Джэймс Кук
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі.
Джэймс Кук (па-ангельску: James Cook, 27 кастрычніка 1728 — 14 лютага 1779) — брытанскі першаадкрывальнік і навігатар. Ён зьдзейсніў тры вандраваньні ў Ціхім акіяне і стаў першым эўрапейцам, які дасьледаваў большую частку яго ўзбярэжжа. Кук адкрыў Гаваі і шматлікія іншыя астравы, акрамя таго, ён першым абыйшоў вакол Новай Зэляндыі. Кук таксама быў і картографам. У пошуках паўночнага марскога праходу з Ціхага акіяна у Атлянтычны дасьледаваў частку ўзьбярэжжа Аляскі. Яго імем названы заліў Кука на Алясцы, у горадзе Анкарыдж усталяваны помнік Куку.
Джэймс Кук нарадзіўся ў Ёркшыры (Англія) у 1728 г. у сям'і фэрмера. Таму ён не атрымаў годнай адукацыі. У 1756 г. Кук паступіў служыць на флот. У 1768 г. ён атрымаў у камандаваньне карабель «Індэвэр».
У XVIII стагодзьдзі 60 % маракоў памірала з-за розных хвароб, напрыклад, цынгі. Кук увёў строгія правілы, каб зьнізіць захворваньні. У яго заўсёды выконваліся правілы гігіены; заўсёды быў запас сьвежай садавіны, якія ўтрымоўвалі вітамін С.
У 1768 г. Кук быў адпраўлены Брытанскім геаграфічным таварыствам да берагоў Таіці для назіраньня за Вэнэрай: у 1769 г. яна праходзіла паміж Сонцам і Зямлёй. Разам з Кукам у экспэдыцыі ўдзельнічалі яшчэ натураліст, батанік (Джозаф Банкс) і 2 мастака. Акрамя таго, Кук атрымаў загад знайсьці Terra Incognita. Даследаваньне пачалося 3 чэрвеня. Затым караблі накіраваліся да Новай Зэляндыі. Тубыльцы маоры сустрэлі Кука варожа. Сотні каноэ напалі на «Індэвэр».
У красавіку 1770 г. Кук падышоў да ўсходняга берага Аўстраліі. Ён адкрыў заліў, названы Батанічным. Кук сустрэў тут дзіўных жывёл (кенгуру) і абарыгенаў.
Плывучы на поўнач, карабель натыкнуўся на рыф, названы пасля Вялікім бар'ерным рыфам, і патрываў крушэньне. Пасля рамонту Кук вярнуўся дадому ў 1771 г.
Кук зьдзейсніў яшчэ 2 экспэдыцыі. Першая зь іх пачалася ў 1772 г., калі Кук выйшаў з Плімута на 2 суднах. У студзені 1774 г. Кук дасягнуў 70° паўд. ш. Але ўмовы былі жудаснымі, і Кук вырашыў, што Terra Incognita калі і існуе, то ўсё роўна недасяжная. Затым Кук наведаў востраў Пасху, Туамоту, Тонга.
8 студзеня 1778 Кук адкрыў Сэндвічавы (Гавайскія астравы). Гавайцы спачатку прынялі яго за бога Лона, але хутка расчараваліся ў гасьцях. Пасьля гэтага «Дыскавэры» і «Рэзалюшн» паплылі да берага рускай Аляскі. У наступным годзе Кук вярнуўся на Гаваі, але яго матросы дрэнна ставіліся да першабытнікаў. Капітан Кук загінуў 14 лютага 1779 г. падчас 3-га вандраваньня на Гавайскія астравы, калі быў атакаваны першабытнікамі. Пасьля доўгіх перамоў ангельцы атрымалі ад гавайцаў рэшткі Кука: скальп, галаву бяз ніжняй сківіцы, сьцегнавую костку, косткі перадплечча і кісьці рук. 21 лютага 1779 г. ён быў пахаваны ў водах Ціхага акіяна.
[рэдагаваць] Вонкавыя спасылкі
Джэймс Кук — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў