаўскія дакумэнты аб гаспадарчай дзейнасьці : часопіс. — 1993. — Т. 24. — № 2. — С. 1-73. — ISSN 0007-2303.
  4. ^ Джордж Акерлоф, Джэнет Елен і Майкл Кац. Разгляд пазашлюбнага дзетараджэньня ў Злучаных Штатах (анг.) = An Analysis of Out-of-Wedlock Childbearing in the United States // Штоквартальны часопіс эканомікі : часопіс. — Травень 1996. — Т. 111. — № 2. — С. 277-317. — ISSN 0033-5533.
  5. ^ Джордж Акерлоф, Робэрт Шылер. Жыцьцярадаснасьць: як чалавечая псыхалёгія кіруе гаспадаркай, і чаму гэта важна для сусьветнага капіталізму = Animal Spirits: How Human Psychology Drives the Economy, and Why It Matters for Global Capitalism. — Прынстан: Выдавецтва ўнівэрсытэту, 2009. — 248 с. — ISBN 978-0-691-14233-3

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]