Дзень Зямлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Дзень Зямлі (па-ангельску: Earth Day) — назва, якая выкарыстоўваецца ў дачыненьні да разнастайных мерапрыемстваў, якія ладзяцца ўвесну з мэтаю заклікаць людзей быць больш уважлівымі да далікатнага і ўразьлівага навакольля плянэты Зямля.

Існуюць два асноўныя пэрыяды правядзеньня Дзён Зямлі — у сакавіку (бліжэй да веснавога раўнадзенства) і 22 красавіка. Акрамя таго, у цяперашні час шматлікія актывісты й ініцыятыўныя групы плянуюць і праводзяць захады па зладжаньні Дню Зямлі бліжэй да моманту летняга сонцастаяньня, каб максымальна скарыстаць цёплае надвор’е і вольны час людзей.

У дзень раўнадзенства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзень Зямлі сьвяткуецца ў шматлікіх краінах у дзень веснавога раўнадзенства, каб адзначыць момант, калі пачынаецца вясна (у Паўночным паўшар’і) або восень (у Паўднёвым). Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў сьвяткуе Дзень Зямлі зазвычай 20-21 сакавіка.

26 лютага 1971 року Генэральны сакратар ААН У Тан падпісаў адмысловую дэклярацыю, прысьвечаную гэтай падзеі. Штороку 20-21 сакавіка ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку звоніць звон міру.

22 красавіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першая «аднаразовая» акцыя гэтага дню прайшла ў 1970 року ў ЗША. Яе посьпех акрыліў арганізатараў, і з таго часу сьвяткаваньне стала рэгулярным. Вядомы амэрыканскі палітык і актывіст сэнатар Гайлард Нэльсан стварыў групу са студэнтаў пад кіраўніцтвам Дэніса Хаеса (студэнта Гарварду). Паколькі гэта быў час актыўных студэнцкіх рухаў, ініцыятыва прыцягнула шмат увагі.

Нягледзячы на тое, што сэнатар і ягоны «штаб» ня мелі ні часу, ні рэсурсаў для арганізацыі сапраўды масавых мерапрыемстваў, яны адбываліся (як, напрыклад, 20-мільённая дэманстрацыя і далучэньне да праекту сотняў школаў). Як казаў Г. Нэльсан, «Дзень Зямлі арганізаваў сябе сам».

У 1971 року, дзякуючы посьпеху першага Дню, сэнатар Нэльсан абвясьціў «Тыдзень Зямлі» (3-і тыдзень красавіка) як штогадовую падзею, якая стала вельмі папулярнай між насельніцтва ЗША.

На хвалі грамадзкай і палітычнай актыўнасьці, абуджанай Днём Зямлі, у ЗША было прынята шмат законаў і актаў, якія датычаць аховы навакольнага асяродзьдзя (напрыклад, Акт пра чыстае паветра).

У большасьці краінаў палітыкі ігнаруюць Дзень Зямлі.

Сымболіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцяг Зямлі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сьцяг Зямлі не зьяўляецца афіцыйным сымбалем чаго-небудзь (бо афіцыйна не існуе агульнаплянэтнага ўраду). Ён уяўляе сабою фотаздымак плянэты з космасу (цяпер выкарыстоўваюць здымак, зроблены астранаўтамі Апалону-17 па дарозе да Месяца) на цёмна-сінім тле. Традыцыйна сьцяг зьвязаны з Днём Зямлі і іншымі прыродаахоўнымі, міратворчымі і грамадзянскімі міжнароднымі мерапрыемствамі.

Сымбаль Дня Зямлi[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Θ

Сымбалем Дня зьяўляецца зяленая грэцкая літара Θ (тэта) на белым тле.

Звон міру ў Дзень Зямлі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Дзень Зямлі ў розных краінах традыцыйна звоніць Звон міру, заклікаючы людзей Зямлі адчуць усеплянэтную супольнасьць і прыкласьці намаганьні дзеля абароны міру на плянэце і захаваньня прыгажосьці нашага супольнага дому. Звон Міру — сымбаль спакою, мірнага жыцьця і дружбы, вечнага братэрства і салідарнасьці народаў. І адначасна гэта заклик да дзеяньняў у імя зьберажэньня міру і жыцьця на Зямлі, зьберажэньня Чалавека і Культуры.

Першы Звон міру быў усталяваны ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку ў 1954 року. Ён быў адліты з манэтаў — дзіцячых ахвяраваньняў з усіх кантынэнтаў — і ёсьць сымбалем глябальнай салідарнасьці людзей Зямлі. У яго таксама ўплаўленыя ордэны і мэдалі, іншыя пачэсныя знакі людзей шматлікіх краінаў. Надпіс на Звоне абвяшчае: «Хай жыве агульны мір ва ўсім сьвеце». У 1996 року такі самы звон быў усталяваны ў штаб-кватэры ААН у Вене.

Звон міру ўсталяваны таксама ў розных местах Японіі, Нямеччыны (1989), Польшчы, Турэччыны (1989), Мэксыкі (1990), Аўстраліі (1992), Манголіі (1993), Філіпінаў (1994), Канады (1996), Бразыліі (1997), Аргентыны (1998), Эквадору (1999), Узбэкістану (2003) ды іншых краінаў.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Дзень Зямлісховішча мультымэдыйных матэрыялаў