Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету
| Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету |
|
Будынак тэатру |
|
| Дата ўтварэньня | 25 траўня 1933 (80 гадоў таму) |
|---|---|
| Тып | Тэатар |
| Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
| Месцазнаходжаньне | Менск, пл. Парыскай Камуны, 1 |
| Каардынаты | 53°54′37″ пн. ш. 27°33′41″ у. д. / 53.910286° пн. ш. 27.561387° у. д.Каардынаты: 53°54′37″ пн. ш. 27°33′41″ у. д. / 53.910286° пн. ш. 27.561387° у. д. |
| Генэральны дырэктар | Уладзімер Грыдзюшка |
| Мастацкі кіраўнік балету | Юры Траян |
| Галоўны мастак | Аляксандар Касьцючэнка |
| Галоўны дырыжор | Віктар Пласкіна |
| Сайт | belarusopera.by |
| Колішняя назва | Дзяржаўны тэатар опэры і балету |
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету — галоўны опэрны і балетны тэатар Беларусі.
Зьмест |
Гісторыя[рэдагаваць]
Гісторыя тэатру распачалася ў 1920-я гады на сцэне Першага дзяржаўнага тэатра (БДТ–1), які меў у сваім складзе салістаў опэры, харавую і балетную групы і невялікі сымфанічны аркэстар. Ужо тады ставіліся музычна-драматычныя спэктаклі, урыўкі з опэраў і балетаў, гучала народная музыка. У 1920-я гады будучыя зоркі беларускага опэрнага і балетнага мастацтва навучаліся ў музычных тэхнікумах Менску, Віцебска, Гомелю, а таксама ў створанай у 1930 годзе Дзяржаўнай студыі опэры і балету, якую ўзначальваў вядомы спявак Антон Баначыч. За тры гады ў студыі былі падрыхтаваныя прафэсійныя артысты і пастаўлены опэры «Залаты певень», «Кармэн», «Яўген Анегін», «Царская нявеста».[1]
Урачыстае адкрыцьцё самастойнага тэатру опэры і балету адбылося на сцэне Першага дзяржаўнага тэатра 25 траўня 1933 году спэктаклям «Кармэн».[1]
У Савецкім Саюзе тэатар меў устойлівую рэпутацыю аднаго з самых яскравых і творча жыцьцяздольных опэрных і балетных калектываў. Яго высокі мастацкі ўзровень у розны час вызначалі такія вядомыя дырыжоры, як Анісім Брон, Уладзімір Пірадаў, Леў Любімаў, Таццяна Каламійцава, Яраслаў Вашчак, Уладзімір Машэнскі, Генадзь Праватораў, Аляксандр Анісімаў; рэжысэры Алег Маралеў, Дзмітрый Смоліч, Юры Ужанцаў, Сямён Штэйн, Вячаслаў Цюпа, Маргарыта Ізворска-Елізар’ева; балетмайстры Леў Крамарэўскі, Канстанцін Мулер, Сямён Дрэчын, Аляксей Андрэеў, Атар Дадышкіліяні, Валянцін Елізар’еў; мастакі Сяргей Мікалаеў, Яўген Чамадураў, Эрнст Гейдэбрэхт, Яўген Ждан, Вячаслаў Вокунеў.[1]
У 1996 годзе ў выніку рэарганізацыі адзіны тэатар падзяліўся на дзве самастойныя структуры: опэры і балету. У 2009 годзе пасьля завяршэньня капітальнае рэканструкцыі будынку тэатру было прынятае рашэньне зноў аб'яднаць трупы ў адзіны Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр опэры і балету.[1]
Будынак[рэдагаваць]
Будынак, у якім месьціцца тэатар — помнік архітэктуры канструктывізму міжваеннага пэрыяду аўтарства Г.Лаўрова і І.Лянгбарда.
У 1934 годзе[2] (паводле іншых зьвестак у 1935) на Траецкай плошчы заклалі масіўнае збудаваньне ў духу савецкага канструктывізму — новы тэатар опэры і балету. У 1937 годзе першапачатковы плян быў перапрацаваны у бок памяньшэньня выдаткаў і адпаведна памераў збудаваньня. Будаўніцтва тэатра завяршылася ў 1938[2] годзе (паводле іншых зьвестак — у 1937).
У час нямецкай акупацыі 1941—1944 гадоў тэатар быў пераўтвораны ў стайню. Інтэр’еры і ўпрыгожваньні былі разрабаваны і вывезены ў Нямеччыну. Пасьля выгнаньня захопнікаў тэатар быў грунтоўна рэканструяваны, у прыватнасьці зьявіліся ярусныя бальконы ў глядацкай залі. Пры аднаўленьні інтэр’ераў выкарыстоўваліся эскізы Андрэя Бэмбеля. Рэканструкцыя доўжылася тры гады і скончылася ў 1948 годзе. Навокал тэатру быў разьбіты парк, спраектаваны І.Лянгбардам.
У 1967 годзе адбылася рэканструкцыя завяршэньня тэатру, у выніку чаго апошні атрымаў нізкі шаломападобны дах. У 1978 годзе адбылася наступная рэканструкцыя. У 2006 годзе будынак менскай опэры ізноў быў зачынены на капітальную рэканструкцыю, якая закончылася ў 2009 годзе.
Крыніцы[рэдагаваць]
- ^ а б в г Гісторыя Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь вэб-старонка тэатру Праверана 28 кастрычніка 2012 г.
- ^ а б Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. С. 320
Літаратура[рэдагаваць]
- Беларусы: У 8 т. Т.2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — 391 с.: іл. ISBN 985-6234-28-X.
Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць]
Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатар опэры і балету — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- Афіцыйная старонка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету
- Фота на сайце Менск стары і новы
- Iосiф Лянгбард. Менская Опэра у «НН»
|
|||||||||||||||||||||||||||||||||