Добрыя Мысьлі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Францішканскае балота, 1895 р.

Добрыя Мысьлі, Дабрамысьленскае прадмесьце — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная ў паўднёва-заходняй частцы места, на старажытным Койданаўскім гасьцінцы. Архітэктурнай дамінантай мясцовасьці быў Берасьцейскі вакзал.

На паўночны захад ад Добрых Мысьляў пачынаецца Грушаўка, на паўночны ўсход — Уборкі, на паўднёвы ўсход — Сенажаны[1][2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дом Бэнэдыкта Пілкі

Койданаўскі гасьцінец — старажытны шлях у бок Берасьця, Варшавы і Бэрліну. Тут здаўна разьмяшчаліся некалькі корчмаў, а на месцы сучаснага пляцу каля Палаца чыгуначнікаў узьнікла Кавальская Слабада, дзе месьціліся майстэрні кавалёў.

Добрыя Мысьлі ўзьніклі каля невялікага Францішканскага балота (раён Унівэрсытэту культуры і выхадаў з станцыі мэтро «Інстытут Культуры»), адкуль свой пачатак брала рэчка Няміга. Назва мясцовасьці ўтварылася ад вёскі, пазьней фальварку Добрай Мысьлі[3]. Тут, на выезьдзе зь места, яшчэ ў 1-й палове XIX ст. стаяла карчма «Дабрамысьленская»[4].

У пачатку XX ст. Добрыя Мысьлі ўваходзілі ў чацьвертую паліцэйскую частку места. Найбольшымі вуліцамі прадмесьця былі Новазахараўская (Маскоўская), Дзяменцьеўская (зав. Фабрыцыюса), Рыгораўская (Фабрыцыюса), Вірская, Новамяшчанская, Старамяшчанская, Кірылаўская, Сураская і Каменная вуліцы, Койданаўскі тракт, Кавальскі (пачатак вуліцы Варанянскага) і Дабрамысьленскі завулкі. Праз прадмесьце ішла Брылеўская вуліца — старажытная дарога ў фальварак Брылевічы[5][6].

У наш час пра існаваньне Дабрамысьленскага прадмесьця напамінае аднайменны завулак.

Старыя адрасы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заводы ў Кашарах і Добрых Мысьлях
  • Берасьцейскі вакзал — другі менскі вакзал пасьля Віленскага, таксама меў назву «Вакзал на Добрых Мысьлях». Гэта быў вялікі драўляны будынак з 2-павярховай вежай. У 1871 року ён прыняў першы цягнік, што прыбыў у Менск. У ліпені 1920 року вакзал спалілі польскі войскі, па аднаўленьні ён працаваў да 1928 року. Цяпер прыкладна на тым жа месцы знаходзіцца меская служба Менскпасажыраўтатрансу.
  • Рыгораўская. Шклозавод Бацьвіньніка (былы Рабінзона). Першы гаспадар адкрыў прадпрыемства ў 1907 року, праз рок яго набыў Бацьвіньнік разам з фаміліяй Ашкіназі. Гута «Бацьвіньнік і К°» стала адной з найбольшых у сваёй галіне на тэрыторыі Беларусі. Па кастрычніцкім перавароце на яе вытворчай базе ўтварыўся завод «Пралетар», які існаваў у 1922—1941 роках. Цяпер будынак колішняй гуты належыць малочнаму заводу №1 (Фабрыцыюса, 9)
  • Дабрамысьленскі завулак, 6. Цагельня інжэнэра Г. А. Каплана, збудаваны ў 1895 року. Гаспадар першым у месьце набыў для прадпрыемства печ Гофмана з 14 камэрамі. Цагельня Каплана месьцілася побач з жаночай філіяй менскай вязьніцы. Мяркуецца, што будынак зьбярогся і ў ім знаходзяцца навучальныя майстэрні сярэдняй школы №41.
  • Дабрамысьленскі завулак, дом Эйдэльбэрга. Шклозавод Г. Я. Сыркіна, заснаваны ў 1899 року. Адкрыўся ў зьвязку з павелічэньнем попыту на шкляную тару, выкліканым увядзеньнем дзяржаўнай віннай манаполіі (1896 рок), якая забараніла продаж сьпіртовых напояў у разьліў. Будынак месьціўся ў раёне цяперашняга заводу «Калібр».
  • Дзяменцьеўская. Машынабудаўнічы і кацельны завод (Вакзальны), збудаваны ў 1898 року на сродкі братоў Л. і Я. Ліфшыцаў і Я. Выгоцкага. Заводзкія памяшканьні знаходзіліся ў раёне цяперашняй вуліцы Грушаўскай. Захаванасьць будынка не няпэўная.
  • Сураская, 18. Гасьцініца «Масква Берасьцейская» Гразоўскага (3 нумары). Знаходзілася побач зь Берасьцейскім вакзалам.
  • Сураская, перадатачная лінія. Майстэрні Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі, збудаваныя ў 1871 року. У 1931 року на іх базе ўтварыўся Менскі вагонарамонтны завод імя Мясьнікова (Чыгуначная, 5).
  • Сураская. Сельскагаспадарчы рынак. Спэцыялізаваўся на продажы сала і зваўся ў народзе Сальнікам. Месьціўся ля Берасьцейскага вакзала[6].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Берасьцейскі вакзал[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Іншае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
  2. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
  3. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 228.
  4. ^ Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
  5. ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  6. ^ а б Шыбека З. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада. — Менск, 1994.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века [1](недаступная спасылка) // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]